Эканамічнае развіццё
- Удзел Рэспублікі Беларусь у інтэграцыйных аб'яднаннях (СНД, ЕАЭС, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі)
- Усебаковае стратэгічнае партнёрства Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі
- Транспарт і лагістыка
- Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі
- Знешнегандлёвая палітыка Рэспублікі Беларусь
- Антыманапольнае рэгуляванне
- Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь
- Турызм
- Прадпрымальніцтва
- Бюджэтна-падатковае рэгуляванне
- Гандаль
Усебаковае стратэгічнае партнёрства Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі
Дата стварэння: 18.03.2025 12:42:24
Дата змены: 22.03.2025 23:05:21
- Палітычнае супрацоўніцтва
- Міжпарламенцкае супрацоўніцтва
- Эканамічнае супрацоўніцтва
- Інвестыцыйнае супрацоўніцтва
- Беларуска-кітайскія праекты
- Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва
- Навуковае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва
- Гуманітарнае супрацоўніцтва
- Супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і ў ваеннай галіне
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай устаноўлены 20 студзеня 1992 г.
Развіццё адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай — стратэгічны напрамак знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам дзвюх краін і нацэлена на ўмацаванне іх міжнародных пазіцый, садзейнічанне забеспячэнню ўстойлівага развіцця і росту канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік на аснове паглыблення ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў розных сферах дзейнасці. З пазіцыі агульных інтарэсаў асноўнымі напрамкамі двухбаковага супрацоўніцтва выступаюць узаемадзеянне ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, крэдытна-інвестыцыйнай, навукова-тэхналагічнай, ваеннай сферах, а таксама міжрэгіянальнае супрацоўніцтва.
Палітычнае супрацоўніцтва
Беларуска-кітайскія адносіны неаднаразова рабілі ўздым на новую прыступку: ад «сяброўскіх адносін супрацоўніцтва» да «адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства», а таксама аж да «адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва».

Афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь Прэм’ера Дзяржаўнага савета КНР Лі Пэна. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка сустрэў гасцей у аэрапорце. 21 чэрвеня 1995 г.

Сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі з Прэм’ерам Дзяржсавета КНР Лі Пэнам у час яго візіту ў Рэспубліку Беларусь. 21–23 чэрвеня 1995 г.

Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін 10–12 мая 2015 г. наведаў Беларусь з дзяржаўным візітам
Прыкладам паспяховага развіцця міждзяржаўных сувязей з’яўляюцца сучасныя беларуска-кітайскія адносіны ў палітычнай сферы. Дынамічнае развіццё беларуска-кітайскага палітычнага дыялогу, абумоўленае, перш за ўсё, агульнасцю прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі, супадзеннем поглядаў на важнейшыя праблемы сусветнага парадку дня і павагай суверэннага права самастойна вызначаць свой шлях развіцця, дэтэрмінуе неабходнасць усямернай падтрымкі ўзрастаючай ролі Кітая ў новай архітэктуры глабальнага кіравання, якая апошнім часам фарміруецца.
Паміж Беларуссю і Кітаем створаны механізмы рэгулярных абменаў візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях. Ажыццяўляецца супрацоўніцтва па лініі «Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — Міжнародны аддзел ЦК КПК».
У мэтах пашырэння і паглыблення беларуска-кітайскага шматбаковага супрацоўніцтва Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка 3 снежня 2021 г. падпісаў Дырэктыву № 9 «Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай». Згодна з дырэктывай, асноватворным дакументам у двухбаковых сувязях з’яўляецца Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай ад 10 мая 2015 г. Дырэктывай вызначаны прыярытэтныя задачы па развіцці адносін з Кітаем: умацаванне супрацоўніцтва ў палітычнай сферы, захаванне і прымнажэнне каштоўнасцей сяброўства і ўзаемнай падтрымкі; нарошчванне гандлёва-эканамічнага, фінансавага, інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, рэалізацыя ініцыятывы «Пояс і шлях»; пашырэнне міжрэгіянальных сувязей; развіццё супрацоўніцтва ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай галінах; умацаванне навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння; развіццё адносін у гуманітарнай галіне; развіццё супрацоўніцтва ў сферы лічбавай эканомікі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ).
Абодва бакі стварылі дзейсныя механізмы прасоўвання ўсебаковага супрацоўніцтва высокага ўзроўню, у т. л. Беларуска-Кітайскі міжурадавы камітэт па супрацоўніцтве (створаны ў 2014 г.), які эфектыўна каардынуе і накіроўвае дзейнасць беларускага і кітайскага бакоў па пытаннях гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага, культурна-адукацыйнага супрацоўніцтва і ў сферы бяспекі. У структуру Камітэта ўваходзяць 6 камісій: камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, камісія па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, камісія па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі, камісія па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, камісія па супрацоўніцтве ў галіне культуры, камісія па мытным і каранцінным супрацоўніцтве. Пасяджэнні Камітэта праводзяцца па чарзе раз у 2 гады, на рэгулярнай аснове сустракаюцца яго сустаршыні. Чарговае пасяджэнне Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве адбылося ў ліпені 2023 г. у КНР пад сустаршынствам Першага намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь М. Г. Снапкова і Члена Палітбюро ЦК КПК, Віцэ-прэм’ера Дзяржаўнага савета КНР Лю Гачжуна. На сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом КНР у Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуанем 20 верасня 2024 г. Старшыня беларускай часткі Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве М. Г. Снапкоў, у прыватнасці, заявіў: «Фундамент беларуска-кітайскіх адносін — гэта ўзаемная павага, раўнапраўе, імкненне да агульнай будучыні ў глыбокім разуменні. Аснова двухбаковых кантактаў — гэта сяброўства лідараў нашых дзяржаў. Залог поспеху нашага супрацоўніцтва і паступальнага пазітыўнага руху — гэта адзіныя падыходы па ключавых напрамках палітычнай і сацыяльна-эканамічнай стратэгіі развіцця нашых дзяржаў. Як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, наша задача — узняць эканамічнае ўзаемадзеянне да існуючага ўзроўню палітычных адносін. Задача складаная, але ўпэўнены, што мы зможам з ёй справіцца».

Абмеркаванне пытанняў беларуска-кітайскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. 2018 г.
29 верасня 2016 г. у г. Пекіне было падпісана Пагадненне паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Кітайскай акадэміяй грамадскіх навук аб стварэнні ў Інстытуце эканомікі НАН Беларусі беларускай часткі Беларуска-Кітайскага аналітычнага цэнтра развіцця (далей — Цэнтр) з мэтай аналітычнага забеспячэння эканамічнага, навукова-тэхнічнага і тэхналагічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. У рамках выканання даручэнняў Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве Цэнтр ажыццяўляе інфармацыйны маніторынг і распрацоўвае аналітычныя дакументы па пытаннях стану і перспектыў будаўніцтва народнай гаспадаркі КНР у цэлым, прамысловага і сельскагаспадарчага сектараў, кітайскіх распрацовак у галіне навукі і тэхналогій, рэгіянальнай палітыкі краіны і міжрэгіянальных сувязей, нацыянальнай бяспекі і ваеннага будаўніцтва, стану і перспектыў беларуска-кітайскага супрацоўніцтва і інш. Цэнтр вядзе накірунак па фундаментальных навуковых даследаваннях працэсаў сацыяльна-эканамічнага развіцця КНР ва ўмовах сусветных працэсаў глабалізацыі і новых фарматаў эканамічнага супрацоўніцтва ў рамках пяцігадовых дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. На базе Цэнтра таксама праводзяцца прыкладныя навуковыя даследаванні па вывучэнні кітайскага вопыту рэалізацыі практычных мер у галіне забеспячэння лічбавай трансфармацыі эканомікі, удасканалення стратэгічных напрамкаў прамысловай палітыкі на аснове інавацыйнага вектара развіцця ва ўмовах санкцыйнай палітыкі, укаранення інавацыйных тэхналогій у сацыяльнай сферы, развіцця Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» як цэнтра эканамічнага і інавацыйнага росту Мінскай агламерацыі і інш. Кітайская частка Беларуска-Кітайскага аналітычнага цэнтра развіцця створана ў Інстытуце Расіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук.
Сведчаннем палітычнай волі дзвюх дзяржаў па павышэнні ўзроўню двухбаковага супрацоўніцтва і дэманстрацыяй узорнага характару беларуска-кітайскіх адносін стала прыняцце Сумеснай дэкларацыі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі аб устанаўленні адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства ў час правядзення 22‑га пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС (15 верасня 2022 г.; г. Самарканд, Узбекістан). Грунтуючыся на новым статусе ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, абедзве краіны ў поўнай меры карыстаюцца перавагамі традыцыйнага супрацоўніцтва і назапашаным унікальным вопытам, дзейнічаюць у адпаведнасці са зменамі міжнароднай абстаноўкі.

Дзяржаўны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ў Кітайскую Народную Рэспубліку. Люты–сакавік 2023 г.

З кітайскага касмадрома «Січан» запушчаны беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік «Белінтэрсат-1». Сатэліт разлічаны на перадачу тэлевізійнага і радыёсігналу, а таксама забеспячэння доступу ў інтэрнэт. Студзень 2016 г.
Драйверам далейшага ўстойлівага развіцця беларуска-кітайскіх адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства стаў дзяржаўны візіт у Кітай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі (28 лютага — 2 сакавіка 2023 г.), падчас якога кіраўнікі дзвюх дзяржаў апублікавалі Сумесную заяву Кітайскай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь аб далейшым развіцці адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі ў новую эпоху. У г. Пекіне беларускага Прэзідэнта сустракалі з улікам усіх асаблівасцей не толькі дыпламатычнага пратакола, але і дружалюбных адносін паміж лідэрамі і народамі дзвюх краін. У ходзе перагавораў Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: «Будзе моцным Кітай — будзе моцнай і будзе развівацца і наша Беларусь. У нас шмат прапаноў, шмат планаў, якія будуць выгадныя і Беларусі, і Кітаю. У вас ёсць у цэнтры Еўропы мірная, спакойная Беларусь. Давайце разам будзем інтэнсіфікаваць нашы адносіны на карысць нашых народаў». У сваю чаргу Старшыня КНР Сі Цзіньпін указаў на неабходнасць «напоўніць зместам новы статус двухбаковых адносін», заявіўшы: «Мяне са спадаром Прэзідэнтам аб’ядноўвае агульнае імкненне да развіцця кітайска-беларускіх адносін. Мы сябруем ужо не першы год. Трэба адзначыць, што ў сучасных умовах непрадказальнасці і рэзкай трансфармацыі міжнародных адносін, істотных змяненняў рэгіянальнай і глабальнай абстаноўкі асабістае сяброўства паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў набывае асаблівы сэнс і значэнне. Пры іх асабістым удзеле паслядоўна выбудоўваецца найбольш аптымальная мадэль узаемаадносін, якая ў поўнай меры адпавядае інтарэсам дзвюх краін».
Адным з важных напрамкаў далейшага ўмацавання двухбаковага палітычнага супрацоўніцтва з’яўляецца ператварэнне Рэспублікі Беларусь у вядучага рэгіянальнага ўдзельніка і бенефіцыяра кітайскага стратэгічнага праекта «Пояс і шлях» уздоўж кантынентальнага моста паміж Еўропай і Азіяй. Пра дальнабачнасць беларускага кіраўніцтва красамоўна сведчыць факт падтрымкі Рэспублікай Беларусь — першай у Еўропе і адной з першых у свеце — гэтай кітайскай ініцыятывы. Па словах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, «глабальная ініцыятыва “Пояс і шлях” — не проста ідэя эканамічнага партнёрства, бо яна не толькі перакройвае эканамічную карту свету і стварае новыя пункты росту, але і фарміруе міжнародныя адносіны новага тыпу. Гэта інтэграцыя па-над блокамі, закліканая гарманізаваць усе эканамічныя інстытуты і прыбраць бар’еры на шляху вольнага руху тавараў, інвестыцый і людзей». Кіраўнік беларускай дзяржавы прыняў удзел у I Міжнародным форуме глабальнай ініцыятывы «Пояс і шлях» (2017 г., Пекін). У красавіку 2019 г. А. Р. Лукашэнка здзейсніў візіт у Кітай, у рамках якога ўдзельнічаў у II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і шлях».
Усебаковую ацэнку ініцыятывы «Пояс і шлях» і беларуска-кітайскіх адносін даў і Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь М. У. Рыжанкоў на Саміце ініцыятывы «Пояс і шлях» (12 верасня 2024 г., Спецыяльны адміністрацыйны раён Ганконг). Міністр заявіў: «Беларусь з самага пачатку адразу і без усялякіх сумневаў далучылася да Ініцыятывы. Мы былі першай еўрапейскай краінай, якая зрабіла гэта. Упэўнены, што будучыя пакаленні беларусаў будуць з удзячнасцю памятаць гэтае дальнабачнае рашэнне нашага лідара, Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Для Кітая і ўсіх краін “Пояса і шляху” Беларусь заўсёды будзе не толькі акном магчымасцей у Еўропе, але і самым надзейным пунктам апоры».
Падчас III Форуму высокага ўзроўню па міжнародным супрацоўніцтве ў рамках глабальнай ініцыятывы «Пояс і шлях» (18 кастрычніка 2023 г., Пекін) Рэспубліка Беларусь далучылася да Рамачнай ініцыятывы па міжнародным гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне лічбавай эканомікі і «зялёнага» развіцця.
Беларусь станоўча ацэньвае кітайскую ініцыятыву «Пояс і шлях», разглядае гэты міжнародны праект галоўным чынам як механізм прыцягнення новых тэхналогій і інвестыцый, наладжвання выпуску тавараў, запатрабаваных на сусветным рынку, пашырэння міжнародных грузаперавозак, лагістыкі і забеспячэння свабоды транзіту. Беларусь выступае і ў падтрымку спалучэння ініцыятывы «Пояс і шлях» з ЕАЭС, якое, на думку беларускага боку, забяспечыць новыя магчымасці для павелічэння экспарту беларускіх тавараў у Кітай і іншыя краіны Азіі, акцэнтуе ўвагу на стварэнні і развіцці Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».
Ініцыятыва «Пояс і шлях» ускладае на Беларусь асаблівыя надзеі як на лагістычны хаб і транспартны вузел на маршруце Кітай — Еўропа. Рэспубліка Беларусь размешчана на Новым Еўразійскім кантынентальным мосце і мае выгаднае геаграфічнае становішча, паколькі праз яе тэрыторыю праходзяць 8 грузавых чыгуначных маршрутаў паміж Кітаем і Заходняй Еўропай, што дае магчымасць дастаўляць тавары ў розныя месцы ў кароткія тэрміны. Беларусь мяжуе з краінамі, якія ўваходзяць у Еўрапейскі саюз, што дазваляе разглядаць яе як «усходнія гандлёвыя вароты» ў ЕС на маршрутах шляхоў зносін Кітай —Еўропа. У сілу гэтага факта ў Беларусі будуюцца новыя лагістычныя і перавалачныя магутнасці для саставаў, якія перавозяць кітайскія тавары на еўрапейскі рынак. Але ініцыятыва «Пояс і шлях» — гэта не толькі грузаперавозкі і лагістычная інфраструктура, але і стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей, выбудоўванне транснацыянальных вытворчых ланцужкоў.
Адразу за ўдзелам у стратэгічным праекце «Пояс і шлях» Беларусь адной з першых падтрымала і далучылася да кітайскіх глабальных ініцыятыў, якія вылучыў Старшыня КНР Сі Цзіньпін. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка адзначыў: «Кітайскія глабальныя ініцыятывы ўяўляюць сабой вялікую справу, якая цэментуе агульнае разуменне і супрацоўніцтва міжнароднай супольнасці». Трэба падкрэсліць, што вылучэнне і падтрымка гэтых глабальных ініцыятыў канцэнтравана адлюстроўвае агульнасць поглядаў Беларусі і Кітая на працэсы цывілізацыйнага развіцця, стан сусветнай і рэгіянальнай бяспекі, ствараюць важную платформу для далейшага пашырэння і паглыблення беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, надаюць новы імпульс развіццю канструктыўных фарматаў двухбаковых адносін.
Беларусь і Кітай паспяхова супрацоўнічаюць у міжнародных арганізацыях, аказваюць узаемную падтрымку па прынцыповых пытаннях. Устойлівае, канструктыўнае і дынамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін ажыццяўляецца ў рамках ААН, яно грунтуецца на стратэгічным характары двухбаковых адносін і супадзенні пазіцый па асноўных пытаннях міжнароднага парадку дня. Далёкаідучыя перспектывы для паглыблення беларуска-кітайскіх узаемаадносін адкрывае ўступленне 4 ліпеня 2024 г. Беларусі ў члены Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). І ў гэтым пытанні Кітай як сапраўдны сябар Беларусі аказаў і працягвае аказваць беларускаму боку неацэнную дапамогу. У рамках гэтага міжнароднага аб’яднання Беларусь цяпер мае рэальную магчымасць паглыбляць свае інтэграцыйныя адносіны як на шматбаковым, так і на двухбаковым краінавым узроўні і перш за ўсё з Кітаем. Акрамя таго, 11 лістапада 2024 г. Рэспубліка Беларусь афіцыйна стала краінай — партнёрам БРІКС. Статус партнёра ў БРІКС мяркуе, што Беларусь будзе мець магчымасць удзельнічаць у розных мерапрыемствах арганізацыі, абменьвацца вопытам і лепшымі міжнароднымі практыкамі, а таксама супрацоўнічаць з іншымі краінамі —удзельніцамі гэтага аб’яднання. Партнёрства дазваляе атрымаць доступ да рэсурсаў і перадавых тэхналогій, а таксама ўдзельнічаць у рэалізацыі сумесных праектаў, што будзе садзейнічаць далейшаму эфектыўнаму эканамічнаму развіццю. Акрамя таго, статус партнёра адкрывае дадатковыя магчымасці для гандлю і інвестыцый, што асабліва важна для Беларусі, якая імкнецца дыверсіфікаваць свае эканамічныя сувязі.
Міжпарламенцкае супрацоўніцтва
Інтэнсіўна і плённа развіваюцца міжпарламенцкія кантакты. Група дружбы паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў (УСНП) пераўтворана ў Камісію паміж заканадаўчымі органамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі. У 2023 г. падпісана пагадненне паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў аб стварэнні Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі дзвюх краін. Яго мэты — паглыбленне і ўмацаванне адносін паміж дзвюма дзяржавамі, аналіз супрацоўніцтва паміж заканадаўчымі органамі, а таксама падрыхтоўка прапаноў і рэкамендацый па пытаннях супрацоўніцтва паміж заканадаўчымі органамі дзвюх краін у розных галінах. Сфарміраваны персанальны склад Камітэта высокага ўзроўню, які ўзначалілі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н. І. Качанава і Намеснік Старшыні Пастаяннага камітэта УСНП Чжан Цінвэй.
Эканамічнае супрацоўніцтва
На сучасным этапе ў беларуска-кітайскіх адносінах узнікла жыццёвая неабходнасць распаўсюдзіць багаты практычны вопыт палітычнага менеджменту на вышэйшым і высокім узроўнях на сферу гандлёва-эканамічных адносін, якія дынамічна развіваюцца ў канструктыўным рэчышчы. Значныя матэрыяльныя сродкі і людскія рэзервы, развітыя вытворчыя ланцужкі, перадавыя тэхналогіі, багаты вопыт дзяржаўнага кіравання і рынкавых пераваг у Кітаі, а ў Беларусі — прыродныя рэсурсы і трывалая прамысловая і сельскагаспадарчая база стварылі вялікі патэнцыял для гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж двума бакамі ў традыцыйных галінах, такіх як гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй, прамысловая вытворчасць, фінансавыя інвестыцыі і трансгранічныя перавозкі, а таксама ў новых сферах, такіх як лічбавая эканоміка, «зялёная» эканоміка і традыцыйная кітайская медыцына.
У апошнія гады структура гандлю паміж Кітаем і Беларуссю прадаўжае аптымізавацца, а двухбаковы тавараабарот няўхільна расце. Кітай стабільна з’яўляецца другім па велічыні гандлёвым партнёрам Беларусі, а рэспубліка набыла статус аднаго з гандлёвых партнёраў КНР у Еўразіі. Гэта выяўляецца, перш за ўсё, у прыкметным росце тавараабароту паміж дзвюма краінамі (у 2023 г. аб’ём двухбаковага тавараабароту склаў каля 8,5 млрд долараў ЗША; Беларусь паставіла ў Кітай прадукцыю па 330 таварных пазіцыях). Супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі паміж краінамі мае мноства пераваг і прыносіць вялікую ўзаемную выгаду (беларускія высакаякасныя сельскагаспадарчыя прадукты, такія як мяса, рапсавы алей і малочная прадукцыя, карыстаюцца ўсё большым попытам у кітайскіх спажыўцоў). На кітайскіх платформах электроннай камерцыі JD.com і Douyin Нацыянальны павільён Беларусі запусціў прамыя трансляцыі з продажамі розных відаў беларускіх тавараў.

У межах святкавання 10-годдзя з дня ўтварэння сумеснай кітайска-беларускай вытворчай кампаніі «Мідэа-Гарызонт» вытворчасць мікрахвалевых печаў наведаў старшыня праўлення і прэзідэнт карпарацыі «Мідэа Груп» Фан Хунбо. 27 лістапада 2017 г.
У ходзе візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Кітай (люты—сакавік 2023 г.) быў падпісаны вялікі пакет міжурадавых, міжведамасных і міжрэгіянальных пагадненняў (каля 40 дакументаў). Іх сукупны эканамічны эфект ацэньваецца ў больш як 3,5 млрд долараў ЗША. Гэтыя дамоўленасці на найбліжэйшыя 5–10 гадоў створаць канструкцыю ўзаемаадносін дзвюх краін. Дакументы датычацца развіцця супрацоўніцтва ў самых розных сферах, уключаючы інвестыцыі, сельскую гаспадарку, пастаўкі харчавання, аўтамабілебудаванне, ахову здароўя, будаўніцтва, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва і інш. У рамках далейшага паглыблення гандлёва-эканамічных адносін Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў стварыць сумесныя прадпрыемствы ў галіне станкабудавання, электратранспарту, вытворчасці дэталей для сельскагаспадарчай тэхнікі як у Беларусі, так і ў Кітаі. Важным падпісаным у ходзе візіту дакументам з’яўляецца комплексная стратэгія сумеснага прамысловага развіцця — Кітай гатовы дзяліцца з Беларуссю тэхналогіямі вытворчасці прамысловай прадукцыі. Гэта важнейшы элемент будучага тэхналагічнага развіцця з улікам таго, што Кітай сёння — перадавая тэхналагічная краіна. З кітайскімі партнёрамі падпісаны дакументы па пытаннях развіцця вытворчасцей у сферы аграпрамысловага комплексу на тэрыторыі Беларусі (у прыватнасці, для Мінскай і Магілёўскай абласцей). Так, у Мінскай вобласці будзе ўзводзіцца найбуйнейшы ў Беларусі свінагадоўчы комплекс на 300 тыс. галоў. У галіне аховы здароўя, напрыклад, плануецца лакалізацыя вытворчасці медыцынскага абсталявання, вырабаў медыцынскага прызначэння, прэпаратаў традыцыйнай кітайскай медыцыны ў парку «Вялікі камень».
Новыя магчымасці для прасоўвання беларускіх тавараў і паслуг на кітайскі рынак прадастаўляюць розныя выставы міжнароднага ўзроўню, якія праводзяцца ў Кітаі: Кітайскае міжнароднае імпартнае ЭКСПА (China International Import Expo), Кітайская міжнародная выстава гандлю паслугамі (China International Fair for Trade in Services), Кітайскі кірмаш імпартных і экспартных тавараў (Кантонскі кірмаш). Беларускія вытворцы разглядаюць Кітай не толькі як спажыўца беларускіх экспартных тавараў, але і як пастаўшчыка неабходных сыравінных рэсурсаў, матэрыялаў, інструментаў і абсталявання, а таксама тэхналогій для прамысловасці. Для актывізацыі работы па дыверсіфікацыі геаграфіі імпартных паставак фарміруюцца галіновыя імпартныя заяўкі ў КНР. Беларускія вытворцы і галіновыя рэгулятары ўстанаўліваюць цесныя кантакты з кітайскімі гандлёвымі палатамі, асацыяцыямі і імпарцёрамі па пытаннях лагістыкі грузаў.
Падчас візіту ў Рэспубліку Беларусь Прэм’ера Дзяржаўнага савета КНР Лі Цяна, які адбыўся ў жніўні 2024 г., было падпісана Сумеснае камюніке ўрадаў Беларусі і Кітая, у якім у якасці ключавых напрамкаў супрацоўніцтва вызначаны: павелічэнне і аптымізацыя гандлю, прамысловая кааперацыя (асабліва ў фармацэўтыцы, энергетыцы, гандлі прамежкавымі таварамі), развіццё ІКТ, тэхніка-эканамічная і крэдытная дапамога, развіццё ўзаемазлучанай транспартнай сеткі, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, электроннай камерцыі, фінансаў, культуры, адукацыі і спорту, а таксама выяўляецца прыхільнасць дзвюх краін пытанням забеспячэння міжнароднай бяспекі і глабальнага развіцця, у т. л. супрацоўніцтва ў сферы абароны, юстыцыі, праваахоўнай дзейнасці, а таксама праз умацаванне ўзаемадзеяння ў рамках такіх інтэграцыйных аб’яднанняў, як ААН, ШАС і БРІКС. У ходзе сустрэчы таксама былі падпісаны:
— Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый (будзе садзейнічаць далейшаму пашырэнню форм гандлю паміж дзвюма краінамі, збліжэнню гандлёвых абменаў і стварэнню новых пунктаў росту для прагматычнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі);
— Пратакол паміж Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам камерцыі Кітайскай Народнай Рэспублікі аб стварэнні рабочай групы па інвестыцыйным супрацоўніцтве ў рамках Камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве;
— План супрацоўніцтва паміж двума ўрадамі па ўмацаванні ўзаемадзеяння ў рамках ініцыятывы «Пояс і шлях» і Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі;
— Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам эканомікі Беларусі і Дзяржаўным камітэтам па развіцці і рэформе КНР па абмене вопытам і супрацоўніцтве ў галіне эканамічнага развіцця і шэраг іншых дакументаў, якія вызначаюць стратэгію далейшых узаемаадносін на двухбаковым узроўні.
Інвестыцыйнае супрацоўніцтва
Кітайская Народная Рэспубліка — адзін са стратэгічных інвестыцыйных партнёраў Рэспублікі Беларусь. Інвестыцыйная актыўнасць Кітая ў Беларусі характарызуецца дынамічным развіццём і шырокім спектрам напрамкаў інвестыцый у розныя галіны эканомікі. Асноўная частка сродкаў выдзяляецца на двухбаковай аснове (прамыя інвестыцыі, крэдыты, ільготныя пазыкі, гранты), астатнія рэсурсы — гэта праекты кітайскіх дзяржаўных і прыватных кампаній у розных галінах народнай гаспадаркі. Па выніках двухбаковых перагавораў запланавана да рэалізацыі больш як 90 сумесных інвестыцыйных праектаў, сярод якіх мадэрнізацыя цэментнай галіны Рэспублікі Беларусь, будаўніцтва і рэканструкцыя электра- і гідраэлектрастанцый, аўтамабільных дарог і чыгунак і інш. Для фінансавання сумесных праектаў было падпісана пагадненне паміж Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным банкам развіцця Кітая аб выдзяленні кітайскім бокам Беларусі крэдытных ліній. Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь быў падпісаны з Міністэрствам камерцыі КНР пратакол аб супрацоўніцтве, які ўключае не толькі аспекты гандлёва-эканамічных адносін, але і інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Гэтыя пагадненні маюць на ўвазе рэалізацыю ў Беларусі пад звязаныя кітайскія крэдыты інвестыцыйных праектаў у сферы транспарту, энергетыкі, прамысловасці, АПК. Цяпер важная задача — актывізацыя прыцягнення кітайскіх інвестыцый у мэтах развіцця прыярытэтных (стратэгічных) відаў эканамічнай дзейнасці з улікам інтарэсаў Рэспублікі Беларусь. Неабходна канцэнтрацыя інвестыцыйных рэсурсаў на развіцці высокатэхналагічных інавацыйных вытворчасцей з арыентацыяй на знешнія рынкі. Актыўнае выкарыстанне канкурэнтных магчымасцей буйных прамысловых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь на аснове мэтавага прыцягнення кітайскіх прамых інвестыцый у іх тэхналагічную мадэрнізацыю будзе садзейнічаць росту беларускага высокатэхналагічнага экспарту.
Беларуска-кітайскія праекты

У Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» адкрыўся яблыневы Парк поспехаў кітайска-беларускага сяброўства. 11 мая 2018 г.

Завод па вытворчасці рухавікоў ТАА «МАЗ-Вейчай» адкрыўся ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Кастрычнік 2019 г.
Найбольш знакавымі і маштабнымі праектамі дзвюх краін сталі стварэнне і дзейнасць Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», будаўніцтва ў Мінскай вобласці завода па вытворчасці легкавых аўтамабіляў «Белджы», запуск вытворчасці камбікармоў і амінакіслот у Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК), будаўніцтва басейна і футбольнага стадыёна міжнароднага стандарту.
Асноўнай платформай эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін, у т. л. у рамках кітайскай ініцыятывы «Пояс і шлях», з’яўляецца Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Парк — самы маштабны і стратэгічны праект супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, сумесная беларуска-кітайская ініцыятыва, якая прайшла шлях ад стадыі зараджэння і праектавання да станаўлення і развіцця ў якасці буйнога сучаснага інвестыцыйнага горада. Парк мае статус асаблівай эканамічнай зоны, еўразійскага рэгіянальнага цэнтра па вытворчасці і трансферы новых высокатэхналагічных тавараў і паслуг, міжнароднай пляцоўкі па абмене перадавымі ведамі.
«З 133 рэзідэнтаў Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку “Вялікі камень” — 59 рэзідэнтаў з заснавальнікамі і капіталам з КНР. Для нас вельмі важна, што кітайскія рэзідэнты рэалізуюць інвестыцыйныя праекты ў сферы высокіх тэхналогій, робяць акцэнт на навуковыя даследаванні і інавацыйныя распрацоўкі. Стварэнне і развіццё парку — гэта наш агульны поспех, які, безумоўна, трэба замацаваць», — падкрэсліла 29 мая 2024 г. у г. Пекіне Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н. І. Качанава падчас сустрэчы з Намеснікам Старшыні КНР Хань Чжэнам. Для рэзідэнтаў парку прадугледжаны льготны падатковы рэжым і асаблівы рэжым адміністрацыйнага кіравання на тэрыторыі парку. Інавацыйнае развіццё парку на прынцыпах устойлівасці з’яўляецца адной з асноў пабудовы «Эканамічнага пояса Шаўковага шляху». Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці парку вызначаны: высокатэхналагічныя вытворчасці ў такіх сферах, як машынабудаванне, электроніка і тэлекамунікацыі, тонкая хімія, біятэхналогіі і фармацэўтыка, новыя матэрыялы, комплексная лагістыка, электронная камерцыя, дзейнасць, звязаная з захоўваннем і апрацоўкай вялікіх аб’ёмаў даных, а таксама ажыццяўленне навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ. Парк нарошчвае свае абароты па прыцягненні інвестыцый і новых рэзідэнтаў, дае вялікія льготы па выплаце падаткаў і міжнародныя гарантыі ўстойлівасці ўмоў работы ў парку. Плануецца, што да канца 2025 г. колькасць рэзідэнтаў парку «Вялікі камень» дасягне 170 кампаній. На канец 2024 г. — 136 рэзідэнтаў, створана больш за 3 тыс. працоўных месцаў, інвестыцыі склалі каля 1 млрд долараў ЗША, а на працягу бліжэйшых трох гадоў прагназуецца іх павелічэнне да 3 млрд долараў ЗША.
Дзякуючы намаганням дзвюх краін парк «Вялікі камень» паступова ператвараецца ў перспектыўны індустрыяльны парк з умовамі інкубацыі для сучасных навукова-даследчых праектаў. У парку дзейнічае Кітайска-Беларускі інавацыйны цэнтр прамысловых тэхналогій (праект заснаваны Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Акадэміяй навук правінцыі Гуандун і Фошаньскім навукова-даследчым інстытутам прамысловых тэхналогій). У цэнтры паслядоўна ажыццяўляецца прыцягненне інвестыцый для навукова-даследчых праектаў. Парк стаў першай пілотнай пляцоўкай па прымяненні сеткі 5G у Беларусі і першым выпрабавальным палігонам для беспілотных аўтамабіляў.

Урачыстая цырымонія адкрыцця завода СЗАТ «БЕЛДЖЫ» прайшла з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі і першых асоб кампаніі Zhejiang Geely Holding Group. 2017 г.

Беларуска-кітайскае СЗАТ «БЕЛДЖЫ» выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely. Цэх зваркі. 2017 г.
У рамках ініцыятывы «Пояс і шлях» Беларусь і Кітай рэалізуюць яшчэ адзін сумесны эканамічны праект — «Беларускі аўтамабільны завод Geely» (СЗАТ «БЕЛДЖЫ»), які стварыў вялікую колькасць працоўных месцаў і эканамічных пераваг для Беларусі і ў поўнай меры дэманструе ўзаемавыгаднасць міжкраінавага супрацоўніцтва. У 2024 г. СЗАТ «БЕЛДЖЫ» выпусціла і прадало больш за 90 тыс. аўтамабіляў, прычым 25 тыс. з іх былі рэалізаваны ў Беларусі. У 2025 г. завод плануе выходзіць на новыя рынкі ЕАЭС і пачаць рэалізоўваць сваю прадукцыю ў Кыргызстане, Арменіі і Казахстане. У верасні 2024 г. Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Р. А. Галоўчанка заявіў, што «мэтавай задачай з’яўляецца давесці аб’ём вытворчасці завода “БЕЛДЖЫ” да 100 тыс. аўтамабіляў у год».

Афіцыйны запуск вытворчасці камбікармоў і амінакіслот БНБК (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці). Лістапад 2022 г.
Паспяхова рэалізаваны пры садзейнічанні кітайскіх партнёраў першыя этапы Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК) «БНБК‑1» і «БНБК‑2» у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. У выступленні 4 лістапада 2022 г. на цырымоніі афіцыйнага запуску вытворчасці камбікармоў і амінакіслот БНБК Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка заявіў: «Наша краіна і яе народ атрымалі цудоўны падарунак. Падарунак, які мы зрабілі сваімі рукамі, сваім розумам. У рэспубліцы створана Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, аналагаў якой няма ні ў Еўропе, ні на постсавецкай прасторы. Мая мара як Прэзідэнта, каб тут быў кластар». Гадавыя магутнасці ЗАТ «БНБК» дазваляюць вырабляць 22 тыс. т пшанічнага глютэна маркі А (харчовага), каля 85 тыс. т незаменных амінакіслот: лізіну, трэаніну, трыптафану, асабліва чыстыя амінакіслоты для харчовай і фармацэўтычнай прамысловасці, высокабялковыя кармавыя канцэнтраты, каля 750 тыс. т камбікармоў для сельскагаспадарчых жывёл і рыб, а таксама каля 100 тыс. т прэміксаў для ўсіх відаў кармоў для ўсіх відаў жывёл.

Урачыстая цырымонія адкрыцця ў Мінску басейна міжнароднага стандарту, які быў пабудаваны ў рамках гуманітарнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. Лістапад 2024 г.
У адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем ад 22 лістапада 2022 г. урад КНР прадаставіў тэхніка-эканамічную дапамогу ў памеры 350 млн юаняў для фінансавання ў г. Мінску праектаў «Нацыянальны футбольны стадыён», а таксама «Басейн міжнароднага стандарту», які 6 лістапада 2024 г. афіцыйна адкрыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Г. Лукашэнка. Пры гэтым кітайскі бок узяў на сябе абавязацельствы не толькі па будаўніцтве басейна, але і па абслугоўванні аб’екта на працягу двух гадоў пасля яго ўводу ў эксплуатацыю. Гэта першы аб’ект у Беларусі, які будзе адпавядаць патрабаванням і стандартам Міжнароднай федэрацыі плавання (FINA). У будучым тут плануецца правядзенне чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Падводзячы своеасаблівы вынік стану беларуска-кітайскага супрацоўніцтва на сучасным этапе і прапануючы перспектыўныя напрамкі ўзаемаадносін Беларусі і Кітая ў сферы эканомікі, інвестыцыйнага ўзаемадзеяння і рэалізацыі сумесных праектаў, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка на сустрэчы з Прэм’ерам Дзяржсавета КНР Лі Цянам (жнівень 2024 г., Мінск) заявіў:
«…падпісаныя дакументы замацавалі планы перспектыўнага партнёрства Беларусі і Кітая па ключавых кірунках. Адно з іх можна назваць гістарычным — гэта Пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый. Беларусь — першая краіна ў ЕАЭС, з якой Кітай заключае такі дагавор. Дзякуючы стварэнню празрыстых прадказальных правілаў мы чакаем, што ў бліжэйшыя 5 гадоў экспарт беларускіх паслуг у Кітай вырасце як мінімум на 12–15 %, а інвестыцыі ў Беларусь — не менш як на 30 %;
…у сучасны момант самая актуальная задача для нас — узняць эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва да ўзроўню палітычнага. У мяне ёсць прапанова: вызначыць стрыжневай задачай урадаў дзвюх краін на сярэднетэрміновую перспектыву да 2030 г. рэалізацыю вялікага прыходу кітайскіх тэхналогій у Беларусь. Развіццё Беларусі мы бачым у спалучэнні з канцэпцыяй новых прадукцыйных сіл Кітая на аснове тэхналогій, інавацый і якаснага чалавечага патэнцыялу;
…за 17 гадоў Беларусь з дапамогай Кітая рэалізавала 27 стратэгічных прамысловых праектаў больш чым на 5 млрд долараў ЗША. Дзякуючы падтрымцы Кітая ў Беларусі створаны ўласны аўтамабіль “Белджы”, які вырабляецца на базе Geely. Гэты праект мае патэнцыял для далейшага развіцця, паглыблення і лакалізацыі. У актыўнай прапрацоўцы з кітайскімі партнёрамі знаходзяцца 15 новых інвестыцыйных праектаў стратэгічнага ўзроўню на суму да 3 млрд долараў ЗША. Найбольш важныя з іх: трэці этап праекта па глыбокай перапрацоўцы збожжа БНБК, будаўніцтва заводаў па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы і ДСП, арганізацыя сучаснага аўтаматызаванага ліцця, вытворчасць рухавікоў, поліпрапілену, карбаміду, хларату натрыю, перакісу вадароду, кальцыніраванай соды. Спартыўныя збудаванні, якія ўзводзяцца на прадстаўленай кітайскім бокам бязвыплатнай фінансавай аснове, становяцца не толькі ўпрыгожаннем беларускай сталіцы, але і сімваламі дружбы нашых краін».
Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва

Форум па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях» у Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Ліпень 2019 г.
Статус новага пункту росту кітайска-беларускага супрацоўніцтва набываюць міжрэгіянальныя абмены. У мэтах пашырэння рэгіянальнага гандлёвага, інвестыцыйнага і навукова-тэхналагічнага супрацоўніцтва дзвюх краін у рамках камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве была створана рабочая група па міжрэгіянальным гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Істотна актывізавалася супрацоўніцтва паміж правінцыямі КНР і беларускімі абласцямі, а таксама на ўзроўні горад-горад. 2021 г. і 2023 г. былі аб’яўлены Гадамі рэгіёнаў Беларусі і Кітая, у рамках якіх краіны правялі больш за 200 разнастайных мерапрыемстваў па абмене і супрацоўніцтве, у рэгіёнах абедзвюх краін адзначаўся прыкметны рост кантактаў праз абмен візітамі дэлегацый, падпісанне планаў супрацоўніцтва, правядзенне дыялогавых пляцовак і стварэнне мясцовых даследчых цэнтраў. Акцэнт зроблены на супрацоўніцтве з гарадамі Цяньцзінь, Ціндао і Чунцын. Прыярытэтныя інтарэсы дзвюх краін тут ляжаць у галіне ўзаемаадносін у сферах лагістыкі, транзіту, электроннай камерцыі, медыцыны, у выкарыстанні магчымасцей пляцоўкі зоны свабоднага гандлю ШАС.
На канец 2024 г. колькасць дружалюбных правінцый і абласцей, а таксама гарадоў-пабрацімаў дзвюх краін дасягнула амаль 50 пар, з іх каля 20 пар былі створаны ў апошнія 3 гады. Усе 6 беларускіх абласцей і г. Мінск устанавілі сяброўскія і пабрацімскія адносіны з кітайскімі правінцыямі і гарадамі. Штогод у Кітайскім міжнародным імпартным ЭКСПА (г. Шанхай) бяруць удзел дэлегацыі высокага ўзроўню з усіх шасці абласцей і сталіцы Беларусі з вялікай колькасцю прадпрыемстваў. Больш за 100 прыватных прадпрыемстваў з правінцый Фуцзянь, Чжэцзян, Гуандун, г. Чунцын і іншых правінцый і гарадоў Кітая наведалі Беларусь для ўдзелу ў Выставе кітайскіх тавараў і паслуг у Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Міжрэгіянальныя абмены паміж дзвюма краінамі глыбока праніклі ва ўсе сферы грамадскага жыцця, гэта эфектыўна ўзбагачае змест і маштабы двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама пашырае формы ўзаемаадносін і каналы для народных абменаў паміж дзвюма краінамі. Не выклікае сумненняў захаванне і ў будучым высокай інтэнсіўнасці двухбаковых міжрэгіянальных абменаў, узаемадапаўняльныя перавагі будуць і надалей рэалізоўвацца шляхам адкрыцця ўзаемных мясцовых прадстаўніцтваў і правядзення рэгіянальных форумаў па тэматыках, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.
Навуковае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва
Важную ролю ў беларуска-кітайскіх адносінах адыгрывае навуковае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, якое развіваецца на трывалай прававой аснове і характарызуецца ўстойлівай станоўчай дынамікай. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ў выступленні 26 чэрвеня 2024 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на Форуме рэктараў вядучых універсітэтаў Беларусі і Кітая заявіў: «Беларусь і Кітай павінны паскорыць супрацоўніцтва ў сферы навукі і адукацыі. У гэтым залог нашага навуковага суверэнітэту і забеспячэння паспяховага імпартазамяшчэння». Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ініцыятыву ВНУ Беларусі і КНР аб стварэнні Цэнтра фундаментальных даследаванняў, падкрэсліў: «Сёння мы рэалізуем сумесна з кітайскімі сябрамі суперсучасныя праекты ў галіне біятэхналогій, хімічнай і перапрацоўчай прамысловасці, у вытворчасці беспілотных лятальных апаратаў і электрамабіляў».
У рамках Сумеснай заявы Беларусі і Кітая аб далейшым развіцці ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства ў новую эпоху (2022 г.) абодва бакі дамовіліся працягваць заахвочваць стварэнне сумесных навукова-даследчых цэнтраў, лабараторый і іншых платформ, павялічваць фінансаванне праектаў навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і садзейнічаць сумеснай распрацоўцы новых тэхналогій, у т. л. у галіне штучнага інтэлекту і сеткі 5G, спрыяць камерцыялізацыі навукова-тэхнічных дасягненняў дзвюх краін, пашыраць навукова-даследчае супрацоўніцтва ў двухбаковым фармаце і ў рамках шматбаковых міжрэгіянальных структур.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі пастаянна пашырае супрацоўніцтва з КНР: актыўна заключаюцца пагадненні з акадэміямі навук правінцый, у ходзе візітаў навуковых дэлегацый і работы міжнародных навукова-арганізацыйных мерапрыемстваў абмяркоўваецца шырокае кола пытанняў сумеснай праектнай дзейнасці, абмену практычнымі вынікамі навуковых даследаванняў, прапануюцца і ўзгадняюцца перспектыўныя напрамкі і механізмы далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж навуковымі ўстановамі («мазгавымі цэнтрамі») дзвюх краін.
Аб намеры бакоў паглыбляць узаемадзеянне ў навуковай сферы сведчыць аб’яўленне 2025 г. Годам супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый, які надасць дадатковы імпульс развіццю двухбаковага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і ўнясе значны ўклад у рэалізацыю сумесных кааперацыйных праектаў. Па словах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, «вынікі Года навукі, тэхналогій і інавацый стануць Дарожнай картай для ўрадаў Беларусі і Кітая па развіцці супрацоўніцтва ў самых перадавых галінах». План па правядзенні Года супрацоўніцтва Беларусі і КНР у галіне навукі, тэхналогій і інавацый змяшчае 89 мерапрыемстваў, у выкананні якіх будуць задзейнічаны 140 арганізацый (59 з беларускага боку і 81 — з кітайскага), у т. л. вядучыя навуковыя цэнтры дзвюх краін, галіновыя ведамствы і іх падведамасныя арганізацыі, буйныя тэхналагічныя карпарацыі. Дакумент ахоплівае шырокае кола напрамкаў двухбаковага ўзаемадзеяння і прадугледжвае правядзенне сумесных навукова-тэхнічных мерапрыемстваў, стварэнне і развіццё беларуска-кітайскіх платформ супрацоўніцтва, рэалізацыю сумесных навуковых і навукова-тэхнічных праектаў. Мерапрыемствы плана накіраваны, перш за ўсё, на развіццё навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, актывізацыю ўзаемнага трансферу тэхналогій і павышэнне эфектыўнасці ўкаранення вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці па асноўных галінах эканомікі.
Акрамя таго, згодна з дакументам, падпісаным у ходзе афіцыйнага візіту ў Рэспубліку Беларусь Прэм’ера Дзяржаўнага савета КНР Лі Цяна (жнівень 2024 г.), у Кітаі будзе створаны Філіял Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Філіял стане платформай для кітайска-беларускага супрацоўніцтва, будзе садзейнічаць ўзаемадзеянню паміж універсітэтамі, навуковымі інстытутамі і прадпрыемствамі дзвюх краін у сферах адукацыі, навуковых даследаванняў і ўкаранення дасягненняў. Асноўныя напрамкі работы філіяла ўключаюць: аэракасмічную тэхніку і касмічныя навукі, матэрыялазнаўства і кампазітныя матэрыялы, оптыку і оптаэлектроніку, вытворчасць высокатэхналагічнага абсталявання і перадавых прыбораў, мікраэлектроніку і лічбавы інтэлект, біятэхналогіі і фармакалогію. Супрацоўніцтва ў рамках філіяла будзе ажыццяўляцца праз наступныя механізмы: абмен высокакваліфікаванымі экспертамі, арганізацыя навучання для навуковых супрацоўнікаў, сумесная падрыхтоўка магістраў і дактарантаў, стажыроўкі і навучанне, рэалізацыя сумесных даследаванняў і распрацовак, укараненне тэхналогій і дасягненняў, а таксама стварэнне сумесных лабараторый у рамках ініцыятывы «Пояс і шлях».
Таксама падпісана рамачнае пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Дзяржаўным упраўленнем КНР па справах замежных спецыялістаў. Гэта пагадненне накіравана на прыцягненне экспарту шляхам арганізацыі тэхнічнай стажыроўкі кітайскіх навуковых супрацоўнікаў у Індустрыяльным парку «Вялікі камень» і адпаведных навукова-даследчых арганізацыях НАН Беларусі на кантрактнай аснове. Асноўныя напрамкі стажыровак: выкарыстанне і даследаванне космасу, новыя крыніцы энергіі і перадавая энергетыка, оптаэлектроніка і высокатэхналагічнае абсталяванне, інтэлектуальная вытворчасць, новыя матэрыялы, цыфравізацыя і штучны інтэлект.
Гуманітарнае супрацоўніцтва

Выступленне беларускага скрыпача Юрыя Германа з Гуянскім сімфанічным аркестрам. Правінцыя Гуйчжоу, Кітай. 2018 г.
Кітай і Беларусь падтрымліваюць сяброўскія сувязі і актыўна развіваюць гуманітарнае супрацоўніцтва. У Сумеснай заяве, падпісанай кіраўнікамі дзвюх дзяржаў па выніках дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ў Кітай (люты—сакавік 2023 г.), указвалася, што «беларускі бок падтрымлівае прапанаваныя кітайскім бокам такія агульныя каштоўнасці ўсяго чалавецтва, як мір, развіццё, роўнасць, справядлівасць, дэмакратыя і свабода, абодва бакі гатовы да далейшага ўмацавання гуманітарнага абмену і пашырэння супрацоўніцтва ў галіне культуры, турызму, спорту, кіно і тэлебачання, сродкаў масавай інфармацыі і іншых галінах, што задало прагрэсіўны напрамак для далейшага ўмацавання кітайска-беларускага гуманітарнага супрацоўніцтва і абмену паміж цывілізацыямі». Паміж двума бакамі значна узрос абмен студэнтамі: у пачатку ўстанаўлення дыпламатычных адносін гэта былі адзінкавыя выпадкі, а па стане на 2024 г. у Беларусі навучалася больш за 7 тыс. кітайскіх студэнтаў, а ў Кітаі праходзяць навучанне сотні беларускіх студэнтаў. Абедзве краіны стварылі культурныя цэнтры ў сталіцах дзвюх дзяржаў. У Беларусі плённа працуюць заснаваныя Кітаем 6 інстытутаў Канфуцыя і 2 класы Канфуцыя. Кітай і Беларусь сумесна правялі такія мерапрыемствы гуманітарнага абмену, як Год турызму і Год адукацыі, «Вясёлае свята вясны», дні культуры, тыдні кіно, фотавыставы, семінары, мастацкія салоны, якія бесперапынна ўмацоўваюць паразуменне і традыцыйнае сяброўства паміж двума народамі.
Супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і ў ваеннай галіне
Актыўна развіваецца супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў сферы грамадскай бяспекі. На пастаяннай аснове ажыццяўляецца абмен дэлегацыямі і ўзаемадзеянне абедзвюх краін у пытаннях процідзеяння міжнароднай злачыннасці, забеспячэнні правапарадку. Бакі аказваюць адзін аднаму ўзаемную прававую дапамогу на падставе міжнародных дамоўленасцей, цесна ўзаемадзейнічаюць у сферы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, выяўлення, папярэджання і спынення тэрарыстычнай і іншай злачыннай дзейнасці ў кіберпрасторы.
У галіне ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва праводзяцца рэгулярныя візіты і абмен дэлегацыямі на высокім і экспертным узроўнях, сумесныя мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі, беларускія і кітайскія вайскоўцы праходзяць навучанне ў вышэйшых ваенных навучальных установах Рэспублікі Беларусь і КНР. Падраздзяленні Народна-вызваленчай арміі Кітая бяруць удзел у святочных мерапрыемствах з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.