ВЕЦЕР, рух паветра адносна зямной паверхні
pdf

ВЕЦЕР

Дата стварэння: 14.10.2024 10:25:55

Дата змены: 29.08.2025 10:24:47


Ве́цер

Рух паветра адносна зямной паверхні.

Узнікае з прычыны неаднолькавага атмасфернага ціску ў розных пунктах атмасферы. Паколькі ціск змяняецца і па гарызанталі, і па вертыкалі, то паветра рухаецца пад нейкім вуглом да паверхні. Па сутнасці, разглядаецца толькі гарызантальная кампанента гэтага руху. Менавіта яе вызначаюць з дапамогай станцыйных прыбораў (флюгер, анемометр, анемарумбометр і інш.), а ў свабоднай атмасферы — з дапамогай шарапілотных назіранняў і радыёзондавых назіранняў.

У цяперашні час адбываецца аўтаматызацыя метэаназіранняў. Для гэтай мэты выкарыстоўваюцца датчыкі, якія ўваходзяць у склад аўтаматычных метэаралагічных станцый (АМС): анемарумбометр (Пеленг) і ўльтрагукавы датчык ветру (Вайсала).

Вертыкальная кампанента ветру звычайна вельмі малая і становіцца прыкметнай толькі пры моцнай канвекцыі.

Паняцце “вецер” уключае ў сябе лічбавую велічыню хуткасці ветру, якая выражаецца ў м/с, км/гадз, вузлах ці ўмоўных адзінках (балах шкалы Бафорта), і напрамак, адкуль дзьме вецер. Для абазначэння напрамку паказваюць або румб (па 16‑румбавай сістэме), або вугал, які ўтварае гарызантальны вектар хуткасці ветру з мерыдыянам (прычым поўнач прымаецца за 360° або 0°, усход — за 90°, поўдзень — за 180°, захад — за 270°).

Адрозніваюць згладжаную хуткасць ветру за невялікі прамежак часу, на працягу якога праводзяцца назіранні, і імгненную хуткасць ветру, якая моцна вагаецца і часам можа быць значна ніжэйшай або вышэйшай за згладжаную хуткасць. Анемометры звычайна даюць значэнні згладжанай хуткасці ветру.

Пры назіраннях асабліва адзначаецца наяўнасць моцных ваганняў рэжыму ветру, абумоўленых моцнай турбулентнасцю, такіх як парывістасць ці шквалістасць. Парывістасць ветру вельмі залежыць ад хуткасці: чым большая хуткасць, тым большая парывістасць. У прыземным слоі мінімум хуткасці ветру назіраецца ноччу. Пасля апоўдня хуткасць ветру і яго парывістасць дасягаюць максімуму. Такі сутачны ход ветру летам дасягае вышыні 100–300 м, а зімой — вышыні 20–30 м. Прычына сутачнага ходу — змена на працягу сутак інтэнсіўнасці турбулентнага перамешвання.

Над тэрыторыяй Беларусі ветравы рэжым абумоўлены агульнай цыркуляцыяй атмасферы над Еўразіяй і Атлантычным акіянам і вызначаецца наяўнасцю стацыянарных барычных цэнтраў. У халодны перыяд года ізабары размяшчаюцца ў напрамку, блізкім да шыротнага: больш высокі ціск усталёўваецца на поўдні і паўднёвым усходзе рэспублікі, паніжаючыся на поўнач і паўночны захад. Вось чаму ў гэты перыяд пераважаюць вятры, накіраваныя уздоўж ізабар (з-за ўплыву сілы Карыяліса), г. зн. паўднёва-заходнія і заходнія (паўтаральнасць 45–50 %). Часта (15–20 %) дзьмуць паўднёва-ўсходнія вятры, звязаныя з паўднёва-заходняй перыферыяй антыцыклону або маларухомымі антыцыклонамі Усходняй Еўропы. У пэўныя гады, калі ўрываецца кантынентальнае арктычнае паветра, істотны ўплыў маюць усходнія і паўночна-ўсходнія вятры (15–20 %).

Улетку барычныя градыенты слабнуць, таму паветраныя плыні слабейшыя за зімовыя. У цёплы перыяд года ізабары прымаюць становішча, блізкае да мерыдыянальнага. Ціск паніжаецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і пачынаюць пераважаць паўночна-заходнія і заходнія вятры. Яны звязаны з тыльнай часткай заходніх цыклонаў або з усходняй часткай абласцей высокага ціску, што надыходзяць з Атлантыкі на мацярык. Вятры з заходняй кампанентай (паўночна-заходнія, заходнія, паўднёва-заходнія) адзначаюцца на працягу 50 % часу цёплага перыяду года. Усходнія, паўночна- і паўднёва-ўсходнія вятры характэрны для 30 % часу цёплага перыяду. Вясной частыя паўднёва-ўсходнія вятры, восенню — заходнія.

Напрамкі ветру, што пераважаюць, адлюстроўваюцца ружай вятроў — дыяграмай іх паўтаральнасці ў кожнай мясцовасці (складаецца па шматгадовых паказчыках за месяц, сезон, год). Сярэдняя гадавая хуткасць ветру складае 3,5–4 м/с на раўнінах і ўзвышшах і 3–3,5 м/с на нізінах і па далінах рэк. Адрозненні ў хуткасці ветру ўзімку і ўлетку складаюць 1–1,5 м/с.

Для Беларусі найбольш характэрны слабыя вятры (2–5 м/с), іх паўтаральнасць 60–70 %. Умераныя вятры (6–9 м/с) адзначаюцца на працягу 6–25 % у год, штыль і ціхія вятры (0–1 м/с) — 14–30 %. Моцныя вятры (10 м/с і мацней) назіраюцца ў асноўным у халодны перыяд года, іх паўтаральнасць — ад дзясятых долей працэнта да 2–3 % на адкрытых абшарах. Вялізныя хуткасці ветру звязаны з узнікненнем пераднавальнічных шквалаў і праходжаннем смерчаў.