Аграпрамысловы комплекс
- Сельская гаспадарка і харчовы сектар
- Дзяржаўная аграпрамысловая палітыка
- Асноўныя сферы АПК
- Арганізацыйна-эканамічныя пераўтварэнні сельскагаспадарчых арганізацый
- Малыя формы гаспадарання
- Харчовая і перапрацоўчая прамысловасць
- Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці
- Дзяржаўная падтрымка АПК
- Кааператыўна-інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў АПК
- Кіраванне ў АПК
- Сацыяльная палітыка ў вёсцы. Развіццё сельскіх тэрыторый
- Інавацыйнае развіццё АПК
- Кадравы патэнцыял АПК
- Знешні гандаль Рэспублікі Беларусь сельскагаспадарчай прадукцыяй і харчаваннем
- Харчовая бяспека
- Забеспячэнне якасці сельскагаспадарчай прадукцыі
Забеспячэнне якасці сельскагаспадарчай прадукцыі
Дата стварэння: 27.05.2024 10:30:08
Дата змены: 27.05.2024 10:30:08
Эфектыўнае кіраванне харчовай бяспекай краіны, устойлівае развіццё нацыянальнай харчовай сістэмы ва ўмовах глабалізацыі сусветнага рынку прадугледжвае фарміраванне дзейснага механізма рэгулявання якасці сельскагаспадарчай прадукцыі, галоўнымі задачамі якога з’яўляюцца дасягненне ўстойлівай вытворчасці прадукцыі з высокімі спажывецкімі ўласцівасцямі, забеспячэнне яе бяспекі для здароўя чалавека, а таксама дынамічнае паляпшэнне якасных параметраў.
Функцыянаванне Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) прадугледжвае свабодны рух аграпрамысловай прадукцыі, што абумоўлівае асаблівую значнасць яе якасці і бяспекі.
Рэспубліка Беларусь паслядоўна ўкараняе сучасныя метады і механізмы сістэмнага кіравання працэсам фарміравання высокага ўзроўню спажывецкіх уласцівасцей прадукцыі, якая вырабляецца. У краіне створана даволі эфектыўная сістэма забеспячэння якасці і бяспекі сельскагаспадарчай прадукцыі.
У АПК рэспублікі быў назапашаны станоўчы вопыт фарміравання сістэмнага кіравання якасцю прадукцыі галіны, калі ў часы былога СССР вялася праца па стварэнні комплекснага арганізацыйна-эканамічнага механізма кіравання якасцю сельскагаспадарчай прадукцыі з удзелам усіх саюзных рэспублік. У 1980‑х гг. гэта работа праводзілася ў рамках рэалізацыі ўсесаюзнай праграмы «Якасць у АПК» з прыцягненнем звыш 50 саюзных і рэгіянальных навукова-даследчых устаноў, якія пад кіраўніцтвам Беларускага НДІ эканамічных праблем АПК (БелНДІЭП АПК) распрацавалі методыку галіновай стандартызацыі арганізацыйна-эканамічных рашэнняў і тыпавых тэхналагічных аперацый. Адпаведныя распрацоўкі, падтрыманыя Прэзідыумам УАСГНІЛ, саюзнымі рэспублікамі, пры ўдзеле інстытутаў і глаўкаў Дзяржаграпрама СССР прывялі да стварэння і зацвярджэння звыш 40 галіновых стандартаў на працэсы вытворчасці, метады і механізмы кіравання якасцю сельскагаспадарчай прадукцыі.
На працягу 1986–1989 гг. пад кіраўніцтвам БелНДІЭП АПК была распрацавана Комплексная сістэма кіравання якасцю працы і прадукцыі ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве. У 1987 г. яна была зацверджана Дзяржаграпрамам СССР і рэкамендавана да выдання для калгасаў і саўгасаў краіны, пазней адобрана Дзяржстандартам СССР.
Далейшае развіццё гэтыя распрацоўкі атрымалі ва ўмовах станаўлення беларускай дзяржаўнасці. З 1995 г. у Беларусі з мэтай нарматыўна-тэхналагічнага забеспячэння сельскай гаспадаркі ў галіне вытворчасці прадукцыі высокай якасці распачата распрацоўка галіновых рэгламентаў на тыпавыя тэхналагічныя працэсы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
Распрацавана методыка фарміравання арганізацыйна-тэхналагічных нарматываў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, на аснове якой падрыхтавана і зацверджана Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь больш за 80 галіновых рэгламентаў па вырошчванні збожжавых, тэхнічных, агароднінных, пладовых і іншых сельскагаспадарчых культур, а таксама па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Іх распрацоўшчыкамі з’яўляюцца вядучыя навукова-даследчыя арганізацыі Аддзялення аграрных навук НАН Беларусі. Рэгламенты ўтрымліваюць арганізацыйна-тэхналагічныя патрабаванні пры вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, выкананне якіх забяспечвае высокі ўраджай (прадуктыўнасць) і атрыманне якаснай прадукцыі, бяспечнай для здароўя насельніцтва.
Створаны заканадаўчыя асновы для забеспячэння якасці і бяспекі сельскагаспадарчай сыравіны і харчовых прадуктаў. Асноўныя законы Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць пытанні ў гэтай галіне:
-
«Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў» ад 5 верасня 1995 г. № 3848‑ХІІ;
-
«Аб абароне правоў спажыўцоў» ад 9 студзеня 2002 г. № 90‑З;
-
«Аб якасці і бяспецы харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека» ад 29 чэрвеня 2003 г. № 217‑З;
-
«Аб тэхнічным нарміраванні і стандартызацыі» ад 5 студзеня 2004 г. № 262‑З;
-
«Аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці» ад 9 студзеня 2006 г. № 96‑З;
-
«Аб ветэрынарнай дзейнасці» ад 2 ліпеня 2010 г. № 161‑З;
-
«Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» ад 7 студзеня 2012 г. № 340‑З;
-
«Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, прасочвальнасці сельскагаспадарчых жывёл (статкаў), ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці прадуктаў жывёльнага паходжання» ад 15 ліпеня 2015 г. № 287‑З.
-
«Аб ацэнцы адпаведнасці тэхнічным патрабаванням і акрэдытацыі органаў па ацэнцы адпаведнасці» ад 24 кастрычніка 2016 г. № 437‑З;
-
«Аб радыяцыйнай бяспецы» ад 18 ліпеня 2019 г. № 198‑З.
Базавым элементам сістэмнага кіравання якасцю сельскагаспадарчай прадукцыі з’яўляюцца стандартызацыя і тэхнічнае нарміраванне. Ва ўмовах глабалізацыі сусветнай эканомікі асабліва востра стаіць праблема гарманізацыі айчынных тэхнічных нарматыўных прававых актаў (ТНПА), якія вызначаюць патрабаванні да спажывецкіх і тэхналагічных уласцівасцей харчовых рэсурсаў з сучаснымі міжнароднымі патрабаваннямі. У Беларусі ідзе актыўная работа ў гэтым напрамку, якая неабходна для мэт нарошчвання экспартнага патэнцыялу і забеспячэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі айчынных таваравытворцаў пры яе рэалізацыі не толькі на агульным рынку ЕАЭС, але і ў краінах далёкага замежжа.
Асноўнымі ТНПА, што вызначаюць патрабаванні да якасці сельскагаспадарчай сыравіны і прадукцыі, з’яўляюцца стандарты, якія носяць індэксы СТБ (нацыянальныя стандарты) і ДАСТ — міждзяржаўныя, уведзеныя ў якасці дзяржаўных на тэрыторыі Беларусі. Большасць з дзеючых у краіне стандартаў на сельскагаспадарчую прадукцыю з’яўляюцца міждзяржаўнымі.
Абавязковыя для выканання тэхнічныя патрабаванні, звязаныя з бяспекай прадукцыі, працэсамі распрацоўкі, вытворчасці, выкарыстання, захоўвання, перавозкі і рэалізацыі прадукцыі, выкладаюцца ў тэхнічных рэгламентах. Функцыянаванне ЕАЭС, працэс гарманізацыі і ўніфікацыі нацыянальных заканадаўстваў дзяржаў-членаў у галіне тэхнічнага рэгулявання якасці і бяспекі сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання прадугледжваюць распрацоўку тэхнічных рэгламентаў абавязковага дзеяння на ўсёй тэрыторыі гэтага інтэграцыйнага фарміравання. Беларусь з’яўляецца актыўным удзельнікам працэсу падрыхтоўкі такіх нарматыўных дакументаў, у т. л. выступала асноўным распрацоўшчыкам тэхнічнага рэгламенту «Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі» (ТР МС 022/2011).
Адным з неад’емных элементаў сучаснага механізма кіравання якасцю прадукцыі з’яўляецца эфектыўная сістэма кантролю і нагляду за якасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, фарміраванне якой у цяперашні час заснавана на рэалізацыі прынцыпу адзінага падыходу краін — удзельніц ЕАЭС.
У Рэспубліцы Беларусь акрэдытаваны і эфектыўна функцыянуюць каля 500 органаў па сертыфікацыі і выпрабавальных лабараторый, якія ажыццяўляюць ацэнку адпаведнасці прадукцыі патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза, у т. л. прадукцыі АПК.
Адказнымі за ажыццяўленне дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў асноўных тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС з’яўляюцца Мінсельгасхарч, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі ажыццяўляе кантроль (нагляд) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС і паказчыкаў, не ўключаных у тэхнічныя рэгламенты, але задэклараваных вытворцам (прадаўцом). Міністэрства аховы здароўя рэалізуе функцыі дзяржаўнага санітарнага нагляду за выкананнем санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, устаноўленых у тэхнічных рэгламентах ЕАЭС. Мінсельгасхарч ажыццяўляе кантроль (нагляд) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС у галіне ветэрынарыі, забеспячэння якасці збожжа і камбікармоў, бяспекі ў ветэрынарна-санітарным дачыненні да харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў.
Паміж Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі, Міністэрствам аховы здароўя і Мінсельгасхарчам ажыццяўляецца абмен інфармацыяй аб прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, Еўразійскага эканамічнага саюза, з мэтай недапушчэння абарачэння такой прадукцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
З мэтай забеспячэння якасці экспартаванай прадукцыі сельскагаспадарчага паходжання ў краіне арганізаваны эфектыўны кантроль па фітасанітарным і ветэрынарным напрамках на мяжы. У рэспубліцы актывізаваўся працэс удасканалення шматлікіх элементаў сістэмы кіравання якасцю прадукцыі АПК, што звязана з паглыбленнем рэгіянальнай інтэграцыі і функцыянаваннем ЕАЭС.