Дата стварэння: 31.05.2024 11:10:46
Дата змены: 22.08.2025 11:29:27
Брэ́сцкае партыза́нскае злучэ́нне
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
Створана ў красавіку — чэрвені 1943 г. паводле рашэння Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б.
У злучэнне ўваходзілі 11 брыгад — партызанская брыгада 8‑я, партызанская брыгада 99‑я імя Д. Ц. Гуляева, партызанская брыгада 150‑я імя Ф. М. Языковіча, партызанская брыгада «За Радзіму» імя А. К. Флегантава, партызанская брыгада імя Ф. Э. Дзяржынскага Брэсцкай вобласці, партызанская брыгада імя У. І. Леніна Брэсцкай вобласці, партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі Брэсцкай вобласці, партызанская брыгада імя Я. М. Свярдлова, партызанская брыгада імя І. В. Сталіна Брэсцкай вобласці, партызанская брыгада імя В. І. Чапаева Брэсцкай вобласці, партызанская брыгада «Савецкая Беларусь» Брэсцкай і Пінскай абласцей (камандзір М. У. Бабкоў); 12 асобных атрадаў — партызанскі атрад 345‑ы, партызанскі атрад 347‑ы, партызанскі атрад «За Радзіму» Брэсцкай вобласці, партызанскі атрад імя С. М. Будзённага (камандзір А. Р. Жураўлёў), партызанскі атрад імя Р. І. Катоўскага 1‑га складу, партызанскі атрад імя С. М. Кірава Брэсцкай вобласці, партызанскі атрад імя М. І. Кутузава Брэсцкай вобласці, партызанскі атрад імя М. А. Шчорса, партызанскі атрад «Сцяг», партызанскі атрад «Чэкіст», партызанскі атрад імя Р. І. Катоўскага 2‑га складу, партызанскі атрад імя П. Л. Валькова.
У лютым 1944 г. паводле распараджэння Беларускага штаба партызанскага руху ў паўднёвых раёнах вобласці была створана часовая групоўка партызанскіх брыгад і атрадаў Паўднёвай зоны (яе ўзначаліў упаўнаважаны штаба партызанскага злучэння вобласці П. М. Кавальскі).
За ўвесь перыяд баявой дзейнасці з красавіка 1943 г. па ліпень 1944 г. злучэнне аб’ядноўвала больш за 13 тыс. партызан.
Брыгады і асобныя атрады Паўднёвай зоны злучыліся з часцямі Чырвонай арміі ў сакавіку, астатнія — у ліпені 1944 г.
Камандзір злучэння сакратар Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б С. I. Сікорскі, начальнік штаба П. В. Пранягін.
Камандзіру злучэння С. І. Сікорскаму і камандзіру 8‑й партызанскай брыгады С. Г. Жуніну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.