ШЭРАНЬ, на́маразь, атмасферныя ападкі ў выглядзе ледзяных іголак на галінках дрэў, правадах і іншых аб’ектах, утвараюцца пры вільготным марозным надвор’і
pdf

ШЭРАНЬ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:30:27

Дата змены: 27.06.2025 15:28:03


Шэ́рань, на́маразь

Атмасферныя ападкі ў выглядзе ледзяных іголак на галінках дрэў, правадах і іншых аб’ектах.

Утвараецца пры вільготным марозным надвор’і, тумане ў выніку непасрэднага пераходу вадзяной пары ў лёд (крышталічная шэрань) або намярзання кропель пераахалоджанага туману (зярністая шэрань).

Крышталічная шэрань — белыя атмасферныя ападкі ў выглядзе дробных крышталёў лёду, якія асядаюць пухнатымі гірляндамі на прадметах, галоўным чынам на іх наветраным баку. Яна ўтвараецца пераважна ноччу ў яснае зацішнае надвор’е ў працэсе сублімацыі вадзяной пары, што адбываецца пры тэмпературы паветра ніжэй −15 °C і адноснай вільготнасці, блізкай да 100 %. Лёгка абсыпаецца пры патрэсванні. Даўжыня крышталікаў звычайна не перавышае 1 см, але можа дасягаць і некалькіх сантыметраў.

Зярністая шэрань — рыхлыя крышталічныя атмасферныя ападкі, нагадваюць снег. Утвараецца ў выніку замярзання кропель туману на правадах, галінках дрэў, шыбінах і іншых паверхнях у туманнае ветранае надвор’е пры тэмпературы паветра ад −2 да −7 °C, падобна на снег. Пры павышэнні тэмпературы паветра і шчыльнасці зярністая шэрань ператвараецца ў галалёд. Часам іней і шэрань утвараюцца адначасова.

У Беларусі шэрань назіраецца з кастрычніка па красавік, часцей у студзені, звычайна ў ціхае марознае надвор’е. У сярэднім у годзе налічваюць ад 12 да 31 дня з шэранню, зрэдку 30–35 дзён (іх колькасць павялічваецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход).

Гэтая з’ява звычайна доўжыцца 14–16 гадз, іншы раз шэрань можа трымацца больш чым 200 гадз. У большасці выпадкаў намаразь невялікая (да 25 мм), у выключных выпадках можа дасягаць 60–99 мм, што прыводзіць да абрыву правадоў, пашкоджання апор, да зламаных дрэў.