Эканамічнае развіццё
- Удзел Рэспублікі Беларусь у інтэграцыйных аб'яднаннях (СНД, ЕАЭС, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі)
- Усебаковае стратэгічнае партнёрства Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі
- Транспарт і лагістыка
- Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі
- Знешнегандлёвая палітыка Рэспублікі Беларусь
- Антыманапольнае рэгуляванне
- Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь
- Турызм
- Прадпрымальніцтва
- Бюджэтна-падатковае рэгуляванне
- Гандаль
Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі
Дата стварэння: 26.03.2025 14:09:58
Дата змены: 26.03.2025 17:01:04
Асноўнымі прыярытэтамі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне з’яўляюцца: інтэграцыя ў сусветную супольнасць як раўнапраўная, суверэнная, незалежная дзяржава; актыўнае ўзаемадзеянне з міжнароднымі структурамі і арганізацыямі; усебаковае садзейнічанне пабудове новых сістэм глабальнай і еўрапейскай бяспекі; удзел у шматбаковым міжнародным супрацоўніцтве; супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях, перш за ўсё, у сістэме ААН.
Рэспубліка Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны са 182 краінамі свету (на студзень 2025 г.). Беларусь прымае актыўны ўдзел у дзейнасці Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), садзейнічае ўмацаванню міру і бяспекі на рэгіянальным і агульнаеўрапейскім узроўні.
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам больш за 50 міжнародных арганізацый як універсальных (па характары дзейнасці і членскім складзе), так і спецыялізаваных, і рэгіянальных.
Супрацоўніцтва нацыянальных органаў дзяржаўнага кіравання з міжнароднымі арганізацыямі ажыццяўляецца на аснове пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 лістапада 2017 г. № 877 «Аб супрацоўніцтве з міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі», у якой вызначаны рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Ураду Рэспублікі Беларусь, адказныя за супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі.
Міжнародныя арганізацыі, з якімі супрацоўнічае Рэспубліка Беларусь, можна падзяліць на 3 групы: міжнародныя арганізацыі; спецыялізаваныя ўстановы ААН, у т. л. фінансавыя; рэгіянальныя.
Рэспубліка Беларусь актыўна развівае шматбаковае супрацоўніцтва ў рамках міжнародных арганізацый (табліца 1).
Назва арганізацыі |
Год уступлення |
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ААН) |
1945 |
Праграма развіцця ААН (ПРААН) |
1965 |
Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЭП) |
1975 |
Еўрапейская эканамічная камісія (ЕЭК ААН) |
1947 |
Канферэнцыя ААН па раззбраенні |
1996 |
Канферэнцыя ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД) |
1964 |
Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) |
1969 |
Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) |
1953 |
Навуковы камітэт ААН па дзеянні атамнай радыяцыі (НКДАР) |
2011 |
Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) |
1957 |
Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) |
2005 |
Сусветная гандлёвая арганізацыя (СГА) |
1993 статус назіральніка |
Сусветная мытная арганізацыя |
1993 |
Міжнародная арганізацыя па цукры |
1993 |
Сусветная арганізацыя па ахове здароўя жывёл |
1994 |
Міжнародны савет па пшаніцы |
1993 статус назіральніка |
Арганізацыя супрацоўніцтва чыгунак (АСЧ) |
1993 |
Міжнародная арганізацыя па стандартызацыі (ІСА) |
1993 |
Міжнароднае бюро выстаў |
1951 |
Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) |
1997 |
Пастаянная палата Трацейскага Суда |
1962 |
Міжпарламенцкі саюз (МПС) |
1995 |
Падрыхтоўчая камісія Арганізацыі па Дагаворы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў (ПК АДУЗЯВ) |
1996 |
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў |
1951 |
Рух недалучэння (РН) |
1998 |
Міжнародная электратэхнічная камісія (МЭК) |
1993 |
Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС) |
1994 |
ААН — міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 1945 г., штаб-кватэра ў Нью-Йорку (ЗША). Створана для падтрымання і ўмацавання міжнароднага міру і бяспекі, а таксама развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.
Асноўныя напрамкі дзейнасці: падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі; правы чалавека; аказанне гуманітарнай дапамогі; садзейнічанне ўстойліваму развіццю; міжнароднае права.
У структуру ААН уваходзяць 6 асноўных органаў: Генеральная Асамблея, Савет Бяспекі, Эканамічны і Сацыяльны Савет (ЭКАСАС), Савет па Апецы, Міжнародны Суд ААН і Сакратарыят ААН. У рамках шырэйшай сістэмы ААН працуе шэраг спецыялізаваных міжнародных агенцтваў, фондаў і праграм. У склад ААН уваходзяць 193 дзяржавы. Прыём у члены ААН ажыццяўляецца па рашэнні Генеральнай Асамблеі і па рэкамендацыі Савета Бяспекі.
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца заснавальнікам ААН. Беларуская дэлегацыя ў ліку іншых дэлегацый, якія прадстаўляюць першапачатковых членаў ААН, падпісала ў кастрычніку 1945 г. у г. Сан-Францыска (штат Каліфорнія, ЗША) Статут ААН.
У мэтах садзейнічання дасягненню Мэт устойлівага развіцця (МУР) у Беларусі краінавай камандай ААН рэалізуецца Рамачная праграма ААН па супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь у галіне ўстойлівага развіцця на 2021–2025 гады.
Рамачная праграма ААН па супрацоўніцтве ў галіне ўстойлівага развіцця на 2021–2025 гады аб’ядноўвае 20 агенцтваў, з якіх 7 знаходзяцца ў Беларусі. Праца дадзеных агенцтваў засяроджана на чатырох асноўных прыярытэтах: пераход да «зялёнай» эканомікі для забеспячэння інклюзіўнага і ўстойлівага росту; арыентацыя на будучыя пакаленні: падлеткі і моладзь; лічбавая трансфармацыя і сацыяльныя інавацыі; гендарная роўнасць у грамадстве.
Удзел у рабоце ААН і сістэмы яе органаў і спецустаноў дае магчымасць Рэспубліцы Беларусь аб’яднаць намаганні міжнароднай супольнасці ў вырашэнні глабальных праблем ад захавання міру і бяспекі да ўстойлівага развіцця.
ПРААН — глабальная сетка ў галіне развіцця, створана ў 1965 г. З’яўляецца найважнейшым органам аператыўнай дзейнасці ААН па прадастаўленні фінансавай, тэхнічнай і іншай дапамогі.

Сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Г. Лукашэнкі з намеснікам Генеральнага сакратара ААН, адміністратарам Праграмы развіцця ААН (ПРААН) Хелен Кларк. 25 красавіка 2016 г.

Адміністратар Праграмы развіцця ААН (ПРААН) Хелен Кларк у час свайго візіту ў Беларусь намініравала трохкратную чэмпіёнку Алімпіяды-2014 Дар’ю Домрачаву паслом добрай волі ПРААН. 31 мая 2014 г.
Асноўныя напрамкі дзейнасці: садзейнічанне ў дасягненні краінамі МУР; ліквідацыя беднасці; умацаванне нацыянальных інстытутаў у галіне макраэканамічнага кіравання; абарона навакольнага асяроддзя; садзейнічанне занятасці; паляпшэнне становішча жанчын; барацьба з распаўсюджваннем ВІЧ/СНІДу і інш.
Вышэйшы орган ПРААН — Выканаўчы савет. Бягучыя пытанні вырашаюцца ў рамках апарату Адміністратара. Праграмная і праектная дзейнасць ажыццяўляецца галоўным чынам праз краінавыя офісы. На чале кожнага офіса стаіць Пастаянны прадстаўнік ПРААН.
Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і ПРААН пачалося ў 1992 г. Мандат ПРААН у Беларусі вызначаецца Пагадненнем паміж Урадам краіны і ПРААН ад 24 верасня 1992 г., якое абавязвае ПРААН «падтрымліваць і дапаўняць намаганні краіны па рашэнні найважнейшых праблем яе эканамічнага развіцця, садзейнічаць сацыяльнаму прагрэсу і павышэнню ўзроўню жыцця насельніцтва».
Пачынаючы з 2017 г. ПРААН аказвае садзейнічанне ў фарміраванні і забеспячэнні функцыянавання Нацыянальнай архітэктуры кіравання працэсам дасягнення МУР, як ключавому механізму па дасягненні МУР.
Згодна з Краінавай праграмай ПРААН па Рэспубліцы Беларусь на 2021–2025 гады, работа вядзецца па наступных напрамках: развіццё эканомікі на прынцыпах «зялёнага» і інклюзіўнага росту, укараненне мер па змякчэнні наступстваў змены клімату і адаптацыі да іх, фарміраванне эфектыўнай лічбавай экасістэмы, пашырэнне магчымасцей уразлівых груп насельніцтва для паўнацэннага ўдзелу жанчын у сацыяльна-эканамічным жыцці.
У рамках рэалізацыі Краінавай праграмы на 2021–2025 гады ПРААН аказала падтрымку нацыянальным партнёрам у распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі па цыркулярнай эканоміцы да 2035 года, Доўгатэрміновай стратэгіі нізкавугляроднага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2050 года, Нацыянальнага плана дзеянняў па адаптацыі да змены клімату да 2040 года, Нацыянальных стратэгічных планаў па ВІЧ і сухотах на 2025–2030 гады, метадалагічных падыходаў да разліку Нацыянальнага індэкса шматмернай беднасці.
ЕЭК ААН — адна з пяці рэгіянальных эканамічных камісій Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН (ЭКАСАС); заснавана ў 1947 г.; сакратарыят у г. Жэневе (Швейцарыя).
Асноўныя напрамкі дзейнасці:
забеспячэнне спажыўцам гарантыі бяспекі і якасці за кошт устанаўлення норм і стандартаў;
абарона і ахова навакольнага асяроддзя праз фарміраванне рэгіянальнай заканадаўчай базы для барацьбы з забруджваннем і аблягчэння супрацоўніцтва ў прафілактычнай рабоце і ў пытаннях абмежавання нанесенай шкоды;
спрашчэнне працэдур міжнароднага гандлю і яго развіццё за кошт пашырэння існуючых у прадпрыемстваў магчымасцей для абмену таварамі і паслугамі;
павышэнне ролі жанчын у забеспячэнні эканамічнага росту і роўных магчымасцей доступу да занятасці;
тэхнічная дапамога, накіраваная пераважна на падтрымку намаганняў па прымяненні норм і канвенцый, распрацаваных ЕЭК ААН.
Кіруючым органам з’яўляецца сесія ЕЭК ААН, якая праходзіць адзін раз у 2 гады. У ЕЭК ААН ёсць 7 сектаральных камітэтаў і Канферэнцыя еўрапейскіх статыстыкаў: Камітэт па экалагічнай палітыцы, Камітэт па ўнутраным транспарце, Канферэнцыя еўрапейскіх статыстыкаў, Камітэт па ўстойлівай энергетыцы, Камітэт па гандлі, Камітэт па лесаматэрыялах, Камітэт па жыллёвай гаспадарцы і землекарыстанні і Камітэт па эканамічным супрацоўніцтве і інтэграцыі. У склад ЕЭК ААН уваходзяць 56 дзяржаў, у т. л. краіны Еўропы, ЗША, Канада, Турцыя, Ізраіль, дзяржавы Сярэдняй Азіі.
Беларусь — паўнапраўны член ЕЭК ААН з моманту яе стварэння. Супрацоўніцтва ажыццяўлялася на працягу ўсяго перыяду дзейнасці камісіі. Агульныя пытанні дзейнасці ЕЭК ААН замацаваны за Міністэрствам замежных спраў, супрацоўніцтва з сектаральнымі камітэтамі камісіі — за профільнымі органамі дзяржаўнага кіравання.
Дэлегацыя Беларусі на рэгулярнай аснове ўдзельнічае ў штогадовым Рэгіянальным форуме па ўстойлівым развіцці пад эгідай ЕЭК ААН, падчас якога разглядаюцца пытанні ажыццяўлення МУР на нацыянальным, рэгіянальным і глабальным узроўнях.
Беларусь з’яўляецца актыўным удзельнікам міжнародных пагадненняў і канвенцый, прынятых у ЕЭК ААН, і забяспечвае выкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў.
Супрацоўніцтва Беларусі з ЕЭК ААН накіравана на садзейнічанне ўстараненню бар’ераў у гандлі, паляпшэнне нацыянальных статыстычных даных і забеспячэнне іх міжнароднай супастаўнасці, а таксама складанне статыстычных паказчыкаў, якія даюць магчымасць адлюстраваць узровень рэалізацыі МУР на рэгіянальным і глабальным узроўнях і інш.
ЮНКТАД — пастаянны міжурадавы орган Генеральнай Асамблеі ААН па пытаннях у галіне гандлю і развіцця, заснаваны ў 1964 г., штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя).
Галоўная мэта дзейнасці — садзейнічанне інтэграванню краін, якія сталі на шлях развіцця, і краін з пераходнай эканомікай у сусветную эканоміку і развіццё з дапамогай гандлю і інвестыцый.
Асноўныя напрамкі дзейнасці: правядзенне даследаванняў і аналіз палітыкі; правядзенне міжурадавых нарад; ажыццяўленне тэхнічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю і прадпрымальніцкім сектарам.
Вышэйшы дырэктыўны орган — Канферэнцыя ЮНКТАД (праводзіцца раз у 4 гады). Выканаўчы орган — Савет па гандлі і развіцці (на штогадовых сесіях разглядаюцца вынікі работы сакратарыята). У складзе ЮНКТАД — 195 дзяржаў.
Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе супрацоўніцтва з ЮНКТАД у сферах інвестыцый, электроннага гандлю, палітыкі ў сферы канкурэнцыі, стандартаў бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці.
У верасні 2019 г. у ЮНКТАД сфарміравана нефармальная група краін — членаў ЕАЭС (першая на пляцоўцы ААН), у склад якой уваходзіць Беларусь.
Членства ў ЮНКТАД дае магчымасць Рэспубліцы Беларусь скарыстаць перадавыя міжнародныя напрацоўкі, унікальную інфармацыйную базу ЮНКТАД, яе аналітычныя распрацоўкі, абмяняцца нацыянальным вопытам. Цікавасць для беларускай экспертнай супольнасці маюць штогадовыя аналітычныя даклады ЮНКТАД.
СГА — глабальная эканамічная арганізацыя, якая займаецца пытаннямі шматбаковага рэгулявання гандлю таварамі (тарыфнымі і нетарыфнымі мерамі), інтэлектуальнай уласнасцю, паслугамі і інш. Арганізацыя створана 1 студзеня 1995 г., штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя).
Паўнапраўнымі членамі арганізацыі з’яўляюцца 164 дзяржавы і мытныя тэрыторыі, 25 краін маюць статус назіральніка, 23 з іх вядуць перамовы аб далучэнні да СГА на правах паўнапраўнага члена. Звыш 60 міжнародных арганізацый маюць статус назіральніка ў розных структурах СГА, сярод іх ААН, ЮНКТАД, ФАО, СААЗ, МАП, МВФ, МБРР, САІУ, АЭСР, ЕАСГ і інш.
Асноўныя напрамкі дзейнасці: рэгуляванне працэсу гандлю ў рамках сістэмы, заснаванай на пэўных правілах; вырашэнне гандлёвых спрэчак паміж урадамі; арганізацыя гандлёвых перамоў; маніторынг нацыянальнай гандлёвай палітыкі; тэхнічная дапамога і навучанне для краін, якія развіваюцца; супрацоўніцтва з іншымі міжнароднымі арганізацыямі.
Кіруючы орган СГА — Канферэнцыя міністраў (склікаецца раз у 2 гады); Генеральны савет і Сакратарыят СГА.
Рэспубліка Беларусь вядзе перамовы па ўступленні ў СГА з 1993 г., перамовы па далучэнні вядуцца па трох напрамках: прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з правіламі СГА; доступ на рынак тавараў і паслуг; дзяржаўная падтрымка сельскай гаспадаркі.
У перыяд 1997–2005 гг. праведзена 7 пасяджэнняў Рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі. Пасля 2005 г. работа працягнулася ў рэжыме нефармальных кансультацый у рамках створанай з 40 краін Рабочай групы (5 раундаў кансультацый Старшыні Рабочай групы).
Беларусь пасля далучэння партнёраў па ЕАЭС да СГА дэ-факта з 2015 г. прытрымліваецца правілаў СГА, бо гэтыя правілы, роўна як і абавязацельствы, леглі ў аснову права ЕАЭС. З’яўляючыся членам ЕАЭС, Беларусь адаптавалася да абавязацельстваў Расіі і Казахстана перад СГА (у рэспубліцы прымяняецца адзіны мытны тарыф ЕАЭС, у аснову якога закладзены абавязацельствы Расіі перад СГА).
У 2016 г. Кіраўніком дзяржавы і Урадам прыняты рашэнні аб актывізацыі перагаворнага працэсу па далучэнні Беларусі да СГА: абноўлены склад Міжведамаснай камісіі па пытаннях далучэння Рэспублікі Беларусь да СГА; сфарміравана перагаворная дэлегацыя; прызначаны галоўны перагаворшчык.
З 2017 г. была адноўлена практыка правядзення пасяджэнняў Рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі (адбылося 5 пасяджэнняў Рабочай групы; у ліпені 2019 г. было праведзена 12‑е пасяджэнне), а таксама поўнамаштабных раундаў двухбаковых перамоў па доступе на рынкі тавараў і паслуг. Забяспечаны пераход ад Зводнай справаздачы да праекта Даклада Рабочай групы, г. зн. да заключнай стадыі перагаворнага працэсу па далучэнні да СГА.
У 2017–2020 гг. адбылося 3 спецыяльныя пасяджэнні па дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі і некалькі раундаў нефармальных кансультацый.
У 2019–2020 гг. у рамках працэсу ўступлення ў СГА быў ініцыяваны працэс прызнання Беларусі ў якасці краіны з рыначнай эканомікай, аднак Міністэрства гандлю ЗША прыняло рашэнне аб захаванні нярыначнага статусу беларускай эканомікі. Падпісаны пратаколы аб завяршэнні двухбаковых перамоў па доступе на рынкі з 21 членам СГА.
У сакавіку 2022 г. група краін — членаў СГА выступіла з заявай, у якой паведаміла аб рашэнні прыпыніць разгляд заяўкі Беларусі на ўступленне ў арганізацыю. 20 лютага 2024 г. з пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 лютага 2024 г. № 105 задача па далучэнні краіны ў СГА выключана з Праграмы дзейнасці Урада на перыяд да 2025 года.

Генеральны дырэктар ЮНЕСКА К. Мацуура і ўнучка Марка Шагала Мерат Мейер-Грабер на адкрыцці выставы «Пейзажы Марка Шагала» з асабістай калекцыі яго ўнучак Мерат і Бэлы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. 10 ліпеня 2002 г.
27 лютага 2024 г. дэлегацыя Міністэрства замежных спраў Беларусі прыняла ўдзел у Міністэрскай канферэнцыі СГА ў Абу-Дабі (ААЭ), у рамках якой былі абмеркаваны праблемы і перспектывы беларускага перагаворнага працэсу.
У цяперашні час Рэспубліка Беларусь мае ў СГА статус назіральніка, які дае магчымасць удзельнічаць у рабоце органаў СГА, узаемадзейнічаць з яе членамі на пляцоўцы арганізацыі, а таксама карыстацца тэхнічнай дапамогай СГА.
У рамках уступлення ў СГА краіна робіць стаўку на сістэмныя пытанні ў сферы міжнароднага гандлю і патэнцыяльныя перавагі ад уступлення ў міжнародную арганізацыю.
Рэспубліка Беларусь таксама актыўна супрацоўнічае са спецыялізаванымі ўстановамі ААН, у т. л. з фінансавымі міжнароднымі арганізацыямі (табліца 2).
Назва арганізацыі |
Год уступлення |
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) |
1954 |
Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) |
1946, 1992 |
Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) |
1948 |
Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ФАО) |
2005 |
Праграма ААН па населеных пунктах (ААН-Хабітат) |
2016 |
Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) |
1967 |
Міжнародная арганізацыя працы (МАП) |
1954 |
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА) |
1985 |
Сусветны паштовы саюз (СПС) |
1947 |
Міжнародны саюз электрасувязі (МСЭ) |
1947 |
Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) |
1993 |
Міжнароднае агенцтва па аднаўляльнай энергіі (IRENA) |
2009 |
Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці (УНЗ ААН) |
1997 |
Міжнародны валютны фонд (МВФ) |
1992 |
Група Сусветнага банка |
|
Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (МБРР) |
1992 |
Міжнародная фінансавая карпарацыя (МФК) |
1992 |
Міжнароднае агенцтва па гарантыях інвестыцый (МАГІ) |
1992 |
Міжнародны цэнтр па ўрэгуляванні інвестыцыйных спрэчак |
1992 |
Міжнародная асацыяцыя развіцця (МАР) |
не з’яўляецца членам |
МАП — спецыялізаваная ўстанова ААН. Арганізацыя створана ў 1919 г., штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя).
Асноўныя напрамкі дзейнасці: распрацоўка ўзгодненай палітыкі і праграм, накіраваных на вырашэнне сацыяльна-працоўных праблем; прыняцце міжнародных працоўных норм у выглядзе канвенцый і рэкамендацый і кантроль за іх выкананнем; дапамога краінам-удзельніцам у вырашэнні сацыяльна-працоўных праблем; абарона правоў чалавека (на працу, на свабоду аб’яднання, на калектыўныя перамовы, ад прымусовай працы, дыскрымінацыі і інш.); правядзенне даследаванняў і падрыхтоўка публікацый па сацыяльна-працоўных пытаннях.
Вышэйшы орган МАП — Міжнародная канферэнцыя працы (МКП; склікаецца не радзей аднаго разу ў год). Выканаўчы орган — Адміністрацыйны савет, які кіруе работай паміж сесіямі МКП і вызначае парадак выканання яе рашэнняў. Функцыі сакратарыята МАП выконвае Міжнароднае бюро працы.
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам МАП з 1954 г. і ратыфікавала 51 яе канвенцыю, у т. л. 8 асноўных.
Рэспубліка Беларусь узаемадзейнічае з МАП па пытаннях удасканалення вядзення калектыўных перамоў, вырашэння працоўных спрэчак і медыяцыі. Галаўным органам па ўзаемадзеянні з МАП з’яўляецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.
Членства ў МАП дае магчымасць Беларусі вывучаць і прымяняць міжнародную практыку ўрэгулявання сацыяльна-працоўных спрэчак, развіваць сацыяльнае партнёрства, удасканальваць і рэгуляваць рынак працы. Удзел у дзейнасці МАП дапамагае распрацоўваць заснаваныя на сусветным вопыце нормы працоўнага заканадаўства, садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва, вырашэнню праблем занятасці.
ЮНІДА — спецыялізаваная ўстанова ААН, статутнай мэтай якой з’яўляецца садзейнічанне дзяржавам у сферах мадэрнізацыі прамысловай вытворчасці, экалагічна бяспечнага і ўстойлівага прамысловага развіцця, укаранення новых тэхналогій і іх адаптацыі, падрыхтоўкі кадраў.
ЮНІДА была створана ў 1966 г., спецыялізаванай установай ААН стала ў 1985 г., штаб-кватэра ў г. Вене (Аўстрыя).
Асноўныя напрамкі дзейнасці: дасягненне грамадскага дабрабыту; развіццё эканамічнай канкурэнтаздольнасці; абарона навакольнага асяроддзя; умацаванне ведаў і інстытутаў.
Дзейнасць ЮНІДА вызначаюць 3 дырэктыўныя органы: Генеральная канферэнцыя, Савет па прамысловым развіцці (СПР) і Камітэт па праграмных і бюджэтных пытаннях.
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам ЮНІДА з 17 чэрвеня 1985 г. Беларусь 4 разы выбіралася ў склад Савета па прамысловым развіцці; у 2016–2017 гг. была членам Камітэта па бюджэтных і праграмных пытаннях.
Распрацаваная па ініцыятыве Беларусі і адобраная Генеральнай канферэнцыяй у 2019 г. Стратэгічная аснова ЮНІДА для партнёрства з краінамі з сярэднім узроўнем даходу (GC.18/Res.9) накіравана на ўлік інтарэсаў гэтай самай значнай катэгорыі дзяржаў, да якіх адносіцца і большасць членаў арганізацыі, павышэнне эфектыўнасці намаганняў арганізацыі ў галіне інклюзіўнага і ўстойлівага прамысловага развіцця.
10 снежня 2020 г. падпісана рамачная праграма супрацоўніцтва паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і ЮНІДА, у якой вызначаны напрамкі далейшага пашырэння ўзаемадзеяння і сумеснай работы Беларусі і ЮНІДА.
Сумесна з ЮНІДА Беларусь рэалізуе маштабныя праекты ў галіне прамысловага развіцця, звязаныя з распрацоўкай статыстычных паказчыкаў для аналізу развіцця прамысловасці і ўкараненнем экалагічна бяспечных і рэсурсазберагальных тэхналогій.
Дзякуючы супрацоўніцтву з ЮНІДА палепшана інфраструктура падтрымкі інавацыйнай дзейнасці і трансферу тэхналогій — створаны Рэспубліканскі цэнтр трансферу тэхналогій і адкрыты яго рэгіянальныя аддзяленні. Паспяхова завершаны значныя сумесныя праекты па мадэрнізацыі прадпрыемстваў-вытворцаў кампанентаў для аўтамабільнага сектара, падтрымцы прадпрыемстваў харчовай прамысловасці і па перапрацоўцы прадукцыі раслінаводства.
Яскравым актуальным прыкладам рэзультатыўнага супрацоўніцтва Беларусі з ЮНІДА з’яўляецца паспяховая рэалізацыя Нацыянальным цэнтрам рэсурсаэфектыўнасці і чыстай вытворчасці з удзелам міжнародных донараў і рэгіянальных партнёраў праекта тэхнічнай дапамогі «Эканоміка замкнёнага цыкла і новыя магчымасці росту».
У цяперашні час супрацоўніцтва з ЮНІДА накіравана на актывізацыю ўзаемадзеяння ў рамках укаранення тэхналогій Чацвёртай прамысловай рэвалюцыі, выпрацоўку механізмаў падтрымкі з боку ЮНІДА сацыяльна-эканамічнага і інавацыйнага развіцця беларускіх рэгіёнаў.
Адна з форм міжнароднай дзейнасці — узаемадзеянне з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. У 1992 г. Рэспубліка Беларусь стала членам МВФ, МБРР і ЕБРР.
Сусветны банк — міжнародная фінансавая арганізацыя. Створана ў 1945 г. (штаб-кватэра ў Вашынгтоне, ЗША) з мэтай арганізацыі фінансавай і тэхнічнай дапамогі краінам у стадыі развіцця.
Асноўныя напрамкі дзейнасці: фінансаванне праектаў развіцця праз прадастаўленне пазык, беспрацэнтных крэдытаў і грантаў; распаўсюджванне ведаў і інавацый праз апублікаванне дакладаў і працоўных дакументаў з мэтай паглыблення разумення працэсаў сусветнага развіцця і інш.
Сусветны банк кіруецца як своеасаблівае кааператыўнае таварыства, акцыянерамі якога з’яўляюцца 189 краін — членаў гэтай арганізацыі. Акцыянеры прадстаўлены Саветам кіраўнікоў (як правіла, міністры фінансаў або развіцця краін) — вышэйшы орган, які прымае рашэнні і вызначае палітыку Сусветнага банка. Кіраўнікі праводзяць свае нарады не часцей, чым раз у год, канкрэтныя паўнамоцтвы перададзены 25 выканаўчым дырэктарам, якія працуюць непасрэдна ў штаб-кватэры банка. Прэзідэнт Сусветнага банка старшынствуе на нарадах Савета дырэктараў і адказвае за агульнае кіраўніцтва дзейнасцю банка. Прэзідэнт выбіраецца Саветам кіраўнікоў на 5‑гадовы тэрмін і можа быць пераабраны. Выканаўчыя дырэктары ўтвараюць Савет дырэктараў Сусветнага банка.
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам банка з 1992 г. Узаемадзеянне Беларусі з Сусветным банкам ажыццяўляецца па двух ключавых напрамках: інвестыцыйнае супрацоўніцтва, якое прадугледжвае прыцягненне крэдытных рэсурсаў Сусветнага банка з мэтай фінансавання значных для краіны інфраструктурных праектаў, а таксама тэхнічнае супрацоўніцтва (кансультатыўная дапамога), якое заключаецца ў экспертнай падтрымцы асобных ініцыятыў па ўдасканаленні розных сфер нацыянальнай эканомікі.
Кансультатыўная дапамога Сусветнага банка заключаецца ў падтрымцы экспертнага патэнцыялу Урада Рэспублікі Беларусь па пытаннях паляпшэння інвестыцыйнага клімату, удасканалення кіравання арганізацыямі з дзяржаўным удзелам, павышэння ўстойлівасці фінансавага сектара, развіцця рыначнай канкурэнцыі, умацавання сацыяльнай абароны і іншых напрамках.
У 2018 г. была адобрана Рамачная стратэгія партнёрства для Рэспублікі Беларусь на 2018–2022 гады, накіраваная на стварэнне магчымасцей для росту прыватнага сектара і павышэнне эфектыўнасці дзяржаўных інвестыцый; падтрыманне высокага ўзроўню чалавечага капіталу; узмацненне ўкладу інфраструктуры ва ўпраўленне зменай клімату, эканамічны рост і развіццё чалавечага патэнцыялу.
У сакавіку 2022 г. Сусветны банк аб’явіў аб спыненні ўсіх сваіх праграм у Беларусі ў сувязі са спецыяльнай ваеннай аперацыяй ва Украіне.
МВФ — спецыялізаваная ўстанова ААН, створаны ў 1945 г., штаб-кватэра ў Вашынгтоне (акруга Калумбія, ЗША). Дзейнасць МВФ накіравана на дасягненне ўстойлівага эканамічнага росту і працвітання ўсіх краін-членаў.
Асноўныя напрамкі дзейнасці: узаемадзеянне з Урадам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам у рамках штогадовага маніторынгу і пры падрыхтоўцы праграм эканамічнай палітыкі; прадастаўленне пры неабходнасці крэдытных рэсурсаў; тэхнічная экспертная дапамога.
МВФ падсправаздачны ўрадам дзяржаў-членаў. На вышэйшым узроўні арганізацыйнай структуры знаходзіцца Савет кіраўнікоў, у якім кожная дзяржава-член прадстаўлена адным кіраўніком і адным намеснікам кіраўніка (як правіла, кіраўнікі Цэнтральнага банка або Міністэрства фінансаў). Савет кіраўнікоў збіраецца адзін раз у год на Штогадовых нарадах МВФ і Сусветнага банка; 25 кіраўнікоў уваходзяць у склад Міжнароднага валютна-фінансавага камітэта (МВФК), які дае рэкамендацыі Выканаўчаму савету МВФ.
Выканаўчы савет у складзе 25 членаў, які прадстаўляе ўсе дзяржавы-члены, назірае за бягучай работай МВФ; дзейнасць Выканаўчага савета ажыццяўляецца пры падтрымцы персаналу МВФ. Дырэктар-распарадчык МВФ з’яўляецца кіраўніком персаналу МВФ і старшынёй Выканаўчага савета; яго рабоце садзейнічаюць 4 намеснікі дырэктара-распарадчыка.
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам МВФ з 1992 г. Кіраўніком МВФ ад Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
Супрацоўніцтва з МВФ рэалізуецца па трох асноўных напрамках: узаемадзеянне з Урадам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам у рамках штогадовага маніторынгу і пры падрыхтоўцы праграм эканамічнай палітыкі; прадастаўленне пры неабходнасці крэдытных рэсурсаў; тэхнічная экспертная дапамога.
Беларусь за перыяд членства ў МВФ атрымала значную тэхнічную дапамогу па ўдасканаленні многіх напрамкаў эканамічнай палітыкі, уключаючы пытанні павышэння эфектыўнасці грашова-крэдытнай палітыкі і падаткова-бюджэтнай палітыкі, банкаўскага нагляду, забеспячэння фінансавай стабільнасці і інш.
У цяперашні час Беларусь не рэалізуе фінансавыя праграмы з МВФ, усе раней атрыманыя крэдыты пагашаны ў поўным аб’ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны. Узаемадзеянне ажыццяўляецца ў асноўным у рамках аказання тэхнічнай і кансультатыўнай дапамогі і штогадовага маніторынгу, які праводзіцца МВФ.
МФК — найбуйнейшы інстытут інвесціравання, заснаваны ў 1956 г. (штаб-кватэра ў Вашынгтоне, ЗША); уваходзіць у групу Сусветнага банка. Паводле інфармацыі Сусветнага банка, членамі МФК з’яўляюцца 186 дзяржаў. МФК займаецца падтрымкай прыватнага сектара краін, якія развіваюцца.
Асноўныя напрамкі дзейнасці:
садзейнічанне развіццю прыватнага сектара рознымі спосабамі: інвесціраванне ў кампаніі з дапамогай пазык, інвестыцый у акцыянерны капітал, даўгавых каштоўных папер і гарантый;
мабілізацыя капіталу ад іншых крэдытораў і інвестараў праз удзел у пазыках, паралельных пазыкаў і іншых сродкаў;
кансультаванне прадпрыемстваў і ўрадаў па пытаннях заахвочвання прыватных інвестыцый і паляпшэння інвестыцыйнага клімату.
Краіны — члены МФК удзельнічаюць у кіраванні Карпарацыяй праз сваіх прадстаўнікоў у кіруючых органах — Савеце кіраўнікоў і Савеце дырэктараў.
Вышэйшым калегіяльным органам кіравання МФК з’яўляецца Савет кіраўнікоў, які складаецца з прадстаўнікоў краін — членаў Карпарацыі (больш за 100 прадстаўнікоў).
Штогод праводзіцца агульны сход Савета кіраўнікоў. Таксама ў выпадку неабходнасці могуць быць скліканы пазачарговыя сходы — як па ініцыятыве Савета дырэктараў МФК, так і членаў Савета кіраўнікоў.
Савет кіраўнікоў дэлегуе значную частку сваіх паўнамоцтваў Савету дырэктараў Карпарацыі, які складаецца з 25 членаў.
Старшынёй Савета дырэктараў МФК з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца на падставе рэкамендацыі старшыні Савета кіраўнікоў. Прэзідэнт МФК таксама з’яўляецца прэзідэнтам Групы Сусветнага банка.
Аператыўнае кіраўніцтва стратэгічнымі напрамкамі дзейнасці МФК ажыццяўляе Выканаўчы віцэ-прэзідэнт.
Рэспубліка Беларусь адной з першых краін СНД далучылася ў 1992 г. да Артыкулаў пагаднення аб стварэнні МФК.
Беларусь мае шматгадовы канструктыўны вопыт узаемадзеяння з МФК, у рамках якога ажыццяўлялася кансультатыўнае садзейнічанне Ураду Рэспублікі Беларусь па паляпшэнні ўмоў для прыцягнення прамых замежных інвестыцый, удасканаленні рэгулятарнага асяроддзя для бізнесу, падтрымцы і стварэнні ўмоў для развіцця суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, стварэнні электроннага рэестра адміністрацыйных працэдур для бізнесу, а таксама па паляпшэнні доступу да фінансавання для беларускіх кампаній шляхам удасканалення сістэмы забяспечаных здзелак. У перыяд з 2019 да 2022 г. МФК заключыла 4 пагадненні, накіраваныя на аказанне кансультатыўнай падтрымкі органам дзяржаўнага кіравання Беларусі.
Рэспубліка Беларусь узаемадзейнічае таксама з шэрагам рэгіянальных арганізацый (табліца 3).
Назва арганізацыі |
Год уступлення |
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) |
1992 |
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) |
1992 |
Савет еўраатлантычнага партнёрства (СЕАП) |
1997 |
Еўрапейская Энергетычная Хартыя (ЕЭХ) |
1991 |
Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва (ЦЕІ) |
1996 |
Арганізацыя Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЧЭС) |
2005 статус назіральніка |
Савет дзяржаў Балтыйскага мора (СДБМ) |
2009 статус назіральніка |
Паўночнае вымярэнне (СІ) |
2015 статус назіральніка |
Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) |
не з’яўляецца членам |
Міжпарламенцкая асамблея Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (МПА АСЕАН) |
2011 статус назіральніка |
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС) |
2024 |
БРІКС |
2024 статус партнёра па дыялогу |
АСЕАН — палітычная, эканамічная і культурная рэгіянальная міжурадавая арганізацыя. Уваходзяць 10 краін, размешчаных у Паўднёва-Усходняй Азіі. АСЕАН створана 8 жніўня 1967 г. у г. Бангкок (Тайланд) з падпісаннем Дэкларацыі АСЕАН (Бангкокскай дэкларацыі) краінамі-заснавальнікамі: Інданезіяй, Малайзіяй, Філіпінамі, Сінгапурам і Тайландам. Да АСЕАН далучыліся: Бруней-Дарусалам (1984 г.), В’етнам (1995 г.), Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка і М’янма (1997 г.), Камбоджа (1999 г.).
Статус назіральніка маюць Папуа — Новая Гвінея і Усходні Тымор.
Вышэйшы орган АСЕАН — сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў (саміты), якія праходзяць двойчы ў год (як правіла, вясной і восенню). Кіраўніцтва дзейнасцю Асацыяцыі ажыццяўляе Каардынацыйны савет АСЕАН у складзе міністраў замежных спраў. На рэгулярнай аснове склікаюцца сустрэчы профільных міністраў і старэйшых службовых асоб па канкрэтных напрамках узаемадзеяння.
У г. Джакарта (Інданезія) дзейнічае Сакратарыят АСЕАН на чале з Генеральным сакратаром.
У мэтах паляпшэння ўзаемадзеяння на базе Сакратарыята Асацыяцыі створаны Камітэт пастаянных прадстаўнікоў пры АСЕАН, у які кожная дзяржава прызначыла свайго пастпрэда ў рангу пасла.
Старшыня АСЕАН змяняецца штогод на ратацыйнай аснове.
Рэспубліка Беларусь не з’яўляецца членам АСЕАН, аднак зацікаўлена ў развіцці кантактаў з АСЕАН у галінах, якія маюць узаемную цікавасць. На дзяржаўным узроўні падкрэсліваецца адкрытасць Беларусі да супрацоўніцтва ў такіх сферах, як прамысловасць і харчовая бяспека, навука і адукацыя, а таксама патэнцыял пашырэння гандлёва-эканамічных, міжпарламенцкіх, гуманітарных і іншых сувязей з АСЕАН і яе дзяржавамі-членамі.
МПА АСЕАН. Міжпарламенцкая асамблея Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (МПА АСЕАН) створана ў 1977 г. У цяперашні час членамі АСЕАН з’яўляюцца 10 дзяржаў: Бруней-Дарусалам, В’етнам, Інданезія, Камбоджа, Лаос, Малайзія, М’янма, Сінгапур, Тайланд і Філіпіны.
Асноўныя задачы МПА АСЕАН — прасоўванне прынцыпаў правоў чалавека, дэмакратыі, міру, бяспекі і працвітання АСЕАН, развіццё агульнай ідэнтычнасці і пачуцця прыналежнасці сярод народаў АСЕАН для дасягнення агульнага лёсу, мэт і каштоўнасцей.
Вышэйшы орган МПА АСЕАН — Генеральная асамблея, якая склікаецца адзін раз у год для вызначэння напрамкаў палітыкі развіцця арганізацыі. Месца яе правядзення чаргуецца паміж парламентамі-членамі ў адпаведнасці з алфавітным размяшчэннем краін на англійскай мове. Старшынствуючы ў нацыянальным парламенце дзяржавы-члена, у якім будзе праводзіцца Генасамблея, з’яўляецца Старшынёй МПА АСЕАН і Старшынёй Асамблеі.
МПА АСЕАН мае 23 назіральнікі. Парламент Беларусі атрымаў статус назіральніка ў верасні 2011 г. у г. Пнампень (Каралеўства Камбоджа) на 32‑й Генеральнай асамблеі МПА АСЕАН. Гэта адкрыла для нашай краіны пляцоўку для пастаяннага дыялогу з краінамі — членамі арганізацыі па эканамічных, палітычных, сацыяльных і гуманітарных пытаннях. Беларускія парламентарыі рэгулярна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па лініі МПА АСЕАН, у т. л. у штогадовай Генеральнай асамблеі МПА АСЕАН.
ШАС — міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2001 г. (штаб-кватэра ў г. Пекіне, Кітай) лідарамі Кітая, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана і Узбекістана. Базавы статутны дакумент ШАС — Хартыя, прынята 7 чэрвеня 2002 г., набыла моц 19 верасня 2003 г.
На студзень 2025 г. дзяржавамі — членамі ШАС з’яўляюцца 10 краін: Індыя, Іран, Казахстан, Кітайская Народная Рэспубліка, Кыргызстан, Пакістан, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Беларусь, Таджыкістан, Узбекістан.
Статус дзяржавы-назіральніка пры ШАС маюць 2 краіны — Ісламская Рэспубліка Афганістан і Манголія.
У статусе партнёраў ШАС па дыялогу знаходзяцца 14 краін: ААЭ, Азербайджан, Арменія, Бахрэйн, Егіпет, Камбоджа, Катар, Кувейт, Мальдывы, М’янма, Непал, Саудаўская Аравія, Турцыя, Шры-Ланка.
Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў ШАС з 2010 г. у статусе партнёра па дыялогу, з 2015 г. — у статусе назіральніка, з 2024 г. — у статусе паўнапраўнага члена.
Афіцыйнымі мовамі ШАС з’яўляюцца руская і кітайская.
Асноўныя напрамкі дзейнасці:
умацаванне ўзаемнага даверу і добрасуседства паміж краінамі-ўдзельніцамі;
садзейнічанне іх эфектыўнаму супрацоўніцтву ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай галінах, а таксама ў сферы адукацыі, энергетыкі, транспарту, турызму, аховы навакольнага асяроддзя і інш.;
сумеснае забеспячэнне і падтрыманне міру, бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне; прасоўванне да стварэння дэмакратычнага, справядлівага і рацыянальнага новага міжнароднага палітычнага і эканамічнага парадку.
Вышэйшым органам для прыняцця рашэнняў у ШАС з’яўляецца Савет кіраўнікоў дзяржаў-членаў (СКД). На штогадовых самітах прымаюцца рашэнні і ўказанні па ўсіх важных пытаннях арганізацыі.
Савет кіраўнікоў урадаў (прэм’ер-міністраў) дзяржаў — членаў ШАС (СКУ) збіраецца адзін раз у год для абмеркавання стратэгіі шматбаковага супрацоўніцтва і прыярытэтных напрамкаў у рамках арганізацыі, вырашэння прынцыповых і актуальных пытанняў эканамічнага і іншага супрацоўніцтва, а таксама зацвярджае штогадовы бюджэт арганізацыі.
Акрамя пасяджэнняў СКД і СКУ дзейнічае таксама механізм сустрэч на ўзроўні кіраўнікоў парламентаў, сакратароў саветаў бяспекі, міністраў замежных спраў, абароны, надзвычайных сітуацый, эканомікі, транспарту, культуры, адукацыі, аховы здароўя, кіраўнікоў праваахоўных ведамстваў, вярхоўных і арбітражных судоў, генеральных пракурораў. Механізмам каардынацыі ў рамках ШАС служыць Савет нацыянальных каардынатараў дзяржаў — членаў ШАС (СНК).
Такім чынам, заснаваны 29 статутных органаў ШАС, уключаючы Савет кіраўнікоў дзяржаў, Савет кіраўнікоў урадаў, Савет міністраў замежных спраў, Нарады кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, Савет нацыянальных каардынатараў, а таксама больш за 40 рабочых механізмаў узаемадзеяння ў розных сферах.
Арганізацыя мае 2 пастаянна дзеючыя органы — Сакратарыят ШАС у Пекіне і Выканаўчы камітэт Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры (РАТС) ШАС у г. Ташкенце (Узбекістан). Генеральны сакратар ШАС і Дырэктар Выканаўчага камітэта РАТС ШАС назначаюцца Саветам кіраўнікоў дзяржаў на 3 гады.
Заснаваны няўрадавыя структуры: Дзелавы савет ШАС, Міжбанкаўскае аб’яднанне, Маладзёжны савет ШАС, Форум ШАС. Зацверджаны эмблема, сцяг і гімн ШАС.
16 верасня 2022 г. у рамках пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС у г. Самаркандзе (Узбекістан) падпісана Рашэнне аб пачатку працэдуры ўступлення Рэспублікі Беларусь у члены арганізацыі.
4 ліпеня 2023 г. падпісаны Мемарандум аб абавязацельствах Рэспублікі Беларусь у мэтах атрымання статусу дзяржавы — члена ШАС.
4 ліпеня 2024 г. на саміце ў г. Астане (Казахстан) працэдура ўступлення была завершана, і Беларусь стала дзясятым па ліку паўнапраўным членам «сям’і ШАС».
У чэрвені 2016 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ўпершыню прыняў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў (СДГ) ШАС у Ташкенце ў якасці лідара краіны-назіральніка. Кіраўнік дзяржавы таксама ўдзельнічаў у самітах ШАС у Астане (2017 г., 2024 г.), Ціндаа (Кітай, 2018 г.), Бішкеку (Кыргызстан, 2019 г.), Душанбэ (Таджыкістан, 2021 г.), Самаркандзе (2022 г.), Нью-Дэлі анлайн-фармат (Індыя, 2023 г.).
У ходзе выступленняў на самітах Кіраўніком дзяржавы была акцэнтавана ўвага на патэнцыяле арганізацыі ў галіне стымулявання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва пры дапамозе прамысловай і тэхналагічнай кааперацыі, лічбавай трансфармацыі, штучнага інтэлекту; «зялёнай» эканомікі і інш. Беларусь зацікаўлена ў развіцці агульнай транспартнай прасторы ШАС, міжнародных аўтамабільных перавозак, а таксама ў скаардынаваным развіцці аўтамабільных дарог, чыгуначных перавозак.
Беларусь разглядае ШАС у якасці важнай міжнароднай пляцоўкі для адпрацоўкі канкрэтных механізмаў развіцця супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння пагрозам тэрарызму, экстрэмізму, арганізаванай злачыннасці і выступае за ўмацаванне эканамічнага вымярэння ШАС у якасці важнейшага фактару стабільнасці ў еўразійскім рэгіёне.
Рэспубліка Беларусь прымае актыўны ўдзел ва ўсіх асноўных вымярэннях дзейнасці ШАС: палітыка-дыпламатычным, гандлёва-эканамічным і культурна-гуманітарным.
У 2025 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь адобрыў праект Стратэгіі ўдзелу Беларусі ў ШАС, дзе вызначаны канцэптуальныя напрамкі дзейнасці, мэты і задачы ўдзелу Беларусі ў ШАС і механізмы іх рэалізацыі на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектывы.
БРІКС — міждзяржаўнае аб’яднанне Федэратыўнай Рэспублікі Бразіліі, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Індыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Аб’яднанне БРІКС утворана ў чэрвені 2006 г.
Узаемадзеянне паміж членамі БРІКС ажыццяўляецца на аснове Статута ААН, агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права.
Мэтамі аб’яднання з’яўляюцца калектыўнае павелічэнне тэмпаў эканамічнага росту краін-удзельніц і ўмацаванне іх пазіцый у свеце за кошт актыўнага супрацоўніцтва адна з адной.
Асаблівасцю БРІКС з’яўляецца нефармальны характар аб’яднання дзяржаваў. У яго няма строгай структуры, штаб-кватэры, сакратарыята, статута і іншых афіцыйна ўсталяваных норм. Старшынства ў БРІКС ажыццяўляецца краінай-удзельніцай на працягу каляндарнага года на ратацыйнай аснове, якая арганізуе саміт і забяспечвае каардынацыю ўсёй бягучай дзейнасці.
Усе рашэнні прымаюцца кансэнсусам. Штогод праходзіць больш за сотню сустрэч, з якіх каля 20 — міністэрскага ўзроўню. Развіваецца ўзаемадзеянне па лініі адміністрацый гарадоў, бізнесу, акадэмічных і навуковых колаў, грамадзянскай супольнасці. У мэтах каардынацыі бягучай работы аб’яднання функцыянуе інстытут нацыянальных шэрп/су-шэрп.
У аснове работы БРІКС ляжаць Планы дзеянняў па супрацоўніцтве ў розных сферах, якія прымаюцца на штогадовых самітах з 2010 г.
5 лістапада 2024 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка падпісаў ліст у адрас Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі У. У. Пуціна аб гатоўнасці краіны падключыцца да БРІКС у якасці партнёра.
Афіцыйны адказ на пісьмовае запрашэнне з’яўляецца абавязковым элементам узгодненай дзяржавамі-членамі працэдуры атрымання партнёрскага статусу. Менавіта з гэтага моманту краіна афіцыйна лічыцца партнёрам БРІКС. Беларусь афіцыйна стала краінай — партнёрам БРІКС 11 лістапада 2024 г.
Беларусь пацвердзіла сваю адпаведнасць неабходным стандартам і крытэрыям і пагадзілася прытрымлівацца ў рэчышчы кіруючых прынцыпаў мадэлі краін — партнёраў БРІКС.
Статус краіны-партнёра, апрача іншага, прадугледжвае ўдзел на пастаяннай аснове ў спецыяльных сесіях самітаў і сустрэч міністраў замежных спраў БРІКС. Таксама магчыма запрашэнне партнёраў на іншыя мерапрыемствы міністэрскага ўзроўню, у прыватнасці па тэматыцы гандлю, сустрэчы прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы і форум парламентарыяў. Партнёры могуць далучацца да выніковых дакументаў БРІКС, пашыраючы тым самым іх геаграфічны ахоп і прасоўваючы нацыянальныя інтарэсы на міжнародным узроўні.
У студзені 2025 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка адобрыў праект Стратэгіі дзеянняў па рэалізацыі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь у рамках удзелу ў дзейнасці БРІКС, дзе вызначаны прыярытэтныя напрамкі ўзаемадзеяння Беларусі з дзяржавамі-членамі і дзяржавамі-партнёрамі Аб’яднання.