ЗІМА, пара года з устойлівай адмоўнай тэмпературай паветра
pdf

ЗІМА

Дата стварэння: 09.10.2024 09:58:53

Дата змены: 25.10.2024 10:38:25


ЗІМА, пара года з устойлівай адмоўнай тэмпературай паветра

Зімовы пейзаж.

Зіма́

  1. У астраноміі — прамежак часу ад моманту зімовага сонцастаяння да веснавога раўнадзенства (з 22 снежня да 21 сакавіка ў Паўночным паўшар’і, з 21 чэрвеня да 22 верасня — у Паўднёвым паўшар’і).

  2. У кліматалогіі — пара года з устойлівай адмоўнай тэмпературай паветра.

Зімовыя месяцы ў Паўночным паўшар’і — снежань, студзень, люты, у Паўднёвым — чэрвень, ліпень, жнівень.

Зіма як феналагічны сезон падзяляецца на падсезоны:

  • пачатак зімы — ад даты ўтварэння ўстойлівага снегавога покрыва да ўстанаўлення нізкіх тэмператур паветра і глыбокага прамярзання глебы;

  • глыбокая зіма — ад сярэдзіны снежня да сярэдзіны лютага, характарызуецца ўстойлівымі нізкімі тэмпературамі паветра і глыбокім прамярзаннем глебы;

  • прадвесне — пачынаецца пры ўстойлівым пераходзе тэмпературы паветра вышэй за –5 °С, заканчваецца ў сярэдзіне сакавіка.

У Беларусі зіма пачынаецца ў сярэднім з 2‑й дэкады лістапада, доўжыцца ад 100 дзён на паўднёвым захадзе, да 138 дзён на паўночным усходзе. Чаргаванне вільготных і цёплых паветраных мас з Атлантыкі або халодных кантынентальных паветраных мас, якія прыходзяць з усходу, стварае няўстойлівы характар надвор’я. З цыклонамі звязана адліга (ад 25 дзён на паўночным усходзе да 50 дзён на паўднёвым захадзе), а таксама пахмурнае надвор’е з ападкамі, вятрамі і туманамі.

Характарызуецца перавагай марознага надвор’я з утварэннем устойлівага снегавога покрыва, ледаставу на рэках і азёрах, спыненнем вегетацыі раслін, станам спячкі або анабіёзу ў многіх відаў жывёл.

За перыяд інструментальных назіранняў у Беларусі не было ні адной зімы без адліг. Марозныя перыяды ўстанаўліваюцца ў асноўным пры антыцыкланічных умовах надвор’я. Для іх характэрныя завірухі, намаразь, часам — бязвоблачнае надвор’е з нізкай тэмпературай паветра. Сярэдняя тэмпература студзеня, самага халоднага месяца, змяняецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход ад –4,5 °С да –8,3 °С. У асобныя перыяды зімой тэмпература паветра паніжаецца да –22…–30 °С, мінімальная адзначана ў 1940 г. (ад –35°С да –42 °С).

За зіму ў Беларусі выпадае 110–120 мм ападкаў, часцей за ўсё ў выглядзе снегу, але нярэдка гэта імжа або дажджы са снегам.

Устойлівае снегавое покрыва фарміруецца ў пачатку снежня на паўночным усходзе і ў канцы снежня на паўднёвым захадзе. Колькасць дзён з устойлівым снегавым покрывам з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад складае ад 121 да 79. Хуткасць ветру 3–5 м/с, часам павялічваецца да 10 м/с. Колькасць дзён з завеяй змяняецца за сезон ад 10–15 на поўдні і ў паніжаных месцах, да 25–30 — на паўночным усходзе і на ўзвышшах.

Зімой утвараюцца туманы (кожны 4–5‑ы дзень), часцей за ўсё яны бываюць пры тэмпературах блізкіх да 0 °С. У Беларусі за зіму назіраецца ад 20 да 40 дзён з галалёдзіцай.