ШЧАРА, рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях
pdf

ШЧАРА

Дата стварэння: 31.10.2024 14:37:08

Дата змены: 11.11.2024 11:15:39


ШЧАРА, рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях

Рака Шчара.

ШЧАРА, рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях

Рака Шчара.

ШЧАРА, рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях

Рака Шчара.

Шча́ра

Рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Даўжыня ракі 325 км.

Левы прыток ракі Нёман. Асноўныя прытокі: рэкі Іса, Ліпнянка, Лахазва, Мышанка, Пад’яварка (правыя); Ведзьма, Грыўда, Луконіца, Сіпа (левыя).

Пачынаецца на Навагрудскім узвышшы на вышыні 185,7 м над узроўнем мора, выцякае з возера Калдычэўскае, якое размешчана за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Калдычэва Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Працякае па Прыпяцкім Палессі (частка верхняга цячэння), Баранавіцкай раўніне, паўднёва-заходніх схілах Навагрудскага ўзвышша і Верхнянёманскай нізіне. Шчара ўпадае ў раку Нёман з левага берага за 1,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Навасёлкі Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Плошча вадазбору 6990 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 31,9 м³/с. У створы Шчары — горад Слонім (86 км ад вусця) сярэднешматгадовы расход вады складае 23,5 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 71,7 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 9,6 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 10,7 м³/с. Агульнае падзенне ракі 77,7 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,2 ‰. Агульная даўжыня рачной сістэмы 2 650 км. Гушчыня рачной сеткі 0,45 км/км².

Азёрнасць вадазбору нязначная (1 %), найбуйнейшыя азёры —Выганашчанскае, Бабровіцкае, размешчаныя ў паўднёвай частцы вадазбору. На вадазборы праводзіліся асушальныя меліярацыйныя работы, у выніку якіх, па стане на 1.1.2008 г., 12,1 % плошчы басейна меліяравана. Працягласць адкрытай гідрамеліярацыйнай асушальнай сеткі складае 4 460 км. Пад раллёй 40 % тэрыторыі вадазбору.

Паводле будовы даліны, рэчышча і паводле ўмоў працякання Шчара падзяляецца на 2 участкі.

Даліна ад вытоку да ўпадзення ракі Грыўда трапецаідальная, шырынёй 1,5 км, са стромкімі схіламі вышынёй 15–20 м; пойма нізкая, забалочаная і куп’істая, перасечаная асушальнымі каналамі; шырыня разліву ад 200 м да 3 км. Ад вусця Агінскага канала пойма прарэзана сеткай каналаў, па якіх, уключаючы Агінскі канал, у вясновае разводдзе адбываецца пераліў вады са Шчары ў возера Выганашчанскае.

Рэчышча звілістае, акрамя каналізаваных участкаў каля вытоку і перад упадзеннем Грыўды, яго шырыня 15–30 м, месцамі да 60 м.

Берагі нізкія (ад вусця ракі Мышанка да канца ўчастка вышыня да 2 м), пераважна тарфяністыя.

На ўчастку ад упадзення Грыўды да вусця даліна трапецаідальная, шырынёй 3–5 км.

Схілы стромкія, вышынёй 10–20 м, месцамі 35–40 м, у ніжнім цячэнні спадзістыя, вышынёй 2–8 м.

Пойма забалочаная, шырыня ў пачатку ўчастка 1,5–2,5 км, у сярэдняй частцы 0,5–0,8 км, у ніжняй — 50–300 м.

Рэчышча звілістае. Каналізавана ў 1974 г. і 1985 г. на працягу 9,6 км (ад вытоку на працягу 9 км; каля паўднёва-ўсходняй ускраіны вёскі Дабромысль Івацэвіцкага раёна — 0,6 км) і каля горада Слонім.

Берагі высокія (ад 0,8 да 3 м).

На перыяд вясновага разводдзя (з пачатку сакавіка, доўжыцца ў сярэднім 65–80 сутак; ускладняецца нераўнамернасцю снегараставання і выпадзеннем дажджоў) прыпадае 40,5 %, на летне-асеннюю межань — 35,8, на зімовую — 23,7 % аб’ёму гадавога сцёку.

Сярэдняе перавышэнне над летне-асенняй межанню ў горадзе Слонім 1,8 м.

Замярзае ў канцы снежня (максімальная таўшчыня лёду 46–65 см), ускрываецца ў сярэдзіне сакавіка.

Водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, верхаводка, жэрах, карась залаты і сярэбраны, язь, плотка, карп, краснапёрка, пячкур, лінь, акунь, судак (ніжэй ад Слоніма), ёрш.

Суднаходная на працягу 155 км ад вусця да аграгарадка Быцень Івацэвіцкага раёна толькі ў паўнаводны перыяд.

На рацэ знаходзяцца 3 вадасховішчы: Даманаўскае (у сутоках з ракой Грыўда), Чамялынскае і Мінічы. Даманаўскае вадасховішча размешчана за 164 км ад вусця ракі, каля аграгарадка Даманава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Чамялынскае вадасховішча знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці, недалёка ад вёскі Чамялы. Вадасховішча Мінічы знаходзіцца на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, Брэсцкай вобласці, за 3 км на поўдзень ад горада Ляхавічы.

Рэжым ракі вывучаўся з 1877 г. на 14 гідралагічных пастах, з якіх, па стане на 1.1.2022 г., дзейнічае адзін — у горадзе Слонім. Таксама дзейнічаюць 2 пункты назіранняў за станам паверхневых вод па гідрахімічных паказчыках: адзін — за 0,8 км вышэй ад горада Слонім, 2 — за 2,1 км ніжэй ад Слоніма.

Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм; рыбны промысел вядзецца ад вусця да Слоніма.

Уздоўж ракі, на поўдзень ад горада Ляхавічы, зона адпачынку мясцовага значэння Шчара.

Працякае па тэрыторыі ландшафтных заказнікаў рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае», «Ліпічанская пушча» і інш.