АБЛЕДЗЯНЕННЕ, адкладанні лёду на паверхні розных прадметаў пры нізкай тэмпературы
pdf

АБЛЕДЗЯНЕННЕ

Дата стварэння: 16.06.2025 10:14:06

Дата змены: 27.06.2025 15:28:10


Абледзяне́нне

Адкладанне лёду на паверхні збудаванняў, галінках дрэў, правадах, на пакрыццях дарог, аэрадромаў і іншых аб’ектах.

Абледзяненне ўтвараецца ў выніку выпадзення вадкіх пераахалоджаных атмасферных ападкаў у халодную пару года, у туман, смугу.

У воблаках і туманах кроплі пераахалоджанай вады могуць знаходзіцца пры тэмпературы −30... −40 °С.

Адрозніваюць галалёд, галалёдзіцу, зярністую і крышталічную шэрань, цвёрды налёт і намярзанне мокрага снегу.

Велічыня абледзянення залежыць ад віду і інтэнсіўнасці ападкаў, хуткасці рухомых кропель, вугла, пад якім кроплі падаюць на паверхню прадмета, ад працягласці працэсу нарастання ледзянога покрыва.

На тэрыторыі Беларусі ўзмацненне цыкланічнай дзейнасці, вільготныя паветраныя масы, частыя адлігі і туманы ў халодны перыяд года ствараюць спрыяльныя ўмовы для ўтварэння абледзянення. Адбываецца з кастрычніка па красавік, часцей у снежні — студзені.

За год колькасць дзён з абледзяненнем змяняецца ад 20–25 на нізінах (мінімальна на Палескай нізіне) да 40–45 на ўзвышшах (максімальна на Навагрудскім узвышшы).

З прычыны абледзяненняў рвуцца лініі сувязі і электразабеспячэння, парушаецца праца транспарту, асабліва небяспечна для самалётаў (пагаршаюцца аэрадынамічныя характарыстыкі і лётныя якасці).