Аграпрамысловы комплекс

Знешні гандаль Рэспублікі Беларусь сельскагаспадарчай прадукцыяй і харчаваннем

Дата стварэння: 24.05.2024 11:11:49

Дата змены: 24.05.2024 12:22:48

Адным з галоўных сродкаў уключэння дзяржавы ў міжнародны падзел працы з’яўляецца знешні гандаль, значэнне якога для нацыянальнай эканомікі вызначаецца ўзроўнем міждзяржаўнага супрацоўніцтва. На фоне інтэнсіўнага развіцця сусветнага гандлю харчовымі таварамі Рэспубліка Беларусь усё больш актыўна ўваходзіць у сістэму міжнароднага падзелу працы і займае важкае месца ў сусветным рэйтынгу краін-лідараў. У цяперашні час рэспубліка з’яўляецца дастаткова экспартна арыентаванай краінай па аграхарчовых таварах, асабліва па прадукцыі жывёльнага паходжання, ільновалакне і цукры. Напрыклад, займаючы 24‑е месца ў сусветных аб’ёмах вытворчасці малака, краіна выйшла на 10‑е месца ў экспарце малочных прадуктаў, у т. л. на 7‑е месца па масле жывёльным. Найбольш высокі рэйтынг рэспубліка мае па вытворчасці і экспарце льновалакна — 3‑е месца. Беларусь таксама ўваходзіць у дваццатку краін-лідараў па экспарце такіх сельскагаспадарчых тавараў, як ялавічына, мяса птушкі, цукар і алей рапсавы.

Знешні гандаль Беларусі сельскагаспадарчай прадукцыяй і прадуктамі харчавання займае значнае месца ў эканамічных паказчыках галіны і рэспублікі. Доля экспарту гэтай прадукцыі складае ў аб’ёмах сукупнага экспартнага патэнцыялу каля 20 %; у валавым унутраным прадукце рэспублікі — каля 8–9 %.

Асноўнымі прыярытэтамі ў галіне знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца: збалансаванасць і ўстойлівасць унутранага харчовага рынку; шматвектарнасць знешнегандлёвай палітыкі; стымуляванне развіцця знешняга гандлю.

У адпаведнасці з прыярытэтамі, стратэгічнай мэтай развіцця знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь у аграрнай сферы вызначана рацыянальнае выкарыстанне экспартнага патэнцыялу з улікам забяспечанасці харчовай бяспекі і павышэнне яго эфектыўнасці на падставе вытворчасці канкурэнтаздольнай айчыннай прадукцыі, збалансаванасці ўнутраных прадуктовых рынкаў і экспартна-імпартных патокаў, дыверсіфікацыі краінавай і прадуктовай структуры экспарту, выкарыстання інавацыйных тэхналогій вытворчасці і збыту прадуктаў харчавання.

Параметры развіцця знешняга гандлю сельскагаспадарчай сыравінай і гатовым харчаваннем з’яўляюцца важным элементам, які вызначае збалансаванасць нацыянальнай харчовай сістэмы. Развіццё айчыннага АПК дазволіла сфарміраваць значны экспартны патэнцыял у гэтай сферы. Экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання дынамічна развіваецца, а краіна займае сваю нішу на сусветным аграхарчовым рынку. На сусветным рынку рэалізуецца каля 40 % прадукцыі, вырабленай у айчыннай харчовай галіне. У 2020 г. на знешнія рынкі было рэалізавана сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання на суму 5 777 млн долараў ЗША. Знешнегандлёвае сальда дасягнула 1 522,1 млн долараў ЗША (рыс. 11).

Рыс. 11. Баланс знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь сельскагаспадарчай прадукцыяй і харчаваннем, млн долараў ЗША
Рыс. 11. Баланс знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь сельскагаспадарчай прадукцыяй і харчаваннем, млн долараў ЗША

Асноўныя таварныя групы, якія сфарміравалі больш за 90 % экспартнай выручкі ў 2020 г., прадстаўлены такімі таварамі, як: малакапрадукты — 41,2 %, мяса і харчовыя мясныя прадукты — 14,1, гатовыя прадукты з мяса і рыбы — 6,7, тлушчы і маслы жывёльнага паходжання або алеі — 5,9, агародніна (уключаючы бульбу) — 4,4, шроты, макуха, жамерыны, гатовыя кармы для жывёл — 4,3, алкагольныя і безалкагольныя напіткі — 3,1, цукар і кандытарскія вырабы з яго — 3, плады і садавіна — 2,8, рыба і ракападобныя — 2 % і г. д. (табліца 27).

Табліца 27. Экспарт Рэспублікі Беларусь асноўнай сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання, тыс. т

Назва прадукцыі

Год

2015

2016

2017

2018

2019

2020

Сыры і тварог

182,5

205

189,4

211,2

244,1

274,5

Масла сметанковае

87,9

85

80

89,4

78,3

83,9

Сухое неразведзенае і абястлушчанае малако

159,4

139,7

138,6

154,4

146,5

150,5

Ялавічына

138,4

155,4

141,4

150,9

140,2

148,7

Мяса птушкі

136,3

145,9

150,4

166,5

170,4

193,9

Каўбасныя вырабы

26,8

37

42,1

38

27,1

33,7

Мясныя кансервы

8,6

10,5

11,9

13,5

16,8

19,5

Рыбныя кансервы

34,8

37,1

43,6

51,5

56,5

59,8

Алей рапсавы

132,7

40,5

62,2

233,1

272,9

291,4

Бульба

300,9

297,5

390,1

299,5

360,6

291,9

Агародніна

572,2

508,6

553,8

488

383,3

341,1

Шроты, макуха, жамерыны і інш.

212,6

165,1

171,8

465,3

514,3

630,4

Алкагольныя і безалкаголь-ныя напіткі

190,1

234,8

302,1

325,5

304,8

298,3

Цукар

362,8

351,6

407,1

427,2

278,2

445,2

Плады і садавіна

1 186,2

732,5

630,2

405,4

282,3

232,2

Рыба і ракападобныя

25,7

24

28,4

20,8

21,6

20,4

Даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Маніторынг экспартных паставак і аб’ёмаў вытворчасці паказаў, што найбольшая ўдзельная вага экспарту ў вытворчасці ў 2020 г. склалася па такіх таварных пазіцыях, як: цукар белы (77,7 %), малако сухое (77,6), рапсавы алей (75,1), гатовая або кансерваваная рыба (72,1), масла жывёльнае (70,2), сыры і тварог (65), ялавічына (63), маслёнка, ёгурт, кефір (33,2), мяса птушкі (38 %).

Геаграфія экспартных паставак сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання Беларусі пашыраецца. У 2020 г. айчынныя аграхарчовыя тавары былі рэалізаваны на 116 знешніх рынках. Асноўнымі рынкамі збыту сельскагаспадарчых тавараў і харчавання з’яўлялісь краіны ЕАЭС (Расія — 74,2 %, Казахстан — 5 %, Кыргызстан — 0,4 %), СНД (Украіна — 3,4 %, Узбекістан — 1,3 %, Азербайджан — 0,5 %), ЕС (Літва — 2,2 %, Польшча — 1,4, Латвія — 0,6, Германія — 0,5 %), Нарвегія — 0,7 % і Кітай — 4,4 %. У апошнія гады актыўна развіваліся нацыянальныя экспартныя пастаўкі на кітайскі рынак.

Да тавараў, якія сфарміравалі імпартны аграхарчовы кошык Беларусі ў 2020 г., адносяцца: плады і садавіна (12,4 %), жывыя дрэвы і зрэзаныя кветкі (10,4), насенне алейных культур (9,7), шроты, макуха, гатовыя кармы для жывёл (9,5), рыба (8,7), экстракты, эсэнцыі, канцэнтраты (7,3), алкагольныя і безалкагольныя напіткі (6,8), збожжа і гатовыя прадукты з яго (4,7), агародніна і караняплоды (3,8), прадукты перапрацоўкі агародніны, садавіны (3,8 %). На гэтыя таварныя пазіцыі прыпадала больш за 75 % нацыянальнага імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання. Дынаміка імпартных закупак у натуральным выражэнні прадстаўлена ў табліцы 28.

Табліца 28. Імпарт Рэспублікі Беларусь асноўнай сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання, тыс. т

Найменне прадукцыі

Год

2015

2016

2017

2018

2019

2020

Плады і садавіна

1 578,5

1 295,4

1 149,1

763,1

773,8

606,2

Жывыя дрэвы, зрэзаныя кветкі

35

74,5

125,2

143,5

189,4

201,6

Алейнае насенне

51,3

123,2

204,9

708,1

854,5

871,6

Шроты, макуха, гатовыя кармы для жывёл

969,6

877,4

1 099,7

983

1 022,9

994

Рыба і ракападобныя

150,8

141,4

159,2

153

151,4

155,4

Экстракты, эсэнцыі

90,4

99,5

113,3

124,8

128

122,5

Алкагольныя і безалкагольныя напіткі

282,6

264,1

290,6

333,2

397,2

429,5

Гатовыя прадукты са збожжа

121,6

131,2

191,5

127,6

136,7

126,7

Агародніна (уключаючы бульбу)

522,2

469,4

500,2

304

245,6

183,3

Прадукты перапрацоўкі агародніны, садавіны

102,2

98,7

103,5

111,4

122,8

131

Даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Ацэнка структуры балансу харчовых рэсурсаў паказала, што ўдзельная вага імпарту ў рэсурсах па большасці таварных пазіцый меншая за 10 %, за выключэннем рыбы, садавіны і расліннага алею. Залежнасць аграрнай галіны Беларусі ад замежных паставак досыць умераная. Доля імпартнай сыравіны і матэрыялаў у выдатках на вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі складае 12–14 %. У вытворчасць харчовых прадуктаў, уключаючы напіткі і тытунь, далучана каля 25 % імпартных рэсурсаў.

Імпартныя закупкі сельскагаспадарчых тавараў і харчавання ў краіну ў 2020 г. ажыццяўляліся са 144 краін свету. Асноўнымі пастаўшчыкамі сельскагаспадарчых тавараў і харчавання ў Беларусь былі Расія (33,3 %), Украіна (12,5), Польшча (5,4), Нідэрланды (5,1), Эквадор (4,3), Турцыя (3,3), Нарвегія (2,8), Германія (2,6), Іспанія (2,3), Кітай (2,2 %) і інш.

Беларусь праводзіць мерапрыемствы па актывізацыі ўдзелу краіны ў гандлёва-эканамічных інтэграцыйных працэсах, якія накіраваны на нарошчванне экспартнага патэнцыялу і яго дыверсіфікацыю на падставе лібералізацыі гандлёвых адносін з перспектыўнымі партнёрамі. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Дагавора аб свабодным гандлі дзяржаў СНД, Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Дзейнічаюць гандлёвыя пагадненні паміж Еўразійскім эканамічным саюзам (у т. л. Рэспублікай Беларусь) і В’етнамам, Іранам, Кітаем, Сінгапурам, Сербіяй. Дзяржавамі — членамі ЕАЭС прынята рашэнне аб пачатку перамоў па заключэнні пагадненняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Егіптам, Ізраілем і Індыяй. Створаны сумесныя даследчыя групы па вывучэнні мэтазгоднасці заключэння пагадненняў аб свабодным гандлі з Інданезіяй і Манголіяй.

Для Рэспублікі Беларусь адной з найважнейшых задач фарміравання і рэалізацыі экспартнага патэнцыялу ў аграрнай сферы з’яўляецца стварэнне спрыяльнага асяроддзя для падтрымання канкурэнтаздольнасці вытворчасці і збыту прадукцыі.