Васіле́вічы
Горад у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. За 54 км на паўднёвы захад ад г. Рэчыца, за 86 км ад г. Гомель, за 268 км ад Мінска; чыгуначны вузел (лініі на гарады Гомель, Калінкавічы, Хойнікі); аўтадарогамі горад звязаны з аўтамагістраллю Гомель — Калінкавічы.
У 1938–1959 гг. цэнтр Васілевіцкага раёна.
У 1939 г. у Васілевічах было 4 410 жыхароў.
У 1950–1971 гг. гарадскі пасёлак, да гэтага вёска.
У першыя дні вайны на тэрыторыі раёна дзейнічаў Васілевіцкі знішчальны батальён (камандзір А. З. Духанін), на базе якога ў жніўні 1941 г. створаны партызанскі атрад Васілевіцкі. У сярэдзіне ліпеня 1941 г. у Васілевічах пачалося фарміраванне кавалерыйскай групы пад кіраўніцтвам палкоўніка А. І. Бацкалевіча, якая некаторы час вяла баявыя дзеянні ў тыле нямецкай групы армій «Цэнтр».
Васілевічы акупіраваны 25 жніўня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў Васілевічах і раёне 1 885 мясцовых жыхароў (паводле актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў).
У перыяд акупацыі на тэрыторыі раёна дзейнічалі: Васілевіцкі падпольны райкам КП(б)Б і Васілевіцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Васілевіцкае партыйна-камсамольскае падполле, партызанская брыгада 99‑я Калінкавіцкая, партызанская брыгада 101‑я Даманавіцкая, партызанская брыгада «Бальшавік», партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (Гомельскай вобласці), партызанская брыгада імя В. І. Чапаева (Гомельскай вобласці), партызанская брыгада імя М. А. Шчорса (Гомельскай вобласці), партызанская брыгада Лоеўская «За Радзіму», партызанская брыгада Рэчыцкая імя К. Я. Варашылава, партызанская брыгада Васілевіцкая імя П. К. Панамарэнкі, партызанскі атрад імя С. М. Кірава (Гомельскай вобласці), партызанскі атрад А. Ф. Сарафанава, партызанскі атрад Парыцкі імя С. М. Кірава; выдавалася падпольная газета «Соцыялістычная праца», орган Васілевіцкага падпольнага райкама КП(б)Б.
З набліжэннем фронту акупанты ператварылі Васілевічы і станцыю ў моцныя апорныя пункты.
Васілевічы вызвалены 18 лістапада 1943 г. часцямі 15‑й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі (генерал-маёр I. Ц. Чаленка) 7‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса (генерал-маёр М. П. Канстанцінаў) і 193‑й Дняпроўскай стралковай дывізіі (генерал-маёр А. Р. Фралянкоў) 65‑й арміі Беларускага фронту 1943–1944 гг. у час Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г. У вызваленні Васілевіч удзельнічалі партызаны 101‑й Даманавіцкай і Васілевіцкай імя П. К. Панамарэнкі брыгад.
У Васілевічах знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан (сярод пахаваных Герой Савецкага Саюза А. Г. Казлоў); брацкая магіла падпольшчыкаў; магіла І. М. Іванова, расстралянага нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1943 г. (за 1,5 км на ўсход ад горада); могілкі ахвяр фашызму ва ўрочышчы Рубанікі (за 2,5 км на захад ад горада); на пахаваннях пастаўлены помнікі.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1985.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя: у 10 т. Т. 2: Кн. 2: Гомельская вобласць / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Рэчыцкага раёна: у 2 кн. / Рэдкал.: Э. Н. Гнеўка [і інш.]. – Мінск: Беларусь, 1998.
Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995.
Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.
Численность населения СССР на 17 января 1939 года. По районам, районным центрам, городам, рабочим посёлкам и крупным сельским населённым пунктам. – Москва: Госпланиздат, 1941.
Свидетельствуют палачи: уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941–1944 гг.: документы и материалы / сост.: В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь, 2009.
Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область: Сборник архивных документов и материалов / Редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь; – Москва: Фонд «Историческая память», 2021.
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) / А. Л. Манаенков (руководитель) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1983.
Шомоди В. Э. Маршрутами народной славы: учебное пособие для педагогов и воспитателей. – Минск: Университетское, 2001.