ЧЭРВЕНЬ, шосты месяц каляндарнага года
pdf

ЧЭРВЕНЬ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:33:12

Дата змены: 27.01.2026 11:41:53


Чэ́рвень (ад слова «чырвоны» — па колеры ягад, якія спеюць у гэты месяц)

Шосты месяц каляндарнага года (30 сутак), першы месяц лета. Руская назва «июнь» (лац. Junius, па імені старажытнарымскай багіні Юноны, па іншых звестках — у гонар першага рымскага консула Луцыя Юнія Брута).

Сярэдняя месячная тэмпература чэрвеня складае 16,2 °С, на 3–3,5 °С вышэй, чым у маі. Халадней за ўсё ў чэрвені на паўночным захадзе Беларусі ў раёне Свянцянскіх град (15,2 °С), цяплей — на паўднёвым усходзе ў Гомельскім Палессі (17,1 °С). У асобныя гады тэмпература можа адхіляцца ад кліматычнай нормы. Самы халодны чэрвень з тэмпературай 13,8 °С быў адзначаны ў 1962 і 1976 гг.; самы цёплы з тэмпературай 20,5 °С — у 1999 г.

Пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 15 °С у паўночнай частцы рэспублікі звычайна адбываецца ў 1‑й дэкадзе чэрвеня, у паўднёвай — у апошняй дэкадзе мая.

Пераважная дзённая тэмпература паветра ў чэрвені 20–23 °С, у спякотныя дні яна можа перавышаць 27–30 °С. Тэмпература паветра ноччу ў сярэднім складае ад 9–12 °С, часам можа паніжацца да мінусавых значэнняў. Абсалютны максімум тэмпературы за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў (35,6 °С) зарэгістраваны 23 чэрвеня 1964 г. у гарадскім пасёлку Беразіно (цяпер горад, Мінская вобласць). Абсалютны мінімум (−2,3 °С) адзначаны ноччу 1 чэрвеня 2001 г. на метэаралагічнай станцыі Палеская і 11 чэрвеня 1982 г. у горадзе Орша (Віцебская вобласць).

Рэзкае паніжэнне тэмпературы ў чэрвені звязана з уварваннем арктычных паветраных мас на Беларусь з поўначы і паўночнага ўсходу (гл. Арктычнае паветра).

Замаразкі ў чэрвені — дастаткова рэдкая з’ява. У паветры (на вышыні 2 м) яны могуць адзначацца толькі ў 1‑й і 2‑й дэкадах прыкладна раз у 20 гадоў і радзей. У прыземным слоі (на вышыні 2 см) замаразкі назіраюцца часцей (у 1‑й дэкадзе ў сярэднім раз у 10 гадоў), а на асушаных тарфяніках яны магчымыя кожны другі год на працягу ўсяго месяца.

Абсалютны максімум атмасфернага ціску зарэгістраваны на ўзроўні метэастанцыі 3 чэрвеня 1979 г. у горадзе Гродна — 1016,3 гПа (764 мм рт. сл.) пры норме для дадзенага пункта 997,5 гПа (750 мм рт. сл.); абсалютны мінімум — 16 чэрвеня 1985 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць) — 958,9 гПа (721 мм рт. сл.) пры норме 980,9 гПа (738 мм рт. сл.).

У сярэднім у чэрвені бывае 12–15 дзён з дажджом і выпадае 80 мм атмасферных ападкаў. У самым дажджлівым чэрвені ападкі могуць у 2–3 разы перавышаць норму і складаць 150–250 мм. У асобныя гады пры перавазе антыцыкланальнага характару надворя месячная сума ападкаў можа памяншацца да 1–20 мм. Найбольш дажджлівы быў чэрвень 1988 г., калі выпала 146 мм ападкаў пры норме 80 мм (183 % нормы), найбольш сухі зафіксаваны ў 1979 г. −30 мм ападкаў (38 % нормы). Максімальная месячная колькасць ападкаў у чэрвені (266 мм) зарэгістравана ў 1998 г. у горадзе Верхнядзвінск (Віцебская вобласць) пры норме 70 мм, мінімальная — у 1940 г. у горадзе Жлобін (Гомельская вобласць), калі выпаў толькі 1 мм ападкаў пры норме 79 мм. Максімальная сутачная колькасць ападкаў (126 мм, 145 % нормы) выпала 16 чэрвеня 1985 г. у Навагрудку.

Зрэдку ў чэрвені можа выпасці снег (6.6.1962 у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях).

У чэрвені бывае ў сярэднім 5–9 дзён з навальніцай (максімум 18–19 дзён). У 1956 г. у гарадскім пасёлку Радашковічы (Мінская вобласць) зарэгістравана 19 дзён з навальніцай.

Метэастанцыі адзначылі ў чэрвені 4 дні з градам у 1928 г. у горадзе Полацк (Віцебская вобласць) і ў 1970 г. у гарадскім пасёлку Васілевічы (цяпер горад, Гомельская вобласць).

У чэрвені адбываецца ўтварэнне туманаў. Максімальная колькасць дзён з туманам (9) зафіксавана ў 1977 г. у горадзе Бабруйск (Магілёўская вобласць), у 1984 г. у горадзе Валожын (Мінская вобласць), у 1988 г. у гарадах Чачэрск (Гомельская вобласць), Мар’іна Горка (Мінская вобласць), Докшыцы (Віцебская вобласць). Максімальная працягласць туманаў (47 гадз) адзначана ў горадзе Магілёў у 1954 г.

Найбольшы парыў ветру (35 м/с) назіраўся 30 чэрвеня 1968 г. у горадзе Докшыцы.