Дата стварэння: 11.06.2025 14:19:06
Дата змены: 29.08.2025 10:24:48
Атмасфе́рныя апа́дкі
Вада ў вадкім або цвёрдым стане, якая выпадае з воблакаў (дождж, імжа, снег, крупы, град) або ўтвараецца непасрэдна на зямной паверхні і наземных прадметах (раса, шэрань, іней, галалёд).
Ападкі выпадаюць пераважна з мяшаных аблокаў, у якіх знаходзяцца кропелькі і крышталікі. Апошнія становяцца ядрамі кандэнсацыі, на якіх асядае (сублімуецца) вадзяная пара. Крышталікі павялічваюцца і выпадаюць у выглядзе снегу або дажджу.
Атмасферныя ападкі выпадаюць тады, калі хаця б частка элементаў воблака (кропелек або крышталікаў) узбуйняецца і становіцца настолькі цяжкай, што супраціў паветра і ўзбежныя яго рухі больш не могуць утрымліваць гэтыя часцінкі ў завіслым стане.
Сума ападкаў вымяраецца вышынёй слоя выпаўшай вады ў міліметрах. Па характары выпадзення адрозніваюць ападкі:
абложныя (складаюцца з кропель або сняжынак сярэдняй велічыні, выпадаюць звычайна працягла і на вялікай плошчы);
ліўневыя (складаюцца з буйных кропель або камякоў снегу, выпадзенне ападкаў непрацяглае, раптоўна пачынаецца і таксама нечакана заканчваецца, са зменлівай інтэнсіўнасцю);
імжа (складаецца з драбнюткіх кропелек, сняжынак або ледзяных іголак; інтэнсіўнасць выпадзення ападкаў выключна малая).
Атмасферныя ападкі — складнік вільгацезвароту. Размеркаванне ападкаў вызначаецца атмасфернай цыркуляцыяй, рэльефам мясцовасці, характарам дзейнай паверхні.
Беларусь па сярэднегадавой колькасці атмасферных ападкаў адносіцца да зоны дастатковага ўвільгатнення. У асенне-зімовы перыяд пераважае зацяжная імжа, у летні — ліўневыя ападкі. У сярэднім за год на большай частцы краіны выпадае 600–700 мм ападкаў, на ўзвышшах — больш чым 700 мм, у нізінах — 600–650 мм.
Максімум гадавой сумы ападкаў зарэгістраваны на Свянцянскіх градах і Навагрудскім узвышшы (1000–1100 мм), абсалютны мінімум — у гарадах Брагін і Івацэвічы (300 мм).
У цёплы перыяд года (красавік — кастрычнік) выпадае 70 % гадавой сумы ападкаў. На працягу года мінімум ападкаў прыпадае на люты — сакавік, максімум — пераважна на ліпень. У цэлым за год доля вадкіх ападкаў складае 70–80 %, цвёрдых — 10–15 %, мяшаных 12–13 %.
Сутачны абсалютны максімум атмасферных ападкаў зарэгістраваны ў ліпені 1973 г. у аграгарадку Слаўнае Талачынскага раёна (148 мм) і ў жніўні 1970 г. у горадзе Бабруйск (146 мм). Сярэдняя колькасць дзён з ападкамі мяняецца ад 145 на паўднёвым усходзе да 195 у цэнтральных і заходніх узвышаных раёнах. Максімальная колькасць дзён з ападкамі ў месяц назіраецца ў снежні — студзені (да 30), мінімальная — у маі і верасні.