Дата стварэння: 14.10.2024 10:27:11
Дата змены: 29.08.2025 10:24:48
Дзень
Светлая частка сутак ад усходу да захаду Сонца.
Даўжыня (працягласць) дня залежыць ад геаграфічнай шыраты і ад схілення Сонца, якое змяняецца на працягу года. На экватары працягласць дня пастаянная і роўная 12 гадз. У Паўночным паўшар’і даўжыня дня больш за 12 гадз пры дадатным схіленні Сонца (г. зн. вясной і летам) і менш за 12 гадз пры адмоўным схіленні Сонца (восенню і зімой).
Змяненне даўжыні дня на працягу года з’яўляецца вынікам схілення плоскасці экватара Зямлі да плоскасці экліптыкі, што складае 23,4°.
У дні раўнадзенстваў (20–21 сакавіка і 22–23 верасня) паўсюль, акрамя палюсоў Зямлі, даўжыня дня роўная 12 гадз. Найбольшая — у Паўночным паўшар’і, бывае ў дні летняга сонцастаяння (21–22 чэрвеня), найменшая — у дні зімовага сонцастаяння (21–22 снежня).
Зазвычай пад даўжынёй дня часта разумеюць даўжыню светлага часу сутак, якая ўключае ранішні і вячэрні грамадзянскі змрок (прамежак часу, на працягу якога Сонца застаецца над гарызонтам не ніжэй чым на 6–8°).
Даўжыня дня ў Мінску на 15‑ы дзень кожнага месяца складае (гадзін, хвілін): студзень 7:56; люты 9:46; сакавік 11:46; красавік 14:01; май 15:57; чэрвень 17:08; ліпень 16:39; жнівень 14:56; верасень 12:45; кастрычнік 10:38; лістапад 8:35; снежань 7:24.
Самы доўгі дзень у Мінску (22 чэрвеня) складае 17 гадз 11 хвілін (разам з грамадзянскім змрокам 19 гадз), самы кароткі дзень (22 снежня) — 7 гадз 21 хвілін.
Розніца ў даўжыні дня паміж паўночнай і паўднёвай часткамі Беларусі ў летні і зімовы перыяды складае каля 1 гадз.
Часта дзень называюць суткамі.