ПЦІЦКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1942 г., кодавае найменне — «Рэха на Палессі»
pdf

ПЦІЦКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1942 г.

Дата стварэння: 05.05.2023 12:09:07

Дата змены: 27.12.2024 11:40:53


Пці́цкая апера́цыя 1942 г. (кодавае найменне — «Рэха на Палессі»)

Баявая аперацыя злучэння партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей (гл. у артыкуле Мінскае партызанскае злучэнне) у Вялікую Айчынную вайну па знішчэнні чыгуначнага моста цераз р. Пціч на лініі Брэст — Гомель у Капаткевіцкім раёне Палескай вобласці 3 лістапада 1942 г.

Партызаны неаднаразова перапынялі рух па гэтай магістралі. Толькі за перыяд з 20 верасня да пачатку лістапада 1942 г. яны падарвалі 49 эшалонаў праціўніка. Каб надоўга вывесці дарогу са строю, Мінскі падпольны абкам КП(б)‌Б і штаб партызанскага злучэння Мінскай і Палескай абласцей распрацавалі план аперацыі па падрыве чыгуначнага моста цераз Пціч. План аперацыі быў ухвалены ЦК КП(б)‌Б і Цэнтральным штабам партызанскага руху. Для яе забеспячэння з Вялікай зямлі спецыяльным рэйсам даставілі боепрыпасы і ўзрыўчатку.

Мост цераз Пціч даўжынёй больш за 150 м з двухпутнай каляёй кругласутачна ахоўвалі 2 узводы салдат, якія размяшчаліся ў чатырох дзотах. На ўзбраенні вартаўнікоў былі кулямёты, мінамёты і пушкі. Падыходы да моста былі добра ўмацаваны. За 800 м ад моста на станцыі Пціч знаходзіўся гарнізон праціўніка (каля 750 гітлераўцаў), вораг мог хутка падкінуць падмацаванне з суседніх гарнізонаў.

У аперацыі ўдзельнічала 11 партызанскіх атрадаў агульнай колькасцю 1,3 тыс. чалавек. Каб увесці праціўніка ў падман, партызаны стварылі бачнасць канцэнтрацыі сваіх сіл у г. п. Капаткевічы, а самі ў ноч на 3 лістапада сканцэнтравалі атрады ў раёне Пцічы каля в. Млынок Капаткевіцкага раёна. Перад штурмам моста, каб не дапусціць падыходу падмацаванняў праціўніка, 2 групы прыкрыцця падарвалі чыгуначнае палатно і пашкодзілі лініі сувязі злева і справа ад месца аперацыі: атрады імя А. В. Суворава пад камандаваннем М. П. Бумажкова (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 225‑я) і Д. Ц. Гуляева (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 101‑я імя Аляксандра Неўскага) — за 13 км на захад ад Пцічы, паміж станцыямі Муляраўка і Коржаўка; група партызан (250 чалавек) брыгады Ф. I. Паўлоўскага (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 123‑я Акцябрская імя 25‑годдзя БССР) пад камандаваннем камісара брыгады С. В. Маханько — за 6 км на ўсход ад моста. Атрад імя В. І. Чапаева (камандзір Г. М. Сталяроў; гл. у артыкуле Партызанская брыгада 258‑я імя В. У. Куйбышава) у колькасці ста чалавек застаўся ў рэзерве. Атрад А. I. Патрына (пазней атрад імя Л. М. Даватара партызанскай брыгады 64‑й  імя В. П. Чкалава) прыкрываў ударную групу з поўначы з боку г. п. Капаткевічы.

Атрады А. I. Далідовіча (пазней атрад імя Я. Д. Гарбачова партызанскай брыгады 25‑й імя П. К. Панамарэнкі) і М. М. Розава (пазней атрад імя М. М. Громава партызанскай брыгады 64‑й імя В. П. Чкалава) колькасцю 350 чалавек у 6 гадзін адкрылі шчыльны агонь па гарнізоне Пцічы і дзотам каля моста, каб не даць праціўніку магчымасці аказаць дапамогу ахове моста ў момант штурму. Галоўны ўдар па ахове моста наносілі і забяспечвалі дзеянні падрыўнікоў атрады Капаткевіцкі (камандзір А. А. Жыгар; гл. у артыкуле Партызанская брыгада 125‑я Капаткевіцкая), А. П. Пакуша (пазней атрад імя В. І. Чапаева партызанскай брыгады 225‑й) і Р. I. Краўца (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 130‑я Петрыкаўская).

Група падрыўнікоў пад кіраўніцтвам У. П. Шымчонка і К. Ф. Пушчына (камандзір атрада імя М. Ф. Гастэлы; гл. у артыкуле Партызанская брыгада 121‑я імя А. Ф. Брагіна) пад абстрэлам праціўніка заклала пад мост больш за 300 кг узрыўчаткі і падарвала яго.

Бой за авалоданне мостам працягваўся 1 гадзіну 10 хвілін. Праціўнік пакінуў свае ўмацаванні і адступіў у напрамку да г. Петрыкаў, страціўшы ў баі на мосце 25 забітымі і 5 параненымі; страты партызан — 11 забітых і 10 параненых. Пры адыходзе пасля бою партызаны сустрэлі групу праціўніка (30 гітлераўцаў), якая рухалася ад Капаткевічаў на дапамогу да Пцічы, і знішчылі яе, захапілі зброю.

У выніку Пціцкай аперацыі рух па чыгунцы быў спынены на 18 сутак, а з улікам знішчэння моста цераз р. Лань 30 кастрычніка 1942 г. (гл. Сінкевіцкая аперацыя 1942 г.) рух па ёй перапыніўся больш як на 3 тыдні. За гэты час праціўнік змог бы прапусціць у бок фронту больш за 500 эшалонаў. Баявыя поспехі партызан аказалі вялікае маральнае ўздзеянне на салдат славацкіх часцей, якія ахоўвалі чыгунку, і паскорылі пераход многіх з іх на бок народных мсціўцаў. У снежні 1942 г. славакі былі зняты з аховы чыгункі і заменены іншымі падраздзяленнямі.

У гонар баявой аперацыі партызан на будынку чыгуначнай станцыі Пціч у 1957 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.