pdf

БАРАНАВІЦКІ ПАДПОЛЬНЫ АБКАМ КП(б)‌Б

Дата стварэння: 05.05.2023 11:09:50

Дата змены: 22.08.2025 11:17:00


БАРАНАВІЦКІ ПАДПОЛЬНЫ АБКАМ КП(б)‌Б

Стэла ў гонар Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б у вёсцы Кляцішча Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці.

Бара́навіцкі падпо́льны абка́м КП(б)‌Б

Баранавіцкі падпольны абласны камітэт КП(б)‌Б.

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Баранавіцкай вобласці.

Створаны ў сакавіку 1943 г. Цэнтральным камітэтам КП(б)‌Б [ЦК КП(б)‌Б], працаваў пад яго кіраўніцтвам.

ЦК КП(б)‌Б яшчэ 2 кастрычніка 1942 г. зацвердзіў сакратара Баранавіцкага абкама КП(б)‌Б, упаўнаважанага Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР) В. Я. Чарнышова ўпаўнаважаным ЦК КП(б)‌Б па партыйным падполлі ў Баранавіцкай вобласці; пазней яго памочнікамі былі прызначаны М. Т. Анішчык, У. З. Царук, С. П. Шупеня, Л. В. Папова, Р. А. Сідарок, Я. Д. Гапееў. Аднак адпраўка ўпаўнаважанага і яго памочнікаў у тыл ворага затрымалася да сакавіка 1943 г. З прыбыццём групы на акупіраваную тэрыторыю Баранавіцкай вобласці быў створаны падпольны абкам.

Абкамам былі сфарміраваны і ў далейшым дзейнічалі пад яго кіраўніцтвам Івянецкі падпольны міжрайпартцэнтр, Лідскі падпольны міжрайпартцэнтр, Слонімскі падпольны міжрайпартцэнтр, Стаўбцоўскі падпольны міжрайпартцэнтр і Шчучынскі падпольны міжрайпартцэнтр, Баранавіцкі падпольны гаркам КП(б)‌Б, Быценскі падпольны міжрайкам КП(б)‌Б, Лідскі падпольны гаркам-райкам КП(б)‌Б і 23 райкамы — Быценскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Валожынскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Васілішкаўскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Гарадзішчанскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Дзятлаўскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Жалудоцкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Зэльвенскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Івянецкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Іўеўскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Казлоўшчынскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Карэліцкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Клецкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Любчанскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Ляхавіцкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Мірскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Навагрудскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Навамышскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Нясвіжскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Радунскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Слонімскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Стаўбцоўскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Шчучынскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Юрацішкаўскі падпольны райкам КП(б)‌Б [гл. таксама Раённыя падпольныя камітэты КП(б)‌Б], якія аб’ядноўвалі 145 пярвічных партыйных арганізацый, 2 232 камуністы ў партызанскіх фарміраваннях.

Ажыццяўляў практычныя меры па развіцці патрыятычнага падполля і партызанскага руху, павышэнні баяздольнасці партызанскіх фарміраванняў, актывізацыі іх баявой дзейнасці. Пад яго кіраўніцтвам створаны і дзейнічалі Баранавіцкае партызанскае злучэнне, Івянецкае партызанскае злучэнне, Лідскае партызанскае злучэнне, Стаўбцоўскае партызанскае злучэнне, Шчучынскае партызанскае злучэнне. Накіроўваў дзейнасць Баранавіцкага падпольнага абкама ЛКСМБ, Баранавіцкай акруговай антыфашысцкай арганізацыі і яе акруговага камітэта, праводзіў палітычную работу сярод насельніцтва. Сакратар падпольнага абкама В. Я. Чарнышоў адначасова з’яўляўся ўпаўнаважаным ЦШПР і ЦК КП(б)‌Б па Баранавіцкай вобласці і ўзначальваў Баранавіцкае партызанскае злучэнне, члены падпольнага абкама Я. Д. Гапееў, Р. А. Сідарок, У. П. Шупеня ў якасці ўпаўнаважаных ЦК КП(б)‌Б і Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) камандавалі партызанскімі злучэннямі адпаведна ў зоне дзейнасці Лідскага, Івянецкага і Шчучынскага міжрайпартцэнтраў.

Базіраваўся ў Івянецка-Налібоцкай партызанскай зоне (у Налібоцкай пушчы).

Паколькі абкам дзейнічаў пераважна ў паўночных раёнах вобласці, ЦК КП(б)‌Б 10 жніўня 1943 г. прыняў рашэнне накіраваць у паўднёвыя раёны вобласці (Быценскі, Клецкі, Ляхавіцкі, Нясвіжскі) сакратара Баранавіцкага абкама КП(б)‌Б Ф. А. Баранава, які быў уведзены ў склад падпольнага абкама, і сакратара (да вайны) Любчанскага райкама КП(б)‌Б Р. Д. Румянцава. У верасні 1943 г. Ф. А. Баранаў і Р. Д. Румянцаў прыбылі ў варожы тыл на адзін з аэрадромаў Мінскага партызанскага злучэння, адкуль накіраваліся ў Баранавіцкую вобласць, дзе Ф. А. Баранаў арганізаваў і ўзначаліў «Штаб кіраўніцтва партызанскім рухам Паўднёвай зоны Баранавіцкай вобласці» (з 16.3.1944 штаб меў назву «Група № 26»). Штаб кіраваў дзейнасцю Баранавіцкага Паўднёвай зоны партызанскага злучэння. У красавіку 1944 г. ЦК КП(б)‌Б адклікаў Ф. А. Баранава ў савецкі тыл, а 30 красавіка 1944 г. зацвердзіў упаўнаважаным ЦК КП(б)‌Б і БШПР па паўднёвых раёнах Баранавіцкай вобласці Р. Д. Румянцава і яго намеснікам П. А. Бегуна. У маі 1944 г. ЦК КП(б)‌Б адклікаў у савецкі тыл і В. Я. Чарнышова. Абавязкі сакратара абкама былі ўскладзены на Р. А. Сідарка.

Баранавіцкі падпольны абкам КП(б)‌Б выдаваў абласную газету «Чырвоная звязда», а таксама зводкі Саўінфармбюро, адозвы, лістоўкі; уласныя газеты выдавалі 22 падпольныя райкамы (гл. таксама Друк падпольны).

Спыніў дзейнасць 10 ліпеня 1944 г. пасля пачатку вызвалення тэрыторыі вобласці.

Сакратары абкама: В. Я. Чарнышоў (з 19.3.1943), Ф. А. Баранаў (з 10.8.1943); члены абкама: Я. Д. Гапееў [з 19.3.1943, адначасова ў красавіку — снежні 1943 кіраўнік Лідскага падпольнага міжрайпартцэнтра, з верасня 1943 сакратар Лідскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)‌Б], Р. А. Сідарок (з 19.3.1943, адначасова ў красавіку — снежні 1943 кіраўнік Івянецкага падпольнага міжрайпартцэнтра, з мая 1944 фактычна выконваў абавязкі сакратара абкама), С. П. Шупеня (з 19.3.1943, адначасова ў красавіку — снежні 1943 кіраўнік Шчучынскага падпольнага міжрайпартцэнтра), Д. М. Армянінаў (з 8.7.1943), У. З. Царук (з 8.7.1943, адначасова ў кастрычніку — снежні 1943 кіраўнік Стаўбцоўскага падпольнага міжрайпартцэнтра).

У гонар Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б у в. Кляцішча Стаўбцоўскага pаёна ў 1981 г. пастаўлена стэла.