БЯРЭЗІНА, рака ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра
pdf

БЯРЭЗІНА

Дата стварэння: 14.10.2024 10:11:02

Дата змены: 22.08.2025 12:21:23


БЯРЭЗІНА, рака ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра

Від на раку Бярэзіна ў горадзе Бабруйск.

БЯРЭЗІНА, рака ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра

Рака Бярэзіна на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка (фота: В. М. Босак).

БЯРЭЗІНА, рака ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра

Водная расліннасць на рацэ Бярэзіна (фота: В. М. Босак).

Бярэ́зіна

Іншая назва: Беразіна.

Рака ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Даўжыня 613 км.

Правы прыток ракі Дняпро. Асноўныя прытокі — рэкі Гайна, Уша, Свіслач (правыя); Бобр, Клява, Ольса, Ала (левыя).

Пачынаецца за 1 км на паўднёвы захад ад горада Докшыцы Віцебскай вобласці, далей працякае па тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, упадае ў Дняпро справа на ўчастку паміж гарадамі Жлобін і Рэчыца, за 5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Горваль.

Вадазбор плошчай 24,5 тыс. км², раўнінны з марэннымі градамі (адносная вышыня град 20–30 м). Верхняя частка вадазбору размешчана ў межах Беларускай грады і Верхнебярэзінскай нізіны, сярэдняя на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, ніжняя ў межах Гомельскага Палесся. Пад лясамі, у т. л. забалочанымі, 52 % тэрыторыі, масівы хваёва- і ялова-ліставых парод сканцэнтраваны ў верхняй частцы вадазбору і ў нізоўях. Агульная даўжыня рачной сістэмы (425 рэк) 8490 км, гушчыня рачной сеткі 0,35 км/км².

Па асаблівасцях будовы рачной даліны, рэчышча і па ўмовах працякання Бярэзіна дзеліцца на 3 участкі: верхні (ад вытока да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця, 240 км). У верхнім цячэнні рака перасякае азёры Медзазол і Палік.

У верхнім цячэнні даліна амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай багністай лясістай мясцовасцю. Пойма забалочаная, шырыня да 3 км (у асобных месцах 0,5–6 км). Падчас разводдзя затапляецца на глыбіню да 1,8 м, зрэдку да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, шырыня 15–20 м, месцамі да 60 м, шмат праток і невялікіх пясчаных астравоў (выспаў). Берагі вышынёй 0,5–1,5 м, пясчаныя, забалочаныя, на асобных участках стромкія.

У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шырыня 1–3 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя (вышыня 10–35 м), прарэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, парослыя лесам і хмызняком. Пойма да вусця Бобр левабярэжная, ніжэй па цячэнні двухбаковая, шырыня да 2 км. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,5–3 м (ад 10 сутак да 1,5–2 месяцаў). Рэчышча звілістае, разгалінаванае, шырыня 60–300 м. Берагі стромкія, вышыня да 2 м.

На ніжнім участку даліна пераважна трапецападобная, шырыня да 8 км, месцамі звужаецца да 0,3–0,5 км. Схілы стромкія, вышыня 6–25 м, прарэзаны ярамі і далінамі прытокаў. Пойма моцна забалочаная, куп’істая, пераважна левабярэжная, шырыня поймы да 5 км. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,2–3,5 м (да 1,5 месяца). Рэчышча звілістае (шырыня 80–130 м), утварае шмат заліваў, рукавоў, старыц і пойменных (абалонных) азёр. Берагі ад спадзістых да абрывістых, вышыня ад 1 да 15 м.

Асаблівасць гідралагічнага рэжыму — высокая паводка восенню і яе спад у перыяд ледаставу. Буйная дажджавая паводка на Бярэзіне (у горадзе Барысаў) адзначана ў 1927, 1937, 1952 і 1962 гг.

Вясновае разводдзе (10–20 сутак) звычайна праходзіць адной, радзей некалькімі хвалямі (пад’ём вады 2,3–3,4 м над межанным узроўнем). Замярзае ў 1‑й палове снежня, ускрыццё ў канцы сакавіка (вясновы крыгаход працягваецца 4–7 сутак). Максімальная таўшчыня лёду 30–60 см у канцы лютага — пачатку сакавіка. Сярэдняя тэмпература вады летам 18–20 °С.

Назіранні за гідралагічным рэжымам вядуцца на 4 пунктах (Беразіно, Бабруйск, Барысаў, Светлагорск), за станам паверхневых водаў па гідрахімічных паказчыках на 7 пунктах.

У створы Бярэзіна — Бабруйск (433 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 118 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 592 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 55,7 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 51,4 м³/с.

У створы Бярэзіна — Барысаў (204 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 35,5 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 126 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 16,7 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 19,5 м³/с.

У рацэ водзяцца шчупак, верхаводка, пячкур, галавень, язь, краснапёрка, сом, ёрш звычайны, судак, акунь, плотка, лешч, лінь, аўсянка (вярхоўка), гусцяра і інш.

На рацэ размешчаны філіял РТУП «Беларускае рачное параходства» рачны порт Бабруйск. Рака Бярэзіна ўваходзіць у склад унутраных водных шляхоў Рэспублікі Беларусь. Суднаходства ад вёскі Броды Барысаўскага раёна (494 км ад вусця).

У межах Гомельскай вобласці шырыня водаахоўнай зоны ракі Бярэзіна складае 200–6500 м.

У межах вадазбору створаны Бярэзінскі біясферны запаведнік, гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння Заазер’е, біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння Чэрнеўскі, ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння Чарневіцкі, Выдрыца, Смычок і Свіслацка-Бярэзінскі.

На берагах ракі знаходзяцца санаторыі «Бярэзіна», «Бярэзіна — Барысаў», турыстычны комплекс «Дудзінка-Сіці», база адпачынку «Прырода-Люкс», «Маёнтак Горваль», аздараўленчыя комплексы ААТ «БАТЭ», «Беліна» (вёска Беліна Барысаўскага раёна), аздараўленчы цэнтр «Дудзінка», курорт Бабруйск, на тэрыторыі якога размешчаны 3 санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі для дарослых і дзяцей (санаторый «Шыннік», дзіцячы санаторый «Вясёлка», санаторый імя У. І. Леніна), базы адпачынку ААТ «Лесахімік», «Сонечная паляна» (каля вёскі Ядліна Бярэзінскага раёна).

У маляўнічых мясцінах размешчаны зоны адпачынку рэспубліканскага значэння Беразіно і Асіповічы, а таксама мясцовага — Дроздзіна, Прырэчча і інш. На рацэ знаходзяцца гарады Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск.