ЛІСТАПАД, адзінаццаты месяц каляндарнага года
pdf

ЛІСТАПАД

Дата стварэння: 14.10.2024 10:29:19

Дата змены: 27.01.2026 11:24:13


Лістапа́д (месяц, калі ападае апошняе лісце з дрэў)

Адзінаццаты месяц каляндарнага года (30 сутак), апошні месяц восені. Руская назва «ноябрь» (лац. november ад novem дзевяць, 9‑ы месяц у старажытнарымскім календары).

Частыя ўварванні халодных мас паветра ў лістападзе у спалучэнні з адмоўным радыяцыйным балансам зямной паверхні ствараюць умовы для фарміравання зімовага рэжыму надвор’я. Тэмпература паветра ўсё часцей становіцца адмоўнай. Пераход да адмоўных сярэдніх сутачных тэмператур, што лічыцца пачаткам зімы, адбываецца каля сярэдзіны лістапада, на паўднёвым захадзе рэспублікі крыху пазней — у 3‑й дэкадзе месяца, а ў горадзе Брэст — 3 снежня.

Сярэдняя месячная тэмпература паветра (кліматычная норма) ад −0,5 °С на паўночным усходзе ў раёне Гарадоцкага ўзвышша да 2,6 °С на Прыбужскай раўніне, што на 5,1–5,8 °С ніжэй, чым у кастрычніку. У асобныя гады сярэднямесячная тэмпература можа адхіляцца ад нормы на 2–4 °С. Так, лістапад быў цяплейшы, чым звычайна, у 1949, 1962, 1967, 1969, 1978, 1982, 1990, 1996 і 2000 гг.; халаднейшы — у 1946, 1956, 1965, 1985 і 1988 гг. Вельмі холадна (на 6–8 °С ніжэй за норму) было ў 1993 і 1998 гг., чаго ў Беларусі не адзначалася за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў. Самы халодны (−6,1 °С) лістапад быў у 1993 г., самы цёплы (4,9 °С) — у 1996 г. пры сярэднешматгадовым значэнні 0,7 °С.

Тэмпература паветра днём звычайна 1,7–5,2 °С. Абсалютны максімум тэмпературы паветра (24,1 °С) зарэгістраваны 1 лістапада 1926 г. у гарадах Мазыр і Калінкавічы (Гомельская вобласць); абсалютны мінімум (−27,4 °С) — 30 лістапада 1992 г. на метэаралагічнай станцыі Езярышча.

Сярэдняя працягласць сонечнага ззяння за месяц ад 32 да 43 гадз.

Максімальны атмасферны ціск на ўзроўні метэастанцыі назіраўся 19 лістапада 1985 г. у горадзе Верхнядзвінск і гарадскім пасёлку Шаркаўшчына (Віцебская вобласць) — 1034,6 гПа (778 мм рт. сл.) пры норме па дадзеных пунктах 998,4 і 998,9 гПа (751 мм рт. сл.). Абсалютны мінімум атмасфернага ціску зафіксаваны 30 лістапада 1988 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць) — 939 гПа (706 мм рт. сл.) пры сярэднім шматгадовым значэнні па дадзеным пункце 981,9 гПа (738 мм рт. сл.).

Атмасферныя ападкі ў лістападзе пачынаюць часцей выпадаць у выглядзе снегу, але ўстойлівае снегавое покрыва звычайна ўтвараецца толькі ў снежні. Самая ранняя дата першага з’яўлення снегавога покрыва — канец кастрычніка, на поўдні і захадзе Беларусі — 1‑я палова лістапада. У выпадку позняй зімы снегавое покрыва ўтвараецца толькі ў студзені.

Сярэдняя колькасць ападкаў за месяц — 40–60 мм, у асобныя гады яна павялічваецца да 2–3 месячных норм. Мінімальная колькасць ападкаў у лістападзе 0–15 мм. Сярэдняя колькасць дзён з ападкамі складае 15–20. Самым дажджлівым быў лістапад 1952 г., за які ў сярэднім па рэспубліцы выпала 91 мм ападкаў пры кліматычнай норме 49 мм. Менш за ўсё ападкаў (10 мм, 20 % месячнай нормы) выпала ў 1993 г. Максімум ападкаў за лістапад (165 мм, больш за 3 месячныя нормы) зафіксаваны ў 1909 г. у Мінску. У 1993 г. у шэрагу рэгіёнаў рэспублікі (гарады Віцебск, Верхнядзвінск, Полацк, Сянно, гарадскія пасёлкі Езярышча, Шаркаўшчына Віцебскай вобласці) ападкі наогул не выпадалі пры норме па дадзеных пунктах ад 45 да 54 мм. Максімальная сутачная колькасць ападкаў (46 мм, больш за 85 % месячнай нормы) зафіксавана 18 лістапада 1909 г. у Мінску.

Лістапад — месяц са спрыяльнымі ўмовамі для ўтварэння туманаў. Сярэдняя колькасць дзён туманамі — 6–17. У 1958 г. у Навагрудку туман трымаўся 26 дзён (максімальны паказчык на тэрыторыі рэспублікі ў гэтым месяцы).

Наймацнейшы парыў ветру (40 м/с) быў зарэгістраваны 2 лістапада 1969 г. у горадзе Докшыцы (Віцебская вобласць) і Шаркаўшчыне. У лістападзе 2000 г. назіралася 2 дні з навальніцай у гарадах Ганцавічы і Пінск (Брэсцкая вобласць), гарадскім пасёлку Лельчыцы (Гомельская вобласць) і на метэастанцыі Палеская.