Аграпрамысловы комплекс
- Сельская гаспадарка і харчовы сектар
- Дзяржаўная аграпрамысловая палітыка
- Асноўныя сферы АПК
- Арганізацыйна-эканамічныя пераўтварэнні сельскагаспадарчых арганізацый
- Малыя формы гаспадарання
- Харчовая і перапрацоўчая прамысловасць
- Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці
- Дзяржаўная падтрымка АПК
- Кааператыўна-інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў АПК
- Кіраванне ў АПК
- Сацыяльная палітыка ў вёсцы. Развіццё сельскіх тэрыторый
- Інавацыйнае развіццё АПК
- Кадравы патэнцыял АПК
- Знешні гандаль Рэспублікі Беларусь сельскагаспадарчай прадукцыяй і харчаваннем
- Харчовая бяспека
- Забеспячэнне якасці сельскагаспадарчай прадукцыі
Дзяржаўная аграпрамысловая палітыка
Дата стварэння: 03.05.2024 12:57:50
Дата змены: 03.05.2024 13:01:50
Дзяржаўная аграрная палітыка з’яўляецца адным з напрамкаў унутранай палітыкі Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляецца ў рамках рэалізацыі дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў у галіне АПК. У 1995 г. быў створаны рэспубліканскі фонд падтрымкі сельгасвытворцаў, харчавання і аграрнай навукі, што дало магчымасць сельскай гаспадарцы стаць на шлях павышэння эфектыўнасці функцыянавання. З 1996 г. распрацоўваюцца 5‑гадовыя праграмы развіцця аграпрамысловага комплексу, якія вызначаюць асноўныя мэты і задачы развіцця галіны на канкрэтным этапе.
Вынікам выканання Дзяржаўнай праграмы рэфармавання АПК Рэспублікі Беларусь на 1996–2000 гады стала рэарганізацыя калгасаў і саўгасаў, якія былі пераўтвораны ў вытворчыя кааператывы, аграфірмы, акцыянерныя таварыствы і суб’екты гаспадарання іншых арганізацыйна-прававых форм.
Праграма ўдасканалення аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь на 2001–2005 гады вызначала, што асновай землекарыстання з’яўляецца дзяржаўная ўласнасць на сельскагаспадарчыя землі, якія перадаюцца ў арэнду сельгасвытворцам; прадугледжвала стварэнне буйной таварнай вытворчасці, паглыбленне спецыялізацыі, развіццё кааперацыі па ўсім вытворчым ланцужку.
Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі на 2005–2010 гады прадугледжвала канцэнтрацыю рэсурсаў на прыярытэтных напрамках развіцця сяла, звязванне значнай часткі сродкаў тэрытарыяльна ў рамках новых тыпаў сельскіх паселішчаў — аграгарадкоў. У ходзе выканання праграмы ў сельскай мясцовасці было пабудавана больш за 70 тыс. новых сучасных кватэр і дамоў, палепшана забеспячэнне вёскі электраэнергіяй і прыродным газам, праведзена рэканструкцыя сістэм водазабеспячэння, палепшана медыцынскае, сацыяльна-бытавое і культурнае абслугоўванне сельскага насельніцтва. Вынікам вырашэння сацыяльных задач, пастаўленых у праграме, стала паляпшэнне ўмоў жыцця сельскага насельніцтва. За перыяд рэалізацыі праграмы ў АПК і сацыяльную інфраструктуру сяла было ўкладзена 69 819,1 млрд руб.
У ходзе рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011–2015 гады харчовы сектар прадэманстраваў станоўчую дынаміку развіцця, поўнасцю забяспечыў унутраныя патрэбы насельніцтва і стаў экспартна арыентаваным. Асноўная частка экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання прыпадала на малочную прадукцыю (каля 60 % у агульным аб’ёме экспарту).
За перыяд рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016–2020 гады цалкам забяспечана харчовая бяспека краіны. Пабудавана і рэканструявана больш за 400 малочнатаварных ферм. У выніку каля 70 % малака вырабляецца на малочнатаварных фермах з сучаснымі тэхналогіямі. Пашырылася геаграфія экспарту (у 2020 у 104 краіны свету, у 2015 — у 78). У цэлым у 2020 г. экспарт ацэньваецца на ўзроўні 5,77 млрд долараў ЗША.
Дзяржаўная праграма «Аграрны бізнес» на 2021–2025 гады ў якасці асноўных мэт ставіць: павышэнне канкурэнтаздольнасці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання, нарошчванне экспартнага патэнцыялу, развіццё экалагічна бяспечнай сельскай гаспадаркі, арыентаванай на ўмацаванне харчовай бяспекі краіны, забеспячэнне паўнавартаснага харчавання і здаровага ладу жыцця насельніцтва.
У рамках праграмы рэалізуюцца 9 галіновых падпраграм: «Развіццё раслінаводства, перапрацоўкі і рэалізацыі прадукцыі раслінаводства»; «Развіццё насенняводства сельскагаспадарчых раслін»; «Развіццё жывёлагадоўлі, перапрацоўкі і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі»; «Развіццё племянной справы ў жывёлагадоўлі»; «Развіццё рыбагаспадарчай дзейнасці»; «Інжынерныя проціпаводкавыя мерапрыемствы»; «Развіццё меліярацыі зямель сельскагаспадарчага прызначэння»; «Развіццё і падтрымка малых форм гаспадарання»; «Забеспячэнне агульных умоў функцыянавання аграпрамысловага комплексу».
Пры ўмове дасягнення мэтавых аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і спрыяльнай цэнавай кан’юнктуры прагназуецца павелічэнне экспарту харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны ў 2025 г. да 7 млрд долараў ЗША. Рэалізацыя мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы дасць магчымасць да канца 2025 г. забяспечыць рэнтабельнасць продажаў у сельскай гаспадарцы на ўзроўні не менш за 10 %.
Развіццё аграрнага сектара ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) ажыццяўляецца ў адпаведнасці з падпісаным 29 мая 2014 г. Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе і прынятай 29 мая 2013 г. Канцэпцыяй узгодненай (скаардынаванай) аграпрамысловай палітыкі дзяржаў — членаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Асноўнай мэтай узгодненай (скаардынаванай) аграпрамысловай палітыкі з’яўляецца эфектыўная рэалізацыя рэсурснага патэнцыялу дзяржаў-членаў для аптымізацыі аб’ёмаў вытворчасці канкурэнтаздольнай сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання, задавальнення патрэб агульнага аграрнага рынку, а таксама для нарошчвання экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання.