САКАВІК, трэці месяц каляндарнага года
pdf

САКАВІК

Дата стварэння: 14.10.2024 10:31:11

Дата змены: 27.01.2026 11:25:50


Сакаві́к (ад слова «сок», у гэтым месяцы пачынаецца рух соку ў дрэвах)

Трэці месяц каляндарнага года (31 суткі), пераходны месяц ад зімы да вясны. Руская назва «март» (ад лац. Mars, па імені бога вайны Марса).

Пераход да вясны адбываецца ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі ў сярэднім 13–20 сакавіка, у цэнтральнай частцы — 23–27, на паўночным усходзе — 28–31. Сярэдняя месячная тэмпература паветра (кліматычная норма) ад 0,7 °С на паўднёвым захадзе да −3,3 °С на паўночным усходзе, што на 4–5 °С вышэй, чым у лютым. У залежнасці ад характару атмасферных працэсаў сярэднямесячная тэмпература можа рэзка адрознівацца ад нормы. Так, тэмпература паветра перавышала норму на 3–6 °С у 1961, 1975, 1989–1990, 1992, 1995, 1999 і 2002 гг. У 1952, 1963–1964, 1969 і 1987 гг. сярэднямесячная тэмпература была на 4–8 °С ніжэй за норму. Сакавік 2007 г. быў вельмі цёплы (5,2 °С) і перавысіў кліматычную норму на 6,9 °С.

Пераважная дзённая тэмпература паветра ў сакавіку ад 0,5 °С на поўначы і паўночным усходзе да 5 °С на паўднёвым захадзе. Тэмпература паветра ноччу ў сярэднім складае −2,5 °С на паўднёвым захадзе і −7,5 °С на поўначы і паўночным усходзе. Абсалютны максімум (23,1 °С) зафіксаваны 19 сакавіка 1990 г. у гарадскім пасёлку Лельчыцы (Гомельская вобласць); абсалютны мінімум (−38 °С) — 8 сакавіка 1964 г. у горадзе Жлобін (Гомельская вобласць).

Для сакавіка характэрныя адлігі — ад 18 да 25 дзён на працягу месяца. Сярэдняя працягласць сонечнага ззяння за месяц ад 127 да 141 гадз.

Абсалютны максімум атмасфернага ціску ў рэспубліцы на ўзроўні метэаралагічнай станцыі назіраўся 13 сакавіка 1995 г. у горадзе Полацк (Віцебская вобласць) — 1032,4 гПа (774 мм рт. сл.). Абсалютны мінімум зафіксаваны 27 сакавіка 1995 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць) — 943,2 гПа (707 мм рт. сл.).

За месяц выпадае 29–44 мм атмасферных ападкаў (норма). Іх колькасць можа вагацца ад 1–11 мм да 62–189 мм. У сакавіку бывае 11–15 дзён з ападкамі. Самы вільготны ў Беларусі сакавік (73 мм ападкаў пры кліматычнай норме 36 мм) быў зарэгістраваны ў 1983 г. Самы сухі быў сакавік 1974 г., калі выпала 7 мм ападкаў (19 % нормы). Найбольшая колькасць ападкаў (189 мм, больш за 4 месячныя нормы) выпала ў 1958 г. у Навагрудку; найменшая колькасць (1 мм) — у гарадах Брэст (1904) і Пінск (1960) Брэсцкай вобласці, гарадскіх пасёлках Брагін (1986) і Лельчыцы (1991) Гомельскай вобласці. Максімальная колькасць ападкаў за суткі ў сакавіку (44 мм, 126 % месячнай кліматычнай нормы) адзначана ў 1940 г. у горадзе Баранавічы (Брэсцкая вобласць).

У гэтым месяцы разбураецца ўстойлівае снегавое покрыва. Пачынаецца гэты працэс у паўднёва-заходняй частцы рэспублікі ў 1‑й дэкадзе, у цэнтральнай частцы — у 2‑й, а на поўначы і паўночным усходзе — у 3‑й дэкадзе сакавіка. Максімальная вышыня снегавога покрыва (73 см) назіралася 10 сакавіка 2004 г. у гарадах Віцебск і Орша (Віцебская вобласць).

У сярэднім за месяц адзначаецца 1–2 дні з галалёдам і 1–3 дні з шэранню. У сакавіку бывае 2–5 дзён з завірухай, у асобныя гады іх колькасць складае 7–14. Найбольшая колькасць дзён з навальніцай (4 дні) зарэгістравана ў 1995 г. на метэастанцыі Ліда.

Туманы ў сакавіку назіраюцца ад 4 да 7 дзён, у асобныя гады — 10–15 дзён. Максімальная працягласць туманаў у сакавіку (193 гадз, больш за 8 сутак) зафіксавана ў 1966 г. у Навагрудку.

Максімальны парыў ветру (35 м/с) зарэгістраваны 10 сакавіка 1969 г. у горадзе Ашмяны (Гродзенская вобласць).