Флора і расліннасць

Грыбы

Дата стварэння: 03.09.2025 15:27:53

Дата змены: 22.09.2025 16:59:32


Пладовыя целы базідыяміцэтаў. Белы грыб

Пладовыя целы базідыяміцэтаў. Белы грыб

Пладовыя целы базідыяміцэтаў. Мухамор чырвоны

Пладовыя целы базідыяміцэтаў. Мухамор чырвоны

Пладовыя целы базідыяміцэтаў. Артаміцэс крыначкападобны

Пладовыя целы базідыяміцэтаў. Артаміцэс крыначкападобны

Пладовыя целы базідыяміцэтаў. Губа серна-жоўтая

Пладовыя целы базідыяміцэтаў. Губа серна-жоўтая

Грыбы (лац. Fungi, Mycota або Mycetalia) — эўкарыятычныя арганізмы, якія спалучаюць у сабе некаторыя прыкметы як раслін, так і жывёл. Прыкладна да 1970–80‑х гг. грыбы лічыліся аддзелам царства раслін і характарызаваліся як ніжэйшыя расліны, якія не маюць хларафілу і сілкуюцца гетэратрофна (выкарыстоўваюць для свайго харчавання гатовыя арганічныя рэчывы). Сучасная навука падзяляе ўвесь жывы свет на 3 буйныя эколага-трафічныя групы (царствы), або экаморфы: расліны, жывёлы і грыбы. Царства грыбоў падзяляецца на 2 групы: большая частка — сапраўдныя грыбы (эўміцэты), меншая — грыбападобныя арганізмы (псеўдаміцэты). Сапраўдныя грыбы маюць самую разнастайную будову, часцей за ўсё гэта вегетатыўнае цела — міцэлій (грыбніца), звычайна септаваны (з перагародкамі) ці не, які складаецца з тонкіх галінаваных нітак (гіф), што знаходзяцца ў субстраце (пад зямлёй, у драўніне, целе расліны або жывёлы). Грыбніца мае вялікую агульную паверхню, таму праз яе асматычным шляхам усмоктваецца ежа. Буйныя, добра прыкметныя пладовыя целы грыбоў — гэта органы размнажэння, якія, як правіла, знаходзяцца над паверхняй субстрата, каб споры маглі рассяліцца на большую адлегласць.

Падцарства сапраўдных грыбоў падзяляецца на 2 групы: вышэйшыя грыбы (уключае некалькі аддзелаў — аскаміцэты, базідыяміцэты і дэйтэраміцэты) і ніжэйшыя грыбы (хітрыдыяміцэты і зігаміцэты).

Аддзел базідыяміцэтаў уключае пераважную большасць грыбоў, якія ўжываюцца чалавекам у ежу, а таксама атрутныя грыбы і многія фітапатагенныя віды, якія паразітуюць на культурных і дзікарослых раслінах.

Грыбы — адна з найбольшых па колькасці і разнастайнасці форм груп жывых арганізмаў, якая стала неад’емнай часткай усіх водных і наземных экасістэм, а таксама і ўрбанізаванага асяроддзя. Грыбы з’яўляюцца рэдуцэнтамі, раскладаюць разнастайныя арганічныя матэрыялы і таму адыгрываюць важную ролю ў экалогіі ўсёй біясферы.

Многія віды грыбоў актыўна выкарыстоўваюцца чалавекам у харчовых, гаспадарчых і медыцынскіх мэтах. Грыбы — адзін з найважнейшых аб’ектаў біятэхналогіі, прымяняюцца для вытворчасці антыбіётыкаў і іншых лекавых сродкаў, некаторых хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў харчовай прамысловасці і ў тэхнічных мэтах. Многія ядомыя грыбы з’яўляюцца карыснымі і пажыўнымі, часам іх называюць «раслінным мясам»: яны багатыя бялком (таксама ўтрымліваюць каля 1 % свабодных амінакіслот), вугляводамі — мікозай (спецыфічны грыбны цукар) і глікагенам (так званы жывёльны крухмал), а таксама ўтрымліваюць мінеральныя рэчывы: калій, фосфар, серу, магній, натрый, кальцый, хлор і вітамін А (каратын), вітаміны групы В, вітамін С, вялікую колькасць вітамінаў D і РР.

З другога боку, грыбы могуць наносіць і значную шкоду. Фітапатагенныя грыбы, якія ў прыродных экасістэмах звычайна не прычыняюць вялікай шкоды, здольныя выклікаць эпіфітотыі (інфекцыйныя хваробы) у сельскагаспадарчых пасадках (аграцэнозах), дрэвавых насаджэннях і ў лясах, дзе вядзецца гаспадарчая дзейнасць. У жывёл і чалавека грыбы могуць выклікаць скурныя захворванні (дэрматамікозы), а часам і пашкоджанні ўнутраных органаў (мікозы). Вельмі небяспечныя і часам прыводзяць да смяротнага зыходу атручванні атрутнымі грыбамі, а таксама мікатаксікозы — атручванні харчовымі прадуктамі, якія заражаны таксінамі мікраскапічных грыбоў. Значную шкоду прычыняе выкліканае грыбамі псаванне розных прадуктаў і матэрыялаў (біякарозія).

Нягледзячы на тое, што ў Беларусі шмат лясоў і грыбныя рэсурсы дастаткова вялікія, фларыстычныя даследаванні грыбоў да XX ст. праводзіліся эпізадычна без вызначанай сістэмы. Першая праца, што дайшла да нас, у якую былі ўключаны 17 відаў мікраскапічных грыбоў, датавана 1830 г.

Дрэваразбуральныя трутавыя грыбы. Гліафілум пахучы
Дрэваразбуральныя трутавыя грыбы. Губа аблямаваная

Акадэмік В. Ф. Купрэвіч на базе Акадэміі навук БССР у сярэдзіне 1950‑х гг. стварыў аддзел фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін. Ён сфарміраваў новыя для рэспублікі навуковыя напрамкі: сістэматыка, таксанамія, геаграфія, біялогія і экалогія вышэйшых базідыяльных грыбоў, а таксама заклаў асновы гербарыя грыбоў. Менавіта з гэтага часу пачалося сістэматычнае вывучэнне грыбоў, і гэтая праца працягваецца. У 1950–70‑х гг. айчынныя міколагі сабралі і апублікавалі дадзеныя пра больш за 1 500 відаў агарыкоідных, афілафароідных грыбоў і мікраміцэтаў. У цяперашни час у Беларусі вядома больш за 4 тыс. відаў грыбоў розных сістэматычных груп і грыбападобных арганізмаў, і яшчэ каля 3 тыс. відаў будуць ідэнтыфікаваны малекулярна-генетычнымі метадамі ў бліжэйшыя гады.

У 4‑е выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь (2015) уключаны 34 віды грыбоў з рознай катэгорыяй нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці і 37 відаў уключаны ў спіс прафілактычнай аховы.