Аграпрамысловы комплекс

Арганізацыйна-эканамічныя пераўтварэнні сельскагаспадарчых арганізацый

Дата стварэння: 20.05.2024 15:11:27

Дата змены: 17.02.2025 10:08:52

Асноўнае месца ў вытворчасці сельскагаспадарчай сыравіны ў рэспубліцы належыць сельскагаспадарчым арганізацыям, у складзе якіх на 1 студзеня 2021 г. налічвалася 1 428 гаспадарак. У адпаведнасці з зацверджаным класіфікатарам форм і відаў уласнасці АКРБ 002–2019 (уведзены ў дзеянне з 1 студзеня 2021) для айчыннай сельскай гаспадаркі характэрна перавага арганізацый прыватнай формы ўласнасці (на 1 студзеня 2021–73,4 % ад агульнай колькасці, з якой 41,8 % — з доляй дзяржаўнай уласнасці), дзяржаўная ўласнасць — 21,7 %, замежная ўласнасць — 4,9 %.

У структурных адносінах у агульнай колькасці сельскагаспадарчых арганізацый на долю гаспадарчых таварыстваў прыпадае 65,8 %, унітарных прадпрыемстваў — 31,4 %, вытворчых кааператываў — 2,8 %.

У АПК пастаянна праводзіцца работа па рэфармаванні стратных, неплацежаздольных сельскагаспадарчых арганізацый з мэтай іх фінансавага аздараўлення. Гэтыя мерапрыемствы ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з прынятымі ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2014 г. № 348 «Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці работы арганізацый аграпрамысловага комплексу»; ад 14 ліпеня 2016 г. № 268 «Аб стварэнні і дзейнасці адкрытага акцыянернага таварыства “Агенцтва па кіраванні актывамі”»; ад 2 кастрычніка 2018 г. № 399 «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый»; ад 25 лютага 2020 г. № 70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці» і шэрага іншых.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 кастрычніка 2018 г. № 399 «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый» агульная колькасць сельскагаспадарчых арганізацый, якія падлягаюць дасудоваму аздараўленню, складала 277 аб’ектаў (у т. л.: па Брэсцкай вобласці — 20 арганізацый, Віцебскай — 55, Гомельскай — 44, Гродзенскай — 36, Мінскай — 77, па Магілёўскай вобласці — 45 арганізацый). У рэгіянальным аспекце, у рамках дасудовага аздараўлення 47,3 % аб’ектаў знаходзяцца ў Мінскай і Віцебскай абласцях (табліца 10).

Табліца 10. Сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія падлягаюць рэфармаванню ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 кастрычніка 2018 г. № 399 па стане на 1 студзеня 2024 г.

Вобласць

Колькасць арганізацый, якія падлягаюць фінансаваму аздараўленню па ўказу № 399, усяго

У т. л. у працэдуры

дасудовага аздараўлення

эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва)

Брэсцкая

20

20


Віцебская

55

55

Гомельская

44

44

Гродзенская

37

36

1

Мінская

78

77

1

Магілёўская

45

45


Усяго

279

277

2

Для прыняцця рашэнняў і фарміравання пераліку аб’ектаў, якія падлягаюць дасудоваму аздараўленню або эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтву), выкарыстаны асноўныя крытэрыі, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 снежня 2011 г. № 1672 «Аб вызначэнні крытэрыяў ацэнкі плацежаздольнасці суб’ектаў гаспадарання». Да арганізацый, у якіх неплацежаздольнасць набывае ўстойлівы характар, адносяцца арганізацыі, дзе на працягу чатырох кварталаў, якія папярэднічаюць складанню апошняга бухгалтарскага балансу, каэфіцыент бягучай ліквіднасці і каэфіцыент забяспечанасці ўласнымі абаротнымі сродкамі маюць значэнні менш як 1,5 і 0,2 адпаведна; мае ўстойлівы характар — арганізацыі, у якіх на працягу чатырох кварталаў, якія папярэднічаюць складанню апошняга бухгалтарскага балансу, каэфіцыент бягучай ліквіднасці і каэфіцыент забяспечанасці ўласнымі абаротнымі сродкамі маюць значэнні менш як 1,5 і 0,2 адпаведна, і наяўнасць на дату забяспечанасці фінансавых абавязацельстваў актывамі больш як 1. Згодна рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 красавіка 2024 г. № 159 да неплацежаздольных арганізацый адносяцца аб’екты, якія маюць высокую ці крытычную ступень рызыкі наступлення банкруцтва.

Акцыянаванне разглядаецца як найбольш прымальная форма правядзення фінансавай і маёмаснай рэструктурызацыі шляхам прыцягнення знешніх інвестараў, укладання дзяржаўных інвестыцый, правядзення дадатковай эмісіі акцый, канвертацыі акцый у даўгі і г. д.

Параўнальная ацэнка фінансавага становішча сельскагаспадарчых акцыянерных таварыстваў у залежнасці ад долі дзяржавы ў іх статутных фондах, а таксама асноўным відам дзейнасці якіх з’яўляецца вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі і выручка ад рэалізацыі якой складае не менш як 50 % ад агульнай сумы выручкі, паказвае, што ваганні фактычных паказчыкаў плацежаздольнасці нязначныя, без выяўленай выразнай перавагі, г. зн. доля дзяржавы ў статутных фондах не выступае асноўным крытэрыем складанага эканамічнага становішча арганізацый.

У рамках дасудовага аздараўлення па пераліку арганізацый, якія падлягаюць фінансаваму аздараўленню, прадугледжваецца комплекс дзяржаўных прэферэнцый згодна з зацверджанымі бізнес-планамі. У прыватнасці, гаворка ідзе пра растэрміноўку абавязацельстваў на 5 гадоў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, на 3 гады — па выплаце падаткаў, збораў і іншых плацяжоў у бюджэт, па вяртанні бюджэтных пазык, працэнтаў па іх, адтэрміноўкі (растэрміноўкі) па дагаворах фінансавага лізінгу тэрмінам на 5 гадоў і інш.

ААТ «Агенцтва па кіраванні актывамі» надзелена паўнамоцтвамі па дазволе на адтэрміноўку (растэрміноўку) пагашэння асноўнага доўгу па перададзеных яму крэдытах. У прыватнасці, устаноўлена адтэрміноўка да 1 года з растэрміноўкай да 7 гадоў. Працэнтная стаўка за карыстанне крэдытамі вызначана ў памеры 3 % на год. Рэалізацыя адпаведнага механізма дазволіць «расчысціць» балансы банкаў, якія крэдытуюць, і вызваліць крыніцы для крэдытавання плацежаздольных сельскагаспадарчых арганізацый.

Сярод дадатковых арганізацыйных матывацыйных мер дасудовага аздараўлення выдзелена 7 мадэлей рэфармавання:

  • рэарганізацыя прадпрыемстваў шляхам далучэння, зліцця, вылучэння;

  • здача прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў у арэнду з наступным правам выкупу;

  • перадача прадпрыемстваў, акцый, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, у давернае кіраванне камерцыйным арганізацыям, індывідуальным прадпрымальнікам з наступным правам выкупу па выніках рэалізацыі бізнес-плана пры ўмове дасягнення эфектыўнай дзейнасці сельскагаспадарчай арганізацыі;

  • перадача паўнамоцтваў выканаўчага органа (кіраўніка) сельскагаспадарчай арганізацыі паводле дагавора іншай камерцыйнай арганізацыі (кіруючай арганізацыі) або індывідуальнаму прадпрымальніку (кіраўніку) з правам наступнага выкупу кіруючай арганізацыяй (кіраўніком) маёмаснага комплексу гэтай сельскагаспадарчай арганізацыі па выніках рэалізацыі бізнес-плана пры ўмове дасягнення эфектыўнай дзейнасці сельскагаспадарчай арганізацыі;

  • продаж прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў, а таксама акцый (долей у статутных фондах), якія належаць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы, сельскагаспадарчай арганізацыі шляхам правядзення конкурсу або аўкцыёну;

  • бязвыплатная перадача ва ўласнасць кіраўніка арганізацыі 25,01 % акцый (долей у статутным фондзе), эмітаваных сельскагаспадарчай арганізацыяй пры дасягненні па выніках заканчэння пяцігадовага перыяду рэалізацыі бізнес-плана эфектыўнай дзейнасці (адсутнасць страт, пратэрмінаваных абавязацельстваў і аднаўленне плацежаздольнасці);

  • бязвыплатная перадача прадпрыемстваў з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную, ці наадварот.

Як вынік, па стане на 1 студзеня 2024 г. у 90 % гаспадарак, якія падлягаюць дасудоваму аздараўленню, плацежаздольнасць адноўлена. Колькасць стратных сельскагаспадарчых арганізацый зніжаецца.

З мэтай далейшага ўдасканалення механізма аздараўлення сельскагаспадарчых арганізацый прапануюцца наступныя меры:

  • правядзенне эмісіі акцый дадатковага выпуску — павелічэння (утварэння) долі ў статутным фондзе — у межах сумы запазычанасці, якая ўтварылася;

  • дазвол на адтэрміноўку на 3 гады з наступнай растэрміноўкай на 5 гадоў (для банкаў і ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» — на адтэрміноўку да 3 гадоў з наступнай растэрміноўкай да 5 гадоў) у адпаведнасці з зацверджанымі бізнес-планамі;

  • заключэнне пагадненняў з крэдыторамі на змяненне ўмоў патрабавання грашовага абавязацельства па грамадзянска-прававой здзелцы або іншай падставе, вызначанай заканадаўствам;

  • дадатковая эмісія мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі аблігацый, намінаваных у беларускіх рублях, з наступным іх продажам банкам і ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» для мэт набыцця актываў, сфарміраваных на суму запазычанасці (часткі запазычанасці) па крэдытных дагаворах, заключаных банкамі і ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» з сельскагаспадарчымі арганізацыямі, або перадачы названых актываў у ААТ «Агенцтва па кіраванні актывамі» з тэрмінам абарачэння не больш за восем гадоў, з пагашэннем штоквартальна роўнымі долямі, пачынаючы з квартала, які ідзе за кварталам эмісіі аблігацый, са штоквартальнай выплатай працэнтнага даходу.

У кантэксце рэалізацыі ўказа № 70 у Віцебскай вобласці створаны 6 аграпрамысловых аб’яднанняў (АПА), у склад якіх увайшлі 134 удзельнікі (рыс. 4), у т. л.: 114 сельскагаспадарчых арганізацый, 20 — аграпрамысловыя, сэрвісныя, гандлёвыя, а таксама іншыя арганізацыі. Цэнтральнае месца ў рэгуляванні дзейнасці АПА належыць ГА «Віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты».

Рыс. 4. Аграпрамысловыя аб’яднанні Віцебскай вобласці на 1 студзеня 2024 г.
Рыс. 4. Аграпрамысловыя аб’яднанні Віцебскай вобласці на 1 студзеня 2024 г.