Дата стварэння: 11.06.2025 15:07:22
Дата змены: 17.07.2025 11:36:55
Прагно́з надво́р’я
Навукова абгрунтаванае меркаванне аб зменах будучага надвор’я, якое складаецца на аснове аналізу развіцця буйных атмасферных працэсаў.
Адрозніваюць прагнозы надвор’я:
наўкастынг — новая тэхналогія, якая дазваляе атрымліваць прагноз надвор’я з высокай дакладнасцю да 2–6 гадзін;
кароткатэрміновыя — разлічваюцца на 1–3 сутак;
сярэднетэрміновыя — разлічваюцца на 4–10 сутак;
доўгатэрміновыя — разлічваюцца на некалькі тыдняў і болей.
У кароткатэрміновых прагнозах надвор’я і папярэджаннях чаканыя ўмовы надвор’я ўказваюцца больш дэталёва, чым у доўгатэрміновых. Напрыклад, у прагнозах для авіяцыі паведамляюцца чаканыя ўмовы надвор’я на вышыні палёту самалёта (ступень і від воблачнасці, напрамак і хуткасць ветру, тэмпература паветра, наяўнасць небяспечных з’яў — гайданкі, абледзяненні, навальніцы) і ў аэрапорце пасадкі (вышыня воблачнасці і бачнасць, напрамак і хуткасць ветру, тэмпература паветра).
Таксама выкарыстоўваюцца звышкароткатэрміновыя авіяцыйныя прагнозы на маршруце руху самалёта ад аэрадрома вылету да аэрадрома пасадкі, якія могуць займаць ад дзясяткаў хвілін да некалькіх гадзін.
У доўгатэрміновых прагнозах надвор’я характар надвор’я на наступны перыяд падаецца больш агульна: перавага яснага ці воблачнага надвор’я, магчымасць выпадзення атмасферных ападкаў, межы дзённых і начных тэмператур паветра, рэзкія змены надвор’я, пераважны напрамак і хуткасць ветру.
Прагнозы надвор’я на месяц змяшчаюць знак і велічыню адхілення сярэдняй месячнай тэмпературы паветра і колькасці атмасферных ападкаў ад кліматычнай нормы, а таксама ўказанні перыядаў найбольш істотных перамен надвор’я: пахаладанняў і пацяпленняў, пераходаў ад сухога надвор’я да непагадзі і інш.
Падзяляюцца на:
спецыялізаваныя;
прызначаныя для розных галін народнай гаспадаркі;
агульнага карыстання.
Да першых адносяцца таксама папярэджанні пра небяспечныя метэаралагічныя з'явы, якія могуць выклі́каць цяжкасці ў рабоце асобных галін народнай гаспадаркі або нанесці шкоду, а таксама пагражаць бяспецы насельніцтва.
Прагнозы складаюцца для асобных тэрыторый (вобласць, краіна), а таксама для населеных пунктаў, аэрапортаў, авіятрас, аўтамабільных і чыгуначных магістраляў.
Прагноз надвор’я робяць, кіруючыся аналізам сінаптычных карт надвор’я (сінаптычны прагноз надвор’я) або прымяняючы лікавыя метады. Аналіз матэрыялу сінаптычных карт дазваляе выявіць буйныя атмасферныя ўтварэнні: паветраныя масы, а таксама атмасферныя франты, якія падзяляюць гэтыя паветраныя масы, цыклоны і антыцыклоны, барычныя грабяні і барычныя лагчыны, з рухам і эвалюцыяй якіх звязаны асноўныя змяненні надвор’я.
Усё большае прымяненне знаходзяць лікавыя метады, якія дазваляюць рашаць на ЭВМ ураўненні гідратэрмадынамікі атмасферы. Лікавыя метады дазваляюць разлічыць хуткасць ветру, тэмпературу і вільготнасць паветра, геапатэнцыял на розных узроўнях атмасферы, а таксама колькасць ападкаў на некалькі сутак наперад.
Найбольш вядомыя мадэлі надвор’я распрацаваны ў ЗША (AVN/GFS — NOAA) і ў Вялікабрытаніі (UKMET — MetOffice).
Рэспубліканскі гідраметэацэнтр выкарыстоўвае даныя абедзвюх мадэляў. Усе гэтыя метады даюць уяўленне аб агульным фоне надвор’я, які пасля дэталізуецца прагназістам для мясцовых умоў.
У доўгатэрміновых прагнозах выкарыстоўваюцца рознага роду статыстычныя сувязі паміж мінулым і будучым развіццём атмасферных працэсаў (метад аналагаў) і станам надвор’я. Дакладнасць усіх прагнозаў надвор’я ў межах перыяду, на які яны складаюцца, памяншаецца з цягам часу. Каб даць ацэнку практычнай прыдатнасці якіх-небудзь метадаў складання прагнозу надвор’я, трэба параўнаць іх удачнасць з удачнасцю інерцыйных прагнозаў.
У сярэднім са 100 кароткатэрміновых прагнозаў спраўджваюцца каля 90. Асноўная прычына найбольш грубых памылак — недакладнасць ў разліках барычнага поля, напрамку і хуткасці перамяшчэння цыклонаў і атмасферных франтоў, а таксама іх эвалюцыі. Гэтыя памылкі абумоўлены недасканаласцю існуючых метадаў, адсутнасцю дастатковай інфармацыі з акіянаў і маланаселеных тэрыторый. Прымяненне лікавых метадаў прагнозу надвор’я абмежавана не зусім дасканалымі мадэлямі надвор’я. Метады доўгатэрміновага прагнозу надвор’я, што давалі б прагноз далёка наперад, яшчэ знаходзяцца на стадыі распрацоўкі, а самі прагнозы пакуль не дужа якасныя. Даволі дакладны доўгачасовы прагноз — адна з самых складаных задач для сучаснай навукі.
У Беларусі рэгулярныя прагнозы надвор’я складаюцца з 1924 г., доўгатэрміновыя (на месяц) — з 1929 г. Прагнозы надвор’я для рэспублікі, абласцей, Мінска і абласных цэнтраў выконвае аддзел метэапрагнозаў дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі гідраметэаралагічны цэнтр».
Прагнозы надвор’я перадаюцца па радыё, сетцы Інтэрнэт, дасылаюцца ў сродкі масавай інфармацыі, авіяцыйныя, сельскагаспадарчыя, транспартныя і іншыя арганізацыі.