Флора і расліннасць

Лугавыя экасістэмы

Дата стварэння: 03.09.2025 16:49:12

Дата змены: 03.09.2025 16:49:12


Лугі па стане на 1 студзеня 2022 г. займалі 2 567,5 тыс. га, або 12,4 % тэрыторыі краіны. Найбольшыя плошчы лугоў у Віцебскай (502,6 тыс. га, або 19,58 %), Брэсцкай (504,5 тыс. га, або 19,65 %) і Мінскай (461,4 тыс. га, або 18 %) абласцях. Прыкметна менш іх у Гродзенскай (357,5 тыс. га, або 13,9 %), Гомельскай (372,5 тыс. га, або 14,5 %) і Магілёўскай (368,6 тыс. га, або 14,4 %) абласцях.

Па сваім генезісе і ўмовах фарміравання травастояў лугі падзяляюцца на 2 падтыпы: пойменныя (заліўныя), якія фарміруюцца ў поймах рэк і азёр і перыядычна зведваюць затапленні; пазапойменныя (мацерыковыя), зведзеных лясоў і меліяраваных балот. Мацерыковыя лугі прадстаўлены нізіннымі (пастаянна пераўвільготненымі ў далінах вадацёкаў і западзінах) і сухадольнымі (сілкуюцца атмасфернымі ападкамі на водападзелах). Таму ў пэўнай меры мацерыковыя лугі захоўвалі занальныя рысы, уласцівыя лясной расліннасці. Па гэтых прыкметах праведзена раяніраванне лугавой расліннасці Беларусі. Пойменныя згуртаванні не праяўляюць выяўленых занальных рыс; яны, хутчэй, інтразанальныя, што абумоўлена асаблівасцямі фарміравання далін і пойм рэк і азёр, развіцця найноўшых гідрагеалагічных працэсаў і дынамікай глебаўтварэння ў поймах.

Больш за палову плошчы заліўных лугоў Беларусі сканцэнтравана ў Гомельскай вобласці, дзе працякаюць найбуйнейшыя рэкі — Днепр з прытокамі, Прыпяць, Бярэзіна і Сож, якія фарміруюць шырокія поймы. У Брэсцкай вобласці такая ж колькасць (50 %) нізінных лугоў. Прыродныя сухадольныя лугі распаўсюджаны галоўным чынам у Паазер’і — пераважна ў Віцебскай вобласці, а таксама на поўначы Мінскай і паўночным усходзе Гродзенскай абласцей. Іх захаванасці тут спрыяюць фактары, якія стрымліваюць асушальную меліярацыю і перазалужэнне — драбнаконтурнасць і стракатасць рэльефу.

У раслінным покрыве лугавых экасістэм пануючае становішча займаюць травы і травяныя згуртаванні, што імі фарміруюцца. Фларыстычны (відавы) састаў, структура фітацэнозаў і прадукцыйнасць лугавой расліннасці залежаць як ад прыродных абіятычных фактараў (інтэнсіўнасці і працягласці затаплення, спалучэння рэжымаў увільгатнення і тэмпературы асяроддзя, багацця глебы), так і ад гаспадарчага выкарыстання ўгоддзяў. Да лугавых экасістэм адносяцца таксама травяныя згуртаванні, якія сфарміраваліся на пакладах і парушаных землях.

Найбольшы сярэдні ўраджай надземнай фітамасы натуральных травяных згуртаванняў характэрны для лугоў Гомельскай (69,3 ц/га) і Магілёўскай (61,9 ц/га сена) абласцей, дзе пераважаюць пойменныя лугі.

Найвышэйшай прадукцыйнасцю надземнай фітамасы вылучаюцца абложныя згуртаванні, а таксама сырыя лугі, травастоі якіх у большасці сваёй маюць нізкую кармавую каштоўнасць або зусім не паядаюцца жывёлай. Нізкімі паказчыкамі ўраджаю надземнай фітамасы (0,3–10 ц/га) характарызуюцца пустэчныя, некаторыя нізінналугавыя згуртаванні і травастоі на дэградаваных пашах паблізу вёсак і ферм.

Гаспадарча каштоўныя (у кармавых адносінах) згуртаванні часцей умерана прадукцыйныя — 25–45 ц/га сена (пры разавым скошванні ў перыяд вегетацыі). Найбольшую прадукцыйнасць (у разліку на кармавыя адзінкі) маюць травастоі лугааўсянічнікавага (3 023 кг/га), паўзучапырнікавага (2 076 кг/га), грабеннікавага (1 213 кг/га) згуртаванняў.

На лугах растуць 427 відаў траў (39,6 % ад іх агульнай колькасці ў флоры Беларусі) з высокімі кармавымі вартасцямі (I—III класаў), з якіх 89 відаў з’яўляюцца харчовымі, 151 — лекавымі, 111 — меданоснымі. Найлепшыя ў кармавых адносінах біяхімічныя паказчыкі маюць травастоі згуртаванняў аптымальных умоў фарміравання (у поймах і на сухадолах) з перавагай канюшыны (лугавой, паўзучай і гібрыднай), аўсянічніка лугавога, лісахвоста лугавога, аўсюга безасцюковага, аўсяніцы чырвонай, метлюжка (лугавога, балотнага, вузкаліснага, пляскатага і звычайнага), мятліцы (белай і пасынкаўтваральнай), пырніка, грэбніка, асакі ранняй, дзьмухаўца, крываўніка і інш. Названыя віды раслін адрозніваюцца высокім утрыманнем комплекснага бялку, безазоцістых рэчываў (вугляводаў і тлушчаў), добрай засваяльнасцю, а таксама іх добра паядаюць сельскагаспадарчыя жывёлы. Іх кармавыя вартасці ацэньваюцца ў 2,1–3 т/га кармавых і 8–9,5 т/га кормапратэінавых адзінак. Максімальная колькасць сырога бялку адзначана ў травастоях з дамінаваннем двухкістачніка трыснёгападобнага (18,1 %), лісахвоста лугавога (17,5 %) і метлюжка звычайнага (17,4 %). Каштоўныя кармавыя расліны, сярод якіх у першую чаргу злакі і бабовыя, прысутнічаюць у рознай ступені на 80–85 % угоддзяў і пераважаюць на сапраўдных, астэпаваных і сырых лугах, у сукупнасці якія займаюць больш за 50 % плошчы лугавых экасістэм. У траў гэтых лугоў найбольшая біялагічная каштоўнасць бялкоў.

Аднак сучасны стан і перспектывы дынамікі лугавой расліннасці з прыродаахоўных і гаспадарчых пазіцый не аптымістычныя. Скарачаецца агульная плошча лугоў на тэрыторыі Беларусі. Толькі за 2016 г. яна скарацілася на 46 тыс. га, або 1,7 %, за апошнія 12 гадоў — на 52,1 тыс. га, або 16,8 %. Гэтая тэндэнцыя развіваецца на працягу дзесяцігоддзяў, за выключэннем перыяду 1998–2005 гг., калі пад сенажаці і пашы былі перададзены значныя плошчы нізкапрадукцыйнай раллі.

Да ліку пазітыўных тэндэнцый трэба аднесці паступовае змяншэнне ступені забруджвання травастояў і глеб лугавых экасістэм выкідамі Чарнобыльскай АЭС. Адзначаецца відаспецыфічнасць назапашвання радыенуклідаў травамі. У найбольшай ступені акумулююць радыенукліды рыхлакуставыя і шчыльнакуставыя злакі (аўсянічнікі трыснёгападобны і лугавы, купкоўка зборная, вострыца дзірваністая), асакі (вострая, высокая, омская, дзірваністая, збліжаная, сітнічковая), а таксама балотніца балотная, маруна, сітнік разложысты, лісахвост лугавы, мятліца тонкая і пасынкаўтваральная, шабельнік балотны, хвошч прырэчны і інш. Наяўнасць гэтых відаў вызначае найбольшыя ўзроўні забруджанасці травастояў. Ступень забруджанасці глебавых гарызонтаў радыенуклідамі шмат у чым залежыць ад прамыўнога рэжыму ў іх.

На большасці пунктаў назіранняў за станам лугавой расліннасці Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя назапашванне цяжкіх металаў травяністымі раслінамі не перавышае гранічна дапушчальных узроўняў, а лугавой дзярнінай — наадварот, нярэдка перавышае, асабліва паблізу буйных прамысловых цэнтраў (Наваполацка, Мінска, Магілёва і інш.). У травах назіраецца некалькі павышанае ўтрыманне медзі і марганцу, радзей — цынку і тытану.

Структура, відавы склад, прадукцыйнасць і кармавая вартасць травастояў лугавых экасістэм істотна змяняюцца. І калі змены, што выкліканы тэхнагеннымі ўздзеяннямі, менш відавочныя і іх выяўленне патрабуе спецыяльных даследаванняў, то змены, што выкліканы гаспадарчымі прычынамі, праяўляюцца хутка і добра прыкметныя.

З мэтай прадухілення незваротнай дэградацыі лугоў як кармавых угоддзяў, кіравання іх дынамікай, захавання разнастайнасці і доўгачасовага выкарыстання натуральнай травяністай расліннасці распрацаваны тыпалогія лугоў як кармавых угоддзяў і комплекс мерапрыемстваў па іх рацыянальным выкарыстанні і ахове. На тэрыторыі Беларусі выдзелена 11 тыпаў лугоў (і 26 іх падтыпаў) як кармавых угоддзяў:

  • пераходнабалотныя (1,8 %);

  • белавусавыя (2,1 %);

  • пустэчныя (2,6 %);

  • прыдарожныя (4 %);

  • абложныя (4,2 %);

  • астэпаваналугавыя (5,4 %);

  • нізіннабалотныя (6,6 %);

  • шэльфавыя (12,8 %);

  • сапраўдналугавыя (13,2 %);

  • сыралугавыя (14,3 %);

  • балоцістыя (33 %).

Кожная катэгорыя (тып і падтып) луга мае свой набор характэрных відаў раслін і спецыфічныя экалагічныя ўмовы існавання расліннасці. Зыходзячы з гэтага прапанаваны гаспадарчыя мерапрыемствы (лакальныя гідрамеліярацыйныя работы, уборка хмызнякоў і раслін, што не паядаюцца, купін і кратавін, падсеў травы, унясенне вызначаных доз мінеральных і арганічных угнаенняў і інш.), накіраваныя на ахову, аптымізацыю, найбольш поўнае і рацыянальнае выкарыстанне расліннасці лугавых экасістэм.

У структуры лугавых угоддзяў адбываюцца выразна выяўленыя змены, якія выяўляюцца ў паслядоўным і рэзкім скарачэнні плошчы нізінных і пойменных лугоў. Найбольш радыкальныя змены структуры гэтага тыпу расліннасці мелі месца ў эпоху масавай меліярацыі балот (у канцы 1960‑х — 1980‑я гг.). Да пачатку 1990‑х гг. плошча закранутых меліярацыяй зямель дасягнула больш за 2,8 млн га, што склала каля 13,5 % тэрыторыі краіны. Значную долю меліяраваных плошчаў занялі травяныя культурфітацэнозы (сеяныя лугі), з прычыны чаго і ўзрасла плошча сухадольных мацерыковых лугоў. За 2 дзесяцігоддзі іх плошча павялічылася больш чым на 1 млн га.

Немалáя доля нізінных і пойменных лугоў была страчана падчас узвядзення буйных вадасховішч. Значныя масівы лугоў затоплены ў поймах і далінах рэк: Віліі (Вілейскае вадасховішча), Свіслачы (Заслаўскае і Асіповіцкае), Ясельды (Сялец), Случы (Салігорскае), Друці (Чыгірынскае), Зэльвянкі (Зэльвенскае), Лані (Лактышы), Морачы (Чырвонаслабодскае), Нёмана і Заходняй Дзвіны ў сувязі з будаўніцтвам гідраэлектрастанцый каля Гродна, Полацка і Віцебска.

У наш час найбольш востра існуе праблема зарастання лугоў дрэвава-хмызняковай расліннасцю. Скарачэнне маштабаў касьбы і пасьбы, якія назіраюцца з сярэдзіны 1990‑х гг., асабліва на пойменных лугах, уяўляе пагрозу існаванню гэтых экасістэм, якія з’яўляюцца не толькі кармавой базай жывёлагадоўлі, але і важнай часткай нашай культурнай і прыроднай спадчыны. У флоры лугоў мноства лекавых, меданосных, вострадухмяных, харчовых, дэкаратыўных раслін і інш., лугі з’яўляюцца месцам пасялення шматлікіх відаў жывёл, у т. л. рэдкіх і ахоўных. Іх існаванне таксама знаходзіцца пад пагрозай.