Флора і расліннасць

Флора

Дата стварэння: 03.09.2025 15:25:24

Дата змены: 03.09.2025 15:25:24


Флора — гэта сукупнасць відаў раслін (сасудзістых раслін, мохападобных, лішайнікаў, грыбоў і водарасцей), што гістарычна склалася, і якія распаўсюджаны на канкрэтнай тэрыторыі.

На тэрыторыі Беларусі вядома каля 12 тыс. абарыгенных відаў раслін і грыбоў. Найбольш шматлікія з іх — грыбы (больш за 7 тыс. відаў) і водарасці (2 232 віды). Да найбольш вывучаных сістэматычных груп адносяцца сасудзістыя расліны — 1 680 відаў, мохападобныя — 433 віды, лішайнікі (ліхенізаваныя грыбы) — 631 від. Даследаваннямі штогод выяўляюцца новыя віды, якія раней не былі знойдзены на тэрыторыі Беларусі або якія з’явіліся ў выніку развіцця сістэматыкі раслінных арганізмаў.

Флора Беларусі адносіцца да міграцыйнага тыпу. Яна сфарміравалася на аснове арктатрацічнай (тургайскай) флоры і значна змянілася ў выніку шматлікіх перабудоў у плейстацэн-галацэнавы перыяд. Яе развіццё працягваецца і ў цяперашні час, аднак над аўтахтоннымі (эндагеннымі) працэсамі фарміравання ў апошнія дзесяцігоддзі ўсё больш пераважаюць прыродна-антрапагенныя і нават чыста антрапагенныя праявы развіцця, што прыводзіць да істотных, часам незваротных, змен. Пры гэтым змяняюцца флорагенетычная, геаграфічная, экалагічная, біялагічная і таксанамічная структуры флоры. Гэта выяўляецца ў скарачэнні арэалаў або выпадзенні шэрага рэдкіх рэліктавых відаў (асабліва барэальных і арктабарэальных) і даволі хуткім павелічэнні агульнай колькасці флоры за кошт новых заносных (адвентыўных) відаў, якія маюць рознае геаграфічнае паходжанне.

Флора сасудзістых раслін Беларусі да канца XX ст. налічвала больш за 2 тыс. відаў (у т. л. адвентыўныя). У флоры Беларусі адзначана (2017) больш за 1,4 тыс. відаў і гібрыдаў, якія прадстаўляюць абарыгенную флору і 2,6 тыс. таксонаў (відаў і гібрыдаў) адвентыўных сасудзістых раслін (35 і 65 % адпаведна). Усяго ў флоры Беларусі налічваецца больш за 4 тыс. таксонаў сасудзістых раслін, якія адносяцца да 5 аддзелаў, 8 класаў, 188 сямействаў і больш за 1 060 родаў. Гэты спіс увесь час карэкціруецца батанікамі Беларусі ў працэсе крытыка-сістэматычнай апрацоўкі таксонаў у сувязі з мнагатомным выданнем «Флора Беларусі. Сасудзістыя расліны» (т. 1, 2, 3; 2009, 2013, 2017, 2023; выданне працягваецца).

У абарыгеннай флоры сасудзістых раслін пераважаюць травяністыя — больш за 1,5 тыс. відаў. Вядома 107 дзікарослых відаў дрэвавых раслін, з якіх 28 відаў — дрэвы, астатнія — хмызнякі, паўхмызнякі і хмызнячкі.

Павелічэнне колькасці таксонаў раслін у флоры Беларусі на 2022 г. (амаль удвая ў параўнанні з 1999) адбылося ў сувязі са зменай канцэпцыі аналізу флоры шляхам уключэння ў склад флоры ўсіх адвентыўных відаў (у т. л. тых, што культывуюцца), якія раней разглядаліся ў фундаментальных зводах і вызначальніках выбарачна, згадваліся толькі найбольш распаўсюджаныя віды, якія культывуюцца. Аднак прышлыя віды раслін у апошнія дзесяцігоддзі сталі адыгрываць вядучую ролю ў флоры не толькі Беларусі, але і большасці краін свету, што стала вынікам іх інтэнсіўнага распаўсюджвання рознымі спосабамі (асабліва ў працэсе інтрадукцыі). Пры гэтым адбываецца сінантрапізацыя флоры, у працэсе якой некаторыя віды праяўляюць сябе вельмі агрэсіўна і таму адносяцца да катэгорыі інвазійных (або інвазіўных) відаў — чужародных шкодных.

Некаторыя таксоны з’яўляюцца эндэмічнымі для флоры Беларусі або іх асноўны арэал засяроджаны ў межах краіны (напрыклад, манжэтка палеская, дзьмухавец беларускі, казлабарод Горскага, смалёўка літоўская, вапнаўка беларуская, шальнік, асліннік). Нягледзячы на тое, што сістэматычны статус некаторых з гэтых відаў застаецца спрэчным, іх наяўнасць падкрэслівае своеасаблівасць і ўнікальнасць флоры краіны, дэманструе складаныя дынамічныя працэсы, якія тут працякалі на працягу гісторыі фарміравання флоры.

Беларусь не з’яўляецца асобнай прыроднай вобласцю, але яе флора выключна своеасаблівая. Геаграфічнае становішча тэрыторыі Беларусі (разам з яе генезісам у галацэне і плейстацэнавай перадгісторыяй) абумовіла рэгіянальныя асаблівасці флоры, якая неаднародная і ўключае ў свой склад разнастайныя фларыстычныя элементы, якія злучаюць яе з многімі салярна-кліматычнымі зонамі Еўропы і некаторых іншых кантынентаў. Асноўная частка абарыгенных відаў у складзе беларускай флоры — гэта комплекс міграцыйных элементаў, які склаўся на працягу галацэну. Па тэрыторыі Беларусі праходзяць межы трох фларыстычных правінцый: Усходнееўрапейскай (ахоплівае большую частку тэрыторыі), Цэнтральнаеўрапейскай (уключае крайні паўднёвы захад) і Паўночнаеўрапейскай (крайняя поўнач краіны). Яны маркіруюцца палосамі згушчэння меж арэалаў відаў, што належаць да разнастайных эколага-генетычных і міграцыйна-генетычных элементаў, якія адлюстроўваюць яе фларыстычныя сувязі з Заходняй Еўропай, Міжземнамор’ем, Каўказам, стэпавымі і паўпустыннымі зонамі, з аднаго боку, і лесатундравай зонай, з другога. Больш ⅕ часткі відавога складу флоры характарызуецца харалагічнай своеасаблівасцю: гэта віды, змешчаныя на мяжы суцэльнага распаўсюджвання ці ў ізаляваных месцах знаходжання за межамі асноўнай часткі арэала.

Звыш 30 % відаў маюць еўрапейскі арэал, больш за 40 % — шырокі кантынентальны (галарктычны, еўраазіяцкі, еўрасібірскі) арэал, астатнія віды звязаны з ксератэрмічнымі (арыднымі) зонамі або адносяцца да касмапалітаў. Аналіз таксанамічнага складу флоры Беларусі ў цэлым сведчыць, што, знаходзячыся ў заходняй частцы Рускай раўніны, яна захоўвае рысы, уласцівыя флоры ўмеранага пояса Галарктыкі.

Флора Беларусі, як і любы іншы прыродны кампанент, знаходзіцца ў дынамічным стане ў залежнасці ад экза- і эндагенных уздзеянняў. На натуральны ход развіцця флоры краіны разам з прыродна-кліматычнымі фактарамі істотны ўплыў аказваюць антрапагенныя (тэхнагенныя), у т. л. асушальная меліярацыя з наступным сельскагаспадарчым асваеннем балот і забалочаных зямель, развіццё транспартнай сеткі і ўрбанізацыя, касьба і выпас жывёлы, рубка і пасадка лясоў і лясныя пажары, распрацоўка карысных выкапняў кар’ерным спосабам і засаленне глеб пад уплывам прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, унясенне мінеральных угнаенняў і прымяненне ядахімікатаў на палях, забруджванне вадаёмаў, усё большыя патокі транспарту. У апошнія дзесяцігоддзі флора Беларусі вельмі інтэнсіўна стала ўзбагачацца за кошт інтрадукцыі раслін, паколькі ў насельніцтва пастаянна расце попыт на дэкаратыўныя, пладова-ягадныя і іншыя гаспадарча карысныя віды. Многія з іх паступова дзічэюць і ўкараняюцца ў парушаныя месцы пасялення або натуральныя раслінныя згуртаванні.

Для сучаснага этапу развіцця флоры краіны характэрна перавага прыродна-антрапагенных і антрапагенных тэндэнцый развіцця над прыроднымі. Пад уплывам комплексу антрапагенных фактараў адбываецца нівеліроўка якаснай экалагічнай разнастайнасці прыроднага асяроддзя, якая абумоўлівае змену колькасных суадносін відаў, таксанамічнай, экалагічнай і біялагічнай структур флоры, прасторавай структуры згуртаванняў. За апошнія 35–100 гадоў са складу абарыгеннай флоры рэспублікі, як мяркуецца, выпала каля 26 відаў раней вядомых тут сасудзістых раслін (пераважна холадаўстойлівых і ўмерана цепла- і вільгацелюбівых).

Антрапагеннае ўмяшанне ў натуральныя экасістэмы прыводзіць да паслаблення ўнутрыцэнатычных сувязей відаў і тым самым сціранню бар’ераў, якія перашкаджаюць укараненню ў згуртаванні новых арганізмаў з іншымі эколага-цэнатычнымі ўласцівасцямі. Адбываецца спрашчэнне структуры расліннага покрыва з прычыны паскоранага збяднення натуральнага генафонду абарыгеннага ядра флоры і ў першую чаргу знікненне вузкаспецыялізаваных відаў, вульгарызацыя (спрашчэнне) і ксерафітызацыя флоры, узрастае роля цэнафобаў, якія не маюць устойлівых пазіцый у раслінным покрыве. Сучасную дынаміку флоры вызначае ўзрастанне ступені ўдзелу ў згуртаваннях антрапафітаў, звязаных у сваім развіцці і распаўсюджванні з дзейнасцю чалавека, так званы працэс сінантрапізацыі. Яго інтэнсіўнае нарастанне — адна з важнейшых тэндэнцый у сучасным развіцці флоры Беларусі. Да найбольшай сінантрапізацыі з усіх раслінных згуртаванняў схільна флора сухіх хвойнікаў і сухадольных лугоў, у некалькі меншай ступені — фларыстычныя комплексы дуброў, рачнога алювію і сухадольных лугоў. Адвентыўныя віды, якія ўваходзяць у склад гэтых комплексаў, а таксама інтрадуцыраваныя віды, якія ўрываюцца ў абарыгенную флору і паступова натуралізуюцца, узбагачаюць яе, павялічваючы колькасць відаў, якія складаюць фітацэнозы. Некаторыя з іх валодаюць настолькі высокім адаптыўным патэнцыялам, што актыўна ўкараняюцца ў натуральныя і парушаныя (паўнатуральныя) цэнозы, прыгнятаючы і выцясняючы апафітныя віды з месцаў іх пастаяннага пасялення, і фарміруюць згуртаванні са сваім дамінаваннем.

У цэлым сінантропны кампанент складае больш за 65 % відавой колькасці флоры Беларусі, і доля яго пастаянна ўзрастае. Адбываецца антрапагенная дэнатуралізацыя прыродных комплексаў Беларусі. Гэта вядзе да небяспекі страты іх своеасаблівасці, асаблівасцей гістарычна абумоўленага відавога складу. Асаблівая небяспека існуе для відаў, якія растуць за межамі суцэльнага арэала, а таксама для рэдкіх стэнатопных відаў раслін (прыстасаваны да існавання ў строга вызначаных умовах), што знаходзяцца на мяжы свайго геаграфічнага распаўсюджвання, хоць небяспека вымірання (элімінацыі) рэальная і для вузкаспецыялізаваных відаў наогул у сувязі з уніфікацыяй месцаў пасялення. З гэтай прычыны для захавання асаблівасцей абарыгеннай флоры неабходна, перш за ўсё, выяўленне відаў, якія хутка страчваюць свае пазіцыі і якім пагражае знікненне з тэрыторыі Беларусі.

Важны напрамак вывучэння сучасных тэндэнцый развіцця флоры Беларусі — крытыка-сістэматычная ацэнка складаных у сістэматычных адносінах таксонаў (так званых крытычных відаў). Гэта дазваляе выявіць неаднароднасць складаючых элементаў флоры, паказаць іх унутрывідавую зменлівасць, спецыфічныя рысы гістарычнага фарміравання асобных таксонаў флоры краіны. Дзякуючы інтэнсіўнай гібрыдызацыі паміж асобнымі відамі ў гістарычным мінулым і на сучасным этапе фарміруюцца новыя таксоны. За апошнія гады было апісана 15 новых для навукі гібрыдаў з тэрыторыі Беларусі.

Іншай найважнейшай у біялагічных і экалагічных адносінах групай вышэйшых раслін у флоры Беларусі з’яўляюцца мохападобныя (сукупнасць таксонаў, якая ўключае імхі), а таксама падобныя з імі раслінныя арганізмы. Галоўнай асаблівасцю мохападобных у шэрага іншых вышэйшых раслін з’яўляецца перавага ў жыццёвым цыкле гаплоіднага пакалення (з адзінарным наборам няпарных храмасом) — гаметафіта (палавое пакаленне) над дыплоідным — спарафітам (бясполае пакаленне).

Згодна з таксанамічным спісам мохападобных Беларусі (абноўлены ў 2015) брыяфлора ўключае 443 віды з 180 родаў, 79 сямействаў, 27 парадкаў, 6 класаў, 3 аддзелаў.

Сярод мохападобных пераважаюць брыевыя імхі (каля 305 відаў); сфагнавых імхоў — 34 віды, пячоначных — 102 і антацэротавых — 2 віды.

У цяперашні час праводзіцца вывучэнне мохападобных раслін у розных тыпах ліставых лясоў і перш за ўсё карэнных шыракалістых для наступнай распрацоўкі прапаноў па іх захаванні і рацыянальным выкарыстанні і прагнознай ацэнкі іх развіцця.