Дата стварэння: 09.10.2024 09:59:17
Дата змены: 29.08.2025 11:11:18
Паве́траная ма́са
Аб’ём паветра ў трапасферы, сувымерны па плошчы з мацерыком; валодае аднароднымі ўмовамі надвор’я, пэўным тыпам стратыфікацыі і працяглы час перамяшчаецца ў сістэме агульнай цыркуляцыі атмасферы.
Паветраная маса ў гарызантальным кірунку даходзіць да некалькіх тысяч кіламетраў, у вертыкальным — да некалькіх кіламетраў; нярэдка пранікае ва ўсю трапасферу. Для паветранай масы характэрныя невялікія гарызантальныя градыенты — 5–7 °С/100 км. У франтальнай зоне атмасферы (пераходнай зоне паміж дзвюма паветранымі масамі) тэмпература змяняецца на 10–15 °С/100 км.
Ачагамі фарміравання паветранай масы з’яўляюцца:
раён, у якім паветраная маса набывае аднародныя фізічныя ўласцівасці (аднароднасць падсцілаючай паверхні; аднароднасць радыяцыйных умоў);
вобласці, дзе паветра апускаецца і распаўсюджваецца ў гарызантальным кірунку, што характэрна для антыцыклонаў і тэрмічных дэпрэсій.
Паветраныя масы класіфікуюць паводле ачагоў іх фарміравання ў залежнасці ад іх размяшчэння ў кліматычным поясе:
антарктычнае або арктычнае паветра;
палярнае паветра (умеранае);
экватарыяльнае паветра.
Пры перамяшчэнні з ачага фарміравання паветраная маса трапляе ў іншыя радыяцыйныя ўмовы і ўласцівасці падсцілаючай паверхні, губляючы свае першапачатковыя ўласцівасці і набываючы ўласцівасці новага геаграфічнага раёна, і ператвараецца ў паветраную масу іншага тыпу.
Паветраныя масы падзяляюць на марскія і кантынентальныя, цёплыя і халодныя.
Халодная паветраная маса рухаецца ў больш цёплыя нізкія шыроты на больш цёплую падсцілаючую паверхню і стварае пахаладанне; цёплая паветраная маса — у больш высокія шыроты на халодную паверхню і стварае пацяпленне.
Пераважнай паветранай масай у Беларусі, якая ўплывае на клімат, з’яўляецца марское палярнае паветра, якое фарміруецца над Атлантычным акіянам. Гл. таксама Марское паветра ўмераных шырот.
Зімой прыход такога паветра суправаджаецца павышэннем тэмпературы паветра, часта да адлігі, павелічэннем адноснай вільготнасці і воблачнасці, туманамі, ападкамі. Летам абумоўлівае халаднаватае, з кароткачасовымі дажджамі і навальніцамі надвор’е.
Кантынентальнае палярнае паветра адзначаецца значна радзей, пераважна зімой. Яго паступленне абумоўлівае ўмерана марознае, у большасці выпадкаў сухое надвор’е, але часам выклікае рэзкае пахаладанне, тэмпература пры гэтым паніжаецца да −35…−38 °С. Гл. таксама Абсалютны мінімум.
Уплыў трапічнай паветранай масы на клімат выяўляецца ў асноўным на паўднёвым усходзе Беларусі. Яна звычайна прыносіць гарачыню і сухасць; дзённая тэмпература паветра пры гэтым часам павышаецца да 35–41 °С. Гл. таксама Абсалютны максімум.