Флора і расліннасць

Лішайнікі

Дата стварэння: 03.09.2025 15:29:02

Дата змены: 04.09.2025 16:34:32


Лішайнікі — гэта група жывых арганізмаў, якія ўтвораны ўстойлівым сімбіёзам грыба і водарасці. Водарасці могуць быць зялёнымі або сіне-зялёнымі (цыянабактэрыі). Традыцыя разглядаць лішайнікі як асобны аб’ект, які вывучаецца самастойным навуковым напрамкам (ліхеналогіяй), захоўваецца ўжо на працягу больш чым двух стагоддзяў. З сярэдзіны XIX ст. лішайнікі адносяць да царства грыбоў у якасці яго ліхенізаваных прадстаўнікоў. У свеце вядома прыкладна 20 тыс. відаў лішайнікаў, якія адносяць больш як да 1 тыс. родаў. У калекцыі лішайнікаў Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі змяшчаецца каля 2,2 тыс. відаў лішайнікаў і блізкароднасных ім грыбоў (каля 11 % ад агульнага відавога складу ў свеце).

Флора лішайнікаў (ліхенізаваных грыбоў) Беларусі налічвае 631 від, 55 з якіх уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (2015), прычым 25 відаў уключаны ў Чырвоную кнігу з прысваеннем нацыянальнай і міжнароднай катэгорый аховы, а 30 відаў — у спіс прафілактычнай аховы.

Ліхенабіёта Беларусі прадстаўлена двума аддзеламі Ascomycota і Basidiomycota. Увесь відавы склад лішайнікаў і блізкароднасных грыбоў адносіцца да 39 парадкаў, 84 сямействаў, 239 родаў і 749 відаў, з якіх 661 від ліхенізаваных грыбоў (лішайнікаў), а таксама сістэматычна блізкіх неліхенізаваных — 68 ліхенафільных і 20 сапратрофных грыбоў. Найбольшай колькасцю відаў прадстаўлены наступныя роды: Arthoma, Bacidia, Chaenotheca, Cladonia, Lecanora.

Лішайнікі выкарыстоўваюцца ў якасці кармавой базы для жывёл, сыравіны для вытворчасці лекавых прэпаратаў, харчовых дабавак, у парфумернай вытворчасці. Выключная роля лішайнікаў як індыкатараў чысціні паветра.