Эканамічнае развіццё

Удзел Рэспублікі Беларусь у інтэграцыйных аб'яднаннях (СНД, ЕАЭС, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі)

Дата стварэння: 05.03.2025 09:35:43

Дата змены: 25.04.2025 10:21:31


У сучасных умовах практычна ні адна краіна ў свеце не можа эфектыўна развівацца без узаемадзеяння з іншымі. Дзяржавы ствараюць розныя рэгіянальныя эканамічныя аб'яднанні, якіх цяпер у свеце налічваецца больш за пяцьдзясят. Пасля здабыцця незалежнасці ў 1991 г. Рэспубліка Беларусь пачала фарміраваць уласны міжнародны курс. Адным з ключавых і прыярытэтных вектараў знешняй палітыкі Беларусі стаў вектар інтэграцыі.


Садружнасць Незалежных Дзяржаў

Эмблема Садружнасці Незалежных Дзяржаў

Эмблема Садружнасці Незалежных Дзяржаў

Кіраўнікамі Беларусі, Расіі і Украіны 8 снежня 1991 г. было падпісана Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД, Садружнасць). 21 снежня 1991 г. да Садружнасці далучыліся Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан. Грузія ўступіла ў Садружнасць у 1993 г., аднак 18 жніўня 2009 г. афіцыйна выйшла з СНД. Пры гэтым Грузія застаецца краінай — удзельніцай шэрага міжнародных шматбаковых пагадненняў, падпісаных у рамках Садружнасці. З 2018 г. Украіна адмовілася ад удзелу ў шэрагу фарматаў Садружнасці, тым не менш у некаторых з іх яна ўдзельнічае да гэтага часу. Малдова таксама да гэтага часу з'яўляецца ўдзельніцай СНД, нягледзячы на тое, што выйшла з некаторых пагадненняў. Гэта сведчыць аб аўтарытэце СНД на міжнароднай арэне і аб добрым эканамічным патэнцыяле аб'яднання.

Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД) — рэгіянальная міждзяржаўная арганізацыя, галоўнай мэтай якой з’яўляецца супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, экалагічнай, гуманітарнай, культурнай і іншых галінах паміж краінамі, якія раней уваходзілі ў склад СССР.

Статут Садружнасці прыняты 22 студзеня 1993 г.

Генеральная Асамблея ААН 30 сакавіка 1994 г. надала СНД статус назіральніка.

Перадумовамі стварэння СНД сталі глыбокія інтэграцыйныя сувязі, развітая сетка агульнай інфраструктуры, спецыялізацыя вытворчасці рэспублік, шматбаковая кааперацыя галін і эканомік, створаная ў перыяд адзінага народна-гаспадарчага комплексу СССР. Ствараючы Садружнасць, краіны імкнуліся захаваць эканамічныя, сацыяльныя сувязі і па магчымасці вырашаць міждзяржаўныя праблемы на постсавецкай прасторы.

СНД валодае значным рэсурсным патэнцыялам — 16 % сусветнай тэрыторыі, каля 3,8 % сусветнага насельніцтва, амаль 30 % сусветных запасаў прыроднага газу і вугалю, 20 % нафты, 36 % урана, 20 % золата, 25 % сусветных запасаў лесу, амаль 11 % сусветных аднаўляльных водных рэсурсаў і 13 % ворных зямель.

Знакі прэмій СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі

Знакі прэмій СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі

Удзельнікі пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. Сочы (Расія). Кастрычнік 2018 г.

Удзельнікі пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. Сочы (Расія). Кастрычнік 2018 г.

Будынак Выканаўчага камітэта СНД у Мінску

Будынак Выканаўчага камітэта СНД у Мінску

У 2000‑х гг. прыняты шэраг дакументаў, якія значна паўплывалі на далейшае развіццё СНД і ўмацаванне яго ролі ў станаўленні жыццяздольнага і эфектыўнага механізма супрацоўніцтва: Дагавор аб зоне свабоднага гандлю (18.10.2011), Канцэпцыя далейшага развіцця СНД (18.12.2020), Стратэгія эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2030 года (29.5.2020), Міждзяржаўная праграма інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД на перыяд да 2030 года (6.11.2020), Пагадненне аб свабодным гандлі паслугамі, устанаўленні, дзейнасці і ажыццяўленні інвестыцый (8.6.2023; для Беларусі набыло моц 5.6.2024).

У рамках СНД Беларусь прымае актыўны ўдзел у дзейнасці органаў кіравання, да якіх адносяцца Савет кіраўнікоў дзяржаў, Савет кіраўнікоў урадаў, Эканамічны савет СНД, Эканамічны суд СНД, а таксама Выканаўчы камітэт СНД. Выканаўчы камітэт Садружнасці Незалежных Дзяржаў з’яўляецца адзіным пастаянна дзеючым выканаўчым, адміністрацыйным і каардынуючым органам СНД. Месца знаходжання штаб-кватэры Выканаўчага камітэта СНД у г. Мінск.

Усяго ў рамках СНД створаны 84 органы, у т. л. 66 органаў галіновага супрацоўніцтва. Істотны ўклад у фарміраванне і рэалізацыю ўзгодненых дзеянняў краін СНД уносяць міжгаліновыя саветы, якія ахопліваюць эканамічна значныя сферы ўзаемадзеяння.

У адпаведнасці з Палажэннем аб старшынстве ў СНД старшынства на працягу аднаго каляндарнага года ажыццяўляецца дзяржавай — удзельніцай СНД у асобе яе прадстаўніка адначасова ў Савеце кіраўнікоў дзяржаў, Савеце кіраўнікоў урадаў, Савеце міністраў замежных спраў, Эканамічным савеце, Савеце пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД пры статутных і іншых органах, а таксама Камісіі па эканамічных пытаннях пры Эканамічным савеце СНД на аснове прынцыпу ратацыі. Калі Беларусь ажыццяўляла старшынства ў 2021 г., ёй былі распрацаваны і даведзены да дзяржаў-удзельніц Канцэпцыя старшынства Беларусі ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2021 годзе і План мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі старшынства Беларусі ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2021 годзе. У 2025 г. ажыццяўляе старшынства ў Садружнасці Таджыкістан.

Беларусь прымае актыўны ўдзел у аптымізацыі арганізацыйных структур для павышэння эфектыўнасці функцыянавання аб'яднання. Асаблівая ўвага надаецца развіццю механізмаў выканання прынятых рашэнняў, устараненню дубліравання і супярэчнасцей у нарматыўнай базе рэгіянальных аб'яднанняў, размежаванню паўнамоцтваў паміж статутнымі і галіновымі органамі.

Супрацоўніцтва паміж прамысловымі прадпрыемствамі Беларусі і дзяржаў — удзельніц СНД на аснове вытворчай кааперацыі ажыццяўляецца пераважна шляхам стварэння сумесных зборачных вытворчасцей. Сумесныя з Беларуссю зборачныя вытворчасці функцыянуюць у Азербайджане, Казахстане, Расіі, Туркменістане.


Еўразійскі эканамічны саюз

Дагавор аб заснаванні ЕўрАзЭС (Еўразійская эканамічная супольнасць) быў падпісаны 10 кастрычніка 2000 г. у г. Астана (Казахстан). Дзейнічае з 30 мая 2001 г. пасля яго ратыфікацыі ўсімі дзяржавамі-членамі (Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан). З 1 студзеня 2012 г. на тэрыторыі трох краін — удзельніц Мытнага саюза ЕўрАзЭС (Беларусь, Расія і Казахстан) пачала дзейнічаць Адзіная эканамічная прастора, якая стала базай фарміравання Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС, Саюз).

Эмблема і сцягі краін — удзельніц ЕАЭС

Эмблема і сцягі краін — удзельніц ЕАЭС

Лідары краін — членаў ЕАЭС у час пасяджэння Вышэйшага Еўрапейскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе. Май 2018 г.

Лідары краін — членаў ЕАЭС у час пасяджэння Вышэйшага Еўрапейскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе. Май 2018 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Ерэван (Арменія). 1 кастрычніка 2019 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Ерэван (Арменія). 1 кастрычніка 2019 г.

ЕАЭС — міжнародная арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб'ектнасцю. Дагавор аб фарміраванні ЕАЭС Беларусь, Расія і Казахстан падпісалі 29 мая 2014 г. (набыў моц 1.1.2015). Членамі ЕАЭС сталі: Арменія (2.1.2015) і Кыргызстан (12.8.2015); статус дзяржавы-назіральніка пры ЕАЭС прадастаўлены Малдове (14.5.2018), Узбекістану і Кубе (11.12.2020), Ірану (26.12.2024).

Органамі ЕАЭС з'яўляюцца: Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет (вышэйшы орган, складаецца з кіраўнікоў дзяржаў-членаў); Еўразійскі міжурадавы савет (кантралюючы орган ЕАЭС, складаецца з кіраўнікоў урадаў дзяржаў-членаў); Еўразійская эканамічная камісія (пастаянна дзеючы рэгулюючы орган, складаецца з Савета і Калегіі); Суд ЕАЭС (пастаянна дзеючы судовы орган).

У Дагаворы аб ЕАЭС дастаткова дакладна прапісаны падыходы па рэалізацыі чатырох ключавых асноў еўразійскай інтэграцыі — свабоднага руху тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы, у выніку чаго ў грамадзян Саюза з'явілася магчымасць без віз і мытнага кантролю перасякаць межы дзяржаў Саюза, без квот і дазволаў свабодна жыць, вучыцца і працаваць у любой краіне Саюза, атрымліваць пенсіі і бясплатную хуткую неадкладную медыцынскую дапамогу. Прадпрымальнікі атрымалі магчымасць выбіраць для рэгістрацыі любую дзяржаву Саюза, найбольш зручную для вядзення бізнесу без дадатковых адміністрацыйных і бюракратычных абцяжарванняў. Адменены мытны кантроль на ўнутраных межах ЕАЭС і значна ўніфікавана мытнае заканадаўства краін — удзельніц Саюза.

ЕАЭС праводзіць адзіную гандлёвую палітыку, згодна з якой вызначаны адзіныя ўмовы доступу тавараў на мытную тэрыторыю ЕАЭС, вызначаны адзіны доступ тавараў, што вырабляюцца ў ЕАЭС, на знешнія рынкі, ажыццяўляецца вядзенне адзінай таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці ЕАЭС і прымяняецца адзіны збор ставак мытных пошлін, вызначаны выпадкі і ўмовы прадастаўлення тарыфных ільгот.

З 1 студзеня 2018 г. набыла моц новая рэдакцыя Мытнага кодэкса ЕАЭС, якая садзейнічае паскарэнню і спрашчэнню мытнага афармлення, зніжэнню фінансавай нагрузкі на добрасумленных удзельнікаў знешнегандлёвай дзейнасці.

Канкрэтным крокам паступальнага руху ў дзейнасці ЕАЭС з'яўляецца прыняцце 6 снежня 2018 г. Дэкларацыі аб далейшым развіцці інтэграцыйных працэсаў у ЕАЭС з акцэнтам на поўнае ўстараненне бар'ераў, неабходнасць паскоранага стварэння адзіных рынкаў энергарэсурсаў, на развіццё эканамічнага супрацоўніцтва ў такіх сферах, як спорт, турызм, ахова здароўя і адукацыя ў мэтах павышэння дабрабыту і якасці жыцця людзей.

У мэтах выканання Дэкларацыі 11 снежня 2020 г. прыняты Стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Дакументам вызначаны 11 напрамкаў і 332 меры і механізмы па іх рэалізацыі (прадугледжваецца распрацоўка і падпісанне 13 міжнародных дагавораў, больш за 60 нарматыўных прававых актаў ЕАЭС, унясенне каля 25 змяненняў і дапаўненняў у Дагавор аб Саюзе, а таксама змяненняў у нацыянальныя заканадаўствы дзяржаў ЕАЭС). Прыняты План па рэалізацыі Стратэгічных напрамкаў 5 красавіка 2021 г., які змяшчае канкрэтныя мерапрыемствы па выкананні мер і механізмаў, тэрміны і вынікі іх выканання, а таксама адказных выканаўцаў.

25 снежня 2023 г. падпісана Дэкларацыя аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках ЕАЭС да 2030 года і на перыяд да 2045 года «Еўразійскі эканамічны шлях». Дакумент змяшчае 6 напрамкаў: забеспячэнне агульнага рынку ключавымі таварамі і рэсурсамі і яго эфектыўнае функцыянаванне; фарміраванне агульнай прасторы кааперацыйнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ў сферы тэхналагічнага развіцця; фарміраванне агульнай транспартна-лагістычнай прасторы; фарміраванне агульнага фінансавага рынку; развіццё эканамічнага супрацоўніцтва ў сферах, якія маюць інтэграцыйны патэнцыял; функцыянаванне ЕАЭС як полюса эканамічнага прыцягнення на міжнароднай арэне. У 2025 г. будзе распрацаваны план мерапрыемстваў («дарожная карта») па рэалізацыі гэтай Дэкларацыі.

Беларусь на працягу 2025 г. будзе старшынстваваць у органах ЕАЭС — у Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце (ВЕЭС), Еўразійскім міжурадавым савеце і Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі. У мэтах рэалізацыі старшынства Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Старшыня ВЕЭС А. Р. Лукашэнка выступіў са Зваротам да кіраўнікоў дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза. У рамках старшынства запланавана правядзенне ў г. Мінск пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, Еўразійскага эканамічнага форуму, пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета, а таксама шэрага іншых мерапрыемстваў.

Праект Еўразійскага эканамічнага саюза закліканы стаць новым тыпам інтэграцыі постсавецкіх дзяржаў, заснаванай на непарушнасці іх палітычнага суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, агульнасці гісторыі, мовы, культуры, менталітэту, роўнасці партнёраў, якая поўнасцю выключае ціск і дамінаванне аднаго з бакоў. Некаторыя рашэнні могуць супярэчыць нацыянальным інтарэсам, кожная краіна-ўдзельніца пры нязгодзе мае магчымасць заблакіраваць непрымальнае для сябе рашэнне.


Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

Пасяджэнне Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы. 19 чэрвеня 2018 г.

Пасяджэнне Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы. 19 чэрвеня 2018 г.

Адкрыццё сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Мінск, 17 чэрвеня 2019 г.

Адкрыццё сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Мінск, 17 чэрвеня 2019 г.

Пачатак інтэграцыі Беларусі і Расіі як дзвюх суверэнных дзяржаў быў пакладзены 2 красавіка 1996 г. падпісаннем Дагавора аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі. Пазней былі падпісаны: 2 красавіка 1997 г. Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі, 25 снежня 1998 г. — Дэкларацыя аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі, Дагавор аб роўных правах грамадзян, Пагадненне аб стварэнні роўных умоў суб'ектам гаспадарання і Пратакол да яго. Вынікам усёй работы з'явілася падпісанне 8 снежня 1999 г. Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Была прынята Праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Вышэйшым кіруючым органам Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі з'яўляецца Вышэйшы Дзяржаўны Савет, у які ўваходзяць кіраўнікі дзяржаў, парламентаў і ўрадаў дзвюх краін. У структуры Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі таксама працуюць Парламенцкі Сход — прадстаўнічы і заканадаўчы орган, Савет Міністраў — выканаўчы орган, Пастаянны Камітэт — рабочы орган Саюзнай дзяржавы, а таксама органы кіравання галіновага і функцыянальнага характару.

У адпаведнасці з Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы фарміруецца яе бюджэт. Першы бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2000 год быў сфарміраваны ў аб'ёме 2 230 млн расійскіх руб. За перыяд функцыянавання Саюзнай дзяржавы ён павялічваўся і ў 2025 г. склаў 7 328 млн расійскіх руб. Усяго за 2000–2024 гг. у бюджэце Саюзнай дзяржавы на вырашэнне агульных праблем Расіі і Беларусі накіравана больш як 50 млрд расійскіх руб.

Выстава дасягненняў у інавацыйнай і навукова-тэхнічнай сферы, арганізаваная ў рамках IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Выстава дасягненняў у інавацыйнай і навукова-тэхнічнай сферы, арганізаваная ў рамках IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У НАН Беларусі прайшлі мерапрыемствы, у т. л. работа секцыі «Расійска-беларускае навуковае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва». Чэрвень 2016 г.

III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У НАН Беларусі прайшлі мерапрыемствы, у т. л. работа секцыі «Расійска-беларускае навуковае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва». Чэрвень 2016 г.

Супрацоўніцтва дзвюх краін ажыццяўляецца па многіх напрамках. Экспарт тавараў з Беларусі ў Расію за перыяд 2000–2021 гг. павялічыўся ў 4,4 раза — з 3,7 да 16 млд долараў ЗША, агульны аб’ём імпарту тавараў Расійскай Федэрацыі вырас у 4,2 раза — з 5,6 да 23,7 млрд долараў ЗША. Пры гэтым Расія традыцыйна застаецца асноўным знешнегандлёвым партнёрам Беларусі, на долю якога прыпадае амаль палова ўсяго знешняга гандлю — 49,0 % у 2021 г. Неабходна ўдакладніць, што з 2022 г. дадзеныя па знешнім гандлі ў адкрыты доступ не паступаюць.

Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя актыўна супрацоўнічаюць у інвестыцыйнай сферы. У 2023 г. у рэальны сектар эканомікі ад Расіі паступіла інвестыцый на суму 3 451,6 млн долараў ЗША — 59,8 % ад усіх прамых замежных інвестыцый, якія паступілі ў рэспубліку. Арганізацыі Беларусі накіравалі ў эканоміку Расіі інвестыцый у аб'ёме 5 167,6 млн долараў ЗША — 91,2 % ад усіх накіраваных інвестыцый.

У Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі актыўна развіваюцца кааперацыйныя сувязі. Тэхніка з выкарыстаннем беларускіх машынакамплектаў збіраецца на АТ «Уфімскі трамвайна-тралейбусны завод», АТ «Чарапавецкі ліцейна-механічны завод», ТАА «Амкадор-Бранск», АТ «Брансксельмаш» і на іншых расійскіх вытворчасцях. Шасі Мінскага аўтамабільнага завода дааснашчваюць расійскімі спецыялізаванымі надбудовамі шэраг прадпрыемстваў з Расійскай Федэрацыі. У іх ліку холдынг «Меркатар», АТ «Пад'ёмныя машыны», ТАА «МАЗ Цэнтр Чэлябінск», АТ «Мцэнскі завод «Каммаш». Пералік аб'ектаў увесь час пашыраецца. Беларускія камплектуючыя актыўна выкарыстоўваюць такія флагманы расійскай прамысловасці, як «Растсельмаш», «УАЗ», «КАМАЗ», «УРАЛ».

Высокі ўзровень узаемадзеяння ажыццяўляецца ў сферы будаўніцтва. Беларускія будаўнікі ўзводзяць аб'екты сацыяльнага і прамысловага прызначэння ў шэрагу суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, у т. л. у ключавых рэгіёнах-партнёрах (Калужскай, Курскай, Варонежскай, Бранскай абласцях, г. Санкт-Пецярбург і інш.). Запатрабаваны паспяховы вопыт беларускіх дарожных кампаній у праектаванні і будаўніцтве аўтамабільных дарог у асобных рэгіёнах Расіі.

Важнейшай формай супрацоўніцтва з'яўляюцца сумесныя эканамічныя і навукова-тэхнічныя праграмы па стварэнні і развіцці высокатэхналагічных, навукаёмістых вытворчасцей і сучасных тэхналогій, якія вызначаюць перспектывы эканомікі, што рэалізуюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы. З 2000 г. рэалізавана больш за 60 навукова-тэхнічных праграм.

Існуючая нарматыўная база ў цэлым забяспечвае грамадзянам Беларусі і Расіі роўныя правы на атрыманне адукацыі. Сфарміравана безбар’ерная прастора для паступлення ў ВНУ дзвюх краін, наладжана сістэма каардынацыі тэрмінаў правядзення Адзінага дзяржаўнага экзамену (АДЭ) і Цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ). Таксама забяспечана ўзаемнае прызнанне дакументаў аб атрыманні адукацыі і кваліфікацый, распрацаваны агульныя падыходы да сістэмы інклюзіўнай адукацыі, арганізацыі летняга аздараўленчага адпачынку дзяцей і падлеткаў, правядзення стажыровак, павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў і многае іншае. З удзелам Саюзнай дзяржавы паспяхова працуць філіял Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта (РДСУ) у г. Мінск, Мінскі філіял Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Г. В. Пляханава (РЭУ імя Г. В. Пляханава), Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у г. Магілёў (БРУ).

У іншых сферах інтэграцыйныя працэсы ў рамках Саюзнай дзяржавы маюць добрыя вынікі. Так, грамадзяне Беларусі ў Расіі і грамадзяне Расіі ў Беларусі маюць роўныя правы на маёмасць, медыцынскую дапамогу. У 2009 г. створана адзіная рэгіянальная сістэма СПА. Інтэграцыя ў рамках Саюзнай дзяржавы садзейнічае захаванню і развіццю агульнай інфармацыйнай прасторы.

Да гэтага часу дагаворна-прававая база беларуска-расійскага супрацоўніцтва налічвае каля 300 міждзяржаўных і міжурадавых дагавораў і пагадненняў. Далейшаму развіццю Саюзнай дзяржавы будуць садзейнічаць Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады, зацверджаныя Дэкрэтам Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы ад 29 студзеня 2024 г.

Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі з'яўляецца і застанецца лакаматывам інтэграцыйных працэсаў у рэгіёне постсавецкай прасторы. Сведчанне прызнання эфектыўнасці дзейнасці Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі — тое, што пры фарміраванні Еўразійскага эканамічнага саюза выкарыстоўваўся вопыт стварэння і развіцця Саюзнай дзяржавы.