Дата стварэння: 14.10.2024 10:16:20
Дата змены: 24.12.2025 14:06:09
Нёман
Іншая назва: Нямунас (у Літве).
Рака ў Мінскай і Гродзенскай абласцях Беларусі, у Літве і на граніцы Літвы і Калінінградскай вобласці Расіі. Асноўныя прытокі: рэкі Уса, Сула, Бярэзіна (Заходняя Бярэзіна), Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра, Вілія (справа), Уша, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач (злева). Ад вытоку да вусця рака прымае каля 180 прытокаў. Даўжыня 937 км, у Беларусі 459 км.
Пачынаецца пад назвай Нёманец на Стаўбцоўскай раўніне каля пасёлка Верхнёман Уздзенскага раёна Мінскай вобласці, упадае ў Куршскі заліў Балтыйскага мора, утвараючы дэльту.
Рака дзеліцца на 3 часткі: верхняе цячэнне (ад вытоку да вусця ракі Котра), сярэдняе (ад вусця Котры да вусця Віліі), ніжняе (ад вусця Віліі да ўпадзення ў Балтыйскае мора).
У вярхоўі працякае па Нёманскай нізіне, у сярэднім цячэнні перасякае Гродзенскае ўзвышша і Балтыйскую граду.
Плошча вадазбору 98,2 тыс. км², у межах Беларусі 34,6 тыс. км² (без вадазбору ракі Вілія).
Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,21 ‰. Гушчыня рачной сеткі 0,37 км/км².
Даліна амаль да вусця Сулы слаба выражана, на ўчастку паміж вусцямі рэк Шчара і Чорная Ганча глыбокая і вузкая. Шырыня пераважна 1–4 км. Схілы даліны (вышыня 6–25 м, месцамі 30–50 м) да ўпадзення Бярэзіны спадзістыя, далей — стромкія, парэзаныя ярамі.
Пойма двухбаковая, нізкая, забалочаная, парэзаная старыцамі; яе шырыня 1–2 км, дзе-нідзе да 4 км, ніжэй ад горада Масты, дзе даліна глыбокая, часта адсутнічае. Рэчышча ў вярхоўі (шырыня 35–40 м, месцамі да 150 м) ад вытоку на працягу 26,4 км каналізаванае, далей звілістае, шмат перакатаў, мелей, кос, пясчаных выспаў; у сярэднім цячэнні — пясчанае, шмат парогаў, у т. л. каля горада Гродна; у нізоўі пашыраецца да 180–380 м (дзе-нідзе да 640 м), камяністыя парогі змяняюцца пясчанымі мелямі.
Глыбіня ў вярхоўі 3–4 м, у нізоўі да 1–2 м (за кошт магутных адкладаў наносаў; праводзяцца работы па паглыбленні дна з мэтай забеспячэння суднаходства).
Берагі пераважна стромкія, пясчаныя, месцамі абрывістыя. Цячэнне спакойнае з сярэдняй хуткасцю 0,6–0,8 м/с і ваганнямі ад 0,2 да 2 м/с (у разводдзе).
Нязначная доля рачнога сцёку (каля 0,3 %) паступае з Польшчы і Латвіі — з прытокамі, вярхоўі якіх размешчаны ў гэтых краінах. На долю Беларусі для сярэдняга па воднасці года прыпадае 43,5 % агульнага сцёку Нёмана, Літвы — 50 %, Расіі — 6,2 %. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое ў вярхоўі і дажджавое ў нізоўях. Жыўленне Нёмана на 33–40 % складаецца з талых водаў, на 25–32 % — са сцёку ападкаў і на 10–40 % — з падземных водаў.
Па характары размеркавання воднасці ўнутры года Нёман адносіцца да рэк са значным вясновым разводдзем падчас інтэнсіўнага снегараставання і нізкім сцёкам у іншыя поры года.
У сярэднім вясновы сцёк Нёмана па ўсёй яго даўжыні складае 41,4–46,2 % гадавога сцёку, а летні — толькі 15,4–17,9 %. Рачны сцёк асенняга і зімовага перыядаў амаль аднолькавы (11–37 і 11–38 % адпаведна).
Характэрнай рысай вясновага разводдзя з’яўляецца праходжанне некалькіх хваляў, абумоўленых на пад’ёме нераўнамернасцю снегараставання, а на грэбені і спадзе — выпадзеннем дажджавых ападкаў. Вясновае разводдзе пачынаецца звычайна ў 1‑й дэкадзе сакавіка, у гады з ранняй вясной — у 3‑й дэкадзе студзеня, з позняй — у 1‑й дэкадзе красавіка. Сярэдняя працягласць вясновага разводдзя на тэрыторыі Беларусі каля двух месяцаў, сярэдняя вышыня ўздыму максімальнага ўзроўню вады над межанным змяняецца ад 2,5 да 4 м, уніз па цячэнні павялічваецца.
Максімальныя расходы вады вясновага разводдзя залежаць галоўным чынам ад запасаў снегу і ад інтэнсіўнасці яго раставання. Асноўным фактарам фарміравання максімальных расходаў вады вясновага разводдзя рэк басейна Нёмана з’яўляецца інтэнсіўнасць раставання снегу.
Разводдзе праходзіць адначасова на ўсіх прытоках Нёмана пераважна раптоўна, і высокі ўзровень вады дасягаецца хутка. Найбольшыя разводдзі, як правіла, узнікаюць у канцы сакавіка — пачатку красавіка.
Надзвычай высокая паводка (за ўвесь перыяд назіранняў) адзначалася ў басейне ракі вясной 1958 г., калі ўзровень вады ў Гродне дасягнуў адзнакі 893 см над нулём графіка. Падчас наваднення ў зоне затаплення і падтаплення апынуліся многія населеныя пункты і аб’екты прамысловасці, што нанесла значную шкоду эканоміцы.
Летне-асенняя межань усталёўваецца ў сярэднім у 2‑й і 3‑й дэкадзе красавіка. Паводка рэдка пераўзыходзіць вясновае разводдзе, вышыня звычайна да 1 м, у асобныя гады — да 2 м. У найбольш дажджлівыя гады можа назірацца да чатырох паводак за сезон. Мінімальны сцёк ракі абумоўлены пераважна грунтавым сцёкам.
Мінімальныя ўзроўні вады часцей за ўсё бываюць у ліпені — жніўні. Зімовая межань больш устойлівая, доўжыцца 80–90 дзён, у асобныя гады парушаецца паступленнем талых водаў падчас адліг.
Доля рачнога сцёку абмежавальнага перыяду складае каля 55 % (на летне-асенні сезон прыпадае 35 %, зімовы — 20 % гадавога).
Паводле назіранняў, мінімальны сцёк рэк вадазбору Нёмана з 1 км² у сярэднім складае 1–1,5 л/с і не па́дае ніжэй за 0,8 л/с.
У 2‑й палове лістапада на Нёмане ўтвараецца донны лёд і пачынаецца крыгаход практычна адначасова па ўсёй даўжыні ракі. Гэты крыгаход з’яўляецца перамяшчэннем доннага лёду на паверхні вады. Надыход ледаставу не суправаджаецца значнымі зажорамі і рэзкімі, моцнымі пад’ёмамі ўзроўню вады, як падчас адліг зімою і пры ўскрыцці вясною. Ледастаў, абумоўлены часовым пацяпленнем, выклікае моцны і працяглы пад’ём узроўню вады, значна большы, чым увосень і ўлетку.
У створы ракі Нёман — горад Гродна (423 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 194 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 799 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 89,3 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 71,5 м³/с.
У створы ракі Нёман — горад Масты (339 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 146 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 552 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 70,6 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 59,4 м³/с.
У створы ракі Нёман — аграгарадок Беліца (Лідскі раён, 264 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 105 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 497 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 47,8 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 41 м³/с.
У створы ракі Нёман — горад Стоўбцы (83 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 17,7 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 182 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 7,61 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 8,18 м³/с.
У басейне ракі Нёман зацверджаны запасы 64 радовішчаў прэсных падземных водаў, з якіх эксплуатуюцца 46.
Агінскім каналам Нёман злучаны з басейнам ракі Дняпро, Аўгустоўскім каналам — з басейнам ракі Вісла, па Вілейска-Мінскай воднай сістэме частка сцёку ракі перакідваецца ў басейн Дняпра.
Рака выкарыстоўваецца для водазабеспячэння, суднаходная (у межах Беларусі суднаходства нерэгулярнае — ад вёскі Купіск Навагрудскага раёна да аграгарадка Гожа Гродзенскага раёна).
Водзяцца шчупак, акунь, быстранка, верхаводка, пячкур, плотка, мянтуз, сустракаюцца галавень і ялец.
У Беларусі на рацэ Нёман стаяць гарады Стоўбцы, Масты, Гродна (порт).
У басейне ракі Нёман размешчаны 2 нацыянальныя паркі — «Нарачанскі» і «Белавежская пушча»; 23 заказнікі рэспубліканскага значэння: 8 біялагічных, 4 гідралагічныя, 11 ландшафтных; 65 заказнікаў мясцовага значэння: 26 біялагічных, 20 гідралагічных, 17 ландшафтных, 2 геалагічныя, а таксама каля 367 помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння, з іх 83 батанічныя, 265 геалагічных і 19 гідралагічных.
У межах вадазбору ракі знаходзяцца заказнікі рэспубліканскага значэння: ландшафтныя — «Выганашчанскае», «Свіцязянскі», «Налібоцкі», «Гродзенская пушча»; біялагічныя — «Дакудаўскі», «Слонімскі». На маляўнічых берагах размясціліся зоны адпачынку Стоўбцы, Морына, Дзітва (у міжрэччы Нёмана і Дзітвы), Масты, Скідзель, Сонічы; курорт Наваельня; турысцка-аздараўленчыя комплексы «Высокі бераг», «Нёман», санаторыі «Нёман‑72», «Жамчужына», «Вясёлка», база адпачынку «Купалінка».