Эканамічнае развіццё

Прадпрымальніцтва

Дата стварэння: 14.07.2025 15:22:37

Дата змены: 10.12.2025 15:27:14


Эканамічны патэнцыял беларускіх суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва

У Рэспубліцы Беларусь прадпрымальніцкая дзейнасць вызначаецца як «…самастойная дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб,...якая ажыццяўляецца імі ў грамадзянскім абароце ад свайго імя, на сваю рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць і накіраваная на сістэматычнае атрыманне прыбытку ад карыстання маёмасцю, продажу рэчаў, зробленых, перапрацаваных або набытых названымі асобамі для продажу, а таксама ад выканання работ або аказання паслуг, калі гэтыя работы або паслугі прызначаюцца для рэалізацыі іншым асобам і не выкарыстоўваюцца для ўласнага спажывання» (Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змене законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» ад 22 красавіка 2024 г. № 365‑З).

Суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП) уяўляюць значны сегмент эканамічнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, выконваючы ў ёй такія важныя функцыі, як:

— атрыманне прадпрымальніцкага даходу і яго максімізацыя;

задавальненне грамадскіх патрэб (попыту) у інавацыйных прадуктах праз іх стварэнне і рынкавае асваенне;

забеспячэнне фінансавай і эканамічнай устойлівасці прадпрымальніцкай дзейнасці ў бліжэйшай і аддаленай перспектыве;

садзейнічанне аптымізацыі рынку працы і зніжэнню сацыяльнай напружанасці праз аператыўнае выкарыстанне працоўных рэсурсаў, якія вызваляюцца і не выкарыстоўваюцца;

— садзейнічанне ў развіцці канкурэнтнага асяроддзя і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі;

— асваенне новых і перспектыўных напрамкаў гаспадарчай дзейнасці;

— грамадскае прызнанне суб’ектаў прадпрымальніцтва, усведамленне імі сваёй грамадскай значнасці як асобы і грамадзяніна.

На пачатак 2025 г. у Рэспубліцы Беларусь дзейнічала 128 865 арганізацый МСП, а таксама 237 326 індывідуальных прадпрымальнікаў. Сярэдняя колькасць работнікаў сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульнай сярэдняй колькасці работнікаў па краіне склала 35,8 %. Гэта азначае, што ў прадпрымальніцкім сектары беларускай эканомікі працуе практычна кожны трэці працаздольны беларус. Большасць арганізацый МСП занята ў сферы аказання паслуг (75,8 %).

Вынікам актыўнай прадпрымальніцкай дзейнасці суб’ектаў МСП з’яўляецца іх значны ўклад у дасягненне краінай высокіх макраэканамічных паказчыкаў. Так, у 2024 г. прадпрымальніцкі сектар забяспечыў 27,4 % ВУП краіны і 31,4 % валавой дабаўленай вартасці, больш за трэць падатковых паступленняў (36 %). Аб’ём прамысловай вытворчасці на 21,7 % быў сфарміраваны за кошт суб’ектаў МСП.

Канкурэнтаздольны і адаптыўны прадпрымальніцкі сектар пастаянна ажыццяўляе інвестыцыі ў асноўны капітал, набываючы, мадэрнізуючы і рэканструюючы аб’екты асноўнага фонду. У 2024 г. гэтыя ўкладанні склалі больш за 18,7 млрд руб. (39,5 %), а ў іх тэхналагічнай структуры пераважалі будаўніча-мантажныя работы (51,6 %) і выдаткі на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў (34,9 %).

Вялікую вагу маюць суб’екты МСП у знешнеэканамічнай дзейнасці: 43,6 % у экспарце і амаль 48,8 % у імпарце тавараў. Экспартна-імпартныя аперацыі суб’екты МСП ажыццяўлялі са 187 краінамі: беларускія тавары пастаўляліся на рынкі 138 дзяржаў, а імпартавалася прадукцыя са 180 краін. У выніку аб’ём знешняга гандлю таварамі ў 2024 г. склаў 39,9 млрд долараў ЗША.


Сістэма дзяржаўнага рэгулявання прадпрымальніцкай сферы

Дзеючая ў Рэспубліцы Беларусь сістэма рэгулявання МСП уключае: органы дзяржаўнага кіравання, інстытуты падтрымкі, грамадскія аб’яднанні і інш. Да органаў кіравання прадпрымальніцтвам адносяцца рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскія міністэрствы, ведамствы, камітэты, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы).

Непасрэднае рэгуляванне сферы МСП у рэспубліцы ажыццяўляюць:

— дэпартамент па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі і яго структурныя падраздзяленні ў рэгіёнах;

— абласныя выканкамы (Мінскі гарвыканкам);

— Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў (БФФПП) пры ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» і фонды фінансавай падтрымкі ў рэгіёнах рэспублікі;

— рэгіянальныя цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва і інкубатары малога прадпрымальніцтва;

— грамадскія аб’яднанні прадпрымальнікаў (асацыяцыі, саюзы і г. д.) і інш.

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» ад 4 студзеня 2010 г. № 108‑З да кампетэнцый выканкамаў абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню і Мінскага гарадскога выканкама ў частцы рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці па рэгіянальнай прыналежнасці адносяцца:

— фарміраванне і ўнясенне для зацвярджэння ў мясцовыя Саветы дэпутатаў праектаў канцэпцый па пытаннях падтрымкі МСП і забеспячэнне іх рэалізацыі;

— прыняцце мер, накіраваных на развіццё суб’ектаў МСП на падведамных тэрыторыях;

— узгадненне рэжымаў працы суб’ектаў прадпрымальніцтва, якія ажыццяўляюць дзейнасць на адпаведнай тэрыторыі;

— аказанне ў рамках дзяржаўных праграм падтрымкі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам;

— ажыццяўленне кантролю за мэтавым выкарыстаннем сродкаў, што выдзяляюцца з мясцовых бюджэтаў у рамках праграм дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва і інш.

У час пасяджэння Савета па развіцці прадпрымальніцтва. 31 кастрычніка 2024 г.

У час пасяджэння Савета па развіцці прадпрымальніцтва. 31 кастрычніка 2024 г.

Савет па развіцці прадпрымальніцтва з’яўляецца пастаянна дзеючым кансультатыўным органам пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, яго асноўная мэта — забеспячэнне эфектыўнага ўзаемадзеяння дзелавых колаў з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, удзел іх прадстаўнікоў у выпрацоўцы мер па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці, стымуляванні інвестыцый і доўгатэрміновым развіцці эканомікі краіны. У склад Савета ўваходзяць кіраўнікі (уласнікі) найбольш паспяховых прыватных прадпрыемстваў рэспублікі. Узначальвае дзейнасць Савета першы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з Палажэннем аб Савеце, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 2017 г. № 370, яго асноўнымі задачамі з’яўляюцца:

— падрыхтоўка прапаноў па фарміраванні ўмоў, якія стымулююць развіццё прыватнага сектара эканомікі, удасканаленні дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці і інвестыцый, эфектыўным выкарыстанні фінансавых сродкаў, што накіроўваюцца на развіццё і падтрымку прадпрымальніцтва;

— каардынацыя дзейнасці абласных (раённых) саветаў па развіцці прадпрымальніцтва;

— узгадненне праектаў заканадаўчых актаў і пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі Савета;

— накіраванне ў дзяржаўныя органы і арганізацыі прапаноў па ўдасканаленні нарматыўных прававых актаў па пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі Савета, у т. л. на аснове аналізу замежнага вопыту, а таксама практыкі іх прымянення;

— узаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі па пытаннях забеспячэння абароны ўласнасці, рэалізацыі аднолькавай практыкі прымянення заканадаўства ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці;

— удзел у фарміраванні арганізацыйнай, інфармацыйнай, навукова-тэхнічнай сістэм забеспячэння і падтрымкі прадпрымальніцтва;

— правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю прагрэсіўных форм арганізацыі і ажыццяўлення прадпрымальніцкай і інвестыцыйнай дзейнасці, самарэгулявання бізнесу і павышэння яго сацыяльнай адказнасці.

Пры розных дзяржаўных органах створаны і функцыянуе 31 грамадска-кансультатыўны савет са статусам дарадчага і экспертнага органа. Дзейнасць гэтых саветаў садзейнічае аб’ектыўнаму разгляду і грамадскаму абмеркаванню праектаў нарматыўна-прававых актаў, якія распрацоўваюцца дзяржаўнымі органамі і істотна ўплываюць на прадпрымальніцкае асяроддзе, а таксама абмеркаванню праблемных пытанняў, што ўзнікаюць у ходзе ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, выпрацоўцы мер, што садзейнічаюць стварэнню спрыяльных умоў для развіцця МСП, развіццю прадпрымальніцкай інфраструктуры.

ХХ Асамблея дзелавых колаў Рэспублікі Беларусь, якую праводзіць Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва. 27 красавіка 2023 г.

ХХ Асамблея дзелавых колаў Рэспублікі Беларусь, якую праводзіць Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва. 27 красавіка 2023 г.

Грамадскія аб’яднанні прадпрымальнікаў уяўляюць сабой эфектыўную форму ўзаемадзеяння паміж прадпрымальніцкім сектарам і органамі дзяржаўнай улады. У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць:

— Асацыяцыя інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва;

— Беларускі саюз прадпрымальнікаў;

— Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва;

— Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і работадаўцаў;

— Канфедэрацыя лічбавага бізнесу;

— Бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М. С. Куняўскага і інш.

Дзейнасць усіх гэтых грамадскіх аб’яднанняў прадпрымальнікаў Беларусі накіравана:

— на сістэматычны ўдзел у рабоце дзяржаўных органаў па ўдасканаленні заканадаўства адносна стварэння спрыяльнага бізнес-асяроддзя, абароны правоў уласнасці, справядлівай сістэмы падатковага рэгулявання і стварэння прававой прасторы, якая стымулюе развіццё прадпрымальніцтва і эканамічнай дзейнасці ў цэлым;

— на развіццё сістэмы сацыяльнага партнёрства, садзейнічанне эканамічным рэформам, накіраваным на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, дасягненне ўстойлівага эканамічнага росту, стымуляванне эканамічнай ініцыятывы грамадзян усіх узроставых катэгорый;

— на прапаганду прадпрымальніцкай дзейнасці, аказанне арганізацыйнай, навукова-метадычнай і інфармацыйнай падтрымкі прадпрымальнікаў.


Дзяржаўная падтрымка малога і сярэдняга прадпрымальніцтва

Згодна з артыкулам 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва» ад 1 ліпеня 2010 г. № 148‑З дзяржаўная падтрымка сектара МСП уяўляе сабой рэалізацыю дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі прававых, эканамічных, сацыяльных, інфармацыйных, кансультацыйных, адукацыйных, арганізацыйных і іншых мер па стварэнні спрыяльных умоў для развіцця суб’ектаў МСП і суб’ектаў адпаведнай інфраструктуры.

Дзяржава ўстанаўлівае асаблівы рэжым падаткаабкладання суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, скарачае і спрашчае парадак праходжання імі адміністрацыйных працэдур, стварае ўмовы для ўдзелу прадстаўнікоў суб’ектаў МСП (асацыяцый і саюзаў) у фарміраванні дзяржаўнай палітыкі ў сферы падтрымкі прадпрымальніцтва, падрыхтоўцы праектаў нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць пытанні прадпрымальніцкай дзейнасці.

Так, у чэрвені 2024 г. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь сваёй Пастановай № 459 «Аб мерах дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва» зацвердзіў Палажэнне аб парадку і ўмовах (крытэрыях) прадастаўлення дзяржаўнай фінансавай падтрымкі суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, суб’ектам інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэтае Палажэнне ўрэгулявала такія важныя моманты, як прадастаўленне фінансавых сродкаў на зваротнай (аплатнай або бязвыплатнай) і незваротнай асновах, маёмасці на ўмовах дагавора лізінгу, а таксама паручыцельстваў па абавязацельствах суб’ектаў МСП і інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу.

Дзяржаўная фінансавая падтрымка суб’ектаў прадпрымальніцтва можа ажыццяўляцца ў наступных формах:

— прадастаўленне фінансавых сродкаў на незваротнай бязвыплатнай аснове;

— субсідыя для кампенсацыі часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі;

— субсідыя для кампенсацыі часткі ўзнагароды (камісіі) па банкаўскіх гарантыях і акрэдытывах;

— прадастаўленне субсідый для кампенсацыі часткі расходаў на выплату лізінгавых плацяжоў па дагаворах фінансавай арэнды (лізінгу) у частцы аплаты сумы ўзнагароджання (даходу) лізінгадаўцы, а таксама сум, якія пакрываюць інвестыцыйныя расходы лізінгадаўцы, за выключэннем уключаных у кошт прадмета лізінгу;

— субсідыі для кампенсацыі часткі расходаў, звязаных з удзелам у выставачна-кірмашовых мерапрыемствах.

Аказанне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі суб’ектам прадпрымальніцтва і аналагічнай інфраструктуры ажыццяўляецца ў рамках рэспубліканскіх і рэгіянальных дзяржаўных праграм, накіраваных на забеспячэнне дасягнення прыярытэтаў і мэт дзяржаўнай палітыкі ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Вынікам выканання Дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021–2025 гады будзе стварэнне канкурэнтаздольнага і адаптыўнага прадпрымальніцкага сектара нацыянальнай эканомікі, які забяспечвае хуткае тэхналагічнае абнаўленне вытворчасці, стабільную занятасць і рост якасці жыцця насельніцтва.

У рамках рэалізацыі праграмы праводзяцца мерапрыемствы па зніжэнні адміністрацыйнай нагрузкі на бізнес, цыфравізацыі дзелавых сітуацый, ажыццяўленні дыялогу паміж бізнесам і ўладай. Адносна суб’ектаў гаспадарання было прааналізавана 1,2 тыс. працэдур, частка з якіх была трансфармавана, аптымізавана або выключана. У выніку на пачатак 2025 г. засталося каля 900 адміністрацыйных працэдур. Створаны Рэестр адміністрацыйных працэдур, які мае каля 4 тыс. пастаянных карыстальнікаў.

У 2024 г. аб’ём дзяржпадтрымкі малога і сярэдняга бізнесу ў рамках дзяржаўнай праграмы склаў 18,0 млрд руб., з якіх 11,1 млн руб. — гэта сродкі рэспубліканскага бюджэту, 7,5 млн руб. — сродкі мясцовых бюджэтаў, 6,3 млн руб. — уласныя сродкі Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, астатняе — сродкі найбуйнейшых беларускіх банкаў. У прыярытэце — экспартна арыентаваныя і імпартазамяшчальныя праекты, а таксама ініцыятывы, звязаныя са стварэннем новых высокатэхналагічных вытворчасцей. Меры дзяржаўнай падтрымкі садзейнічалі значнаму росту ўкладу суб’ектаў МСП у экспартны патэнцыял краіны.

Напрамкі дзейнасці Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў уключаюць: фінансавую і нефінансавую падтрымку МСП, а таксама лічбавую платформу МСП як інфармацыйную сістэму для цыфравізацыі бізнес-працэсаў МСП. Асноўнымі крыніцамі фандавання БФФПП выступаюць: сродкі рэспубліканскага бюджэту, сродкі ААТ «Банк развіцця» і ўласныя рэсурсы фонду. За 30 гадоў Фондам прафінансавана больш за 2,5 тыс. бізнес-праектаў, якія забяспечылі стварэнне і развіццё новых вытворчасцей, выпуск экспартна арыентаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыі, укараненне новых тэхналогій, будаўніцтва, набыццё, рамонт і рэканструкцыю аб’ектаў нерухомай маёмасці, набыццё транспартных сродкаў, закупку камплектуючых, сыравіны, матэрыялаў і г. д.

У БФФПП суб’екты МСП могуць атрымаць пазыкі да 50 тыс. базавых велічынь на тэрмін да 10 гадоў па стаўцы ад 6,38 да 10,75 % гадавых. Пазыкі могуць накіроўвацца на набыццё асноўных сродкаў, сыравіны, матэрыялаў, нематэрыяльных актываў, аплату работ (паслуг). Таксама прадпрымальнікі могуць атрымаць лізінгавае фінансаванне ў памеры да 25 тыс. базавых велічынь па стаўцы 10,75 % гадавых. Запатрабаваным інструментам БФФПП з’яўляецца механізм паручыцельства, які дазваляе атрымаць рэсурсы да 30 тыс. базавых велічынь. Сума паручыцельства невысокая — 1,25 %.

За кошт рэсурсаў ААТ «Банк развіцця» прапануюцца наступныя фінансавыя прадукты: «Падтрымка рэгіёнаў», «Падтрымка сацыяльнага прадпрымальніцтва» (па стаўцы 7,38 % гадавых), «Прамкааперацыя» (7,5 %), «Інавацыйны» (6,38 %), «Падтрымка экалагічных праектаў» (8,38 %), «Падтрымка арганізацый вытворчай сферы» (10,75 %), «Стабілізацыйны крэдыт» (7,5 %). У якасці перспектыўных напрамкаў работы БФФПП трэба адзначыць: пакрыццё часткі капітальных затрат, аказанне фінансавай падтрымкі за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

З 2022 г. Фонд дыверсіфікуе сваю дзейнасць у галіне нефінансавай падтрымкі і стымулявання прадпрымальніцкай сферы, аказваючы садзейнічанне ў прамысловай кааперацыі буйнога, сярэдняга і малога бізнэсу. Гэтаму садзейнічае функцыянаванне агульнарэспубліканскага інфармацыйнага рэсурсу субкантрактацыі.

Важны напрамак — рэалізацыя пляцоўкі імпартазамяшчэння сумесна з Беларускай універсальнай таварнай біржай. Гэта сэрвіс пакупкі і продажу імпартазамяшчальных тавараў. На пляцоўцы ўжо зарэгістравана 29 тыс. суб’ектаў, ажыццяўляецца 400 тыс. здзелак за год.

Падтрымку суб’ектам МСП у рамках Дзяржаўнай праграмы аказвае і ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». Усяго за перыяд з 2021 па 2024 г. банкам было прафінансавана 9 245 бізнес-праектаў на агульную суму больш за 3,0 млрд руб. у эквіваленце, у т. л. крэдытных дагавораў і дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу) на суму больш за 2,0 млрд руб. у эквіваленце. Найбольш запатрабаванымі былі новыя антыкрызісныя прадукты «Стабілізацыйны» і «Падтрымка экспарту». Падтрымка аказваецца на конкурснай аснове пры рэалізацыі праектаў па прыярытэтных напрамках у рамках спецыяльнай праграмы фінансавай падтрымкі суб’ектаў МСП. Прыярытэт аддаецца праектам, накіраваным на вытворчасць экспартна арыентаванай, імпартазамяшчальнай прадукцыі, на энерга- і рэсурсазберажэнне, укараненне новых тэхналогій.

У рэспубліцы створана інфраструктура падтрымкі МСП, суб’екты якой садзейнічаюць развіццю прадпрымальніцтва праз розныя механізмы падтрымкі суб’ектаў прадпрымальніцтва на ўсіх этапах іх станаўлення, дасягнення імі фінансавай самастойнасці і ў працэсе наступнага функцыянавання. Да суб’ектаў прадпрымальніцкай інфраструктуры згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва» ад 1 ліпеня 2010 г. № 148‑З адносяцца цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва і інкубатары малога прадпрымальніцтва.

У Беларусі дзейнічае разгалінаваная сетка суб’ектаў такой інфраструктуры (па стане на 16 кастрычніка 2025 г. — 71 цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва і 17 інкубатараў малога прадпрымальніцтва).

Цэнтрамі аказваюцца кансультацыі па розных пытаннях арганізацыі і ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, бухгалтарскія і юрыдычныя паслугі, паслугі па вядзенні кадравага ўліку, праводзяцца маркетынгавыя даследаванні, распрацоўваюцца бізнес-планы, арганізуюцца курсы, семінары, трэнінгі, стартап-мерапрыемствы, біржы дзелавых кантактаў і іншыя дзелавыя мерапрыемствы. У 2024 г. у цэнтры па розных пытаннях арганізацыі і ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці звярнулася 71,8 тыс. чалавек. Для прадпрымальнікаў было праведзена больш за 2 тыс. тэматычных мерапрыемстваў па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці.

Дзейнасць інкубатараў малога прадпрымальніцтва накіравана на стварэнне спрыяльных умоў для развіцця суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, у першую чаргу інавацыйнага. Інкубатары даюць МСП у арэнду памяшканні, офіснае абсталяванне і іншую неабходную маёмасць, аказваюць інфармацыйныя, кансультацыйныя паслугі, садзейнічаюць пошуку партнёраў, атрыманню дзяржаўнай фінансавай падтрымкі і г. д. У 2024 г. плошчы памяшканняў беларускіх інкубатараў малога прадпрымальніцтва складалі 75,0 тыс. м², у т. л. плошчы рэспубліканскай формы ўласнасці — 6,9 тыс. м², камунальнай — 51,1 тыс. м², прыватнай — 17,0 тыс. м². Паслугамі інкубатараў па выдзяленні плошчаў пад офісы і вытворчасць у 2024 г. скарысталіся 598 суб’ектаў малога прадпрымальніцтва з колькасцю персаналу 3,0 тыс. чалавек. У сферы вытворчасці ажыццяўлялі дзейнасць 88 суб’ектаў, якія інкубіруюцца (15 % ад іх агульнай колькасці), у будаўніцтве — 51 (9 %), інавацыйнай дзейнасці — 27 (4 %), аказвалі паслугі — 322 (54 %), у іншых сферах дзейнасці — 110 суб’ектаў (18 %).

У Беларусі з мэтай стымулявання дзелавой ініцыятывы рэгулярна праводзяцца розныя мерапрыемствы: нацыянальны конкурс «Прадпрымальнік года», дзіцячы конкурс «Бізнес вачыма дзяцей», конкурс «Перспектыўныя беларускія брэнды», Беларускі тыдзень прадпрымальніцтва і інш. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць папулярызацыі прадпрымальніцтва і падтрымцы і дзелавой актыўнасці грамадзян.