Дата стварэння: 14.10.2024 10:25:48
Дата змены: 27.01.2026 13:02:46
Ве́расень (ад слова «верас» — расліна, якая цвіце ў гэтым месяцы)
Дзявяты месяц каляндарнага года (30 сутак), першы месяц восені. Руская назва «сентябрь» (лац. september ад septem сем, 7‑ы месяц у старажытнарымскім календары)
Сярэдняя месячная тэмпература верасня ў Беларусі складае 11 °С, што на 5 °С ніжэй, чым у жніўні. Халадней за ўсё на паўночным усходзе каля мяжы з Расіяй (10,8 °С), цяплей — на паўднёвым захадзе ў Брэсцкім Палессі (13,3 °С). У асобныя гады тэмпература можа адхіляцца ад кліматычнай нормы. Так, яна была на 2–3 °С вышэй за норму ў цёплыя гады (1955, 1967, 1975, 1983, 1994 і 2005) і на 2–3 °С ніжэй за норму ў халодныя (1959, 1960, 1973, 1977, 1978, 1986, 1990, 1993 і 1996). Самая высокая сярэдняя месячная тэмпература паветра ў верасні (14,6 °С) назіралася ў 1994 г., самая нізкая (9,2 °С) — у 1986 г.
У 3‑й дэкадзе верасня (на крайнім паўднёвым захадзе рэспублікі — у пачатку кастрычніка) адбываецца пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 10 °С у бок паніжэння. Днём паветра часцей за ўсё праграваецца да 15,5–19 °С, у самыя цёплыя дні — да 23–27 °С. Абсалютны максімум тэмпературы паветра ў верасні (32,9 °С) зарэгістраваны ў 1897 г. у гарадах Мазыр і Калінкавічы (Гомельская вобласць). Абсалютны мінімум (−8,5 °С) адзначаны ноччу 23 верасня 1966 г. на метэастанцыі Палеская.
Дні становяцца карацейшымі, ночы — даўжэйшымі. Дзень асенняга раўнадзенства — 23 верасня. Памяншаецца прыток цяпла да зямлі і прыкметна халаднее; вялікая колькасць ясных дзён (6–10). У паўночна-ўсходніх раёнах краіны першыя восеньскія замаразкі ў паветры адзначаюцца ў канцы верасня, на паверхні глебы — на 1–2 тыдні раней.
Максімальны атмасферны ціск зафіксаваны на ўзроўні метэаралагічнай станцыі 29 верасня 1986 г. у гарадскім пасёлку Брагін (Гомельская вобласць) — 1023,3 гПа (769 мм рт. сл.) пры норме па дадзеным пункце 1002,7 гПа (754 мм рт. сл.); мінімальны — 6 верасня 1992 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць) — 954,1 гПа (717 мм рт. сл.) пры норме 982,6 гПа (739 мм рт. сл.).
У сярэднім за месяц выпадае 45–70 мм атмасферных ападкаў, у засушлівыя гады 1–10 мм, у перыяд частых дажджоў — да 170–210 мм. Адносная вільготнасць паветра ў верасні паступова расце і дасягае 61–67 %. Колькасць вільготных дзён таксама павялічваецца да 4–6 у месяц. Найбольш дажджлівым быў верасень 1957 г., калі выпала 136 мм ападкаў (231 %) пры кліматычнай норме 59 мм. Мінімальная колькасць ападкаў (у сярэднім 16 мм, 27 % шматгадовых значэнняў) зарэгістравана ў 1949 г. Максімальная колькасць ападкаў за месяц (210 мм) выпала ў 1952 г. у горадзе Докшыцы (Віцебская вобласць) пры шматгадовай колькасці па дадзеным пункце 63 мм, мінімальная (1 мм) — у 1949 г. у горадзе Пружаны (Брэсцкая вобласць) і ў 2005 г. у шэрагу рэгіёнаў рэспублікі (горад Пінск Брэсцкай вобласці, гарады Васілевічы і Мазыр, гарадскі пасёлак Лельчыцы Гомельскай вобласці) пры норме па дадзеных пунктах ад 53 да 64 мм. Максімальная сутачная колькасць ападкаў (76 мм) зафіксавана 9 верасня 1990 г. у горадзе Валожын (Мінская вобласць), што склала 120 % месячнай нормы па дадзеным пункце.
У выключна рэдкіх выпадках у верасні ўтвараецца няўстойлівае снегавое покрыва. На тэрыторыі Гомельскай вобласці 25 верасня 1906 г. выпаў снег, які праляжаў 2 тыдні.
У верасні бывае 4–6 дзён з туманам. Навальнічная дзейнасць слабее, і ў сярэднім адзначаецца толькі 1–2 дні з навальніцай. На тэрыторыі рэспублікі максімальна зафіксавана: 10 дзён з навальніцай у 1954 г. у горадзе Віцебск і ў 1984 г. у горадзе Касцюковічы (Магілёўская вобласць); 3 дні з градам у 1932 г. у Віцебску і ў 1921 г. у горадзе Горкі (Магілёўская вобласць); 17 дзён з туманам у 1980 г. у гарадскім пасёлку Лынтупы (Віцебская вобласць) і ў 1989 г. у горадзе Ашмяны (Гродзенская вобласць). Найбольшая працягласць туманаў (94 гадз) зарэгістравана ў 1979 г. у Навагрудку.
Найбольшы парыў ветру (34 м/с) зафіксаваны 9 верасня 1971 г. у гарадах Беразіно (Мінская вобласць), Орша (Віцебская вобласць), Ашмяны (Гродзенская вобласць).