Дата стварэння: 22.10.2024 14:24:55
Дата змены: 22.08.2025 11:41:00
Брэ́сцкі падпо́льны абка́м КП(б)Б
Брэсцкі падпольны абласны камітэт КП(б)Б.
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
Створаны ў красавіку 1943 г. Цэнтральным камітэтам КП(б)Б [ЦК КП(б)Б], працаваў пад яго кіраўніцтвам.
Да стварэння падпольнага абкама ЦК КП(б)Б 4 лістапада 1942 г. зацвердзіў сакратара Брэсцкага абкама КП(б)Б С. І. Сікорскага ўпаўнаважаным ЦК КП(б)Б па Брэсцкай вобласці, яго памочнікамі — А. М. Драздова, С. П. Пацяруху, Ф. Д. Рому, А. І. Федасюк. У сакавіку 1943 г. яны, а таксама сакратар Брэсцкага абкама КП(б)Б І. І. Баброў, упаўнаважаны Брэсцкага абкама КП(б)Б З. Ф. Паплаўскі і рэдактар абласной газеты «Заря» В. Ф. Калібераў прыляцелі ў тыл ворага ў размяшчэнне Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б, адкуль арганізатарская партыйная група накіравалася ў Брэсцкую вобласць, дзе быў створаны Брэсцкі падпольны абкам КП(б)Б.
Абкамам былі сфарміраваны і ў далейшым дзейнічалі пад яго кіраўніцтвам Брэсцка-Жабінкаўскі падпольны міжрайкам КП(б)Б і Маларыцка-Дамачаўскі падпольны міжрайкам КП(б)Б, Брэсцкі падпольны гаркам КП(б)Б і 10 райкамаў — Антопальскі падпольны райкам КП(б)Б, Бярозаўскі падпольны райкам КП(б)Б, Гайнаўскі падпольны райкам КП(б)Б, Дзівінскі падпольны райкам КП(б)Б, Камянецкі падпольны райкам КП(б)Б, Кляшчэльскі падпольны райкам КП(б)Б, Кобрынскі падпольны райкам КП(б)Б, Косаўскі падпольны райкам КП(б)Б, Маларыцкі падпольны райкам КП(б)Б, Пружанскі падпольны райкам КП(б)Б [гл. таксама Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б], якія аб’ядноўвалі 58 пярвічных партыйных арганізацый, 1 258 камуністаў у партызанскіх фарміраваннях. Абкам накіроўваў дзейнасць Брэсцкага падпольнага абкама ЛКСМБ, Брэсцкага партызанскага злучэння, Брэсцкага партыйнага падполля, Брэсцкай абласной антыфашысцкай арганізацыі і яе камітэта і інш.
Галоўная база абкама размяшчалася ў Бярозаўскім раёне каля воз. Спораўскае, потым ва ўрочышчы Хаваншчына каля в. Корачын Косаўскага раёна.
У канцы красавіка 1943 г. абкам утварыў штаб партызанскіх атрадаў і перайшоў да арганізацыі Брэсцкага партызанскага злучэння. У маі 1943 г. для кіраўніцтва падпольнай работай і каардынацыі партызанскага руху абкам падзяліў тэрыторыю вобласці на 3 зоны, за кожнай з якіх замацаваў адказнага. У Пружанскай зоне (Косаўскі, Поразаўскі, Пружанскі, Ружанскі, Шарашэўскі раёны) кіраўніцтва ажыццяўляў С. П. Пацяруха, у Брэсцкай (Брэсцкі, Дамачаўскі, Жабінкаўскі, Маларыцкі раёны і г. Брэст) — З. Ф. Паплаўскі, у Кобрынскай (Антопальскі, Дзівінскі, Кобрынскі раёны) — А. І. Федасюк. У задачу адказных уваходзіла стварэнне нелегальных партыйных арганізацый у гарадах і вёсках, разгортванне сярод насельніцтва палітычнай работы, далучэнне шырокіх мас да партызанскага руху.
Брэсцкі падпольны абкам КП(б)Б выдаваў абласную газету «Заря», а таксама бюлетэнь «Вести с Советской Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; уласныя газеты выдавалі Бярозаўскі («Пламя») і Гайнаўскі («Гайновский рабочий») падпольныя райкамы КП(б)Б (гл. таксама Друк падпольны).
Абкам спыніў дзейнасць 15 ліпеня 1944 г., пасля пачатку вызвалення тэрыторыі вобласці.
Сакратары абкама: С. I. Сікорскі, I. I. Баброў (да 1.11.1943, загінуў); члены абкама: В. Ф. Калібераў, С. П. Пацяруха (абодва з 24.6.1943), А. I. Федасюк (24.6.1943 — 30.3.1944).
У гонар Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б у в. Спорава Бярозаўскага раёна ў 1960 г. пастаўлены абеліск.
На месцы базіравання Брэсцкіх падпольных абкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ і штаба Брэсцкага партызанскага злучэння ва ўрочышчы Хаваншчына каля в. Корачын Івацэвіцкага раёна створаны мемарыяльны комплекс (гл. «Хаваншчына») і Музей партызанскай славы.