Флора і расліннасць

Ахова расліннага свету. Рэдкія і ахоўныя віды раслін. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь

Дата стварэння: 03.09.2025 15:42:31

Дата змены: 03.09.2025 15:42:31


Біялагічная разнастайнасць Беларусі, як і любой іншай краіны, з’яўляецца не толькі ўнікальнай прыроднай спадчынай, але і нацыянальным здабыткам, за захаванасць і рацыянальнае выкарыстанне якога нясуць адказнасць грамадства і дзяржава.

Прававую аснову захавання біялагічнай разнастайнасці краіны, у т. л. раслінны і жывёльны свет, прыродныя згуртаванні жывых арганізмаў і ландшафты, ствараюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прыродаахоўнае заканадаўства Беларусі і міжнародныя канвенцыі і дагаворы, адным з бакоў якіх з’яўляецца наша краіна.

Найважнейшыя заканадаўчыя акты, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы аховы і выкарыстання аб’ектаў расліннага свету краіны: законы Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя», «Аб раслінным свеце», «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», а таксама Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь і інш.

За гады незалежнага развіцця Рэспубліка Беларусь стала бокам шэрага найважнейшых міжнародных прыродаахоўных пагадненняў: Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці (1993) і Картахенскага пратакола па біябяспецы да Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці (2002); Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай флоры і фаўны, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (CITES; 1995); Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцапражыванняў вадаплаўных птушак (Рамсарская канвенцыя; 1999); Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (2000); Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем у тых краінах, якія адчуваюць сур’ёзную засуху і (або) апустыньванне, асабліва ў Афрыцы (2001); Канвенцыі аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных асяроддзяў пражывання ў Еўропе (Бернская канвенцыя, 2013; выйшла ў 2023).

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь дазваляе эфектыўна ахоўваць не толькі самі аб’екты расліннага свету (віды і згуртаванні раслін), але і асяроддзе іх пасялення: экасістэмы, біятопы, цэлыя прыродна-тэрытарыяльныя комплексы на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. Пры гэтым забяспечваецца доступ грамадзян краіны, а таксама суб’ектаў гаспадарання да прыродных раслінных рэсурсаў для задавальнення патрэб мясцовага насельніцтва ў грыбах, ягадах, лекавых раслінах, а прамысловасці — да сыравіны для вытворчасці харчовых, лекавых, касметычных прадуктаў і інш. Пры гэтым закон забараняе выкарыстанне генетычна мадыфікаваных раслін і іншых арганізмаў, пры якім магчымы іх пераход у прыродныя экасістэмы.

Сярод многіх аспектаў захавання біяразнастайнасці трэба адзначыць наступныя.

Этычны аспект — чалавек як носьбіт розуму не мае маральнага права на поўнае знішчэнне тых ці іншых відаў жывых істот, якія ўзніклі на Зямлі ў выніку працяглых эвалюцыйных працэсаў.

Экалагічны аспект — кожны жывы арганізм з’яўляецца ўнікальным элементам складана арганізаваных экалагічных сістэм, звязаных мноствам функцыянальных сувязей, у выніку чаго знішчэнне папуляцый або асобных відаў у цэлым прыводзіць да істотных, часам непажаданых і незваротных працэсаў.

Абавязкова павінен улічвацца прагматычны аспект, паколькі кожны біялагічны від з’яўляецца рэальнай або патэнцыйнай крыніцай розных рэсурсаў, зыходным матэрыялам для селекцыйнай работы, носьбітам відаспецыфічнага набору генаў.

Біялагічны аспект таксама павінен прымацца да ўвагі, паколькі кожны від — гэта і пэўны этап эвалюцыі.

Эстэтычны аспект у тым, што шматлікія віды раслін, у т. л. рэдкія і знікаючыя, з’яўляюцца вельмі дэкаратыўнымі і служаць для задавальнення эстэтычных патрэб чалавека, павялічваюць пейзажна-эстэтычныя ўласцівасці і агульнае аблічча ландшафтаў, могуць быць крыніцай селекцыі дэкаратыўных раслін.

Міжнародная навуковая супольнасць, практыкі аховы прыроды шукаюць найбольш эфектыўныя шляхі захавання разнастайнасці відаў. Пры гэтым асаблівая ўвага накіравана на захаванне рэдкіх і знікаючых відаў раслінных арганізмаў. На XIV Генеральнай асамблеі Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП; Ашхабад, 1978) было вырашана прыняць канцэпцыю складання міжнароднай, нацыянальных і рэгіянальных Чырвоных кніг.

У складзе флоры Беларусі вылучана вялікая група рэдкіх і знікаючых раслін і грыбоў, якой нададзены асаблівы прававы статус і становішча, каб забяспечыць іх захаванне ў дзікай прыродзе. Такая пільная ўвага да гэтай групы звязана з тым, што гэтыя віды маюць у рознай ступені выяўленую адмоўную тэндэнцыю як агульнай колькасці, так і займаемых плошчаў, аж да пагрозы іх поўнага знікнення. Гэтыя негатыўныя тэндэнцыі абумоўлены многімі фактарамі, асноўныя з іх: інтэнсіўная антрапагенная трансфармацыя прыродных комплексаў Беларусі, усё большае спажыванне прыродных рэсурсаў, змена клімату, канкурэнцыя з боку інвазійных відаў раслін.

Першасная інвентарызацыя флоры, праведзеная пасля выхаду першага 5‑томнага выдання «Флора БССР» (т. 1–5, 1949–1959) і «Определителя растений Беларуси» (1967), дазволіла стварыць тэарэтычную базу і навукова абгрунтаваць спісы відаў раслін, якія патрабуюць прыняцця неадкладных мер па іх ахове. У 1964 г. пад дзяржаўную ахову былі ўзяты 40 відаў рэдкіх дзікарослых раслін. У 1974 г. выйшла Чырвоная кніга СССР. На падставе гэтых публікацый, матэрыялаў гербарыяў (у рэспубліцы і за яе межамі), шматгадовых даследаванняў флоры краіны, у мэтах павелічэння колькасці рэдкіх раслін і жывёл, у 1979 г. пастановай Савета Міністраў БССР заснавана Чырвоная кніга Беларускай ССР (выдадзена ў 1981) і зацверджана Палажэнне пра яе. У яе ўвайшлі 85 відаў сасудзістых раслін, частка з якіх была прадстаўлена ў Чырвонай кнізе СССР, а таксама віды, якія па наяўных на той час даных прадстаўляліся найбольш уразлівымі ў межах рэспублікі (табліца 1).

Табліца 1. Колькасць відаў раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь розных гадоў выдання

Год выдання

Усяго відаў

У тым ліку

сасудзістыя

мохападобныя

водарасці

лішайнікі

грыбы

1981

85

85

1993

214

156

15

9

17

17

2005

274

173

27

21

24

29

2015

303

189

34

21

25

34

Згодна з патрабаваннямі Палажэння аб Чырвонай кнізе (выдаецца прыкладна праз кожныя 10 гадоў) выйшла 2‑е выданне (1993), якое стала першым, выдадзеным у незалежнай Беларусі. Сабраныя да таго часу шматлікія матэрыялы не толькі па ахоўных, але і іншых рэдкіх і знікаючых раслінах, дазволілі глыбей прааналізаваць сучасны склад флоры рэспублікі, у т. л. і па новых для яе дзікарослых відах, выяўленых да таго часу. Таму 2‑е выданне зведала значныя змены ў колькасных і якасных адносінах. Павелічэнне колькасці ахоўных відаў было звязана галоўным чынам з большай глыбінёй і шырынёй даследаванняў дзікарослага кампанента флоры, у т. л. рэдкіх і ахоўных раслін. Упершыню быў складзены спіс з 36 відаў дзікарослых дэкаратыўных, лекавых, харчовых і іншых гаспадарча карысных раслін, якія патрабуюць прафілактычнай аховы і рацыянальнага выкарыстання. У наступныя гады віды з гэтага спісу паглыблена вывучаліся і ў новых выданнях Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь (2005, 2015), некаторыя з іх папоўнілі асноўны спіс Чырвонай кнігі, бо іх стан выклікаў сур’ёзныя асцярогі.

«Определитель сосудистых растений Беларуси» (1999) таксама паспрыяў узмацненню цікавасці ў навуковых работнікаў і шырокай грамадскасці да прыродаахоўнай тэматыкі.

Новы этап работ па ахове прыроды Беларусі азнаменавала 3‑е выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь (2005). З часу выхаду папярэдняга выдання батанікамі была праведзена вялізная праца. Шматлікія палявыя экспедыцыйныя даследаванні (пошукавыя і інвентарызацыйныя) прывялі да знаходкі пяці відаў раслін, якія лічыліся «відаць зніклымі» з флоры Беларусі.

У 3‑м выданні адносна 2‑га пералік раслін і грыбоў, якія падлягаюць ахове, пашыраны на 60 таксонаў. Колькасць сасудзістых раслін павялічана да 173 (выключаны 24 і дададзены 41 від), мохападобных — да 27 (дададзена 12), водарасцей — да 21 (дададзена 12), лішайнікаў — да 24 (выключаны 4, дададзена 11), грыбоў — да 29 (выключаны 3, дададзена 15).

На шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх форумах, прысвечаных пытанням аховы прыроды, у публікацыях, пры абмеркаванні і аналізе замежных Чырвоных кніг выявілася неабходнасць прымянення новых сучасных падыходаў да распрацоўкі новых катэгорый і крытэрыяў адбору таксонаў — кандыдатаў у Чырвоную кнігу.

Выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь (2015; 4‑е выданне) падрыхтавана з выкарыстаннем удасканаленых універсальных міжнародных падыходаў і крытэрыяў з улікам рэгіянальнай спецыфікі, нацыянальных прыярытэтаў і магчымасці правядзення прыродаахоўных мерапрыемстваў. Пры фарміраванні пераліку таксонаў, якія ўключаюцца ў выданне, прымаліся да ўвагі: яго нацыянальны прыродаахоўны статус; яго міжнародная значнасць, што вызначаецца доляй, якую складае колькасць рэгіянальнай папуляцыі ад колькасці глабальнай і еўрапейскай; яго міжнародны прыродаахоўны статус; біялагічныя асаблівасці віду і знаходжанне віду ў арэале або за яго межамі; агульная прывабнасць; магчымасць увядзення ў культуру. У ліку новых падыходаў — улік сувязі асобных папуляцый з біятопамі, якія разбурае чалавек, і здольнасць віду адаптавацца да змен навакольнага асяроддзя. Тым самым яшчэ ў 2005 г. былі створаны перадумовы для ўстанаўлення ахоўнага статусу для біятопаў, што і было рэалізавана ў заканадаўстве і адлюстравана ў кнізе «Редкие и охраняемые биотопы Беларуси» (2013), якая выклікала рэзананс у айчыннай і замежнай батанічнай навуцы і дала новы штуршок для пашырэння даследаванняў па гэтай тэматыцы. Такі падыход дае магчымасць забяспечваць комплексную ахову відаў, захоўваючы месцы іх росту (біятопы), г. зн. малапарушаныя прыродныя ўчасткі і фларыстычныя комплексы асобных рэгіёнаў рэспублікі. Выданне стала па-свойму рэвалюцыйным і садзейнічала актывізацыі ў краіне работ па ахове расліннага свету. Пры гэтым важна адзначыць, што хаця сама Чырвоная кніга з’яўляецца навукова-папулярным выданнем, але спіс уключаных у яе відаў зацвярджаецца пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, і гэтыя віды падлягаюць абавязковаму захаванню на ўсёй тэрыторыі краіны.

Большасць рэдкіх і знікаючых відаў да цяперашняга часу ўзята пад ахову. Аднак выявіліся негатыўныя тэндэнцыі ў пытаннях аховы раслін. Пачалося цяжкавытлумачальнае на першы погляд скарачэнне колькасці шэрага таксонаў, а галоўнае — намецілася трывожная тэндэнцыя да скарачэння многіх лугавых відаў у сувязі з зарастаннем лугавых біятопаў высакатраўем, хмызнякамі і драбналессем, што стала рэакцыяй на скарачэнне выпасу і касьбы. Віды, што маюць адмоўны трэнд у апошнія дзесяцігоддзі або гады, выведзены ў асобны спіс прафілактычнай аховы, у які ўвайшлі 115 відаў сасудзістых раслін, 34 — мохападобных, 65 — водарасцей (60 відаў, 4 разнавіднасці і 1 форма), 30 — лішайнікаў і 37 відаў грыбоў; назіранні за імі будуць весціся ў паглыбленым рэжыме.

Грунтоўны аналіз усіх выяўленых у розны час раслін і грыбоў беларускай флоры дазволіў актуалізаваць спіс відаў раслінных арганізмаў, якія, верагодна, зніклі, што адпавядае катэгорыі RE (зніклыя) паводле МСАП. У спісе лічацца 52 таксоны (2015): 26 відаў сасудзістых раслін, 13 — мохападобных, 12 — лішайнікаў і адзін від грыбоў.

У 2020‑я гг. пачалі выкарыстоўвацца новыя метады і спосабы аховы раслін: распрацоўка і складанне планаў кіравання асобнымі відамі раслін; работы па рэпатрыяцыі найбольш уразлівых відаў; спосаб эвакуацыі (ці перасадкі) папуляцый з месцаў, дзе яны непазбежна будуць знішчаны падчас дзейнасці чалавека (рознага роду будаўніцтва і да т. п.), у бяспечныя месцы з дапушчальнымі ўмовамі вырастання.

Да цяперашнягаі часу са спісу зніклых відаў выключана 8 відаў сасудзістых раслін, што сведчыць аб эфектыўнасці прыродаахоўных мерапрыемстваў. Колькасць відаў, аднесеных да розных катэгорый аховы, прадстаўлена ў табліцы 2.

Табліца 2. Колькасць відаў раслін Беларусі ў адпаведнасці з катэгорыямі аховы МСАП

Катэгорыя аховы (згодна з ахоўным статусам Чырвонай кнігі МСАП)

Колькасць аднесеных відаў

з 189 відаў сасудзістых раслін

з 34 відаў мохападобных

з 21 віду водарасцей

з 25 відаў лішайнікаў

з 34 відаў грыбоў

I (CR)

62

10

6

4

1

II (EN)

52

13

2

14

20

III (VU)

46

10

13

5

11

IV (NT)

29

1

2

2

I (CR) — знаходзяцца на грані поўнага знікнення;

II (EN) — выміраючыя;

III (VU) — уразлівыя;

IV (NT) — блізкія да ўразлівага становішча.

У мэтах павышэння цікавасці да знікаючых таксонаў падрыхтаваны і выдадзены серыі памятных манет, марак, іншай друкаванай прадукцыі. Аб гэтых раслінах увесь час згадваецца ў СМІ, рыхтуюцца перадачы на радыё і па тэлебачанні, здымаюцца навукова-папулярныя фільмы па сцэнарыях спецыялістаў.

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь у мэтах папулярызацыі аховы прыроды і расліннага свету, у прыватнасці, выпусціў серыю памятных манет з выявамі некаторых рэдкіх раслін, уключаных у Чырвоную кнігу: шпажніка чарапіцавага, святаянніка чатырохкрылага, званка лілеялістага, граздоўніка простага і інш.