ЗАМАРАЗКІ, паніжэнне тэмпературы прыземнага слоя паветра і паверхні глебы да адмоўных значэнняў увечары і ноччу пры дадатнай тэмпературы паветра днём у цёплую пару года
pdf

ЗАМАРАЗКІ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:27:47

Дата змены: 29.08.2025 10:24:48


За́маразкі

Паніжэнне тэмпературы прыземнага слоя паветра і паверхні глебы да адмоўных значэнняў увечары і ноччу пры дадатнай тэмпературы паветра днём у цёплую пару года.

Адрозніваюць адвектыўныя (звязаныя з рухам халодных мас), радыяцыйныя (ад начнога ахалоджвання паверхні) і адвектыўна-радыяцыйныя (мяшаныя) замаразкі.

На Беларусі замаразкі найчасцей назіраюцца пры ўварванні халоднага паветра (пераважна з паўночнага ўсходу, поўначы, паўночнага захаду) з наступным радыяцыйным ахалоджваннем пры праясненні. Інтэнсіўнасць і працягласць замаразкаў залежыць ад формы рэльефу, стану паверхні глебы, вільготнасці паветра і глебы, фізічных асаблівасцей глебы пад раслінным покрывам і іншых фактараў. Верагоднасць узнікнення замаразкаў на тарфянішчах у 15–20 разоў большая, чым на мінеральных глебах.

3амаразкі верагодны ва ўсе месяцы цёплага перыяду. Вясновыя замаразкі часцей заканчваюцца ў канцы 1‑й дэкады мая. У чэрвені і жніўні замаразкі могуць назірацца на невялікіх плошчах, у ліпені бываюць вельмі рэдка, абмежавана. За май — верасень сярэдняя колькасць сутак з замаразкамі ўзрастае з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. На большай частцы тэрыторыі Беларусі восеньскія замаразкі пачынаюцца ў канцы верасня — пачатку кастрычніка.

Працягласць безмарознага перыяду на тэрыторыі краіны вагаецца ад 140 дзён на поўначы да 171 дня на паўднёвым захадзе. У паветры замаразкі найчасцей адначасова назіраюцца не больш як на трэці ўсёй плошчы краіны.

У маі і ў верасні замаразкі (прыкладна 20–25 % выпадкаў) могуць распаўсюджвацца больш чым на 70 % тэрыторыі. На паверхні глебы паўтаральнасць замаразкаў, якія ахопліваюць вялікія тэрыторыі, павялічваецца да 45–50 %. Самымі распаўсюджанымі былі замаразкі ў маі 1980 г. (80–95 % тэрыторыі).

Познія вясновыя і раннія восеньскія замаразкі прыносяць вялікую шкоду раслінаводству, іх адносяць як да асабліва небяспечных метэаралагічных з’яў, так і да небяспечных метэаралагічных з’яў. Калі замаразкі цягнуцца больш за 4 гадзіны, то ўзнікае небяспека для пладовых дрэў і кустарнікаў у фазе цвіцення. 3амаразкі з інтэнсіўнасцю −5 °С і ніжэй могуць выклікаць пашкоджанні ўсходаў лёну, пры −6...−7 °С пашкоджваюцца ўсходы цукровых буракоў і кукурузы пры ранняй сяўбе. Для прадухілення замаразкаў і памяншэння іх інтэнсіўнасці прымяняюць дымленне, укрыццё раслін, паліў глебы, дажджаванне і інш.