Дата стварэння: 09.10.2024 09:58:10
Дата змены: 17.03.2025 12:21:02
Вясна́
У астраноміі — прамежак часу ад моманту веснавога раўнадзенства да летняга сонцастаяння (з 20–21 сакавіка да 21–22 чэрвеня ў Паўночным паўшар’і, з 23 верасня да 22 снежня — у Паўднёвым паўшар’і).
У кліматалогіі — пара года і пераходны кліматычны сезон паміж зімой і летам.
Веснавыя месяцы ў Паўночным паўшар’і — сакавік, красавік, май, у Паўднёвым — верасень, кастрычнік, лістапад.
У Беларусі феналагічная вясна пачынаецца на паўднёвым захадзе ў 1‑й дэкадзе, на паўночным усходзе — у канцы сакавіка з устойлівым пераходам тэмпературы паветра праз 0 °С у бок павышэння, заканчваецца адпаведна ў апошнія пяць дзён красавіка і ў пачатку мая з пераходам тэмпературы праз 10 °С у бок павышэння.
Вясна як феналагічны сезон падзяляецца на падсезоны:
ранняя вясна пачынаецца з руху сокаў у бярозы бародаўчатай і заканчваецца набуханнем пупышак каліны; агульная працягласць з 28 сакавіка да 14 красавіка ў наваколлях Мінска;
ажыўленне вясны працягваецца прыкладна да 1 мая, заканчэнне супадае з пачаткам цвіцення бярозы бародаўчатай і з пераходам сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 5 °С;
разгар вясны ахоплівае ўвесь май і пачатак чэрвеня, калі спыняюцца замаразкі ў паветры, і заканчваецца зацвітаннем каліны звычайнай і аблісценнем бярозы.
Характарызуецца ўзмацненнем цыкланічнай дзейнасці, завяршэннем перыяду пераважання высокага ціску, хуткім павышэннем (у гадавым ходзе) тэмпературы паветра, што суправаджаецца сходам снегавога покрыва, крыгаходам на рэках, шэрагам сезонных змяненняў у жыцці жывёл і раслін (прылёт птушак, разгортванне лістоў на дрэвах, цвіценне раслін і інш.).
Вясной хутка павялічваецца працягласць дня, вышыня сонца над гарызонтам, колькасць сонечнай радыяцыі. Расце велічыня радыяцыйнага балансу паверхні, асабліва пасля сходу снегавога покрыва ў сувязі з памяншэннем альбеда. Паступова памяншаецца воблачнасць і адносная вільготнасць паветра. Тым не менш вясной бываюць снегавыя зарады, перыядычныя вяртанні халадоў, часам пахмурнае неба, але яны хутка змяняюцца добрым надвор’ем, працягласць якога павялічваецца. На рэках праходзіць разводдзе, вяртаюцца пералётныя птушкі, адбываецца вегетацыя раслін, пачынаюцца сельскагаспадарчыя работы.
Прыток сонечнай радыяцыі спрыяе інтэнсіўнаму развіццю прыроды вясной.