Флора і расліннасць

Асноўныя пагрозы разнастайнасці расліннага свету

Дата стварэння: 04.09.2025 10:04:23

Дата змены: 04.09.2025 11:48:43


Характар і ступень змены флоры і расліннасці вызначаюцца комплексам вонкавых уздзеянняў прыроднага і антрапагеннага паходжання. Асноўнымі фактарамі сярод іх з’яўляюцца: змяненне клімату (прывяло ў апошнія тры дзесяцігоддзі да ўзмацнення і ўчашчэння засушлівых з’яў, павышэння тэмпературы амаль усіх месяцаў года на 1,2–1,5 °C), радыкальнае змяненне характару землекарыстання на значных тэрыторыях краіны (абумоўлена скарачэннем плошчы сельскагаспадарчых зямель, пераходам сельскага насельніцтва ў гарады), пераарыентацыя на пераважна стойлавае ўтрыманне сельскагаспадарчых жывёл і нарыхтоўку кармоў на асушаных тарфяніках, а таксама наступствы забруджвання велізарных плошчаў радыенуклідамі Чарнобыльскай АЭС. Да ліку найважнейшых фактараў негатыўнага ўздзеяння на прыродную флору і расліннасць варта аднесці і наступствы маштабнага асушэння балот у 1950–80‑х гг., а таксама масавае пранікненне на тэрыторыю краіны чужародных арганізмаў (жывёл, раслін, мікраарганізмаў), сярод якіх нямала шкодных. Уздзеянне тэхнагеннага забруджвання на стан экасістэм і папуляцый жывых арганізмаў, якое было сур’ёзнай пагрозай для іх існавання ў 1970–80‑я гг., адышло на другі план. Эканамічны крызіс 1990‑х гг., а затым маштабнае прымяненне інавацыйных, пераважна чыстых, тэхналогій у прамысловасці прывялі да памяншэння паступлення забруджвальных рэчываў у навакольнае асяроддзе і скарачэння выкарыстання мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў у сельскай гаспадарцы.

Фактары негатыўнага ўздзеяння на прыроду выяўляюцца ў розных формах: гібель дрэвастояў лясоў, у т. л. ад пажараў, уздзеянні шкоднікаў і хвароб, ураганных вятроў, змены воднага рэжыму тэрыторый і іншых прычын; выцясненне абарыгенных відаў у выніку масавага распаўсюджвання інвазійных (чужародных шкодных) раслін; страта многіх відаў раслін і жывёл, характэрных для лугоў і адкрытых балот, у выніку іх зарастання бур’яністым буйнатраўем і дрэвава-хмызняковай расліннасцю; лакальная дэградацыя прыроднай расліннасці ў месцах інтэнсіўнай урбанізацыі, рэкрэацыі, развіцці транспартнай і прамысловай інфраструктуры.


Гібель лясоў. Лясныя пажары і барацьба з імі


Маштабы гібелі лясоў у значнай меры вызначаюцца цыклічнасцю пагодна-кліматычных умоў, перш за ўсё засушлівых з’яў, уздзеяннем на лясы ўраганаў і шквалаў, а таксама пажараў.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў на тэрыторыі Беларусі паніжэнне біялагічнай устойлівасці лясоў і іх усыханне абумоўлена абіятычнымі (павышэнне сярэднясутачнай тэмпературы паветра, зніжэнне колькасці атмасферных ападкаў і ўзроўню грунтавых вод у вегетацыйны перыяд, павелічэнне плошчы ветравальна-бураломных насаджэнняў), біятычнымі (наяўнасць хранічных ачагоў грыбных хвароб, цыклічныя ўспышкі насякомых-шкоднікаў, з’яўленне агрэсіўных відаў і гібрыдаў патагенаў і шкоднікаў) і антрапагеннымі (несвоечасовае правядзенне санітарна-аздараўленчых і лесаахоўных мерапрыемстваў, стварэнне лясных монакультур, парушэнне функцыянавання гідралесамеліярацыйнай сеткі) фактарамі.

Найважнейшай прычынай зніжэння біялагічнай устойлівасці, пашкоджання і гібелі лясоў з’яўляецца ўздзеянне на іх неспрыяльных умоў надвор’я. Астатнія прычыны (пашкоджанне лясоў хваробамі, ліста- і іглічнагрызучымі насякомымі, дзікімі жывёламі, а таксама антрапагенныя фактары) не з’яўляюцца вызначальнымі, аднак наносяць лясам істотную шкоду.

Найбольшая шкода хвойным лясам нанесена ў выніку масавага размнажэння караеда-тыпографа пасля шэрага засушлівых перыядаў (1996–1998, 2001–2005, 2011–2013, 2017–2018, 2022–2024 гг.), што прывяло да гібелі значнай плошчы ельнікаў, а на працягу 2016–2020 гг. — хваёвых насаджэнняў.

На тэрыторыі Беларусі прыродная пажарная небяспека лясоў вызначаецца іх піралагічнай характарыстыкай. У сілу сваёй пароднай і ўзроставай структуры і моцнага антрапагеннага ўздзеяння лясы з’яўляюцца патэнцыйна пажаранебяспечнымі. У лясным фондзе краіны 63,2 % плошчы лясоў аднесены да найбольш высокіх класаў (I—III) пажарнай небяспекі. У найбольшай ступені пажаранебяспечнымі з’яўляюцца лясы Гомельскай і Гродзенскай абласцей.

Пажары з мноства прыродных і антрапагенных фактараў аказваюць найбольш моцны негатыўны ўплыў на рэсурсны і экалагічны патэнцыял лясоў, прычыняюць у асобныя экстрэмальна засушлівыя гады значную матэрыяльную і экалагічную шкоду. Наступствамі пажараў з’яўляюцца трансфармацыя лясных ландшафтаў, зніжэнне прадукцыйнасці, якаснага складу, экалагічных і сацыяльных функцый лясоў.

Пад уздзеяннем пірагеннага фактару пажараў у лясных фітацэнозах утвараюцца гары і гаральнікі — плошчы, адпаведна, з поўнасцю або часткова загінуўшым дрэвастоем, якія патрабуюць правядзення першачарговых мерапрыемстваў па іх пасляпажарнай дыягностыцы, лесааднаўленні і зніжэнні негатыўных наступстваў пажараў. У забруджаных радыенуклідамі лясах (15,4 % плошчы ляснога фонду) пажары і іх наступствы могуць стаць крыніцай другаснага забруджвання сумежных тэрыторый і пагоршыць экалагічны стан шырокіх рэгіёнаў, што з’яўляецца важнай праблемай.

У лясным фондзе Беларусі на працягу 1959–2023 гг. Адбылося 140,4 тыс. выпадкаў лясных пажараў і ўзгаранняў на агульнай плошчы

230,3 тыс. га (рыс. 1). Сярэдняя плошча аднаго пажару склала 1,6 га, пры сярэднегадавым мінімуме 0,16 га і максімуме — 13,9 га. На працягу кожнага дзесяцігоддзя назіралася 2–3 максімумы колькасці выпадкаў пажараў і пройдзенай імі плошчы. Нізавыя пажары склалі 87,2 %, верхавыя — 11,3 %, глебавыя — 1,5 % ад агульнай плошчы лясных пажараў.

Рыс. 1. Дынаміка пажараў у лясным фондзе Рэспублікі Беларусь у 1959–2023 гг.
Рыс. 1. Дынаміка пажараў у лясным фондзе Рэспублікі Беларусь у 1959–2023 гг.

Асноўная прычына ўзнікнення лясных пажараў — антрапагенны фактар, у т. л. да 10 % выпадкаў — сельскагаспадарчыя выпальванні. Нязначная колькасць выпадкаў (да 1 %) узнікнення лясных пажараў на тэрыторыі краіны абумоўлена натуральнымі крыніцамі ўзгарання (навальнічнымі разрадамі), а таксама трансгранічнымі пажарамі. Максімальную матэрыяльную шкоду (0,5–9,4 млн долараў ЗША) лясныя пажары прычынілі ў экстрэмальныя па метэаралагічных умовах гады.

Арганізацыю і вядзенне работ па ахове лясоў ад пажараў на рэспубліканскім і тэрытарыяльным узроўнях ажыццяўляюць спецыяльна ўпаўнаважаны рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў галіне выкарыстання, аховы, абароны і ўзнаўлення лясоў (Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь), яго адпаведныя структурныя падраздзяленні, а таксама юрыдычныя асобы. Супрацьпажарнае ўладкаванне ляснога фонду выконваецца дыферэнцыравана для тэрыторыі трох лесапажарных паясоў, выдзеленых на аснове лесапажарнага раяніравання Беларусі, што дае магчымасць аптымізаваць фінансавыя і працоўныя затраты на яго правядзенне.

Сучасная комплексная сістэма выяўлення лясных пажараў заснавана на прымяненні дыстанцыйных сродкаў відэаназірання, у т. л. аўтаматызаванай сістэмы сачэння і ранняга выяўлення лясных пажараў, авіяцыйнага, аэракасмічнага і наземнага маніторынгу і дае магчымасць аператыўна выяўляць больш як 80 % ачагоў узгаранняў з плошчай да 0,1 га. Асноўным метадам выяўлення пажараў на ўсёй плошчы ляснога фонду з’яўляецца дыстанцыйны відэаманіторынг.

Эфектыўнасць работы лесапажарных службаў у значнай ступені вызначаецца іх аснашчанасцю спецыяльнымі сродкамі пажаратушэння, транспарту і сувязі, ад якіх залежаць працягласць тушэння пажару і яго плошча да моманту лакалізацыі. Асноўныя падраздзяленні лесапажарных службаў у краіне — пажарна-хімічныя станцыі розных тыпаў і пункты супрацьпажарнага інвентару, функцыянаванне якіх ажыццяўляецца ў адпаведнасці са Спецыфічнымі патрабаваннямі па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў лясах. Лесапажарныя службы і дзяржаўная лясная ахова аснашчаны сучаснымі высокаэфектыўнымі сродкамі пажаратушэння, транспарту і сувязі, што дае магчымасць аператыўна ліквідаваць узгаранні на тэрыторыі ляснога фонду.

Сучасны ўзровень аховы лясоў ад пажараў на тэрыторыі Беларусі дае магчымасць максімальна забяспечваць іх захаванасць і біялагічную ўстойлівасць, якасны склад ляснога фонду, а таксама мінімізацыю прычыненага пірагенным фактарам матэрыяльнага і экалагічнага ўрону.


Дэградацыя прыродных лугоў


Змяненне характару кормавытворчасці, яе перадыслакацыя на палепшаныя сеяныя лугі, часта на меліяраваных землях, а таксама скарачэнне сельскага насельніцтва, якое суправаджаецца рэзкім памяншэннем пагалоўя жывёлы ў прыватным валоданні, прывялі да радыкальнай змены характару выкарыстання натуральных лугоў.

Адбываецца маштабнае зарастанне лугоў дрэвава-хмызняковай расліннасцю. Прычынай гэтага ў большай ступені з’яўляецца парушэнне рэжыму або спыненне гаспадарчага выкарыстання ўгоддзяў — касьбы і выпасу жывёлы, асабліва на драбнаконтурных участках і ў далінах рэк. Толькі за 2011–2015 гг. дрэвава-хмызняковая расліннасць распаўсюдзілася на 230,2 тыс. га, або 29,9 % агульнай плошчы лугоў.

Зніжэнне інтэнсіўнасці або зняцце сенакосна-пашавага рэжыму і адсутнасць агратэхнічных мерапрыемстваў па паляпшэнні натуральных кармавых угоддзяў прыводзіць да разрастання буйнатраўя на лугах і экспансіі ў складзе травастояў пустазельных раслін — бадзякоў, палыну, маркоўніка ляснога і г. д., у т. л. інвазійных відаў (баршчэўніка Сасноўскага, сумніка канадскага, эхінацысціса, лубіну мнагалістага, купалкі канадскай і інш.). Пры гэтым шырокае распаўсюджванне атрымлівае малаядомае для сельскагаспадарчых жывёл буйнатраўе (вятроўнік, бадзякі, маркоўнік лясны, палын звычайны, шчаўе конскае і інш.), зніжаецца ўдзел у травастоі каштоўных у кармавых адносінах бабовых (канюшыны лугавой і паўзучай, чыны, гарошка мышынага і інш.) і злакавых (метлюжкоў, аўсяніцы лугавой і чырвонай, лісахвоста лугавога, мятліцы гіганцкай і інш.) раслін.

Змяняецца аграбатанічны склад і прадукцыйнасць травяных згуртаванняў. Стала прыкметнай тэндэнцыя спаду прадукцыйнасці травастояў сухадольных і пойменных лугоў (месцамі да 50 % і больш), што выклікана пастаянным вынасам надземнай фітамасы (у выніку выпасу жывёлы і касьбы), збядненнем глебы і недахопам належных кампенсацыйных мер (унясення мінеральных і арганічных угнаенняў). На сухадолах, якія не выкарыстоўваюцца ці слаба выкарыстоўваюцца, і ў далінах малых рэк, наадварот, назіраецца рост прадукцыйнасці травастояў (у сярэднім за год на 6,9 %) за кошт іх зарастання пустазеллем.

Усе гэтыя фактары прыводзяць да пагаршэння кармавых вартасцей травастояў. У травастоях назіраецца памяншэнне (да поўнага выпадзення) прысутнасці каштоўных бабовых траў (канюшыны, люцэрн, гарошкаў, чыны балотнай і лугавой і інш.), злакаў (аўсянічніка лугавога, аўсяніцы чырвонай, мятліцы вінаграднікавай і гіганцкай, танканога Дэлявіня і інш.), нізавога разнатраўя і асок. У цяперашні час на прыродных лугах пераважаюць травастоі здавальняючай кармавой каштоўнасці (III клас). Дэградаваны і ўсё радзей сустракаюцца першакласныя сапраўдналугавыя, астэпаваныя, часткова сыралугавыя і балоцістыя згуртаванні.

На раней меліяраваных (дрэніраваных) нізінных лугах (галоўным чынам пашах) з мінеральнымі і слаба атарфаванымі глебамі (Палеская, Нёманская, Полацкая, Вілейская нізіны і Нарачанская раўніна, даліны Пцічы, Свіслачы і іншых рэк) фарміруюцца малакаштоўныя ў кармавых адносінах травастоі з дамінаваннем сітніка разложыстага, скучанага і ніткападобнага, вострыцы дзірваністай, казяльца паўзучага, лазаніцы звычайнай і іншых відаў.

Няўхільна скарачаецца ўдзел аж да поўнага выпадзення з травастою характэрных для лугоў рэдкіх (у т. л. ахоўных) відаў — асакі балоталюбівай, Буксбаўма, Дэвела, птушканожкавай і інш.; граздоўніка простага, рамонкалістага і многараздзельнага, касача сібірскага, шпажніка чарапіцавага і інш. Нарастае пагроза існаванню рэдкіх, унікальных і гаспадарча каштоўных травяных згуртаванняў: змяінадрасёнавых, падвейнааўсяцовых, дрыжнікавых, палескааўсяніцавых, сярэднеканюшынных, раннеасаковых, цёмнацімафееўкавых і інш.


Інвазіі чужародных відаў раслін


З 2‑й паловы XX ст. адной з сур’ёзных праблем многіх краін свету стала ўкараненне на іх тэрыторыі і шырокае распаўсюджванне чужародных шкодных (інвазійных) відаў раслін і жывёл — відаў, якія знаходзяцца па-за межамі іх натуральных арэалаў, якія ўтвараюць жыццяздольныя папуляцыі ў стане натуральнай свабоды, распаўсюджванне і колькасць якіх ствараюць пагрозу біялагічнай разнастайнасці.

Агрэсіўныя інвазійныя віды выцясняюць абарыгенныя з месцаў іх пасялення, негатыўна ўплываючы як на самі гэтыя віды, так і навакольнае асяроддзе. Асобныя віды інвазійных раслін могуць быць небяспечныя для здароўя чалавека, іншыя прычыняюць прамую эканамічную шкоду, ствараючы пагрозу для сельскай і лясной гаспадаркі, вадаёмаў, зон адпачынку і г. д.

З больш чым 4 тыс. таксонаў сасудзістых раслін, што зафіксаваны ў флоры Беларусі, больш за 60 % з’яўляюцца адвентыўнымі, якія праніклі сюды рознымі спосабамі ў розныя гістарычныя перыяды. Не ўсе адвентыўныя віды раслін з’яўляюцца інвазійнымі, не ўсе паводзяць сябе агрэсіўна ў адносінах да абарыгеннага кампанента флоры.

Чужародныя інвазійныя віды, калі ўступаюць у кантакт з папуляцыямі абарыгенных відаў раслін, пераўтвараюць структуру цэнозаў; іх з’яўленне мае глабальныя экалагічныя, эканамічныя і сацыяльныя наступствы.

На тэрыторыі Беларусі на фоне глабальнай змены клімату адзначаецца істотнае павелічэнне колькасці папуляцый інвазійных відаў, якія з кожным годам адыгрываюць усё большую ролю ў фарміраванні расліннага покрыва Беларусі, іх уплыў на абарыгенных прадстаўнікоў флоры становіцца ўсё больш відавочным. Не менш небяспечныя яны і для гаспадарчай дзейнасці чалавека. Некаторыя з’яўляюцца злосным пустазеллем, з якім часам складана змагацца, іншыя выклікаюць фотахімічныя апёкі і алергічныя рэакцыі, істотна зніжаюць якасць кармавых угоддзяў, рэкрэацыйныя магчымасці прыродных тэрыторый і г. д.

Толькі з сярэдзіны XX ст. на тэрыторыю Беларусі пранікла звыш 300 чужародных відаў раслін. Значная іх частка патрапіла ў выніку завозу ў якасці аб’ектаў азелянення ці кармавых раслін. Шэраг відаў трапляе ў краіну ў выніку распаўсюджвання па транспартных шляхах з грузамі і рухомым саставам. Іх замацаванню на тэрыторыі Беларусі садзейнічаюць многія прычыны, у т. л. і змяненне клімату, якое назіраецца з 1990‑х гг. і звязана са значным павышэннем сярэднегадавых тэмператур. Даследаванні папярэдніх гадоў дазволілі скласці спіс інвазійных і патэнцыйна інвазійных відаў, які ўключае каля 330 таксонаў. Каля 30 з іх паводзяць сябе вельмі агрэсіўна і іх можна назваць відамі-трансформерамі, што пераўтвараюць структуру раслінных згуртаванняў.

Асноўная колькасць патэнцыйна інвазійных відаў раслін трапіла ў Беларусь з розных рэгіёнаў Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, таму асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць адвентыўным раслінам менавіта з гэтых рэгіёнаў пры іх першай рэгістрацыі ў флоры рэспублікі. Гэта дасць магчымасць мінімізаваць урон ад працэсу іх укаранення і замацавання. Асобую ўвагу варта надаваць зноў інтрадуцыраваным раслінам, якія паходзяць з гэтых жа рэгіёнаў. Яны павінны праходзіць працяглыя інтрадукцыйныя выпрабаванні ў батанічных садах, дзе павінны быць пад пільным наглядам за іх агрэсіўнымі ўласцівасцямі, і толькі пры адсутнасці такіх могуць быць рэкамендаваны для шырокага вырошчвання ва ўмовах рэспублікі. Стыхійная інтрадукцыя раслін насельніцтвам вельмі непажаданая.

Барацьба з інвазійнымі раслінамі з’яўляецца вельмі цяжкай задачай. У сусветнай практыцы не існуе вычарпальнага ўніверсальнага пераліку мерапрыемстваў па барацьбе з інвазійнымі раслінамі. Да кожнага віду патрабуецца індывідуальны падыход. Для многіх відаў неабходна ўвядзенне строгай забароны на іх вырошчванне. У пастанове Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 2016 г. № 35 дадзены пералік раслін, забароненых да інтрадукцыі і (або) акліматызацыі. У цяперашні час забаронены да вырошчвання і продажу ў Беларусі баршчэўнік Мантэгацы і Сасноўскага, сумнік гіганцкі і канадскі, клён ясенелісты, рабінія псеўдаакацыя, эхінацысціс, мак снатворны, каноплі пасяўныя. Уладальнікі зямельных участкаў абавязаны не дапускаць вырастання такіх раслін на сваіх землях.

Эфектыўнымі мерамі барацьбы могуць быць тлумачальная работа сярод насельніцтва, рэкламныя ролікі, публікацыі ў друку, выступленні па тэлебачанні і на радыё аб забароне вырошчвання і барацьбе з інвазійнымі раслінамі. Варта строга выконваць забарону на выкіданне раслінных рэшткаў з прысядзібных і дачных участкаў на сумежныя тэрыторыі. Часта пусткі і абложныя землі паблізу паселішч з’яўляюцца крыніцай хуткага рассялення чужародных раслін.

Фактары, якія спрыяюць распаўсюджванню інвазійных відаў раслін, — наяўнасць зямель (пустак, абложных і да т. п.), якія не выкарыстоўваюцца, асушэнне тэрыторыі, дэградацыя прыроднай расліннасці ў выніку антрапагеннага ўздзеяння, культываванне інвазійных раслін.

Планамернае вывучэнне распаўсюджвання відаў інвазійных раслін і карціраванне месцаў іх росту на тэрыторыі Беларусі пачата ў 2008 г. Адначасова ў 2008–2016 гг. прыняты шэраг нарматыўных актаў, накіраваных на барацьбу з інвазійнымі раслінамі і абмежаванне іх распаўсюджвання. У гэтыя ж гады распрацаваны і рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па абмежаванні распаўсюджвання асабліва небяспечных інвазійных раслін і мінімізацыі шкоды ад іх экспансіі.

Улік і збор інфармацыі аб распаўсюджванні інвазійных відаў раслін праводзіцца ў рамках вядзення Дзяржаўнага кадастру расліннага свету Рэспублікі Беларусь. Для кожнага выяўленага інвазійнага віду ацэньваюць плошчу распаўсюджвання на тэрыторыі адміністрацыйнага раёна, сустракаемасць, ступень пагрозы, распрацоўваюцца рэкамендацыі па прадухіленні пагрозы распаўсюджвання.

У рамках Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў краіне выконваецца праграма маніторынгу інвазійных відаў раслін, якая прызначана для забеспячэння дзяржаўных органаў і зацікаўленых юрыдычных асоб дакладнай і своечасовай інфармацыяй аб стане папуляцый гэтых відаў раслін, неабходнай для прыняцця аператыўных кіраўніцкіх рашэнняў па зніжэнні іх небяспекі для насельніцтва і прыродных комплексаў, распрацоўкі мерапрыемстваў, якія перашкаджаюць іх распаўсюджванню.

У кнізе «Растения-агрессоры. Инвазионные виды на территории Беларуси» (2017) прыведзены звесткі аб 46 відах інвазійных раслін на тэрыторыі краіны. У выданні «Чёрная книга флоры Беларуси: чужеродные вредоносные растения» (2020) абагулены звесткі аб 52 найбольш шкодных сасудзістых раслінах. Пералік патэнцыйна інвазійных раслін у флоры Беларусі налічвае 273 віды.

У Дзяржаўным кадастры расліннага свету Рэспублікі Беларусь зарэгістраваны звесткі пра 49,2 тыс. папуляцый чужародных раслін, якія растуць на агульнай плошчы 64 370 га.

Найбольш небяспечнымі інвазійнымі відамі раслін на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца: гіганцкія баршчэўнікі (Сасноўскага і Мантэгацы), сумнік канадскі і гіганцкі, эхінацысціс, клён ясенелісты і рабінія псеўдаакацыя. Асабліва небяспечнай чужароднай раслінай, якая прадстаўляе сур’ёзную пагрозу здароўю чалавека, з’яўляецца амброзія палыналістая. Пералічаныя віды раслін зарэгістраваны больш як у 12,1 тыс. папуляцый і займаюць звыш 3,5 тыс. га зямель.

Адным з самых распаўсюджаных сярод інвазійных відаў на тэрыторыі Беларусі па колькасці зарэгістраваных месцаў росту (3 275) і займаемай плошчы (2 059 га) з’яўляецца баршчэўнік Сасноўскага. Найбольш буйныя яго папуляцыі зарэгістраваны ў Браслаўскім, Ушацкім і Віцебскім раёнах, дзе на асобных участках ён займае да 100 га. Буйны цэнтр яго распаўсюджвання выяўлены на Мінскім узвышшы, аднак, дзякуючы распрацаваным рэкамендацыям і рэалізаваным мерапрыемствам яго плошчы (асабліва ў Мінску) за апошнія 5 гадоў скараціліся ў 4 разы. У больш паўднёвых рэгіёнах баршчэўнік не ўтварае буйных папуляцый, на Палессі яго плошчы ў цэлым нязначныя.

Паўночнаамерыканскія віды залатарніка, што актыўна распаўсюджваюцца з 2‑й паловы XX ст. на тэрыторыі Беларусі, таксама прадстаўлены комплексам відаў, у якім пераважае сумнік канадскі. У Дзяржаўным кадастры расліннага свету Рэспублікі Беларусь зарэгістравана больш за 1,9 тыс. папуляцый чужародных залатарнікаў на агульнай плошчы 484 га. Гэтыя даныя трэба разглядаць як папярэднія. Найбольш шырока распаўсюджаны інвазійныя залатарнікі ў цэнтральным рэгіёне, дзе іх асноўны арэал рассялення прыпадае на Мінскае ўзвышша. Плошчы асобных папуляцый гэтых раслін дасягаюць тут 15–20 га. Толькі ў Мінску гэтым відам занята больш за 200 га зямель.

Маніторынгавыя назіранні паказваюць, што ў апошнія гады хуткасць рассялення гіганцкіх баршчэўнікаў на тэрыторыі краіны ў асобных рэгіёнах прыкметна знізілася, але ў цяперашні час усё яшчэ даволі высокая.

Эхінацысціс лопасцевы ўпершыню пачаў прымяняцца ў пачатку 1980‑х гг. для азелянення. Да гэтага часу на тэрыторыі краіны ў натуральных месцах росту зарэгістравана каля 1,3 тыс. яго папуляцый, што распаўсюджаны на агульнай плошчы больш за 132 га. З-за сваіх экалагічных і біялагічных асаблівасцей найбольш шырокае распаўсюджванне ён атрымаў паблізу вадацёкаў ва ўсходняй частцы краіны — у поймах рэк басейнаў Бярэзіны, Дняпра і Прыпяці. Толькі на тэрыторыі Гомельскай вобласці гэтай раслінай занята больш за 50 га. Найбольш буйная папуляцыя (плошчай 17 га) выяўлена ў пойме Прыпяці каля аграгарадка Ляскавічы (Петрыкаўскі раён). У апошнія гады адзначаецца актыўнае прасоўванне гэтага віду ў пойме ракі Нёман. Распаўсюджванне насення эхінацысціса лопасцевага з паводкавымі водамі ў поймах рэк фарміруе першасныя папуляцыі, якія па меры пашырэння плошчы пачынаюць радыяльную экспансію. Прыкметную ролю ў распаўсюджванні адыгрывае культываванне эхінацысціса на дачных і прысядзібных участках. Хоць сумарная плошча гэтага віду ў Беларусі пакуль адносна невялікая, хуткасць яго рассялення (асабліва ў поймах рэк) максімальная сярод інвазійных відаў. Аналіз ландшафтнага размеркавання эхінацысцісу паказвае, што экспансія дадзенай інвазійнай расліны атрымае развіццё па ўсёй тэрыторыі краіны.

Клён ясенелісты — дрэвавая расліна паўночнаамерыканскага паходжання, якая шырока выкарыстоўвалася ў XX ст. для азелянення і стварэння ахоўных пасадак. Даволі актыўна пачаў укараняцца ў прыроднае асяроддзе, утвараючы месцамі папуляцыі значнай плошчы. У пачатку XXI ст. у натуральных месцах росту на тэрыторыі Беларусі зарэгістравана 4,1 тыс. асобных папуляцый, якія займаюць у цэлым больш за 336 га зямель.

Клён ясенелісты прадстаўлены асобнымі папуляцыямі ўздоўж аўтамабільных і чыгуначных дарог, у поймах рэк, на пустэчных землях, па перыферыі звалак, на ўзлесках, а таксама на тэрыторыі населеных пунктаў (у т. л. адселеных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС). Трэць зарэгістраваных папуляцый гэтага віду прыпадае на цэнтральную Беларусь, 22 % — на паўднёва-ўсходні рэгіён. На захадзе Беларусі гэты від сустракаецца радзей.

Рабінія псеўдаакацыя (белая акацыя) у Беларусі вядома з канца XVIII ст. Гэтае эфектнае і меданоснае дрэва вырошчвалася пераважна на поўдні краіны, паколькі пашкоджваецца маразамі. Найбольш шырока культывавалася ў XX ст. у населеных пунктах і ўздоўж дарог у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Калі рабінія выйшла за межы гэтых тэрыторый, яна натуралізавалася на пустэчах, па берагах рэк, на сельскіх могілках і ў іншых месцах. Добра і хутка расце на пясках, супесках і лёгкіх суглінках. На Палессі яна шырока ўкаранілася ў хваёвыя і змешаныя лясы, утвараючы густы падлесак і нават чыстыя насаджэнні.

У прыродных умовах зарэгістравана больш за 1,5 тыс. папуляцый гэтага віду, якія займаюць 486 га. Па тэрыторыі краіны распаўсюджана вельмі нераўнамерна, пераважна ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, дзе зарэгістравана больш за 1 030 месцаў яе росту, што ў цэлым складае 65 % ад усіх вядомых па краіне. Нярэдка сустракаецца і ў Мінскай вобласці, дзе выяўлена каля 300 месцаў яе росту.

Асноўную пагрозу развіцця інвазіі ў паўночным і цэнтральным рэгіёнах Беларусі ў найбліжэйшай будучыні будуць уяўляць, перш за ўсё, гіганцкія баршчэўнікі. Экспансію эхінацысціса лопасцевага і рабініі псеўдаакацыі варта чакаць з рэгіёна Прыпяцкага Палесся, а таксама асобных усходніх рэгіёнаў краіны. Асноўную пагрозу распаўсюджвання сумніку трэба чакаць у цэнтральнай частцы Беларусі.

Пералічаныя найбольш агрэсіўныя інвазійныя расліны далёка не вычэрпваюць праблему інвазій чужародных відаў. Напрыклад, толькі на адной плантацыі журавін буйнаплодных у Беларусі, куды завозіўся пасадачны матэрыял з Паўночнай Амерыкі, спецыялістамі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі было выяўлена больш за 20 відаў пустазельных раслін паўночнаамерыканскага паходжання, якія аказаліся новымі не толькі для рэспублікі, але многія з іх упершыню адзначаны ў флоры Еўропы.