Акця́брскі
Гарадскі пасёлак, цэнтр Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці, на р. Нератоўка. За 190 км на захад ад г. Гомель, за 230 км ад Мінска, 7 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор на лініі Бабруйск — Рабкор; на аўтамабільнай дарозе Глуск — Азарычы.
Акцябрскі ўтвораны ў 1954 г. у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка (цэнтр раёна ў 1939–1954), Рудабелка і Рудня.
У першыя дні вайны на тэрыторыі Акцябрскага раёна быў сфарміраваны знішчальны батальён (гл. Знішчальныя батальёны), што на пачатку ліпеня налічваў 100 чалавек, арганізатарамі і кіраўнікамі якога былі першы сакратар Акцябрскага райкама КП(б)Б Ц. П. Бумажкоў і ўпаўнаважаны Наркамата нарыхтовак БССР па Акцябрскім раёне Ф. I. Паўлоўскі. У ліпені 1941 г. у раён прыбыў механізаваны атрад Чырвонай арміі пад камандаваннем падпалкоўніка Л. В. Курмышова (250 чалавек). Абодва фарміраванні дзейнічалі разам: вялі разведку, знішчалі баявую тэхніку і жывую сілу ворага — 15 ліпеня знішчылі 15 танкаў праціўніка пры іх пераправе цераз р. Пціч, 18 ліпеня пры падтрымцы браняпоезда № 52 — штаб нямецкай дывізіі ў в. Воземля (гл. Воземлянскі бой 1941 г.).
У ліпені 1941 г. на базе батальёна і партыйна-савецкага актыву створаны партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік» (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 123‑я Акцябрская імя 25‑годдзя БССР).
Да канца ліпеня 1941 г. ва ўзаемадзеянні з савецкімі войскамі батальён знішчыў каля 300 гітлераўцаў, 20 танкаў, дзясяткі аўтамашын, падарваў 20 мастоў. Акружаныя з трох бакоў гітлераўцамі, пад абстрэлам авіяцыі, у жорсткіх баях да жніўня 1941 г. байцы батальёна ўтрымлівалі тэрыторыю раёна.
З восені 1941 г. да студзеня 1944 г. тэрыторыя раёна ўваходзіла ў Акцябрска-Любанскую партызанскую зону. Тут дзейнічалі Акцябрскі падпольны райкам КП(б)Б і Акцябрскі падпольны райкам ЛКСМБ; партызанская брыгада 37‑я імя А. Я. Пархоменкі, партызанская брыгада 99‑я Калінкавіцкая, партызанская брыгада 100‑я Глуская, партызанская брыгада 121‑я імя А. Ф. Брагіна, партызанская брыгада 123‑я Акцябрская імя 25‑годдзя БССР, партызанская брыгада 225‑я, партызанская брыгада 258‑я імя В. У. Куйбышава, партызанскі атрад П. А. Дудаля, партызанскі атрад I. С. Губіна, партызанскі атрад А. Ф. Сарафанава; выдавалася падпольная газета «Народны мсцівец», орган Акцябрскага падпольнага райкама КП(б)Б. Ва ўрочышчы Дзвесніца базіраваліся Мінскі падпольны абкам КП(б)Б, штабы Мінскага партызанскага злучэння, партызанскага злучэння Мінскай і Палескай абласцей; падпольная друкарня газеты «Звязда», органа Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б.
Нямецка-фашысцкія захопнікі неаднойчы спрабавалі ліквідаваць партызанскую зону, праводзілі карныя аперацыі. Карпілаўка 5 жніўня 1941 г., Рудабелка ў сакавіку — красавіку 1942 г. і Рудня 24 студзеня — 27 чэрвеня 1944 г. былі заняты нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія забілі ў гэтых і іншых вёсках раёна 6 тыс. мясцовых жыхароў, спалілі ў раёне 97 вёсак.
У ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г. у выніку баявых дзеянняў савецкіх воінаў і партызан на тэрыторыі раёна створаны разрыў у лініі нямецкага фронту — т. зв. Рудабельскія «вароты».
Карпілаўка, Рудабелка і Рудня вызвалены 27 чэрвеня 1944 г. воінамі 48‑й гвардзейскай стралковай дывізіі (генерал-маёр Г. М. Корчыкаў) 20‑га стралковага корпуса 28‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944 г. пры ўдзеле партызан 123‑й Акцябрскай брыгады імя 25‑годдзя БССР.
У Акцябрскім знаходзяцца:
брацкія могілкі савецкіх воінаў і партызан, на якіх створаны мемарыяльны комплекс, магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
помнік «Капліца памяці» — жыхарам Акцябрскага раёна, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны;
помнік Ц. П. Бумажкову;
мемарыяльны знак на месцы перасыльнага пункта на шляху ў Азарыцкія лагеры смерці;
Алея Герояў;
мемарыяльныя дошкі ў гонар партызан, Акцябрскага падпольнага райкама КП(б)Б і штаба 123‑й Акцябрскай брыгады імя 25‑годдзя БССР.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 г. № 355 гарадскі пасёлак Акцябрскі ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».