АБРАЗІЯ, у геалогіі і геамарфалогіі
pdf

АБРАЗІЯ

Дата стварэння: 07.05.2025 14:13:19

Дата змены: 27.05.2025 11:15:10


Абра́зія (лац. abrasio саскрабанне, саскрэбванне) у геалогіі і геамарфалогіі.

Працэс разбурэння берагоў акіянаў, мораў, азёр, вадасховішчаў у выніку хвалевапрыбойнай дзейнасці.

Вылучаюць механічную (асноўную), хімічную і тэрмічную абразію. Механічная абразія — гэта разбурэнне берагоў ударамі хваль і абломкаў горных парод; хімічная — разбурэнне берагоў, якія складзеныя з распушчальных парод (карбанаты, сульфаты і інш.), хімічна агрэсіўнай вадой вадаёмаў; тэрмічная — разбурэнне берагоў, складзеных шматгадовамёрзлымі пародамі або лёдам у выніку цеплавога ўздзеяння вады. Хімічная і тэрмічная абразія заўсёды суправаджаюцца механічнай (асноўнай).

Найбольш інтэнсіўна абразія развіваецца на ўзбярэжжах са значнай глыбінёй, дзе ёсць стромкі падводны схіл, і ўся кінетычная энергія хваль затрачваецца на разбурэнне берага. Інтэнсіўнасць абразіі залежыць ад аб’ёму пераноснага абломкавага матэрыялу, цвёрдасці разбураных горных парод, інтэнсіўнасці хвалевапрыбойнай дзейнасці.

Пры абразіі паслядоўна ўтвараюцца спецыфічныя формы рэльефу: хвалевапрыбойная ніша і прыхіленая намыўная акумуляцыйныя тэраса (пляж), амаль вертыкальны берагавы ўступ (абрыў) — кліф, падводны нахільны схіл або пляцоўка (тэраса) — бенч. Па берагах нярэдка скопішча пяску, галькі, жвіру. У падводнай частцы з павелічэннем глыбіні залягаюць па чарзе галька, жвір, буйны і дробны пясок, гліністы глей.

З прычыны абразіі берагавая лінія выраўніваецца. У выніку абразіі паступова памяншаецца ёмістасць вадасховішчаў, бо залівы запаўняюцца асадкавым матэрыялам.

На тэрыторыі Беларусі абразія праявілася на паўночна-ўсходніх берагах азёр Нарач, Мястра, Нешчарда, Укля, Снуды, Струста і інш., на берагах вадасховішчаў Вяча, Вілейскае, Заслаўскае, Асіповіцкае, Пагост і інш.

У асобных раёнах краіны засталіся сляды абразіі, якая развівалася на берагах буйных прыледавіковых азёр — Дзісенскага, Суражскага, Полацкага (тэрыторыя сучаснай Віцебскай вобласці), дзе вышыня старажытных абрываў дасягае 3–4 м, а каля падножжа размяшчаецца скопішча жвіру і валуноў.

Паводле сучасных ацэнак спецыялістаў, са 120 вадасховішчаў у эксплуатацыі на Беларусі з сумарнай даўжынёй берагавой лініі каля 1 300 км (ад 30 да 40 %, а ў некаторых выпадках да 70 %) складаюць берагі абразійнага тыпу. Шырыня абразійнай зоны ў залежнасці ад розных фактараў вагаецца ў сярэднім за перыяд эксплуатацыі ад 5 да 20 м, дасягаючы месцамі 33 м (вадасховішча Лепельскае). Пры гэтым аб’ёмы размыўнага грунту могуць складаць ад 4 да 57 м³ на 1 м даўжыні.

Аховаюць ад абразіі дрэвава-хмызняковыя насаджэнні па берагах вадаёмаў.



Літаратура
  1. Широков В. М. Переработка берегов водохранилищ Белоруссии (основные типы и стадии развития) / В. М. Широков, П. С. Лопух // Современные рельефообразующие процессы / Ред.: Б. Н. Гурский, А. В. Матвеев. – Минск: Наука и техника, 1986.

  2. Природа Беларуси: энциклопедия: в 3 т. Т. 1: Земля и недра / Редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2009.

  3. Современная динамика рельефа Белоруссии / А. В. Матвеев, Л. А. Нечипоренко, А. И. Павловский [и др.]. – Минск: Наука и техника, 1991.

  4. Якушко О. Ф. Геоморфология Беларуси: учебное пособие для студентов географических факультетов / О. Ф. Якушко, Л. В. Марьина, Ю. Н. Емельянов. – Минск: БГУ, 2000.

  5. Озера Беларуси: справочник / Б. П. Власов, О. Ф. Якушко, Г. С. Гигевич [и др.]. – Минск: РУП «Минсктиппроет», 2004.