Флора і расліннасць
- Флора
- Грыбы
- Лішайнікі
- Водарасці
- Ахова расліннага свету. Рэдкія і ахоўныя віды раслін. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь
- Расліннасць. Геабатанічнае раяніраванне Беларусі
- Лясныя экасістэмы і лясныя рэсурсы
- Лугавыя экасістэмы
- Балотныя экасістэмы
- Водныя экасістэмы
- Раслінныя рэсурсы
- Асноўныя пагрозы разнастайнасці расліннага свету
Водарасці
Дата стварэння: 03.09.2025 15:31:51
Дата змены: 03.09.2025 15:31:51
Водарасці — экалагічная група ў асноўным фотааўтатрофных пераважна водных арганізмаў, якая налічвае больш за 60 тыс. відаў, якія адносяцца да 4 царстваў жывой прыроды (Бактэрыі, Прасцейшыя, Расліны, Храмісты), 14 аддзелаў і 63 класаў. Гэта найстаражытныя фотасінтэзуючыя арганізмы на Зямлі, першасныя прадуцэнты арганічнага рэчыва. Аднаклетачныя (ад долей мкм) і мнагаклетачныя (даўжынёй да 60 м), часам тканкавай будовы. Менавіта ад водарасцей узніклі расліны, якія засялілі сушу. У сімбіёзе з грыбамі яны ўтвараюць лішайнікі. Размнажаюцца вегетатыўна, бясполым і палавым шляхам. У Беларусі дакладна вядомы 2 232 віды, а з разнавіднасцямі і формамі каля 3 тыс. таксонаў, якія адносяцца да больш чым 370 родаў. Амаль ва ўсіх тыпах водных аб’ектаў найбольш прадстаўленымі па колькасці відаў з’яўляюцца зялёныя водарасці (пераважна хлоракокавыя), на другім месцы, як правіла, дыятомавыя. Далей месцы па колькасці відаў і таксонаў размяркоўваюцца наступным чынам: сіне-зялёныя (цыянабактэрыі), эўгленавыя, залацістыя, жоўта-зялёныя, дынафітавыя, крыптафітавыя і харавыя водарасці. У старых азёрах пойм рэк і каналах пераважаюць эўгленавыя, у рэках — дыятомавыя і сіне-зялёныя, у сажалках — зялёныя і эўгленавыя водарасці.
Распаўсюджаныя па ўсім свеце віды-касмапаліты складаюць толькі 1 % ва ўсёй альгафлоры краіны. У відавым складзе альгафлоры Беларусі адзначаецца канцэнтрацыя відаў у параўнальна невялікай колькасці родаў і сямействаў з чатырох аддзелаў водарасцей: дыятомавых, зялёных, сіне-зялёных (цыянабактэрый) і эўгленавых, што сведчыць аб складанасці працэсу флорагенезу на тэрыторыі краіны.
У альгафлоры на тэрыторыі Беларусі адзначана шмат новых не толькі для яе, але і для многіх іншых краін відаў водарасцей.
Асаблівую цікавасць уяўляе знаходжанне чужародных відаў.
Сярод водарасцей — віноўнікаў «цвіцення» вады — віды, якія прадуцыруюць таксічныя рэчывы, патэнцыйна небяспечныя для жывёл і чалавека. Цыянабактэрыяльнае «цвіценне» штогод назіраецца ў многіх вадаёмах Беларусі. Масавае развіццё цыянабактэрый (нават па-за сувязі з іх таксічнасцю) паніжае якасць вады, надаючы ёй непрыемныя густ і пах. Гэта ўскладняе праблему выбару крыніц пітной вады, месцаў адпачынку, выжывання іншых водных арганізмаў (рыб, ракападобных і інш.) і патрабуе эфектыўнага іх экалагічнага маніторынгу.
З’яўляючыся неад’емнай часткай прыродных экасістэм, водарасці адыгралі важную гістарычную ролю ў насычэнні атмасферы кіслародам і стварэнні арганічнага рэчыва на нашай планеце. У наш час водарасцям адводзяць важную ролю ў рашэнні шэрага глабальных праблем, якія хвалююць чалавецтва, у т. л. харчовай, энергетычнай, аховы навакольнага асяроддзя, засваення касмічнай прасторы, нетраў Зямлі, багаццяў Сусветнага акіяна, пошукі новых крыніц прамысловай сыравіны, будаўнічых матэрыялаў, фармацэўтычных прэпаратаў, біялагічна актыўных рэчываў, новых аб’ектаў біятэхналогіі і інш. Многія віды водарасцей з’яўляюцца аб’ектамі аквакультуры. Некаторыя з рэдкіх відаў водарасцей уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Патэнцыял гаспадарчага выкарыстання водарасцей далёка не вычарпаны. Водарасці, якія ўтвараюць аснову фітапланктону, з’яўляюцца асноўнай крыніцай харчавання мноства водных арганізмаў, фарміруючы аснову трафічнай піраміды водных экасістэм. Дзякуючы жыццядзейнасці гэтай групы арганізмаў у мінулым утварыліся такія карысныя выкапні, як гаручыя сланцы і вапнякі.
Многія віды водарасцей ядомыя і шырока ўжываюцца ў ежу. Яны ўзбагачаюць арганізм карыснымі мікраэлементамі і з’яўляюцца крыніцай ёду. Карысныя рэчавы, якія выдзяляюцца з водарасцей, выкарыстоўваюцца ў якасці БАДаў, уваходзяць у вітамінна-мінеральныя комплексы і актыўна ўжываюцца ў кулінарыі, а таксама для падкорму сельскагаспадарчых жывёл і птушак. Найбольш вядомыя прэпараты са спіруліны і хларэлы.
Вельмі перспектыўна выкарыстанне водарасцей ў якасці аднаўляльнай крыніцы энергіі. Утрыманне ліпідаў у шэрагу відаў, такіх як батрыякокус браўні (Botryococcus braunii), дуналіела (Dunaliella), нанахларыс (Nannochloris), стыхакокус (Stichococcus), у аптымальных умовах можа дасягаць 80 %. Тэарэтычна магчымы выхад біяпаліва з біямасы гэтых водарасцей у дзясяткі і нават сотні разоў вышэй, чым у тых, што выкарыстоўваюцца ў цяперашні час з алейных культур.
Шэраг водарасцей актыўна выкарыстоўваецца для ачысткі вады ў штучных замкнёных сістэмах, напрыклад акварыумах.