Ма́р’іна Го́рка
Горад, цэнтр Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, на р. Цітаўка. Знаходзіцца за 63 км на паўднёвы ўсход ад Мінска, чыгуначная станцыя Пухавічы (на лініі Мінск — Асіповічы), аўтадарогамі горад звязаны з гарадамі Мінск, Асіповічы, Чэрвень, Узда.
У 1938–1955 гг. гapадскі пасёлак.
У 1939 г. у Мар’інай Горцы было 6 547 жыхароў.
Мар’іна Горка акупіравана 28 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў гарадскім пасёлку і раёне 3 145 чалавек, у т. л. у верасні 1941 г. 1 300 яўрэяў (па іншых звестках, 1 260 або 1 037) з гета ў Мар’інай Горцы і в. Пухавічы ва ўрочышчы Папова Горка каля в. Блонь.
У раённым цэнтры дзейнічала Мар’інагорскае камсамольска-маладзёжнае падполле, на тэрыторыі раёна — Пухавіцкі падпольны райкам КП(б)Б і Пухавіцкі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада 1‑я Мінская, партызанская брыгада 2‑я Мінская, партызанская брыгада 3‑я Мінская імя С. М. Будзённага, партызанская брыгада «Беларусь», партызанская брыгада «Буравеснік», партызанская брыгада імя М. І. Калініна (Мінскай вобласці, камандзір Л. І. Сарока), партызанская брыгада імя С. М. Кірава (Мінскай вобласці, камандзір М. І. Карашкоў), партызанская брыгада «Чырвоны сцяг», партызанская брыгада 1‑я Асіповіцкая, партызанская брыгада 12‑я кавалерыйская імя І. В. Сталіна, партызанская брыгада «Полымя», партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (Мінскай і Брэсцкай абласцей), партызанская брыгада імя В. І. Чапаева (Мінскай і Беластоцкай абласцей), партызанская брыгада «За Радзіму» імя А. К. Флегантава, партызанскі полк 208-ы імя І. В. Сталіна, партызанскі атрад 210‑ы імя І. В. Сталіна, партызанскі атрад «Мсцівец», партызанскі атрад «Мясцовыя», партызанскі атрад імя М. І. Калініна (Мінскай вобласці, камандзір Л. І. Сарока), партызанскі атрад імя І. В. Сталіна (Мінскай вобласці); выдавалася падпольная газета «Партизан Белоруссии», орган Пухавіцкага падпольнага райкама КП(б)Б.
Мар’іна Горка вызвалена 3 ліпеня 1944 г. воінамі 1‑га гвардзейскага танкавага корпуса (генерал-маёр М. Ф. Паноў) 65‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944 г. ва ўзаемадзеянні з партызанскай брыгадай «Полымя» (камандзір Я. Ф. Філіпскіх).
У Мар’інай Горцы знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан; магілы Героя Савецкага Саюза В. Ф. Токарава і лётчыка М. Ф. Ермакова, які загінуў у паветраным баі ў 1944 г.; на магілах пастаўлены помнікі;
мемарыяльны комплекс ратнай славы ў гонар воінаў 8‑га гвардзейскага Чырвонасцяжнага танкавага корпуса;
гісторыка-культурны комплекс «Алея воінскай славы», цэнтральным элементам якога з’яўляецца помнік воінам 214‑й паветрана-дэсантнай брыгады 4‑га паветрана-дэсантнага корпуса;
помнік воінам-вызваліцелям (на пастаменце — самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ‑100);
помнік савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі;
помнік сакратару Мінскага падпольнага райкама ЛКСМБ Л. Г. Гайдучонак;
памятны знак на месцы расстрэлу нямецка-фашысцкімі захопнікамі чырвонаармейцаў восенню 1941 г .