Флора і расліннасць
- Флора
- Грыбы
- Лішайнікі
- Водарасці
- Ахова расліннага свету. Рэдкія і ахоўныя віды раслін. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь
- Расліннасць. Геабатанічнае раяніраванне Беларусі
- Лясныя экасістэмы і лясныя рэсурсы
- Лугавыя экасістэмы
- Балотныя экасістэмы
- Водныя экасістэмы
- Раслінныя рэсурсы
- Асноўныя пагрозы разнастайнасці расліннага свету
Балотныя экасістэмы
Дата стварэння: 04.09.2025 09:47:02
Дата змены: 04.09.2025 09:47:02
- Сучасны стан і выкарыстанне балот і тарфянікаў
- Асаблівасці размеркавання балот у Беларусі
- Функцыі балот
- Ахова і рацыянальнае выкарыстанне тарфянікаў
Беларусь — краіна азёр і балот. У сукупнасці водныя (азёры, вадасховішчы, сажалкі, рэкі, ручаі і каналы) і балотныя экасістэмы займаюць каля 1 264,5 тыс. га, або 6,1 % тэрыторыі краіны.
Існуюць разнастайныя канцэпцыі і падыходы наконт вызначэння тэрміна «балота». У розных нацыянальных кадастрах балоты па сваіх уласцівасцях часта адносяцца да катэгорыі іншых зямель. Экасістэмы, якія могуць быць балотамі, як правіла, разглядаюцца ў якасці забалочаных лугоў, балотных лясоў і хмызнякоў. У сувязі з гэтым у розных даследаваннях плошчы балот могуць не супадаць.
Балоты — прыродныя комплексы, якія складаюцца з узаемадзейнічаючых кампанентаў прыроднага асяроддзя і характарызуюцца пастаянным пераўвільгатненнем зямель з расліннасцю, што расце на іх, пры адміранні якой адбываюцца працэсы торфаўтварэння і назапашвання торфу з утварэннем тарфяніка.
Сучасны стан і выкарыстанне балот і тарфянікаў
Беларусь з’яўляецца адной з найбольш важных тарфяных краін Еўропы. Паводле зробленых разлікаў (Вугляродныя крэдыты, 2011) краіна займае 15‑е месца ў свеце па агульнай плошчы тарфянікаў, 20‑е — па працэнтных суадносінах плошчы тарфянікаў да ўсёй астатняй тэрыторыі краіны, 21‑е — па фактычным запасе вугляроду ў іх.
Агульная плошча тарфяных балот у Беларусі да масавага асушэння складала 2 939 тыс. га (каля 14 % ад тэрыторыі краіны). У Схему размеркавання тарфянікаў па напрамках выкарыстання на перыяд да 2030 года, якая зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 г. № 1111, было ўключана 2 500,5 тыс. га тарфянікаў.
Да гэтага часу ў натуральным або блізкім да натуральнага стане захавалася ўсяго 863 тыс. га балот (29,3 % першапачатковай плошчы натуральных балот), з якіх 630 тыс. га знаходзяцца ў межах асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. Міжнародны статут аховы маюць 314 тыс. га балот.
Хоць гісторыя меліярацыі балот налічвае некалькі стагоддзяў, іх шырокамаштабнае асушэнне было праведзена ў Беларусі ў асноўным у 1960–80‑я гг. Былі рэалізаваны праграмы па меліярацыі балот у сельскай, лясной гаспадарцы, па асушэнні балот для здабычы торфу. За гэты перыяд было асушана 66,3 % балот. Да 1990‑х гг. работы па маштабнай меліярацыі балот былі спынены.
У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 1 068,2 тыс. га асушаных зямель з тарфянымі глебамі, з іх 122,2 тыс. га было перададзена сельскай гаспадарцы пасля рэкультывацыі тарфяных радовішч, якія выбылі з прамысловай эксплуатацыі. Па выніках абследавання глеб устаноўлена, што на 258,8 тыс. га асушаных зямель тарфяныя глебы страцілі свае генетычныя прыкметы і перайшлі ў катэгорыю антрапагенна-пераўтвораных, з іх 190,2 тыс. га — у катэгорыю дэградаваных тарфяных глеб (са стратай арганічнага рэчыва больш за 50 %). Паводле папярэдніх даных у сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 750 тыс. га асушаных зямель з тарфянымі глебамі, а каля 250 тыс. га, якія неэфектыўна выкарыстоўваліся, пераведзены ў іншыя віды карыстання.
З мэтай павышэння прадукцыйнасці лясоў з 1960 па 1980 г. была праведзена асушальная меліярацыя 304 тыс. га лясных балот, станоўчы эфект ад якой атрыманы толькі на 43 % агульнай плошчы асушаных балот. На астатняй плошчы гідралесамеліярацыйных сістэм павелічэнне прыросту драўніны адсутнічае ці з’яўляецца малаважным. Акрамя таго, юрыдычным асобам, якія вядуць лясную гаспадарку, перададзена для лесагаспадарчага выкарыстання 103 тыс. га плошчы выпрацаваных тарфяных радовішч.
Асаблівасці размеркавання балот у Беларусі
Каля 9 % асушанай плошчы прыпадае на верхавыя балоты, на якіх адсутнічае эфект павышэння прадукцыйнасці лясоў за кошт асушэння. Агульная плошча балот, што неэфектыўна асушаны лясной меліярацыяй, складае 24 тыс. га. На іх назіраюцца працэсы дэградацыі натуральных балотных экасістэм, мае месца павышаная пажаранебяспека. За перыяд з 2010 па 2014 г. спісана 79,27 тыс. га гідралесамеліярацыйных сістэм, якія ў эканамічных і экалагічных адносінах з’яўляліся неэфектыўнымі.
Каля 96 % тарфянікаў, асушаных для сельскагаспадарчага выкарыстання, складаюць землі з тарфянымі глебамі нізіннага тыпу і толькі 4 % — землі з тарфянымі глебамі верхавога і пераходнага тыпаў. Больш за 70 % агульнай плошчы асушаных зямель з тарфянымі глебамі маюць магутнасць тарфянога пласта да 1 м. На больш чым 90 % плошчы асушаных тарфянікаў тарфяныя глебы падсцілаюцца пяскамі, на астатняй плошчы — супесямі і суглінкамі. Каля 30 % тарфянікаў, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, адносяцца да ворных зямель і каля 70 % — да лугавых.
На тэрыторыі Беларусі прадстаўлены 3 тыпы балот: верхавыя (алігатрофныя), пераходныя (мезатрофныя), нізінныя (эўтрофныя).
Верхавыя балоты фарміруюцца ва ўмовах беднага мінеральнага сілкавання (зольнасць верхняга пласта складае менш за 4 %) пераважна атмасфернымі водамі. Займаюць 15,8 % плошчы ўсіх балот. Найбольшая іх канцэнтрацыя назіраецца ў паўночнай і цэнтральнай частцы Беларусі — да 80 % ад агульнай плошчы балот. Тут размешчаны буйныя верхавыя балоты, якія добра захаваліся да цяперашняга часу: Ельня, Казьяны, Вялікі Мох, Балота Мох, Юхавіцкі Мох, Домжарыцкае, Асвейскае і інш.
У цэнтральнай частцы Беларусі верхавыя балоты фарміруюцца сярод раўнін на водападзелах. Найбольш буйныя іх масівы сканцэнтраваны ў межах Цэнтральнабярэзінскай і Пухавіцкай раўнін: Астравы Дулебы, Махавое, Вецярэвіцкае. На поўдні краіны верхавых балот мала — каля 4,5 % ад агульнай плошчы балот да маштабнага асушэння.
Магутнасць торфу на верхавых балотах 2–4 м, радзей 9–10 м, ступень разлажэння 5–50 %. Маюць выпуклую паверхню. Відавы склад расліннасці абмежаваны: з дрэвавых парод — хвоя, з хмызнячкоў — багун, мірт балотны, верас, імшарніца, буякі, журавіны, багноўка; з траў — падвей похвенны, расіца круглалістая, марошка (зрэдку на поўначы Беларусі), шэйхцэрыя, чаротнік, распаўсюджаны суцэльнае покрыва са сфагнавых імхоў. Сярод такіх балот пераважаюць лясныя, на якіх распаўсюджана хваёва-пушыцава-хмызнячкова-сфагнавыя асацыяцыі. Бязлесныя верхавыя балоты (пушыцава-сфагнавыя, хмызнячкова-сфагнавыя, шэйхцэрыева-сфагнавыя, асакова-сфагнавыя асацыяцыі) сустракаюцца асобнымі ўчасткамі ў больш абводненых паніжэннях, часта ўтвараюць градава-мачажынныя комплексы расліннасці. Утвараюцца сфагнавы, пушыцавы, хваёва-пушыцавы, шэйхцэрыева-сфагнавы віды торфу і інш. У тарфяным пакладзе часта верхавы торф падсцілаецца нізінным і пераходным.
Пераходныя балоты знаходзяцца ў пераходнай стадыі ад нізінных да верхавых. Найбольш распаўсюджаны ў цэнтральнай частцы Беларусі і складаюць 3 % плошчы ўсіх балот. Пераходныя балоты падзяляюцца на лясныя (прадстаўлены хваёвымі і бярозава-хваёвымі лясамі) і бязлесныя (пераважна асакова-сфагнавыя, асакова-гіпнава-сфагнавыя і разнатраўна-асакова-сфагнавыя).
Расліннасць пераходных балот: сфагнавыя імхі (пакрываюць суцэльным дываном) і гіпнавыя, травяністыя расліны (асокі, бабок трохлісты, шабельнік балотны), хмызнячкі (багун, буякі, мірт балотны, журавіны), хмызнякі (вербы, бяроза нізкая), дрэвавыя пароды (хвоя, бяроза пушыстая).
Нізінныя балоты размешчаны на нізінных участках мясцовасці (поймы рэк, берагі рэк і азёр, паніжэнні рэльефу) і сілкуюцца, акрамя атмасферных ападкаў, прыцякаючымі паверхневымі або падземнымі водамі. Нізінныя балоты займаюць 81,2 % плошчы ўсіх балот краіны і распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Аднак найбольш спрыяльныя ўмовы для іх развіцця назіраюцца ў Палессі з яго плоскім рэльефам, высокім узроўнем стаяння грунтавых вод і працяглымі разлівамі Прыпяці і яе прытокаў.
На поўнач удзельная вага нізінных балот памяншаецца. Буйнейшыя нізінныя балоты: Іпа-Вішанскае, Хольча, Сухое, Жураўлёўскае (змяшанага тыпу, у т. л. верхавога), Пушчэцавае, Ржышча-Ліпкі, Выганашчанскае, Кузьмічы і Мар’іна, Дзікае, Вялікі Лес, Гальскае, Обраўскае, Багна-Схеда, Булеў Мох, Загалле, Грычын, Каралінскае, Васілевічы‑2. Многія нізінныя балоты часткова або цалкам асушаны і выкарыстоўваюцца як сельскагаспадарчыя ўгоддзі.
Магутнасць тарфянога пласта ў сярэднім 1–2 м (часам да 6 м), ступень разлажэння торфу 20–40 % і вышэй. Маюць увагнутую або плоскую паверхню, багаты відавы склад балотных раслін і раслінных асацыяцый. Расліннасць нізінных балот: дрэвавыя пароды (хвоя, бяроза, вольха чорная, зрэдку елка), хмызнякі (розныя віды верб, часта вярба попельная, бяроза нізкая), травяністыя расліны (вятроўнік, бабок, шабельнік, хвошч, папараці, скрыпень, пажарніца, трыснёг, мятліца белая, аўсяніца чырвоная, метлюжок лугавы, асакі), гіпнавыя і сфагнавыя імхі. На моцна абводненых балотах пераважаюць трысняговыя, хвашчовыя, травяна-гіпнавыя і асакова-гіпнавыя асацыяцыі, на больш праточных і менш абводненых — асакова-злакавыя, чорнаальхова-крапіўна-разнатраўныя.
Нізінныя балоты падзяляюцца на лясныя (чорнаальховыя, пушыстабярозавыя, альхова-бярозавыя, ялова-хваёва-альхова-бярозавыя), хмызняковыя (вярбовыя), травяныя (асаковыя, хвашчовыя, трысняговыя, маннікавыя, разнатраўныя) і травяна-гіпнавыя. У Палессі распаўсюджаны бярозавыя нізінныя балоты, на якіх растуць бяроза пушыстая, вярба, крушына; у травяным покрыве — асокі з прымессю балотнага разнатраўя. Утвараюцца асаковы, трысняговы, трыснягова-асаковы, дрэвава-асаковы віды торфу і інш., тарфатуфы і іншыя балотныя адклады.
Функцыі балот
Балоты іграюць выключна важную ролю ва ўстойлівым існаванні біясферы і выконваюць шэраг функцый, з якіх адна з асноўных — рэгуляванне і падтрыманне спрыяльнага рэгіянальнага гідралагічнага рэжыму для ўстойлівасці натуральных экалагічных сістэм і забеспячэння захавання водных рэсурсаў за кошт назапашвання ў балотах запасаў прэснай вады (больш за 7 млрд м³), забеспячэння воднага сілкавання рэк і азёр.
Балоты, якія захаваліся ў натуральным стане, выконваюць газарэгулятарную функцыю: штогод яны выводзяць з атмасферы каля 900 тыс. т дыяксіду вугляроду і вылучаюць у атмасферу 630 тыс. т кіслароду. У балотах Беларусі назапашана і захоўваецца каля 500 млн т вугляроду.
Балоты з’яўляюцца месцам пасялення рэдкіх відаў жывёл і раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. На балотах жыве 32 % відаў птушак, 30 % відаў насякомых, расце больш за 30 % раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (табліца 6). На балотах Беларусі жыве каля 40 % сусветнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі, 10 % вялікага арляца, 3 % дубальта — відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення. Балоты маюць значныя біялагічныя рэсурсы ягад, лекавых раслін, паляўнічых відаў дзікіх жывёл. Развіццё экалагічнага турызму ў Беларусі шмат у чым звязана з рэкрэацыйным патэнцыялам балот.
Віды |
Колькасць відаў, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (2015) |
Насяляюць балоты, усяго |
Доля відаў, што насяляюць балоты, % |
Птушкі |
72 |
23 |
32 |
Насякомыя |
70 |
21 |
30 |
Сасудзістыя расліны |
173 |
53 |
31 |
Мохападобныя |
27 |
9 |
33 |
Адна з найважнейшых задач — захаванне і рацыянальнае (устойлівае) выкарыстанне тарфянікаў. Яе паспяховаму рашэнню перашкаджае шэраг праблем:
-
парушэнне гідралагічнага рэжыму балот асушальнай сеткай каналаў гідралесамеліярацыйных сістэм, меліярацыйных сістэм, якія прымыкаюць, палёў здабычы торфу; агульная плошча балот з часткова парушаным гідралагічным рэжымам складае каля 516 тыс. га;
-
зарастанне адкрытых балот дрэвава-хмызняковай расліннасцю ў выніку спынення іх традыцыйнага выкарыстання, эўтрафікацыі паверхневых вод, парушэння гідралагічнага рэжыму і змены клімату;
-
здабыча торфу на балотах, якія знаходзяцца ў натуральным стане або блізкім да натуральнага;
-
недастатковы ўлік аграэкалагічнага стану тэрыторый, асаблівасцей глебавага покрыва, вільгацезабяспечанасці пры планаванні пасяўной плошчы на асушаных землях з тарфянымі глебамі; каля 318,1 тыс. га зямель з тарфянымі глебамі працягваюць разворвацца, што суправаджаецца інтэнсіўнай мінералізацыяй арганічнага рэчыва;
-
наяўнасць каля 190,2 тыс. га дэградаваных зямель з тарфянымі глебамі, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, і 283 тыс. га выпрацаваных участкаў тарфяных радовішч плошчай больш за 10 га;
-
перавышэнне расходу торфу над яго прыростам у 12 разоў (штогадовая страта торфу ў выніку сельскагаспадарчага выкарыстання і здабычы торфу складае 12,8 млн т пры штогадовым назапашванні торфу ў балотах усяго 1,04 млн т);
-
адмоўны баланс эмісіі і дэпаніраванне парніковых газаў тарфянікамі краіны; так, пры вылучэнні імі ў атмасферу каля 16,7 млн т дыяксіду вугляроду (CO2), або 4,45 млн т вугляроду, паглынанне складае ўсяго 0,9 млн т СО2, або 0,23 млн т вугляроду, у год;
-
недастатковае выкарыстанне біялагічных рэсурсаў балот (журавін і іншых ягад, лекавай і тэхнічнай сыравіны);
-
тарфяныя пажары;
-
наяўнасць асушаных з мэтай вядзення лясной гаспадаркі верхавых балот на глыбокіх падвейна-сфагнавых торфах і альховых насаджэнняў на мінеральных гідраморфных слаба атарфаваных глебах, адсутнасць сістэмы рэгулявання ўзроўню вады на асушаных землях у межах ляснога фонду.
Ахова і рацыянальнае выкарыстанне тарфянікаў
Найважнейшымі дакументамі, якія вызначаюць напрамкі аховы і выкарыстання тарфянога фонду краіны, з’яўляюцца зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 г. № 1111 Стратэгія захавання і рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання тарфянікаў і Схема размеркавання тарфянікаў па напрамках выкарыстання на перыяд да 2030 года.
Схемай вызначаны напрамкі выкарыстання 8 533 тарфянікаў з агульнай плошчай 2 381,7 тыс. га, або 11,5 % тэрыторыі рэспублікі, з геалагічнымі запасамі торфу 4 млрд т.
Зыходзячы з прынцыпаў, вызначаных Стратэгіяй, і на падставе ацэнкі сучаснага стану тарфянікі размеркаваны па наступных напрамках выкарыстання:
-
балоты, якія падлягаюць асобай і (або) спецыяльнай ахове — 684,2 тыс. га, або 29 % ад агульнай плошчы тарфянікаў;
-
фонд асабліва каштоўных відаў торфу плошчай 19,6 тыс. га, або 1 % ад агульнай плошчы тарфянікаў, з запасамі торфу 43,7 млн т, прадстаўлены тарфянымі радовішчамі і ўчасткамі балот, што маюць запасы верхавога торфу, які мала расклаўся, і бітумінознага торфу для біятэрмахімічнай перапрацоўкі, а таксама сыравіны для лячэбных мэт;
-
фонд, які распрацоўваецца і ўключае тарфяныя радовішчы, дзе вядзецца або плануецца прамысловая здабыча торфу; плошча фонду складае 99,1 тыс. га з прамысловымі запасамі торфу ў 302,1 млн т;
-
зямельны фонд, які аб’ядноўвае меліяраваныя для патрэб сельскай і лясной гаспадарак тарфянікі, што не ўваходзяць у склад балот і падлягаюць асобай і (або) спецыяльнай ахове, і не ўключаны ў іншыя фонды; плошча зямельнага фонду складае 1 592,6 тыс. га з запасамі торфу 2 135,4 млн т (66 % тэрыторыі тарфянікаў з запасамі торфу 53 % ад агульнанацыянальнага).
У выніку рэалізацыі Стратэгіі да 2030 г. будуць забяспечаны:
-
захаванне ў натуральным стане 863 тыс. га балот;
-
аднаўленне не менш як 15 % плошчы (не менш як 75 тыс. га) парушаных тарфянікаў (выпрацаваных участкаў тарфяных радовішч, дэградаваных зямель з тарфянымі глебамі, што былі неэфектыўна асушаны ў выніку лясной меліярацыі балот);
-
назапашванне і захаванне ў балотах больш за 7 млрд м³ запасаў прэснай вады і забеспячэнне ўстойлівага воднага сілкавання рэк і азёр;
-
захаванне ў балотах каля 500 млн т вугляроду;
-
штогадовае вывядзенне балотамі з атмасферы каля 900 тыс. т дыяксіду вугляроду і выдзяленне ў атмасферу 630 тыс. т кіслароду;
-
забеспячэнне ўзнаўлення рэсурсаў журавін у аб’ёме каля 10,7 тыс. т штогод;
-
развіццё экатурызму, арыентаванага на рэкрэацыйны патэнцыял балот;
-
аптымізацыя структуры сельскагаспадарчых зямель з павелічэннем пасяўной плошчы пад шматгадовымі травамі да 1 млн га;
-
эфектыўнае выкарыстанне зямель, якія асушаны лясной меліярацыяй, у т. л. за кошт змянення напрамкаў іх выкарыстання;
-
памяншэнне плошчы пажаранебяспечных тэрыторый на 15 % за кошт экалагічнай рэабілітацыі тарфянікаў, якія парушаны і выкарыстоўваюцца неэфектыўна;
-
забеспячэнне паступовага эканамічна абгрунтаванага павелічэння долі комплекснага выкарыстання торфу.
У апошнія гады праведзена інвентарызацыя балот. З захаваных натуральных балот 73 % знаходзяцца ў межах асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. У Бярэзінскім біясферным запаведніку ахоўваецца 51,8 тыс. га, у нацыянальных парках — 103,5 тыс. га, у заказніках рэспубліканскага значэння — 379,7 тыс. га і мясцовага значэння — 94,9 тыс. га. Каля 323 тыс. га балот адпавядаюць крытэрыям тыповых і рэдкіх біятопаў, якія падлягаюць захаванню і маюць патрэбу ва ўстанаўленні рэжыму спецыяльнай аховы.
У адпаведнасці з Рамсарскай канвенцыяй (аб водна-балотных угоддзях) міжнародны статус аховы нададзены 26 водна-балотным угоддзям агульнай плошчай 754,7 тыс. га, ці 3,7 % тэрыторыі краіны. На 95,6 % ад агульнай плошчы Рамсарскіх тэрыторый уведзены нацыянальны прыродаахоўны рэжым у межах Бярэзінскага запаведніка (85,1 тыс. га, або 11,3 %), нацыянальных паркаў (11,7 тыс. га, або 14,8 %), заказнікаў рэспубліканскага значэння (498,3 тыс. га, або 66 %), заказнікаў мясцовага значэння (26,7 тыс. га, або 3,5 %).
Для падтрымання спрыяльнага экалагічнага стану водна-балотных угоддзяў, якія маюць міжнароднае значэнне, і арганізацыі іх устойлівага выкарыстання праводзіцца комплексны маніторынг экасістэм, створаны і функцыянуюць структуры кіравання гэтымі тэрыторыямі, распрацоўваюцца і рэалізуюцца планы кіравання.
З мэтай змякчэння наступстваў дэградацыі балот у Беларусі з пачатку 2000‑х гг. пры дапамозе міжнародных арганізацый пачаты работы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму парушаных тарфянікаў. З 2010 г. адноўлены водны рэжым на 23 праектных тэрыторыях агульнай плошчай 51 486 га.
Шмат робіцца для забеспячэння ўстойлівага выкарыстання тарфянікаў. За гады незалежнага развіцця Беларусі сфарміравана нацыянальнае заканадаўства, якое забяспечвае ахову і рацыянальнае выкарыстанне біяразнастайнасці балот і тарфянога фонду.
Большая частка захаваных балот аб’яўлена тэрыторыямі нацыянальнага і міжнароднага значэння, якія ахоўваюцца. Праводзяцца работы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму балот і паўторнаму забалочванню тарфянікаў, якія асушаны, а таксама не выкарыстоўваюцца, што стварае ўмовы для аднаўлення страчанай біяразнастайнасці і іншых біясферных функцый балот. Законам аб меліярацыі забаронена далейшае асушванне балот і вызначаны правілы ўстойлівага выкарыстання асушаных тарфянікаў, укараненне якіх у практыку дасць магчымасць выкарыстоўваць тарфяныя глебы з мінімальнымі стратамі арганічнага рэчыва і знізіць уздзеянне на клімат.
Схемай размеркавання тарфянікаў па напрамках выкарыстання на перыяд да 2030 года для здабычы торфу вызначаны ў асноўным парушаныя і закінутыя тарфянікі, што выключыць далейшае асушванне балот, якія захаваліся.
Рэспубліка Беларусь мае рэальны шанс адначасова з развіццём эканомікі і паляпшэннем дабрабыту народа захаваць сваё нацыянальнае багацце — балоты. Гэта важна і для Еўропы ў цэлым, улічваючы ўнікальнасць і міжнароднае значэнне балотных экасістэм для папярэджвання змяненняў клімату і захавання біяразнастайнасці.