Дата стварэння: 14.10.2024 10:29:03
Дата змены: 17.07.2025 11:29:51
Ле́та
У астраноміі — прамежак часу, які ў Паўночным паўшар’і працягваецца ад летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрвеня) да асенняга раўнадзенства (23 верасня). У Паўднёвым паўшар’і — перыяд паміж снежаньскім сонцастаяннем і сакавіцкім раўнадзенствам — працягваецца з 21 (22) снежня па 20 (21) сакавіка.
У кліматалогіі — пара года з найбольш высокай сярэдняй тэмпературай, доўжыцца некалькі месяцаў.
Летнія месяцы ў Паўночным паўшар’і — чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўднёвым — снежань, студзень, люты.
У Беларусі феналагічнае лета пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай тэмпературы праз 14 °С у 2–3‑й дэкадзе мая. У летні перыяд цыкланічная дзейнасць слабая. Пераважае малавоблачнае надвор’е, што абумоўлівае значны ўплыў сонечнай радыяцыі на фарміраванне клімату.
Лета як феналагічны сезон падзяляецца на падсезоны:
пачатак лета — ад красавання злакаў да пачатку цвіцення ліпы ў сярэдзіне чэрвеня;
лета ў разгары — з сярэдзіны чэрвеня да апошніх дзён жніўня;
лета на зыходзе — з канца жніўня да сярэдзіны верасня.
Лета ў Беларусі цёплае і даволі сонечнае. У сярэднім толькі 2 дні ў месяцы бываюць хмарныя, са шчыльнымі, нізкімі воблакамі, хаця і абсалютна ясных дзён таксама мала. Большасць дзён з пераменнай воблачнасцю, якая павялічваецца пасля апоўдня і памяншаецца бліжэй да заходу Сонца. У такія дні Сонца свеціць 8–10 гадз.
Сярэдняя тэмпература паветра самага цёплага месяца (ліпеня) змяняецца па тэрыторыі ад 17 да 18,5 °С. У асобныя дні яна можа павышацца да 28–31°С, максімум да 36–38°С. Толькі са жніўня пачынаецца павольнае памяншэнне тэмпературы паветра да 16–17,5 °С. Халоднае і мокрае надвор’е летам адзначаецца ў гады інтэнсіўнай цыкланічнай дзейнасці.
За лета ў Беларусі выпадае 240–250 мм ападкаў (больш за ⅓ іх сумы за год). Кожны другі дзень праходзяць моцныя, але нядоўгія дажджы, на працягу дня дождж лье 1,5–2 гадз. Часам за суткі выпадала больш за 100 мм ападкаў, звычайна — 5–7 мм. Дажджы нярэдка суправаджаюцца навальніцамі, а раз-пораз і градам. Навальніца бывае ў сярэднім кожны чацвёрты-пяты дзень.
Нягледзячы на вялікую колькасць ападкаў, вільгаць хутка выпараецца, і ў сувязі з высокімі тэмпературамі днём насычанасць паветра вадзяной парай параўнальна невялікая, а ўначы рэзка павялічваецца.
У летнія месяцы 85–90 % выпадкаў штомесячна прыпадае на значэнні адноснай вільготнасці 30–79 %. Адначасова ў кожным з летніх месяцаў адзначаецца каля 10 % вільготных дзён, калі і пасля апоўдня вільготнасць не падае ніжэй за 80 %. І нават у летнія месяцы ў Беларусі мала сухіх дзён з адноснай вільготнасцю ніжэй за 30 % (каля 5 % на поўдні і яшчэ менш на поўначы).