Аграпрамысловы комплекс

Кіраванне ў АПК

Дата стварэння: 23.05.2024 15:58:53

Дата змены: 13.02.2025 15:00:17

Палявыя работы. Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці. Жнівень 2019 г.

Палявыя работы. Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці. Жнівень 2019 г.

Уборка пшаніцы. Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці. Ліпень 2019 г.

Уборка пшаніцы. Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці. Ліпень 2019 г.

Асноўная ўдзельная вага ў агульнай колькасці суб’ектаў гаспадарання АПК Рэспублікі Беларусь займаюць прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, якія прадстаўлены двума вялікімі сектарамі — буйнатаварным і дробнатаварным. Буйнатаварны сектар прадстаўлены сельскагаспадарчымі арганізацыямі (СГА), сярэдні памер якіх у цяперашні час складае больш як 5 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў. Кіраванне ў СГА даволі складанае: яны маюць розную арганізацыйна-прававую форму; практычна ўсе СГА з’яўляюцца падведамаснымі арганізацыямі, у т. л. дзяржаўных органаў кіравання. Дробнатаварны сектар уключае ў асноўным сялянскія (фермерскія) гаспадаркі [С(Ф)Г] і асабістыя падсобныя гаспадаркі насельніцтва (АПГ). Яны не маюць ведамаснай падпарадкаванасці і кіруюцца аднаасобна іх уладальнікамі.

Арганізацыя кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі, а таксама арганізацыямі з дзяржаўнай доляй уласнасці будуецца па ўзроўнях згодна з уласнасцю рэспубліканскай і камунальнай (абласной і раённай). Паўнамоцтвы па кіраванні прадпрыемствамі рэспубліканскай уласнасці дэлегаваны Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь (Мінсельгасхарчу) і Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам», які ў 2000 г. быў выведзены са складу Мінсельгасхарчу і падпарадкаваны Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам ажыццяўляюць кіраванне падведамаснымі арганізацыямі праз свае падраздзяленні — камітэты па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў. Кіраванне прадпрыемствамі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні раёна, ажыццяўляецца райвыканкамамі, якія маюць у сваім складзе ўпраўленні (аддзелы) сельскай гаспадаркі і харчавання.

Адным з найбольш актуальных пытанняў удасканалення кіравання ў АПК у цяперашні час з’яўляецца размежаванне функцый дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання падведамаснымі прадпрыемствамі з боку дзяржаўных органаў кіравання, выключэнне неўласцівых ім, а таксама дубліруючых функцый.

Органы дзяржаўнага кіравання ў АПК у цяперашні час выконваюць значны аб’ём рэгуліруючых функцый: размеркаванне сродкаў дзяржаўнай падтрымкі і кантроль за іх мэтавым выкарыстаннем; арганізацыя закупкі сельскагаспадарчай прадукцыі для дзяржаўных патрэб; маніторынг аграрнага заканадаўства і ўдзел у яго распрацоўцы; абгрунтаванне стратэгіі развіцця і фарміраванне мэтавых вытворчых праграм; прагназаванне і каардынацыя эканамічных механізмаў развіцця галін АПК; рэгуляванне харчовых рынкаў; арганізацыя аграрнай адукацыі і падрыхтоўка кадраў; рэалізацыя адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне насенняводства, племянной справы, меліярацыі і хімізацыі зямель; дзяржаўны кантроль у галіне ветэрынарыі, аховы раслін, тэхнагляду, аховы працы і тэхнікі бяспекі; каардынацыя работ па стварэнні новай тэхнікі; арганізацыя навуковага забеспячэння галіны і ўкаранення ў сельскагаспадарчую вытворчасць дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу.