pdf

ЖЛОБІН

Дата стварэння: 10.06.2024 16:57:08

Дата змены: 11.09.2024 14:47:18


location Google location Yandex

Жлобін (ваенны мемарыял)


ЖЛОБІН, горад

Помнік героям, якія загінулі ў баях Вялікай Айчыннай вайны. Вайсковыя могілкі ў горадзе Жлобін.

ЖЛОБІН, горад

Помнік — сімвал смутку па воінах, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Вайсковыя могілкі ў горадзе Жлобін.

ЖЛОБІН, горад

Помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў у горадзе Жлобін.

ЖЛОБІН, горад

Помнік на брацкай магіле савецкіх лётчыкаў у горадзе Жлобін.

ЖЛОБІН, горад

Помнік на магіле ахвяр фашызму — вязняў гета. Знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне горада Жлобін.

Жло́бін

Горад, цэнтр Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці, прыстань на р. Дняпро. За 90 км на паўночны захад ад г. Гомель, за 215 км ад Мінска, вузел чыгуначных ліній на Мінск, Гомель, Магілёў, Kaлінкавічы, на аўтадарозе Гомель — Бабруйск.

З 1925 г. горад.

З 1926 г. цэнтр раёна.

У 1939 г. у Жлобіне — 19 301 жыхар.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

Жлобін быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў першы раз 3 ліпеня 1941 г., вызвалены 13 ліпеня 1941 г. воінамі 154‑й стралковай дывізіі (палкоўнік Я. С. Факанаў) 63‑га стралковага корпуса (камкор Л. Р. Пятроўскі) 21‑й арміі Заходняга фронту ў ходзе Смаленскай бітвы 1941 г. Контрудар адкінуў праціўніка на захад больш як на 30 км, былі вызвалены Рагачоў і Жлобін. Наступленне захопнікаў на Гомельскім напрамку было спынена больш чым на месяц (гл. Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941 г.). У ліпені — жніўні 1941 г. у абароне горада ўдзельнічаў Жлобінскі знішчальны батальён (налічваў каля 170 байцоў).

Жлобін акупіраваны 14 жніўня 1941 г. гітлераўцамі ў другі раз. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў Жлобіне і раёне 3 091 чалавека (з іх 910 ваеннапалонных). Каля горада з боку в. Лебядзёўка 12 красавіка 1942 г. было расстраляна 1 200 яўрэяў з двух гета, створаных у Жлобіне, а 14 красавіка 1942 г. — 400 (па іншых звестках, 480, 448 або 282) яўрэяў з г. п. Стрэшын. Горад быў моцна разбураны.

У горадзе і раёне дзейнічалі Жлобінскае партыйна-камсамольскае падполле, Жлобінскі падпольны міжрайкам КП(б)‌Б і Жлобінскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Жлобінскі падпольны міжрайкам ЛКСМБ і Жлобінскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада 8‑я Рагачоўская, партызанская брыгада 10‑я Журавіцкая, партызанская брыгада 1‑я Буда-Кашалёўская, партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (Гомельскай вобласці), партызанская брыгада «Жалязняк» (Гомельскай вобласці), партызанская брыгада імя В. І. Чапаева (Гомельскай вобласці), партызанскі полк 255‑ы, партызанскі атрад імя Р. І. Катоўскага (Гомельскай вобласці) і партызанскі атрад 108‑ы імя Р. І. Катоўскага; выдавалася падпольная газета «Шлях соцыялізма» — орган Жлобінскага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

Жлобін вызвалены 26 чэрвеня 1944 г. часцямі 115‑га ўмацаванага раёна (генерал-маёр Ф. П. Пічугін) 48‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944 г.

Ганаровае найменне «Жлобінскія» нададзена тром вайсковым злучэнням і часці (гл. Жлобінскія вайсковыя злучэнні і часць).

У Жлобіне знаходзяцца:

  • вайсковыя могілкі, дзе пахаваны савецкія воіны і партызаны, якія загінулі пры вызваленні горада; брацкія магілы падпольшчыкаў, савецкіх лётчыкаў, магіла ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);

  • помнік воінам-вызваліцелям 1941 г. (у гонар воінаў 63‑га стралковага корпуса);

  • памятны знак у гонар Героя Савецкага Саюза Ф. А. Баталава.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 г. № 355 горад Жлобін узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Помнік воінам-вызваліцелям 1941 г. у горадзе Жлобін.
Помнік воінам-вызваліцелям 1941 г. у горадзе Жлобін.

Памятны знак у гонар Героя Савецкага Саюза Ф. А. Баталава ў горадзе Жлобін.
Памятны знак у гонар Героя Савецкага Саюза Ф. А. Баталава ў горадзе Жлобін.