Дата стварэння: 31.05.2024 11:16:29
Дата змены: 10.07.2025 14:29:27
Партыза́нскае злучэ́нне Мі́нскай і Пале́скай абласце́й
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі сумежных раёнаў Мінскай і Палескай абласцей.
Створана ў красавіку — маі 1942 г. шляхам аб’яднання злучэння партызанскіх атрадаў, якое пачало складвацца ў лістападзе 1941 г. і дзейнічала ў Любанскім, Старобінскім, Старадарожскім раёнах Мінскай вобласці і Глускім раёне Палескай вобласці пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б (першапачаткова ўключала атрады А. І. Далідовіча, М. М. Розава, А. І. Патрына, М. П. Канстанцінава — Г. М. Сталярова і інш.) і да якога далучыўся створаны ў Пінскай вобласці атрад «Камарова» (В. З. Каржа), і злучэння атрадаў на чале з Ф. І. Паўлоўскім, што склалася ў паўночнай частцы Палескай вобласці, у Акцябрскім і сумежных з ім раёнах, і ўключала атрады «Чырвоны Кастрычнік», І. Р. Жулегі, А. Ф. Каваленкі, М. Б. Храпко, У. Ц. Шантара, М. П. Бумажкова, І. С. Губіна і інш.
У маі 1942 г. частка атрадаў, якія складалі «гарнізон Ф. І. Паўлоўскага», аб’ядналася ў брыгаду Ф. І. Паўлоўскага (гл. Партызанская брыгада 123‑я Акцябрская імя 25‑годдзя БССР). У студзені — лютым 1943 г. Мінскі падпольны абкам КП(б)Б і штаб злучэння аб’ядналі большасць атрадаў, што дзейнічалі асобна, у брыгады; былі створаны партызанская брыгада 25‑я імя П. К. Панамарэнкі, партызанская брыгада 37‑я імя А. Я. Пархоменкі, партызанская брыгада 64‑я імя В. П. Чкалава, партызанская брыгада 99‑я імя Д. Ц. Гуляева, партызанская брыгада 125‑я Капаткевіцкая, партызанская брыгада 161‑я імя Р. І. Катоўскага.
У сакавіку 1943 г. загадам Беларускага штаба партызанскага руху партызанскія брыгады 123‑я Акцябрская, 125‑я Капаткевіцкая і асобныя партызанскія атрады Даманавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, імя К. Я. Варашылава, Нараўлянскі, М. П. Бумажкова, А. П. Пакуша, У. Ц. Шантара, П. Я. Ігуменава, Р. I. Краўца, I. А. Бабіча былі вылучаны для арганізацыі асобнага Палескага партызанскага злучэння, а партызанскае злучэнне Мінскай і Палескай абласцей перайменавана ў Мінскае партызанскае злучэнне.