Дата стварэння: 05.02.2026 09:48:39
Дата змены: 12.03.2026 14:09:20
Мінск, метэаралагічная станцыя.
Размешчана ў паўночна-ўсходняй частцы горада Мінск.
Заснавана ў 1849 г. З 1889 г. працуе па праграме метэастанцый 2‑га разраду. З 1969 г. занальная гідраметэаралагічная абсерваторыя, з 1987 г. аб’яднаная гідраметэаралагічная станцыя, з 1992 г. аддзел назіранняў у складзе ДУ «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя» (Белгідрамет).
Барометр устаноўлены на вышыні 224,7 м над узроўнем мора. Станцыя рэперная. Праводзяцца васьмітэрміновыя назіранні за тэмпературай паветра і паверхні глебы, вільготнасцю паветра, атмасферным ціскам, характарыстыкамі ветру, колькасцю атмасферных ападкаў, далечынёй атмасфернай бачнасці, за воблакамі, атмасфернымі з’явамі, снегавым покрывам, галалёднымі і намаразевымі адкладамі.
У 1961–1975 гг. гарызантальная далечыня бачнасці вызначалася па рэгістратары празрыстасці атмасферы (РП‑2), з 1975 г. — па рэгістратары далечыні бачнасці (РДБ). Для вымярэння тэмпературы глебы на глыбінях у 1962–1970 гг. выкарыстоўвалася дыстанцыйная ўстаноўка М‑54. З 1965 г. вышыня аблокаў вызначаецца вымяральнікам вышыні аблокаў (ВВА). З 1965 г. напрамак і хуткасць ветру вызначалася па анемарумбометры М‑63; з 1972 г. — па анемарумбометры М‑63М1. У 1970–1973 гг. дзейнічала аўтаматычная метэаралагічная станцыя М‑106, у 1973–1988 гг. — М‑106М з датчыкамі тэмпературы і вільготнасці паветра, атмасфернага ціску, сонечнага ззяння, бачнасці, вадкіх ападкаў, ветру, тэмпературы глебы на глыбінях. Метэастанцыя праводзіць назіранні за забруджваннем паветра. На ўстаноўцы планшэт і ападказборнік для хімічнай лабараторыі.
Працягласць перыяду з сярэднясутачнымі тэмпературамі вышэй за 0 °С складае 246 сутак, вегетацыйнага перыяду — 199 сутак, безмарознага — 163 сутак. Апошні замаразак у паветры — 27 красавіка, першы — 8 кастрычніка. Сярэднямесячная тэмпература паветра ў студзені вагаецца ад 0,4 °С (2007) да −15,3 °С (1987), у ліпені ад 14,5 °С (1980) да 22 °С (2001). Сярэднямесячная тэмпература паверхні глебы да −17 °С у зімовыя месяцы і да 26 °С у ліпені. Максімальная гадавая колькасць ападкаў (998 мм) адзначана ў 1903 г., мінімальная (390 мм) — у 1953 г. Максімальная сутачная колькасць ападкаў (77,5 мм) назіралася ў жніўні 2005 г. Сярэдняя максімальная вышыня снегавога покрыва за зіму 30 см, у асобныя гады да 54 см. Вільготных дзён (з адноснай вільготнасцю >80 %) за год 126, сухіх (з вільготнасцю за адзін з тэрмінаў назірання < 30 %) — 14. Сярэдняя колькасць сутак з завірухамі за год 16 і максімальная 35, з туманамі — адпаведна 60 і 102, з навальніцамі — 28 і 39, з градам — 2 і 7. На працягу года ў сярэднім бывае 24 сутак з галалёдам.