Дата стварэння: 28.09.2023 16:25:12
Дата змены: 03.06.2025 09:47:26
Партыза́нскі гарнізо́н
1. Месца працяглага размяшчэння партызанскага фарміравання ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Гарнізоны ствараліся з мэтай бяспекі і найбольш спрыяльных умоў жыцця і баявой дзейнасці партызан у тыле ворага. Кіраваў гарнізонам камандзір партызанскага фарміравання. Арганізацыя і рэгуляванне жыцця, быту і ўнутранага распарадку партызанскага гранізона, гарнізоннай і каравульнай службы ажыццяўляліся на аснове статутаў і традыцый Чырвонай арміі, дакументаў і ўказанняў партыйных і партызанскіх органаў. Пры размяшчэнні ў партызанскім гарнізоне некалькіх фарміраванняў рознага падпарадкавання начальнік гарнізона вызначаў для кожнай самастойнай у адміністрацыйных адносінах адзінкі свой сектар баявой і каравульнай аховы. Для кантролю і ўпарадкавання гарнізоннай службы ў маштабах партызанскіх зон, дзе базіравалася некалькі брыгад, асобных атрадаў і пражывалі тысячы савецкіх грамадзян, Цэнтральны камітэт КП(б)Б, Беларускі штаб партызанскага руху і падпольныя партыйныя органы вызначалі раёны дыслакацыі партызанскіх фарміраванняў з населенымі пунктамі. У гэтых раёнах партызаны забяспечвалі ахову насельніцтва ад грабяжу і разбою нямецка-фашысцкіх акупантаў, нарыхтоўку харчавання і абсталёўвалі партызанскія лагеры. У населеных пунктах, якія знаходзіліся ў зоне дыслакацыі партызанскага фарміравання, камандаванне назначала партызанскага каменданта ў сельсавет і старасту вёскі. У іх задачу ўваходзіла арганізацыя з дапамогай мясцовых актывістаў каравульнай службы, апавяшчэнне насельніцтва і партызан аб з’яўленні і перамяшчэннях праціўніка, патруляванне шляхоў, эвакуацыя людзей у бяспечнае месца, забеспячэнне грамадскага парадку ў населеным пункце, а таксама назіранне за паводзінамі партызан, якія знаходзяцца на заданнях па-за распалажэннем сваіх падраздзяленняў.
У многіх раёнах Беларусі (напрыклад, у Віцебскай вобласці) камендантаў у сельсаветах, стараст у вёсках прызначалі падпольныя райкамы партыі.
На вызваленай тэрыторыі Ветрынскага раёна, у раёне базіравання партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава Віцебскай вобласці, амаль ва ўсіх сельсаветах працавалі партызанскія каменданты. У Астроўшчынскім сельсавеце камендантам быў дэпутат Ветрынскага райсавета і даваенны старшыня Шпакоўшчынскага сельсавета М. А. Хвяшчонак; у Гомельскім сельсавеце гэтыя абавязкі выконваў даваенны старшыня і дэпутат Ветрынскага райсавета М. А. Дзенісёнак; у Вароніцкім сельсавеце камендантам быў прызначаны былы землеўпарадчык С. I. Стральцоў; у Каханавіцкім і Сухарукаўскім сельсаветах Асвейскага раёна — настаўнік Л. М. Юхневіч.
У зоне дыслакацыі партызанскай брыгады «Штурмавая» партызаны размясцілі па вёсках выратаваных дзяцей з Астрашыцкага дзіцячага дома. Каб арганізаваць лепшы догляд за змучанымі і надзвычай змардаванымі дзецьмі, камендантамі вёсак працавалі педагогі.
У буйных населеных пунктах, якія былі вызвалены партызанамі (в. Расоны, гарадскія пасёлкі Ушачы, Бягомль і інш.), усімі адміністрацыйнымі, гаспадарчымі і грамадскімі пытаннямі займаліся партызанскія камендатуры.
У Расонах камендатура дзейнічала з верасня 1942 г., узначальваў яе камендант Н. З. Мартынаў. У яго распараджэнні былі 2 памочнікі і пісар. Да камендатуры дадавалася ахоўнае падраздзяленне — каменданцкі ўзвод.
Ва Ушачах камендатуру ўзначальваў партызан М. К. Зуеў. У яго падпарадкаванні было 66 байцоў.
У Магілёўскай вобласці з 1943 г. у фарміраваннях, якія налічвалі 150 чалавек і болей, прызначаўся штатны камендант атрада, брыгады, палка.
2. Партызанскія сілы, пэўным чынам арганізаваныя ў мэтах больш эфектыўнага вядзення баявых дзеянняў; самая простая форма аб’яднання асобных атрадаў на ранніх стадыях развіцця партызанскага руху на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Складвалася ў ходзе сумесных баёў асобных атрадаў па ініцыятыве і са згоды партызан дзеля сканцэнтравання намаганняў у барацьбе з варожымі гарнізонамі, карнымі атрадамі, для абароны партызанскіх зон, каб сумесна «выжыць» у цяжкую пару карных экспедыцый праціўніка.
У 1942 г. у Акцябрскім pаёне ў ходзе вызвалення партызанамі тэрыторыі ад акупантаў пачаў складвацца «гарнізон Ф. I. Паўлоўскага». У канцы студзеня 1942 г. на нарадзе каманднага саставу партызанскіх атрадаў, што дзейнічалі ў Акцябрскім, Капаткевіцкім, Глускім, Петрыкаўскім, Жыткавіцкім раёнах, быў створаны штаб гарнізона, куды ўвайшлі Ф. І. Паўлоўскі, С. В. Маханько і Р. I. Бар’яш. Агульнае кіраўніцтва гарнізонам ажыццяўляў ваенны савет камандзіраў у складзе членаў штаба гарнізона і камандзіраў атрадаў В. I. Лівенцава, I. Р. Жулегі, М. Б. Храпко. Узначальваў яго Ф. І. Паўлоўскі. Пры ваенным савеце стварылі палітычны і асобы аддзелы. Штаб і ваенны савет планавалі і распрацоўвалі баявыя аперацыі, ажыццяўлялі кіраванне імі, каардынавалі дзеянні атрадаў, накіроўвалі грамадска-палітычнае, гаспадарчае і культурнае жыццё Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны. Гарнізон на люты 1942 г. аб’ядноўваў 13 асобных партызанскіх атрадаў: «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ф. І. Паўлоўскі; галаўны атрад гарнізона), В. І. Лівенцава (пазней 752‑і атрад партызанскай брыгады 1‑й Бабруйскай), А. Ф. Каваленкі (пазней імя А. Ф. Каваленкі партызанскай брыгады 123‑й Акцябрскай імя 25‑годдзя БССР), М. Б. Храпко і У. М. Шваякова (пазней імя С. М. Кірава і імя М. А. Шчорса партызанскай брыгады 37‑й імя А. Я. Пархоменкі), I. С. Губіна, I. P. Жулегі (пазней «За Радзіму» партызанскай брыгады 123‑й Акцябрскай імя 25‑годдзя БССР), А. Г. Балахонава (пазней «За Савецкую Радзіму» партызанскай брыгады 100‑й Глускай), партызанскі атрад Капаткевіцкі, атрады М. П. Бумажкова і У. Ц. Шантара (пазней імя А. В. Суворава і імя М. Ф. Гастэлы партызанскай брыгады 225‑й), Чацвяртнога, В. М. Вежнаўца. Гарнізон налічваў 1 301 партызана, на ўзбраенні якіх было 69 станковых і ручных кулямётаў, 880 вінтовак, 33 аўтаматы, пяць 45‑міліметровых гармат, 8 мінамётаў, значная колькасць боепрыпасаў. Зімой — вясной 1942 г. у складзе «гарнізона» арганізаваны новыя атрады: Т. Ц. Жулегі (пазней імя 25‑годдзя ВЛКСМ партызанскай брыгады 123‑й Акцябрскай імя 25‑годдзя БССР), А. Е. Папругі (пазней «Смерць фашызму»), А. П. Пакуша (пазней імя В. І. Чапаева партызанскай брыгады 225‑й), А. Ф. Сарафанава. Вясной 1942 г. у перыяд баёў з карнікамі (гл. «Бамберг») частка атрадаў перадыслацыравалася ў іншыя раёны. На базе атрадаў, што засталіся ў «гарнізоне Ф. I. Паўлоўскага», у маі 1942 г. створана партызанская брыгада 123‑я Акцябрская імя 25‑годдзя БССР.
Акрамя добраахвотных аб’яднанняў атрадаў партызанскія гарнізоны ствараліся і старшым вайсковым начальнікам. Такіх на Беларусі было два. Абодва створаны паводле загадаў камандзіра Клічаўскага аператыўнага цэнтра палкоўніка У. I. Нічыпаровіча ў канцы ліпеня 1942 г.
Адзін аб’ядноўваў атрады «Разгром», «Перамога», «Камсамол», «Іскра», «Сцяг», «Чырвоны Сцяг», якія дзейнічалі на стыку Чэрвеньскага, Барысаўскага і Смалявіцкага раёнаў. Гарнізон узначальвала камандаванне галаўнога атрада «Разгром». У кастрычніку 1942 г. на базе часткі атрадаў гэтага гарнізона («Разгром», «Іскра», «Сцяг») і атрада «Камуніст» сфарміравана партызанская брыгада «Разгром», атрад «Чырвоны Сцяг» увайшоў у склад партызанскай брыгады «За Радзіму» імя А. К. Флегантава, атрад «Перамога» — у партызанскую брыгаду 2‑ю Мінскую як атрад імя К. Я. Варашылава.
У другі партызанскі гарнізон уваходзілі атрады 113‑ы, 121‑ы, 600‑ы, якія дзейнічалі на тэрыторыі Магілёўскага і Бялыніцкага раёнаў (камандзір К. М. Белавусаў). У лістападзе 1942 г. на базе гэтых атрадаў і далучанага да іх 425‑га атрада была створана партызанская брыгада 6‑я Магілёўская.