Расліннасць. Геабатанічнае раяніраванне Беларусі

Флора і расліннасць

Расліннасць. Геабатанічнае раяніраванне Беларусі

Дата стварэння: 03.09.2025 15:44:09

Дата змены: 23.09.2025 17:21:14


Страуснік звычайны

Страуснік звычайны

Відомец балотны

Відомец балотны

Яснотка плямістая

Яснотка плямістая

Геаграфічнае становішча, кліматычныя і глебава-грунтавыя ўмовы Беларусі, а таксама інтэнсіўнасць антрапагеннага ўздзеяння ў многім вызначаюць не толькі фларыстычную насычанасць, але і фітацэнатычны склад і структуру сучаснага прыроднага расліннага покрыва краіны. Знаходзячыся ў заходняй частцы Усходне-Еўрапейскай (Рускай) раўніны на стыку дзвюх буйных батаніка-геаграфічных структур — Еўразійскай таежнай (хвойна-лясной) і Еўрапейскай немаральнай (шырокаліста-лясной) зон, тэрыторыя Беларусі з’яўляецца натуральнай арэнай узаемнага пранікнення і змяшэння элементаў барэальнай і немаральнай расліннасці. Заканамернасці фарміравання сучаснага расліннага покрыва краіны адлюстраваны ў яе геабатанічным раяніраванні (рыс.1).

Рыс. 1. Геабатанічнае раяніраванне Беларусі
Рыс. 1. Геабатанічнае раяніраванне Беларусі

Паводле даных аб структуры зямельных угоддзяў краіны (Рэестр зямельных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь, 2020) наземная прыродная расліннасць займае плошчу 13,54 млн га, або 65,2 % тэрыторыі. Сучаснае расліннае покрыва прадстаўлена складаным спалучэннем лясных, дрэвава-хмызняковых, лугавых, балотных і водных раслінных згуртаванняў — фітацэнозаў. У яго структуры лясная і дрэвава-хмызняковая расліннасць займае 72,9 % агульнай плошчы, лугавая — 19,9, балотная — 5,9, водная — 3,4 %. У параўнанні з 1990 г. плошча зямель прыроднай і блізкай да яе расліннасці (палепшаныя лугі, лясныя культуры, высечкі і г. д.) вырасла на 13,2 %, пры гэтым павялічылася на 1 582,2 тыс. га і склала 13 543,4 тыс. га. Разам з тым за гэты перыяд плошча лугавых і балотных угоддзяў скарацілася на 589,3 і 147,8 тыс. га, або 18,7 і 15,6 % адпаведна.