pdf

ЛЕНІН

Дата стварэння: 14.04.2023 11:11:11

Дата змены: 02.06.2025 10:31:40


location Google location Yandex

Ленін (брацкая магіла)


ЛЕНІН, аграгарадок, Жыткавіцкі раён

На месцы гэтага квартала ў аграгарадку Ленін размяшчалася гета.

ЛЕНІН, аграгарадок, Жыткавіцкі раён

Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у аграгарадку Ленін.

ЛЕНІН, аграгарадок, Жыткавіцкі раён

Помнік на магіле ахвяр фашызму (вязняў гета) у аграгарадку Ленін.

Ле́нін

Аграгарадок у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці, на правым беразе р. Случ. За 46 км на паўночны захад ад г. Жыткавічы, за 273 км ад г. Гомель, за 186 км ад Мінска, 18 км ад чыгуначнай станцыі Мікашэвічы; аўтадарогамі звязаны з гарадамі Мікашэвічы і Слуцк.

У 1940–1950 гг. цэнтр Ленінскага раёна.

У 1940–1952 гг. гарадскі пасёлак.

У 1940 г. у Леніне было 1 650 жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

У ліпені 1941 г. у раёне Леніна абарончыя баі вялі 28‑ы полк 75‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр С. І. Нядзвігін) 21‑й арміі Заходняга фронту, а таксама байцы 18‑га пагранічнага атрада.

Гарадскі пасёлак Ленін акупіраваны 16 ліпеня 1941 г.; паводле іншых даных, войскі, якія абаранялі Ленін, аказаліся пад пагрозай акружэння і пакінулі яго 18 ліпеня. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гарадскім пасёлку і раёне загінулі 4 474 чалавекі. Пры ліквідацыі гета ў Леніне 14 жніўня 1942 г. гітлераўцы загубілі 1 850 вязняў (па іншых звестках, каля 2 тыс. чалавек).

У раёне з ліпеня 1941 г. дзейнічаў партызанскі атрад пад камандаваннем В. З. Каржа, створаны 26 чэрвеня 1941 г. у г. Пінск.

Партызанскія атрады «Камарова» [В. З. Каржа; гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя С. М. Будзённага (Пінскай вобласці)], «Пятровіча» (гл. у артыкуле Партызанскі атрад імя С. М. Кірава Пінскай вобласці) і імя М. Ц. Шыша (гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя В. М. Молатава) 12 верасня 1942 г. разграмілі ў Леніне варожы гарнізон (гл. Ленінскі бой 1942 г.).

У Леніне і раёне дзейнічалі: Ленінскі падпольны райкам КП(б)‌Б і Ленінскі падпольны райкам ЛКСМБ; партызанская брыгада імя С. М. Будзённага і партызанская брыгада імя С. М. Кірава (Пінскай вобласці), партызанскі атрад імя М. А. Шчорса, партызанскі атрад імя I. І. Чуклая.

На працягу 1942 г. партызаны поўнасцю ачысцілі ад акупантаў Ленінскі, часткова Лунінецкі і Ганцавіцкі раёны, на тэрыторыі якіх утварылася Ленінская партызанская зона; у 1943 г. яна ўлілася ў Акцябрска-Любанскую партызанскую зону. У снежні 1942 г. у Ленінскім pаёне аднавілі работу ўсе сельскія Саветы. На тэрыторыі раёна каля в. Навіна (Навіны; цяпер у Салігорскім раёне) дзейнічаў партызанскі аэрадром. Партызаны ўтрымлівалі гарадскі пасёлак да лютага 1943 г., калі карнікі захапілі яго і зруйнавалі.

У час карнай аперацыі «Горнунг» 16 лютага 1943 г. у Леніне забілі 1 046 чалавек, спалілі 351 двор (не засталося ніводнага цэлага будынка); паводле іншых дакументальных звестак, у гарадскім пасёлку пасля ўварвання карнікаў загінула больш за 1,2 тыс. чалавек.

У маі 1944 г. у час карнай аперацыі «Марабу» ў раёне Леніна адбыліся жорсткія баі паміж партызанамі і карнікамі.

Ленін вызвалены 6 ліпеня 1944 г. воінамі 55‑й стралковай дывізіі (палкоўнік К. М. Андрусенка) 89‑га стралковага корпуса 61‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 г.

У Леніне знаходзяцца:

  • брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан; сямі камсамольцаў, якія былі расстраляны гітлераўцамі ў ліпені 1941 г.; 1 250 савецкіх ваеннапалонных і ахвяр фашызму; магіла савецкага патрыёта Н. В. Алейніка; магіла сям’і падпольшчыкаў Чопчыцаў; магілы ахвяр фашызму — пяці мірных грамадзян, расстраляных у лістападзе 1941 г.; вязняў гета; мірных жыхароў, загубленых карнікамі ў лютым 1943 г. (на пахаваннях пастаўлены помнікі);

  • помнік партызанам, што ў 1942 г. разграмілі ў Леніне нямецка-фашысцкі гарнізон.



Літаратура
  1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1985.

  2. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 4: Кадэты—Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997.

  4. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя: у 10 т. Т. 1: Кн 1: Гомельская вобласць / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004.

  5. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Жыткавіцкага раёна / Рэдкал.: А. М. Сцепаненка [і інш.]. – Мінск: Ураджай, 1994.

  6. Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995.

  7. Свидетельствуют палачи: уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941–1944 гг.: документы и материалы / сост.: В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь, 2009.

  8. Холокост в Беларуси: трагедия и память: документы и материалы / сост.: В. Д. Селеменев (руководитель) [и др.]. – Минск: Колорград, 2022.

  9. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область: Сборник архивных документов и материалов / Редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь; – Москва: Фонд «Историческая память», 2021.

  10. Без срока давности. Геноцид. Гомельская область: сборник архивных документов и материалов / Под общей редакцией И. И. Крупко. – Гомель: Редакция газеты «Гомельская праўда», 2023.

  11. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 ― июль 1944) / А. Л. Манаенков (руководитель) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1983.

  12. Шомоди В. Э. Маршрутами народной славы: учебное пособие для педагогов и воспитателей. – Минск: Университетское, 2001.

  13. Ботвинник М. Б. Памятники геноцида евреев Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2000.