Флора і расліннасць
- Флора
- Грыбы
- Лішайнікі
- Водарасці
- Ахова расліннага свету. Рэдкія і ахоўныя віды раслін. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь
- Расліннасць. Геабатанічнае раяніраванне Беларусі
- Лясныя экасістэмы і лясныя рэсурсы
- Лугавыя экасістэмы
- Балотныя экасістэмы
- Водныя экасістэмы
- Раслінныя рэсурсы
- Асноўныя пагрозы разнастайнасці расліннага свету
Лясныя экасістэмы і лясныя рэсурсы
Дата стварэння: 03.09.2025 16:19:58
Дата змены: 03.09.2025 16:45:03
Лясы ў Беларусі з’яўляюцца адным з асноўных прыродных рэсурсаў і адначасова найважнейшай часткай прыроднага расліннага покрыва, якое забяспечвае стабільнасць экалагічнага стану ўсяго прыроднага асяроддзя. Яны маюць выключнае водаахоўнае, глебаахоўнае, кліматарэгулюючае значэнне, выконваюць найважнейшыя рэкрэацыйныя, санітарна-гігіенічныя і бальнеалагічныя функцыі. Лясы з’яўляюцца асяроддзем пасялення і ўзрастання большай часткі жывых арганізмаў, якія складаюць фаўну і флору абарыгенных жывых арганізмаў. Стабільнасць ляснога покрыва з’яўляецца гарантыяй экалагічнай бяспекі дзяржавы.
Асноўная частка лясоў кіруецца Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Значная частка іх плошчы знаходзіцца ў распараджэнні Упраўлення спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства абароны, Міністэрства адукацыі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, мясцовых органаў кіравання.
За перыяд незалежнасці Рэспублікі Беларусь плошча лясоў і, адпаведна, лясістасць краіны істотна павялічыліся. Агульная плошча лясоў вырасла з 7,4 млн га (на 1 студзеня 1994) амаль да 9,2 млн га (на пачатак 2020), г. зн. амаль на 1,8 млн га, або на 24,5 %. Значна павелічыліся плошчы пад лесам у Віцебскай (на 46,4 %) і Магілёўскай (на 29,6 %) абласцях.
Павелічэнне лясістасці абумоўлена комплексам фактараў, галоўным з якіх з’яўляецца вывядзенне з сельскагаспадарчага абароту нізкапрадукцыйных зямель, драбнаконтурных і аддаленых участкаў раллі і сенажацей, выкарыстанне якіх стала эканамічна немэтазгодным, асабліва ў рэгіёнах, дзе скарацілася колькасць сельскага насельніцтва. Такія землі перададзены ў састаў ляснога фонду і на іх былі праведзены маштабныя работы па аблясенні. Сярод іншых прычын павышэння лясістасці — шырока распаўсюджаныя працэсы зарастання адкрытых балот і лугоў дрэвава-хмызняковай расліннасцю. Гэта з’ява выклікана, з аднаго боку, зменамі кліматычных умоў (пацяпленне і павышэнне частаты і інтэнсіўнасці засушлівых з’яў), у выніку якіх панізіўся ўзровень грунтавых вод і на балотах склаліся спрыяльныя ўмовы для росту дрэў і кустоў. З другога — істотна змяніўся ўклад жыцця сельскага насельніцтва: рэзка скарацілася пагалоўе жывёлы ў хатніх гаспадарках, ды і вельмі значна зменшылася колькасць сельскага насельніцтва. У выніку лугі і балоты, якія ў мінулым выкошваліся з мэтай нарыхтоўкі кармоў, сталі зарастаць спачатку драбналессем, а пасля на іх сфарміраваліся паўнацэнныя лясныя экасістэмы. Стымулявала гэты працэс і катастрофа на Чарнобыльскай АЭС: на забруджаных радыенуклідамі раллях, пашах, сенажацях, у запусцелых садах і на пакінутых прысядзібных участках выраслі лясы або зараснікі кустоў.
Лясы на тэрыторыі Беларусі размешчаны нераўнамерна. У найбольш густанаселеных раёнах, якія адрозніваюцца інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай на высокаўрадлівых глебах, лясістасць, як правіла, не перавышае 20–25 %. Мінімальная лясістасць (11–20 %) адзначана ў шэрагу раёнаў Гродзенскай (Зэльвенскі, Бераставіцкі, Карэліцкі), Мінскай (Нясвіжскі, Капыльскі), Магілёўскай (Мсціслаўскі, Горацкі) і Брэсцкай (Жабінкаўскі) абласцей. У большасці гэтых раёнаў лясістасць вырасла нязначна (на 0,3–2,6 % за 25 гадоў).
Маланаселеныя аддаленыя раёны Віцебскай (Гарадоцкі, Расонскі), Гомельскай (Ельскі, Петрыкаўскі, Кастрычніцкі, Лельчыцкі, Нараўлянскі) і Магілёўскай (Асіповіцкі, Клічаўскі) абласцей характарызуюцца найбольш высокай (больш за 55 %) лясістасцю. З 16 раёнаў, у якіх плошча лясоў павялічылася асабліва значна (больш чым на 25 % за 23 гады), 7 адносяцца да найбольш забруджаных аварыйнымі выкідамі Чарнобыльскай АЭС: Чэрыкаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі і Слаўгарадскі раёны Магілёўскай вобласці; Кармянскі, Веткаўскі і Нараўлянскі раёны Гомельскай вобласці.
Важна, што ў складзе лясоў значна ўзрасла плошча спелых і перастойных лясоў — з 168,7 тыс. га (2,4 %) у 1988 г. да 1 566 тыс. га (18,8 %) у 2023 г., якія складаюць аснову іх рэсурснага патэнцыялу (г. зн. больш чым у 9 разоў); табліца 3.
Паказчык |
Адзінка вымярэння |
Год |
|||||||
1988 |
1993 |
2001 |
2005 |
2009 |
2014 |
2020 |
2022 |
||
Агульная плошча зямель ляснога фонду, у т. л.: |
тыс. га |
8 054,8 |
8 676,1 |
9 247,5 |
9 341 |
9 416,6 |
9 499,5 |
9 620,9 |
9 706,9 |
лясныя землі |
7 301,6 |
7 775,9 |
8 275,7 |
8 395,8 |
8 598,2 |
8 672,1 |
8 799,1 |
8 915,1 |
|
Пакрытыя лесам землі, у т. л.: |
тыс. га |
7 027,7 |
7 371,7 |
7 850,6 |
7 796,2 |
8 002,4 |
8 204,2 |
8 280,3 |
8 333,2
|
спелыя і перастойныя насаджэнні |
168,7 |
350,1 |
623 |
681,8 |
804,4 |
1 026,2 |
1 379,1 |
1 566 |
|
доля спелых і перастойных насаджэнняў
|
% |
2,4 |
4,7 |
7,9 |
8,8 |
10,1 |
12,5 |
16,7 |
18,8 |
Разнастайнасць і ўнікальнасць лясных экасістэм
Беларусь знаходзіцца на мяжы дзвюх геабатанічных зон — еўразійскай таежнай і еўрапейскай шырокаліста-лясной, што і вызначае характар лясной расліннасці, у якой прадстаўлены як таежныя, так і заходнееўрапейскія тыпы шыракалістых лясоў. Па тэрыторыі Беларусі праходзяць межы суцэльнага распаўсюджвання трох асноўных лесаўтваральных парод: елкі еўрапейскай (паўднёвая мяжа), вольхі шэрай (паўднёва-заходняя мяжа) і граба звычайнага (паўночна-ўсходняя мяжа).
У лясах краіны ў наш час расце 26 абарыгенных дрэвавых парод. З іх 12 відаў адносяцца да асноўных лесаўтваральных парод: хвоя звычайная, елка еўрапейская, дуб звычайны, ясень звычайны, граб звычайны, клён вастралісты, ліпа драбналістая, бярозы павіслая і пухнатая, асіна (або таполя дрыжачая), вольха чорная і вольха шэрая.
Лясная расліннасць на тэрыторыі Беларусі прадстаўлена чатырма важнейшымі групамі лясных фармацый: барэальнымі хвойнымі, немаральнымі шыракалістымі, драбналістымі вытворнымі і карэннымі балотнымі (табліца 4).
Парода |
Год |
||||
1978 |
2004 |
2010 |
2020 |
2022 |
|
Хвоя |
3 192,54 |
3 915,86 |
4 034,8 |
4 076,92 |
4 053,7 |
Елка |
528,37 |
741,26 |
749,8 |
775,05 |
764,5 |
Іншыя хвойныя |
0,66 |
0,24 |
0,3 |
1,64 |
1,72 |
Дуб |
222,24 |
271,68 |
281,8 |
287,44 |
277,4 |
Ясень |
12,97 |
31,18 |
27,2 |
18,48 |
14,5 |
Іншыя шыракалістыя |
13,64 |
18,04 |
20,6 |
31,79 |
36,5 |
Бяроза |
896,36 |
1 721,61 |
1 852,7 |
1 925,85 |
1 947,3 |
Асіна |
141 |
156,61 |
171,4 |
196,33 |
225,6 |
Вольха чорная |
481,92 |
654,51 |
689,4 |
732,9 |
748,6 |
Вольха шэрая |
45,88 |
187,18 |
165,8 |
151,92 |
162,9 |
Іншыя мелкалістыя |
2,88 |
11,74 |
16,1 |
21,82 |
25,8 |
Іншыя дрэвавыя пароды |
0,07 |
0,75 |
0,5 |
0,43 |
0,13 |
Хмызнякі |
0,45 |
40,72 |
35,5 |
59,76 |
74,6 |
Усяго |
5 538,98 |
7 751,38 |
8 010,4 |
8 280,33 |
8 333,2 |
Найбольш распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі барэальныя хвойныя лясы. Яны займаюць 57,8 % лесапакрытай плошчы і прадстаўлены карэннымі фармацыямі хваёвых і яловых лясоў, якія ўключаюць, адпаведна, субфармацыі монадамінантных хваёвых, шыракаліста-хваёвых, монадамінантных яловых, шыракаліста-яловых лясоў і насаджэнні інтрадуцыраваных хвойный парод (лістоўніцы, піхты, кедра і хвоі Банкса).
Асноўнымі эдыфікатарамі гэтых лясоў выступаюць хвоя (48,6 %) і елка (9,2 %), у якасці саэдыфікатараў хвойных парод — бяроза, шыракаліста-хвойных — дуб звычайны з некаторым удзелам у складзе насаджэнняў ліпы драбналістай, а ў паўднёвай частцы рэспублікі — граба звычайнага і клёну вастралістага, часам ясеня звычайнага.
Немаральныя шыракалістыя лясы займаюць 3,9 % лесапакрытай плошчы. Асноўная ўдзельная вага ў складзе шыракалістых лясоў прыпадае на дубровы (3,3 %). Ясеневыя і грабавыя лясы маюць значна меншае распаўсюджванне. Лясы з дамінаваннем клёну, ліпы і ільмавых сустракаюцца фрагментарна на невялікіх плошчах.
Шыракалістыя лясы маюць не толькі велізарнае народнагаспадарчае значэнне, але і фітацэнаўтваральнае. Яны маюць добра выяўленыя занальныя рысы, якія выяўляюцца ў відавым узбагачэнні фітацэнозаў шыракалістымі пародамі (дубам, ясенем, грабам, клёнам, ліпай, ільмам, вязам) з прасоўваннем з поўначы на поўдзень краіны. У гэтым жа кірунку павышаецца і цэнатычная ўстойлівасць названых парод і іх згуртаванняў, з прычыны чаго істотна змяняюцца суадносіны плошчаў гэтых лясоў па геабатанічных падзонах.
Фармацыі яловых, дубовых, грабавых і шэраальховых лясоў з’яўляюцца занальнымі для ўмоў Беларусі. Для іх характэрна заканамерная змена плошчы ў напрамку з поўначы на поўдзень рэспублікі, прычым гэтыя змены носяць рысы паступовага замяшчэння. Адначасова з памяншэннем плошчы (ельнікаў, сераальшанікаў на поўдзень, дуброў, грабнякоў на поўнач) іх фітацэнатычная структура перажывае значныя змены. Так, напрыклад, у занальнай змене фітацэнатычнай структуры дуброў асаблівую ролю адыгрываюць елка і граб як субэдыфікатары гэтай фармацыі. Таму на тэрыторыі рэспублікі дубровы, за выключэннем пойменных, прадстаўлены трыма кліматычна замяшчальнымі варыянтамі — яловымі, ялова-грабавымі і грабавымі. Занальныя асаблівасці выяўляюцца і ў фітацэнозаў іншых лясных фармацый, якія маюць цяпер нязначнае натуральнае распаўсюджванне на тэрыторыі краіны (ясеннікі, кляноўнікі, ліпнякі і ільмоўнікі).
Драбналістыя лясы займаюць 37,3 % лесапакрытай плошчы і ўключаюць першасныя (карэнныя на балотах) і другасныя (вытворныя на водападзелах) лясы. Карэнныя драбналістыя лясы прадстаўлены пушыстабярозавымі і чорнаальховымі фітацэнозамі. Па характары размяшчэння і структуры яны інтразанальныя, хоць прымесь занальных відаў у складзе фітацэнозаў надае ім некаторую рэгіянальную спецыфічнасць. У выніку маштабных асушальных работ і трансфармацыі зямель многія гэтыя лясы істотна змяніліся.
Драбналістыя лясы ва ўмовах водападзельных раўнін (плакораў) на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца вытворнымі ад карэнных дуброў, ельнікаў, хвойнікаў, ясеннікаў, кляноўнікаў і прадстаўлены ў асноўным фармацыямі павіслабярозавых, асінавых, чорнаальховых і шэраальховых лясоў. З прычыны высокай аднаўленчай здольнасці і цэнатычнай устойлівасці лесаўтваральных парод гэтыя лясы хутка распаўсюджваюцца. У значнай меры гэтаму спрыяе інтэнсіўнае антрапагеннае ўздзеянне на лясныя экасістэмы, асабліва недастаткова абгрунтаваныя сістэмы высечак у насаджэннях карэнных фармацый.
Нязначна распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі насаджэнні з інтрадуцыраваных парод, такіх як дуб паўночны, хвоя Банкса, лістоўніца еўрапейская, аксаміт амурскі, арэх маньчжурскі, рабінія псеўдаакацыя, таполя канадская, клён ясенялісты і інш.
Хмызнякі займаюць 0,9 % пакрытай лесам плошчы. Як і драбналістыя вытворныя лясы, гэты тып расліннасці мае прагрэсіруючае распаўсюджванне, хоць штогод каля 5–6 тыс. га зямель, якія пад хмызнякамі, у выніку пераўтварэнняў пераводзяцца ў іншыя катэгорыі угоддзяў. Хмызняковая расліннасць прадстаўлена некалькімі экалагічнымі групамі: ксерафітнымі хмызнякамі, прымеркаванымі да пясчаных пустак (галоўным чынам ядлоўцавы зараснік, які ўтвараецца на высечках або закінутых пашах); гідрафітнымі хмызнякамі, якія фарміруюцца па балотах (пераважна нізінных) і забалочаных западзінах (галоўным чынам вярбовыя зараснікі); мезафітнымі хмызнякамі ў поймах рэк. Разам з тым хмызняковая расліннасць вывучана недастаткова, асабліва яе тыпалогія і рэсурсны патэнцыял.
У тыпалагічных адносінах лясы даволі разнастайныя. У адпаведнасці з распрацоўкамі беларускіх лесатыполагаў на тэрыторыі краіны выдзелена не менш як 120 тыпаў лесу для абарыгенных лесаўтваральных парод. Вельмі разнастайны і шырокі тыпалагічны спектр лясоў рэспублікі. Эдафічны арэал іх прадстаўлены 24 серыямі тыпаў лесу, з якіх 16 фарміруюцца ва ўмовах сухадолаў і 8 — ва ўмовах балот. Усяго сухадольныя лясы займаюць 78,2 % лесапакрытай плошчы, балотныя — 21,8 %. Найбольш распаўсюджаныя серыі тыпаў лесу ў краіне — імшыстая, чарнічная і кіслічная.
Сярод лясных фармацый пераважаюць хваёвыя лясы (48,6 % плошчы ўсіх лясоў Беларусі) з дамінуючым у іх відам — хвояй звычайнай. За кошт сваёй непатрабавальнасці да глебава-грунтавых умоў лясы з яе дамінаваннем адрозніваюцца найбольш шырокай экалагічнай амплітудай — ад сухіх лішайнікавых хвойнікаў на пясчаных выдмах да сфагнавых хвойнікаў на верхавых балотах.
Бярэзнікі займаюць 2‑е месца па плошчы (23,4 %). Пераважаюць 2 віды бярозы: бяроза павіслая (сустракаецца пераважна на сухадолах) і бяроза пушыстая (фарміруе карэнныя лясы на пераходных балотах). На ўчастках, размешчаных у экатонных (краявых, пераходных) зонах, сустракаюцца абодва віды і іх гібрыды. Часам можна сустрэць і дрэвастоі бярозы карэльскай — формы бярозы павіслай з ўнікальнымі дэкаратыўнымі ўласцівасцямі драўніны.
Ельнікі — трэцяя па плошчы фармацыя, сфарміраваная елкай еўрапейскай (9,2 %). Сустракаюцца амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але паколькі елка з’яўляецца барэальнай (таежнай) пародай, то найбольшыя плошчы яна займае на поўначы Беларусі. У Палессі елка знаходзіцца за мяжой суцэльнага яе распаўсюджвання, таму сустракаецца ў так званых астраўных месцах пасялення, займае ўчасткі з аптымальнымі для яе глебава-грунтавымі ўмовамі са стабільным узроўнем грунтавых вод (ускраіны балот, прыбярэжныя ўчасткі каля азёр і рэк).
На нізінных балотах і ў поймах рэк пераважаюць карэнныя лясы з дамінаваннем вольхі чорнай (9 % ад плошчы лясоў). Гэта адно з нямногіх лясных згуртаванняў, якое ва ўмовах залішняга ўвільгатнення здольнае фарміраваць высокапрадукцыйныя дрэвастоі. З-за цяжкай даступнасці некаторыя ўчасткі гэтых лясоў захаваліся практычна ў нязменным выглядзе.
Плошча дубовых лясоў на тэрыторыі Беларусі невялікая (усяго 3,3 % ад агульнай плошчы лясоў). Больш за ўсё дуброў захавалася на паўднёвым усходзе краіны. Уздоўж заходняй мяжы Беларусі сустракаюцца невялікія ўчасткі з дамінаваннем або ўдзелам дуба скальнага — віду, які знаходзіцца на заходняй мяжы свайго арэала і ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Астатнія фармацыі шыракалістых лясоў займаюць не больш за 0,6 % іх агульнай плошчы: ясеннікі, кляноўнікі, ліпнякі, ільмоўнікі. У многім малая плошча шыракалістых лясоў тлумачыцца біялагічнымі і экалагічнымі асаблівасцямі гэтых парод, а таксама інтэнсіўнай гаспадарчай дзейнасцю на тэрыторыі Беларусі на працягу апошняй тысячы гадоў.
З пачатку 1990‑х гг. структура лясоў не зведала значных змен, за выключэннем істотнага павелічэння долі бярэзнікаў (на 5 %), а таксама некаторага павелічэння долі сераальшанікаў (на 0,3 %) і чорнаальшанікаў (на 0,8 %). Адначасова зменшылася доля хваёвых (на 5,4 %) і яловых (на 1,5 %) лясоў. Гэта абумоўлена ў першую чаргу зменамі ў землекарыстанні і перадачы былых зямель сельскагаспадарчага прызначэння ў лясны фонд. Для першых стадый зарастання адкрытых тэрыторый характэрна перавага драбналістых парод. Улічваючы, што плошча лясоў павялічылася амаль на 1 млн га за кошт сельскагаспадарчых зямель, адзначанае павелічэнне плошчы драбналістых лясоў цалкам заканамерна. Памяншэнне долі яловых лясоў выклікана ў асноўным неаднаразовымі масавымі ўсыханнямі елкі ў 1990–2000‑х гг., якія абумоўлены інтэнсіўнымі засухамі і выкліканымі імі ўспышкамі масавага размнажэння насякомых (шкоднікаў лесу).
Найбольш значныя змены адбыліся ва ўзроставай структуры лясоў. У складзе ўсіх лясных фармацый узрасла доля прыспяваючых і спелых дрэвастояў. У многім гэта звязана з тым, што амаль палова лясоў Беларусі з’явілася толькі ў пасляваенныя гады. У канцы 1940‑х гг. лясістасць тэрыторыі Беларусі складала крыху больш за 20 %, на пачатак 1990‑х гг. — каля 35 %. Да цяперашняга часу гэтыя лясы сталі старэйшыя яшчэ на 25 гадоў. Акрамя таго, вядзенне лясной гаспадаркі ў Беларусі заўсёды будавалася на прынцыпах устойлівага лесакіравання і лесакарыстання, што і дало магчымасць захаваць частку высокаўзроставых лясоў. Павелічэнню долі спелых і перастойных лясоў садзейнічала і развіццё сеткі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ), у запаведных зонах якіх поўнасцю забаронена гаспадарчая дзейнасць, а на астатняй частцы рубкі абмежаваны.
На ААПТ і ў цяжкадаступных участках захаваліся ўчасткі ўнікальных для Еўропы лясоў. У 2013 г. Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных месцаў знаходжання ў Еўропе (Бернская канвенцыя) і абавязалася захоўваць на сваёй тэрыторыі рэдкія для Еўропы біятопы. У нашай краіне выдзелена 15 катэгорый рэдкіх біятопаў лясоў, з якіх 11 — рэдкія для ўсёй Еўропы, 4 — рэдкія для Беларусі:
-
заходняя тайга: хвойныя і змешаныя барэальныя лясы на аўтаморфных і паўгідраморфных кіслых сухіх, свежых, сырых і вільготных глебах узростам не менш за 100 гадоў;
-
·паўднёватаежныя і падтаежныя шыракалістыя лясы з елкай і грабам: карэнныя і вытворныя шыракалістыя лясы на аўтаморфных і паўгідраморфных свежых, сырых і вільготных глебах узростам не менш за 100 гадоў;
-
яловыя лясы з багатай травяністай расліннасцю: яловыя і змешаныя лясы на аўтаморфных і паўгідраморфных урадлівых свежых, сырых, вільготных праточных глебах, у складзе дрэвастою якіх да 30–40 % могуць займаць шыракалістыя і (або) драбналістыя пароды ўзростам не менш за 100 гадоў;
-
лясы на óзах: хвойныя і вытворныя драбналістыя лясы на озах (формы акумулятыўнага ледніковага рэльефу ў выглядзе доўгіх град);
-
лясныя пашы: лясы, якія выкарыстоўваюцца або выкарыстоўваліся ў якасці выпасаў, дзе дрэвы растуць у выглядзе рэдзін або невялікіх гаёў, якія перамяжоўваюцца з драбнаконтурнымі фрагментамі адкрытых лугоў, а ў верхнім ярусе растуць старыя дрэвы шыракалістых парод, хвоі звычайнай, бярозы павіслай і асіны;
-
чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы на залішне ўвільготненых глебах і нізінных балотах: карэнныя драбналістыя лясы ўзростам старэйшыя за 70 гадоў на перагнойна-глеевых, тарфяна-глеевых, рознай магутнасці тарфяных глебах на ўчастках са слабым дрэнажом і застойным увільгатненнем;
-
немаральныя шыракалістыя лясы з грабам: карэнныя і вытворныя шыракалістыя лясы ўзростам больш за 100 гадоў на ўрадлівых супясчаных і сугліністых аўтаморфных і паўгідраморфных глебах, у складзе падлеску і надглебавага покрыва якіх пануюць віды немаральнай умерана цеплалюбівай флоры; безупынную прымесь у складзе насаджэнняў утварае граб, які нярэдка фарміруе добра развіты другі ярус;
-
хвойныя лясы на верхавых, пераходных і нізінных балотах, пушыстабярозавыя лясы на пераходных балотах;
-
ліставыя лясы ў далінах рэк: чорнаальховыя і ясеневыя лясы, якія растуць у далінах рэк ва ўмовах перыядычнага затаплення або падтаплення паводкавымі водамі, а таксама насаджэнні з дамінаваннем вярбы белай, што растуць у прыруславай і цэнтральнай частках пойм рэк на добра праточных участках ва ўмовах караткапойменнага рэжыму;
-
пойменныя дубровы, лакалізацыя якіх у поймах рэк і іх пародны склад абумоўлены ўзроўнем і працягласцю затаплення, ходам рэчышчавых і поймаўтваральных працэсаў, неаднароднасцю алювіяльнага рэльефу, а найважнейшай асаблівасцю воднага рэжыму з’яўляецца чаргаванне перыядаў затаплення (паводкі) і значнага зніжэння ўзроўню грунтавых вод;
-
хвойнікі лішайнікавыя: монадамінантныя хваёвыя лясы на пясчаных сухіх бедных глебах, на павышаных элементах рэльефу эолавага паходжання (выдмы, узгоркавата-кучавыя формы пяскоў), у надглебавым покрыве якіх пераважаюць лішайнікі і ксерафітныя травы;
-
хваёва-дубовыя лясы: дубовыя лясы ўзростам не менш за 100 гадоў, якія растуць на павышаных участках рэльефу з роўнай і слабахвалістай паверхняй, на супясчаных і сугліністых свежых і вільготных глебах; у складзе дрэвастою пастаянную прымесь складаюць хвоя звычайная і бяроза павіслая;
-
·«астраўныя» ельнікі: яловыя лясы ўзростам старэйшыя за 60 гадоў натуральнага паходжання за паўднёвай мяжой суцэльнага распаўсюджвання елкі;
-
злакавыя дубровы: дубровы узростам старэйшыя за 50 гадоў з развітым травяністым надглебавым покрывам, сфарміраваным пераважна злакамі і асокамі, якія растуць на паніжаных участках рэльефу (у слабапраточных лагчынах і западзінах), што затапляюцца вясной расталымі водамі;
-
лясы ў ярах і на крутых схілах уздоўж рэк і вакол азёр: лясы натуральнага паходжання ў спелых ярах і балках і на стромкіх схілах вакол азёр і ўздоўж рэк, якія звернуты да воднага аб’екта; схілы могуць быць складзены карэннымі пародамі (марэнай, водна-ледавіковымі супесямі і суглінкамі) і алювіем (схілы тэрас).
Паводле ацэнак спецыялістаў, агульная плошча рэдкіх лясных біятопаў на тэрыторыі Беларусі не перавышае 5 % ад лясной плошчы, што ў першую чаргу звязана з інтэнсіўнай гаспадарчай дзейнасцю. Большасць з іх прымеркавана да ААПТ.
Рэспубліка Беларусь выйшла з Бернскай канвенцыі (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 2023 № 262), абавязацельствы па ахове рэдкіх і тыповых біятопаў захоўваюцца і вызначаны ў нацыянальным заканадаўстве.
Лясныя рэсурсы
Для аднаўлення лесу патрабуюцца дзясяткі гадоў, таму беражлівае да яго стаўленне — першая і галоўная ўмова рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў. У залежнасці ад прызначэння і асаблівасцей паходжання лясныя рэсурсы падзяляюць на некалькі груп: рэсурсы драўнянага паходжання (драўніна, драўняная зеляніна, кара); недраўняныя рэсурсы (грыбы, ягады, плады, арэхі, лекавыя расліны, жывіца і інш.); рэсурсы жывёльнага паходжання (лясная фаўна, мёд, рогі, мех і мяса дзікіх капытных і інш.); карысныя функцыі лесу і яго станоўчы ўплыў на прыроднае асяроддзе.
Лясныя драўняныя рэсурсы Беларусі за 25 гадоў істотна павялічыліся (табліца 5). Агульны запас ствалавой драўніны ў насаджэннях да 2020 г. узрос на 738,6 м³, або 67,6 %, у параўнанні да 1994 г., у т. л. павялічыўся запас сярэднеўзроставых насаджэнняў на 247,5 м³, тых, што паспяваюць, — на 319,5 м³, спелых і перастойных — на 221,6 м³. Зменшыўся толькі агульны запас маладнякоў на 108,5 млн м³, прапарцыянальна скарачэнню іх плошчы.
Выраслі і сярэднія запасы дрэвастояў на адзінку плошчы — са 148 да 221 м³/га, або на 49,3 %, а таксама сярэдні ўзрост лясоў — з 44 да 56 гадоў.
Паказчык |
Адзінка вымярэння |
Год |
||||||
1988 |
1994 |
2001 |
2005 |
2010 |
2015 |
2020 |
||
Агульны запас насаджэнняў (АЗН) |
млн м³ |
921,3 |
1 093,2 |
1 339,9 |
1 413,8 |
1 566,1 |
1 714,3 |
1 831,8 |
АЗН да 1994 г. |
% |
84,3 |
100 |
122,6 |
129,3 |
143,3 |
159,2 |
167,6 |
Агульнае сярэдняе змяненне запасу |
млн м³/год |
23,6 |
24,9 |
28,2 |
27,7 |
30,2 |
32,1 |
33,1 |
Сярэдні запас насаджэнняў, |
м3/га |
134 |
148 |
171 |
182 |
196 |
208 |
221 |
у т. л.
спелых і перастойных |
м3/га |
200 |
213 |
220 |
229 |
244 |
256 |
272 |
Сярэдні ўзрост |
гадоў |
39 |
44 |
48 |
51 |
52 |
54 |
56 |
Па матэрыялах Дзяржаўнага ляснога кадастра. |
Агульны запас ствалавой драўніны ў насаджэннях па лесаўтваральных пародах таксама павялічыўся: хвойных на 414,4 млн м³, цвёрдалістых — на 203,9 млн м³, мяккалістых — на 244,6 млн м³. Запас драўнянай сыравіны хмызнякоў паменшыўся на 280,5 тыс. м³.
Попыт на недраўняную прадукцыю лесу (ягады, грыбы, бярозавы сок і г. д.), нягледзячы на насычэнне рынка свежымі грыбамі і ягадамі, якія культывуюцца, стабільна расце. У сувязі з папулярызацыяй здаровага харчавання выкарыстанне дзікаросаў і натуральных прадуктаў, якія «вырашчаны самой прыродай» у натуральных умовах, набывае ўсё большую папулярнасць. Эксперыментальна ўстаноўлена, што рацыянальнае выкарыстанне недраўнянай прадукцыі забяспечваецца пры нарыхтоўках да 50 % біялагічнага ўраджаю.
Аналіз змяненняў біялагічных рэсурсаў недраўнянай сыравіны за апошнія 25 гадоў паказаў на павелічэнне запасаў грыбоў (на 18 тыс. т) і ягад (на 120 тыс. т), што тлумачыцца павелічэннем плошчы прыспяваючых і спелых насаджэнняў.
Нарыхтоўка дзікарослых грыбоў і ягад змяняецца ў залежнасці ад умоў надвор’я. Так, у 2019 г. было нарыхтавана 72,1 т грыбоў, галоўным чынам лісічак, у 1984–1994 гг. у сярэднім штогод нарыхтоўвалася 2,3 т грыбоў. Нарыхтоўка ягад у 2017 г. павялічылася на 177,4 т у параўнанні з 1994 г., хаця год па ўмовах надвор’я быў даволі неспрыяльным на ўраджай чарніц, але добрым на ўраджай журавін (нарыхтавана 156,6 т). Аб’ёмы лекавай сыравіны, якая нарыхтоўваецца, да 2017 г. значна знізіліся.
Выкарыстанне недраўнянай прадукцыі лесу з’яўляецца важнай крыніцай павышэння даходнасці лясной гаспадаркі пры правільнай арганізацыі выкарыстання і аднаўлення гэтых рэсурсаў.
Лясная гаспадарка Беларусі мае вялікія магчымасці для развіцця пчалярства. У 1993 г. у лясах было нарыхтавана 37 т мёду, у 2017 г. — 26 800 т. Такое павелічэнне тлумачыцца нарыхтоўкай на тэрыторыі ляснога фонду мёду юрыдычнымі асобамі па дазвольных дакументах.
Нарыхтоўка бярозавага соку знізілася на 6 786 т, хоць плошча бярэзнікаў за 25 гадоў павялічылася. Гэта тлумачыцца эканамічнымі прычынамі і насычанасцю рынку рознымі сокамі.
У цяперашні час сенакос і пасьба жывёлы ў лесе перасталі адыгрываць такую важную ролю, як у мінулым, бо лясныя сенажаці і пашы малапрадукцыйныя, пагалоўе жывёлы ў насельніцтва паменшылася, а з ім — і попыт на сена.
Па-ранейшаму асноўным відам карыстання ляснымі рэсурсамі застаюцца нарыхтоўкі драўніны. Для Беларусі заўсёды было характэрна ўстойлівае вядзенне лясной гаспадаркі, асноўнымі прынцыпамі якой з’яўляюцца: перавышэнне прыросту драўніны лясоў над яе нарыхтоўкамі; перавага аб’ёмаў высечак прамежкавага карыстання (рубкі догляду, выбарачныя санітарныя рубкі) і іншых высечак над галоўным карыстаннем. У апошнія дзесяцігоддзі доля высечак галоўнага карыстання ў агульным аб’ёме нарыхтовак драўніны ўстойліва зніжалася: у канцы 1980‑х — пачатку 1990‑х гг. іх доля складала 54–55 % агульнага аб’ёму нарыхтовак, пасля 2011 г. — 29–40 %.
Агульны аб’ём нарыхтоўкі драўніны павялічыўся больш як у 2 разы: з 9 890 тыс. м³ у 1994 г. да 26 996,4 тыс. м³ у 2019 г. Гэта забяспечвала не толькі поўнае задавальненне патрэб эканомікі краіны ў драўніне, але і дазваляла экспартаваць значныя аб’ёмы лесаматэрыялаў у краіны блізкага і далёкага замежжа.
Прыкметна ўзраслі аб’ёмы высечак, перш за ўсё высечак догляду лясоў. Зніжэнне маштабаў высечак у 2009–2010 гг. было звязана з сусветным эканамічным крызісам, які выклікаў рэзкае памяншэнне попыту на сыравінныя рэсурсы, у т. л. драўніну. Павелічэнне аб’ёмаў высечак у 2007–2008 і 2011–2013 гг. было абумоўлена неабходнасцю ліквідацыі наступстваў масавага ўсыхання яловых лясоў з-за размнажэння шкоднікаў лесу, а таксама маштабных ураганаў. Рэзкі рост нарыхтовак у 2018 г., які працягваўся і ў 2019 г., выкліканы масавым усыханнем хваёвых насаджэнняў у выніку ўспышкі размнажэння вяршыннага і шасцізубчастага караедаў.
Найважнейшай часткай дзейнасці лясной гаспадаркі з’яўляецца лесаразвядзенне на раней нелясных плошчах, а таксама лесааднаўленне на лесасеках і ўчастках насаджэнняў, якія загінулі па тых або іншых прычынах. Пры гэтым лесаразвядзенне ажыццяўляецца заўсёды штучна шляхам стварэння лясных культур, а лесааднаўленне — штучнымі метадамі і натуральнымі (шляхам натуральнага аднаўлення лясоў, у т. л. з ужываннем мер садзейнічання аднаўленню лесаўтваральных дрэвавых парод). Пік работ па стварэнні новых лясоў прыпаў на 2000‑я гг., калі ў склад ляснога фонду былі перададзены значныя плошчы малапрадуктыўных і драбнаконтурных сельскагаспадарчых зямель, выкарыстанне якіх для вырошчвання сельскагаспадарчай прадукцыі стала эканамічна нявыгадным. У апошняе дзесяцігоддзе ствараецца ў сярэднім па 30–38 тыс. га новых лясоў у год. Хаця пры фарміраванні новых насаджэнняў асноўны ўпор лесаводы па-ранейшаму робяць на хвойныя пароды. Важнейшым правілам стала іх стварэнне змяшанымі па складзе (з 2–3 парод), тады як яшчэ нядаўна дамінавалі монакультуры (як правіла, хвоі ці елі).